"Звязда" — найлепшая газета! Цяпер усiм скажу пра гэта!"
"Звязда" — найлепшая газета! Цяпер усiм скажу пра гэта!"
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 19 верасня) ...Па дарозе ў Лельчыцы, дзе нас чакала знаёмства з яшчэ адным уладальнiкам суперпрыза, не маглi не прыпынiцца ў слынных Аўцюках, не ўспомнiць байку пра Каласка, якi таксама вельмi хацеў выйграць у нашай латарэi i таму кожны вечар, кожную ранiцу кленчыў пад абразамi, малiў, каб Бог дапамог... Збрыдзеў нарэшце Усявышняму (цi як кажуць цяпер, дастаў) — не вытрымаў Бог, азваўся. Сказаў: "Добра, Каласок, я табе дапамагу, але ж i ты, пастарайся — падпiшыся хоць раз на гэту газету". Кажуць, паслухаў ён Бога, чакае розыгрышу. А вось картку не шле: мо на канверце эканомiць, а мо думае, што халадзiльнiк яму i так прывязуць — за адно толькi званне, за жаданне прыехаць у сталiцу беларускага гумару.Расчаруем: усе ўдзельнiкi звяздоўскай гульнi — роўныя, як роўныя карткi, што прыходзяць ад iх (нагадаем — няроўныя, прыклееныя на кардонку анулююцца адразу...) i хто за чыёй стаiць, зразумела ж, не бачна... Але ж як прыемна затое потым — пазнаёмiцца, распытаць, пераканацца, што i гэты прыз трапiў у прыгожую сям’ю, да прыгожых людзей! Антону Iванавiчу Сасноўскаму з Лельчыц хутка 80. Ён, як прызнаўся, заўсёды многа чытаў. I выпiсваў колiсь не дзве газеты. Цяпер — "на пенсiю не дужа разгонiшся" — толькi раёнку i "Звязду". З ёй у Iвана Антонавiча любоў з першага позiрку: адзiн раз, выпадкова, падпiсаўся i "гэта ўжо назаўжды", бо чытае ўсё, апроч банкаўскiх справаздач. А вось чакае найперш матэрыялаў на гiстарычныя тэмы. Прэтэнзiю, дарэчы, выказаў — сто гадоў з дня народзiнаў Жукава "Звязда" замаўчала. Сам жа Антон Iванавiч па-ранейшаму "ў курсе": лепш за iншых маладых ведае, што адбываецца ў Беларусi, што — у краiнах-суседках цi ў далёкiх Штатах. Не меншай павагi заслугоўвае i тое, што ў доме ён цяпер не толькi за гаспадара, але i за гаспадыню: жонка Надзея Пятроўна, з якой у згодзе пражылi 57 гадоў, не бачыць зусiм. А значыць самому, у асноўным, трэба займацца гародам (пазiцыя — "зямлю ж не закiнеш..."), самому штось гатаваць, мыць посуд... — Мы з мужам, зразумела ж, дапамагаем бацькам, — гаварыла нявестка Тамара. — Але i самi яны вялiкiя малайцы: разумеюць, што мы абое на працы, што ў нас свой дом, свая гаспадарка, дзецi, унукi... Калi бачыць не стала, мацi мы хацелi забраць да сябе. Наадрэз адмовiлася. У сваёй хаце, маўляў, можна хадзiць i нябачачы, а да нашай яшчэ прывыкнуць трэба... Да таго ж пад яе кiраўнiцтвам бацька, лiчы, з усiм спраўляецца. Неяк тэлефаную, пытаю, што вы там робiце, кажа: "Агуркi на зiму закатваем". Не могуць без клопату, без работы. I абцяжарваць нiкога не хочуць. Як здалося, вось гэткая працавiтасць, далiкатнасць, шчырасць уласцiвы усiм жыхарам мястэчка, усiм палешукам. А яшчэ — гумар, якiм ахвотна дзялiлiся з залай мы, i якiм дзялiлiся з намi. Да слова, не маглi не пацiкавiцца, цi патрэбен Антону Iванавiчу новы "Вiцязь"? Ён такога пытання