Усе дарогі вядуць на "Дажынкi"
Усе дарогі вядуць на "Дажынкi"
На аўтадарогах, што вядуць у старажытную Оршу, паставiлi спецыяльныя знакi, на якiх адзначана, колькi кiламетраў засталося да сталiцы "Дажынак". Тыя, хто прыязджае ў горад на маршрутных аўтобусах, прыемна здзiўляюцца прыгажосцi сучаснага аўтавакзала, пабудаванага на новым месцы — недалёка ад чыгуначнага. Саму Оршу цяпер не пазнаць. Яна, як "з карцiны" — такая прыгожая, уся, быццам бы купаецца ў кветках. А падчас падрыхтоўкi да свята ўвесь горад нагадваў гiганцкую будаўнiчую пляцоўку. Такой маштабнай рэканструкцыi ў Оршы — горадзе з насельнiцтвам прыблiзна 128 тысяч чалавек — яшчэ нiколi не было. Лiтаральна кругласутачна без выхадных працавалi больш за 4 тысячы будаўнiкоў са 100 будаўнiчых арганiзацый не толькi з Вiцебскай, але i з Магiлёўскай, Мiнскай абласцей. Сярод iх былi i недзяржаўныя фiрмы. Апошнiя ў асноўным займалiся жыллёвым фондам. Добра, што разам з рамонтам будынкаў грамадскага прызначэння не забылiся i пра жылыя дамы. Усяго iх адрамантавалi 220 — 30 працэнтаў усяго жыллёвага фонду горада! Большасць з адрамантаваных (чвэрць) — капiтальна. Дарэчы, пра размах. У Оршы за перыяд падрыхтоўкi да "Дажынак" так званая цеплавая рэабiлiтацыя будынкаў праведзена на плошчы 53 тысячы квадратных метраў. Для параўнання — летась ва ўсiм Прыдзвiнскiм краi — толькi на 27 тысячах. У вынiку новыя шклопакеты (усяго 4,5 тысячы) упрыгожваюць дамы, адрамантавалi i дахi... "Дробязь", але i новая гарадская лазня — нядрэнны падарунак аршанцам. Горад упрыгожваюць пасля рэканструкцыi гарадскi стадыён, разлiчаны на 2,6 тысячы гледачоў, гатэль. У пятнiцу ў Оршы распачаліся "Дажынкi". Настрой у арганiзатараў — працоўны, у мясцовых жыхароў, не занятых на правядзеннi кiрмашу, святочны. Першым трэба прыняць, размясцiць, накармiць тысячы гасцей з усiх куткоў рэспублiкi. А астатнiя тутэйшыя ўжо вырашаюць на сямейных саветах, куды пойдуць разам. Выбар вялiкi. І парад духавых аркестраў, i "Горад майстроў", i адкрыццё дзiцячага парку з мноствам атракцыёнаў... Дарэчы, у рэканструкцыю парку ўклалi каля 15 мiльярдаў беларускiх рублёў. Гiганцкая скульптура лiтаратурнага персанажа Гулiвера быццам бы запрашае наведаць дзiцячы парк. Чаго тут толькi няма! На шары паветраным падняцца ў нябёсы? Калi ласка! А наступным летам — на каньках? Дзякуючы спецыяльнаму пакрыццю, зможаце. А самыя малыя могуць праехацца на дзiцячай чыгунцы... На "Дажынках" працуюць гандлёвыя рады агульнай даўжынёй ажно кiламетраў сем. Няўжо можна будзе прайсцi мiма? Менавiта Оршу для правядзення "Дажынак" i выбралi спецыяльна, каб даць новае дыханне старажытнаму гораду, iмпульс для развiцця. Горад доўгi час быў у запушчаным стане. I гэта, мякка кажучы. З чым заўсёды асацыявалася Орша? На жаль, з калонiямi i зэкамi. Слаўная гiсторыя i традыцыi Оршы, сучасныя праблемы яе жыхароў доўгiя гады сцiпла чакалi ўвагi да сябе. Дачакалiся! — Перад тым як у нашым горадзе пяць гадоў таму прайшоў экалагiчны фестываль, мы пастаралiся яго трохi прывесцi ў парадак. Але гэта зрабiлi толькi ў цэнтры, — расказвае "Звяздзе" намеснiк старшынi Аршанскага райвыканкама Вячаслаў Шатон. — Цяпер, безумоўна, уся Орша кардынальна змянiлася, у тым лiку i ўскраiны. Пачысцiлi рэчышча Аршыцы. Адкрылi мост праз Днепр. Набярэжныя прыведзены ў парадак. Рэканструявалi дзве важныя для горада вулiцы — Магiлёўскую на ўездзе з боку Магiлёва i Савецкую. Усё гэта ўздыме ўзровень гарадской iнфраструктуры ў разы. А радзiльны дом якi адкрылi! Самае сучаснае тут абсталяванне! I, зразумела, гараджане перастаюць адчуваць сябе правiнцыяламi. У гарадку, дзе шмат чаго цяпер ёсць i будзе, жыццё праходзiць на новым якасным узроўнi. Упершыню на "Дажынках" пра-ходзіць выстава—кiрмаш з удзелам прадпрыемстваў малога бiзнэсу. Усе ахвотныя змогуць наведаць шматлiкiя павiльёны, нешта набыць, узяць удзел у латарэях. Гадзiннiк на дамiнанце "Дажынак" — адноўленай 32-метровай вежы Езуiцкага калегiума — адлiчвае час свята. Менавiта гэты архiтэктурны комплекс — у эпiцэнтры фестывальных падзей. "Яна не блiшчыць красою, а ў сэрца навек запала..." — так пiсаў славуты сын Оршы Уладзiмiр Караткевiч, якi вельмi любiў яе, бачыў у снах. Час мяняецца, i Орша, безумоўна, натхнiць паэтаў i мастакоў нашых дзён сваiм новым аблiччам, вобразам, у якiм спалучаюцца мiнулае i сучаснае. Аляксандр ПУКШАНСКI. Орша—Вiцебск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На аўтадарогах, што вядуць у старажытную Оршу, паставiлi спецыяльныя знакi, на якiх адзначана, колькi кiламетраў засталося да сталiцы "Дажынак&qu
|
|