Дзень без... скаргаў на жыццё?
Дзень без... скаргаў на жыццё?
Панядзелак 22 верасня ў Беларусi абвешчаны Днём без аўтамабiля. Падобная акцыя, iнiцыяваная мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя, транспарту i камунiкацый, жыллёва-камунальнай гаспадаркi, унутраных спраў, а таксама абласнымi i Мiнскiм гарадскiм выканаўчым камiтэтам, пройдзе ў нашай краiне ўпершыню. Але, як спадзяюцца арганiзатары, здолее прыцягнуць увагу грамадскасцi да праблем экалогii i негатыўнага ўплыву аўтатранспарту на навакольнае асяроддзе. Якi плён прынясе аднадзённая адмова аўтааматараў ад выкарыстання асабiстага транспарту, стане вядома ў перспектыве. Мы ж запыталiся ў суграмадзян, ад чаго яшчэ варта было б адмовiцца беларусам хоць на дзень? Валерый Капусцiн, пенсiянер: — Я прапанаваў бы хоць на дзень адмовiцца ад рэкламы, асаблiва на тэлебачаннi. Разумею, што медыйныя босы тут жа накiнуцца на гэту iдэю — маўляў, эканамiчна нявыгадна, стратна i г.д. Але вы толькi ўявiце, якi б гэта быў падарунак для ўсiх гледачоў! Уключаеш, скажам, любiмы фiльм цi глядзiш футбольны матч — i глядзiш яго цалкам, без перапынку кожныя паўгадзiны на 10-хвiлiнную рэкламную паўзу. Як думаеце, рэальна калi-небудзь дачакацца такога Дня без рэкламы? Аляксандра Рогач, РR-менеджар кампанii WеstRесоrds: — Калi гаварыць асабiста пра мяне, то павiнна быць матывацыя — дзеля якой мэты штосьцi рабiць цi не рабiць. Трэба знайсцi тое, што мне перашкаджае, i без чаго жыццё палепшыцца, правiльна я разумею? Але апошнiя паўгода я паводжу сябе настолькi цнатлiва, што не адмаўлялася б нi ад чаго — нi ад курэння, нi ад алкаголю. На шкодныя звычкi проста нестае часу. І на роздум аб тым, ад чаго б адмовiцца — таксама. Кожны дзень проста перапоўнены цiкавымi сустрэчамi, iдэямi, працай, i ўвечары я пракручваю ў галаве падзеi i адчуваю задавальненне ад зробленага. Таму, на маю думку, калi ў кожнага чалавека пастаянна будзе чым заняцца, не трэба будзе нi ад чаго адмаўляцца. Галiна Мартыненка, супрацоўнiца банка: — Вельмi раздражняе, калi людзi паўсюдна размаўляюць па мабiльным тэлефоне, прычым вельмi гучна — так, што, напрыклад, у чарзе ў магазiне, банку цi ў палiклiнiцы ўсе мiжволi становяцца сведкамi чужога жыцця. Прычым часта крычаць у трубку не пажылыя людзi, у якiх у сiлу ўзросту могуць быць праблемы са слыхам, а моладзь, дзецi. Ад гэтых "тэлефонных разборак" псiхалагiчна вельмi стамляешся, i на работу часам прыходзiш ужо выцiснутая, бы лiмон... Так што мая прапанова была б — правесцi "Дзень без мабiльнiкаў". Гэта дазволiла б не толькi больш сканцэнтравацца на справе, якой ты ў гэты дзень займаешся, але i нагадала б, што цеплыня чалавечых адносiнаў не павiнна залежаць ад працягласцi размоў цi тарыфаў сотавай сувязi... Юрый Салавей, iнжынер-канструктар аднаго са сталiчных прадпрыемстваў: — Лiчу, толькi карысць прынясе, калi адмовiцца ад тэлевiзару. Я вось ужо два гады жыву без яго i нiколькi не шкадую, толькi атрымлiваю задавальненне. У такiм кроку мноства плюсоў. Для пачатку — i электрычнасць эканомiш, i свой уласны час. Не трэба адмаўляцца ад сустрэчы з сябрамi, каб бегчы дадому, "прылiпнуць" да экрану i паглядзець свой любiмы серыял. Калi вельмi трэба, яго можна знайсцi на DVD i паглядзець на камп’ютары. Не псуеш