нават "не пачуў": ну як гэта — "не патрэбен"? Хай будзе!..". Хоць тэлевiзар у хаце, зразумела ж, ёсць. — Гэты, мо, каму з унукаў аддасцё? — Не... Гэты — я нiкому не аддам. Гэты мне — як памяць будзе. — Як узнагарода, — дадала начальнiк гарадскога паштовага аддзялення Алена Капшык. I патлумачыла, за што: перад выхадам на заслужаны адпачынак Iван Антонавiч у аўтабазе № 20 працаваў. Як усюды — вадзiцелем, пошту вазiў. — Яго нiхто i нiколi без газеты не бачыў! Ледзь вольная хвiлiнка — разгортвае, чытае, людзям раiць. Чым не агiтацыя, каб людзi нешта выпiсвалi, каб цiкавiлiся, дзе што адбываецца? У паўнюткай актавай зале райвыканкама (за што асобны дзякуй мясцовым уладам!) былi, аднак, i iншыя нашы прыхiльнiкi, выступалi. — Асобныя газеты, — гаварыла падпiсчыца "Звязды" з 30-гадовым стажам Аляксандра Васiльеўна Канановiч, дырэктар Краснабярэжскай базавай школы, — я стараюся на рабоце прагледзець. А ўжо дома — чытаю. Першай — сваю, раёнку, потым "Гомельскую праўду", потым — "Звязду". Што падабаецца, — яна вельмi аператыўна адгукаеццца на ўсе падзеi ў краiне, умее падаць матэрыял, шмат пiша аб праблемах адукацыi. А яшчэ амаль заўсёды ў ёй ёсць нешта для роздуму, для душы... Адно — пра Лельчыцы пiшаце мала. Справядлiвы папрок. Тым больш, што пiсаць i было, i ёсць што, бо гарадок, шчыра прызнаемся, проста не пазналi: нават у восеньскую непагадзь ён радаваў безлiччу фарбаў i кветак, чыста еўрапейскай утульнасцю i чысцiнёй... Праўду пiсалi нашы класiкi: "У цiхiх Лельчыцах сэрцы лечацца"! Што цiкава — вельмi многае робiцца i для таго, каб яны i не хварэлi. — За шэсць месяцаў гэтага года, — расказала ў кароткiм iнтэрв’ю намеснiк старшынi райвыканкама Вольга Мiкалаеўна Гаўрылавец, — у нас з’явiўся конна-спартыўны клуб "Фаварыт". Ёсць база, трэнер, сем, прычым пародзiстых коней (будзе 15), ёсць канкур, манеж. Дзецi вельмi ахвотна займаюцца. I першыя спаборнiцтвы ўжо правялi... Нядаўна ў дзень горада тэнiсны корт адкрылi на штучным пакрыццi... Для дзяцей на базе школы № 2 стала дзейнiчаць шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка — можна гуляць у мiнi-футбол, валейбол, баскетбол. Для гэткай жа пляцоўкi цяпер рыхтуем базу ў школе № 1. Да таго ж ёсць шанцы адкрыць басейн у садку № 5. Яго калiсь збудавалi, але не прадумаўшы сiстэму ачысткi вады, яе падагрэву. Работа над гэтымi памылкамi ўжо iдзе, так што басейн у малечы будзе. Хай толькi ходзяць, хай толькi займаюцца... Мы цяпер аб’ядноўваем дзяцей, якiя катаюцца на ролiкавых каньках, нашых байкераў, думаем купiць веласiпеды для школ... Бо, згадзiцеся, людзей дарослых некуды павярнуць ужо цяжка, асаблiва, калi яны знайшлi сабе захапленне ў выглядзе цыгарэт, наркотыкаў цi гарэлкi, а вось дзецям, людзям маладым трэба штось прапанаваць, паказаць альтэрнатыву — кшталту: можна праводзiць свой вольны час вось так, а можна — вось гэтак. Твой выбар... I тое, што, дзякуючы клопатам уладаў, ён (тым больш гэтакi) у Лельчыцах ёсць, не можа не радаваць... Як i тое, што кожны трэцi