сабе настрой рэкламай, не залежыш ад раскладу выпускаў навiн — iх заўжды можна атрымаць з iншых крынiц. Зрок беражэш, нарэшце! Гэтае ж пытанне мы задалi сваiм чытачам i на сайце "Звязды" — www.zviаzdа.bу. Тут меркаваннi склалiся наступным чынам: — усяго 2 чалавекi падтрымалi iдэю адмовiцца ад выкарыстання камп’ютараў, мабiльных тэлефонаў, тэлевiзараў — i павярнуцца ад тэхнiкi тварам да людзей; — па 6 чалавек прагаласавалi за адмову ад курэння (нагадаем, 31 мая штогод праводзiцца Сусветны дзень без тытуню, абвешчаны яшчэ ў 1988 годзе Сусветнай арганiзацыяй аховы здароўя), а таксама ад ужывання мату i лаянкi (блiзкi па духу да гэтай iдэi дзень адзначаецца 11 студзеня — Сусветны дзень ветлiвасцi i ўдзячнасцi, або Дзень "дзякуй"); — 8 чалавек прапанавалi адмовiцца ад ужывання алкаголю, уключаючы пiва — абвясцiць, так бы мовiць, Дзень цвярозасцi. Сёлета, дарэчы, падобная акцыя праходзiла падчас фестывалю "Славянскi базар у Вiцебску", а таксама ў некалькiх абласных гарадах — але, як правiла, алкагольныя напоi не прадавалiся толькi ў магазiнах, кафэ i рэстараны гэта iнiцыятыва абмiнула. Але, магчыма, недзе яна i дзейнiчае на 100 працэнтаў — напрыклад, 3 кастрычнiка ў многiх краiнах свету адзначаецца, хоць i неафiцыйна, Сусветны дзень цвярозасцi i барацьбы з алкагалiзмам; — лiдарам жа сярод звычак, ад якiх варта было б адмовiцца, па версii чытачоў, стала звычка скардзiцца на жыццё. Правесцi дзень без такiх узаемных скаргаў прапанавалi 11 чалавек. Тэндэнцыя, аднак. Так што, нягледзячы на пахмурнае надвор’е i твары калег — шукаем пазiтыў разам! ...I без штаноўАд чаго толькi не адмаўляюцца ў свеце! 21 сакавiка бягучага года, напрыклад, карыстальнiкi Жывога часопiса правялi акцыю пратэсту супраць агрэсiўнай рэкламы ад новых уладальнiкаў Iнтэрнет-сервiсу — дзень без кантэнту, альбо дзень без запiсу ў дзённiк. I хоць акцыю падтрымалi толькi 15 працэнтаў уладальнiкаў iнтэрнет-дзённiкаў, пэўны ўплыў на далейшыя падзеi яна аказала. У Аўстралii некалькi гадоў таму быў афiцыйна абвешчаны Дзень без дыет — 6 мая. Iдэю правесцi яго прапанавала прадстаўнiк арганiзацыi хрысцiянскай асацыяцыi маладых жанчын Шэнан Рэн, якая адзначыла: "Занадта многа дзяўчат не ўмеюць прымаць i любiць сваё цела такiм, якое яно ёсць, i скачуць з дыеты на дыету, наносячы шкоду свайму здароўю. Раз на год можна i з’есцi кавалачак торту, станоўчыя эмоцыi ад салодкага не менш карысныя, чым нават самая вынiковая дыета". А 7 мая ў ЗША праходзiць зусiм ужо незвычайная акцыя — Дзень без штаноў. Што адметна, акцыю гэту падтрымлiваюць многiя мадэльеры (пад заклiкам "далоў стэрэатыпы i ўнiформу"), а таксама медыкi, якiя сцвярджаюць, што туга зацягнуты рэмень, штаны ў абцяжку, з занiжанай талiяй i некаторыя iншыя модныя тэндэнцыi наносяць шкоду здароўю як мужчын, так i жанчын. Хочаце зберагчы ў парадку сустаўныя капсулы, спiнныя пазванкi, органы брушной поласцi, рэпрадуктыўную функцыю, iмунную сiстэму, у рэшце рэшт? Тады часцей знаходзьце альтэрнатыву няхай сабе i зручным, але небясшкодным штанам — асаблiва джынсам. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Панядзелак 22 верасня ў Беларусi абвешчаны Днём без аўтамабiля. Падобная акцыя, iнiцыяваная мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяр |
|