рубель у раённы бюджэт паступае ад прыватнага бiзнэсу... Як i тое, што невялiчкi сцiплы гарадок на мяжы з Украiнай наведала нядаўна дэлегацыя Маскоўскай вобласцi на чале з намеснiкам старшынi Урада Барысам Громавым: — Для нашага раёна гэта прарыў! — падкрэслiла Вольга Мiкалаеўна Гаўрылавец. — Госцi не змогуць не ўбачыць наш раён, яго людзей, яго прыродныя багаццi (грыбы, ягады, бетанiтавыя глiны...), не змогуць не ацанiць тыя ўмовы, якiя ўлады ствараюць для развiцця бiзнэсу, для рэалiзацыi новых праектаў. Мы вельмi многае можам... Зрэшты, будзем лiчыць, што гэта — тэмы для iншых рэпартажаў. Сённяшнi ж — хацелася б скончыць тым, з чаго пачалi: вы можаце не паверыць, але i пасля гэтай сустрэчы да нас падышла маладая прыгожая дзяўчына, сказала, што цвёрда рашыла: сваiх дзяцей яна абавязкова аддасць у беларускую школу. Нам засталося толькi разам памарыць аб тым, каб не звёз яе з "цiхiх Лельчыц" нейкi замежнiк, каб знайшоўся тут добры чалавек, якi б падзяляў яе погляды. I каб школка такая, беларуская у iх мястэчку (пажадана паблiзу) на той час з’явiлася... I засталася "Звязда". У Лельчыцах i раёне ў яе, як падказалi паштавiкi, 131 iндывiдуальны падпiсчык. Магчыма, пасля гэтай сустрэчы, далучыцца нехта яшчэ... Валянцiна Доўнар, Уладзiмiр Здановiч (фота). Мiнск—Бабруйск—Светлагорск—Рэчыца—Калiнкавiчы—Мазыр—Лельчыцы—Жыткавiчы—Мiнск <І>Р.S. Вярнуўшыся, як жартуюць калегi, з чарговай "кругасветкi", грэх не падзякаваць усiм кiраўнiкам гар- i райвыканкамаў, вузлоў паштовай сувязi, iдэолагам за ўвагу, з якой нас прымалi, грэх не выказаць надзею на плённае супрацоўнiцтва надалей... Вярнуўшыся, як жартуюць калегi, з чарговай "кругасветкi", грэх не падзякаваць усiм кiраўнiкам гар- i райвыканкамаў, вузлоў паштовай сувязi, iдэолагам за ўвагу, з якой нас прымалi, грэх не выказаць надзею на плённае супрацоўнiцтва надалей...I яшчэ (хоць, мо, i не па тэме)... З месяц таму сябры прымалi гасцей з Украiны. Дзе самi, дзе з намi яны пахадзiлi па Мiнску, з’ездзiлi ў Хатынь, на Браслаўскiя азёры (праз Глыбокае, Удзела i Мосар...), на славутую Нарач. Што iх найболей уразiла? Само сабой — чысцiня, само сабой — людзi, само сабой — кветкi ("I не толькi ў сталiцы?!"), само сабой дарогi ("У нас па такiх гадоў з дзесяць ездзiлi б, а ў вас — ужо рамантуюць"), само сабой — (як нi балюча!) адсутнасць беларускай мовы, само сабой — прыгожыя платы ўздоўж вёсак i вулiц ("А чаму аднолькавыя?"), само сабой — шматлiкiя альтанкi для адпачынку ў лесе ўздоўж дарог... Паглядзеўшы на ўсё iх вачыма, сведчу: перад блiзкiмi замежнiкамi ў нас нам i насамрэч, мо, шмат падставаў для гонару. Але... У той самай, скажам так, "паслядажынкаўскай" Рэчыцы пад вечар, па дарозе ў гасцiнiцу "Днепр" собiла звярнуць з цэнтральнай вулiцы i... Падстаў не стала: для iх яшчэ працаваць i працаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Па дарозе ў Лельчыцы, дзе нас чакала знаёмства з яшчэ адным уладальнiкам суперпрыза, не маглi не прыпынiцца ў слынных Аўцюках, не ўспомнiць байку п |
|