Бухгалтэрыя з двайным дном: другім налiчыць i сябе не пакрыўдзiць
Бухгалтэрыя з двайным дном: другім налiчыць i сябе не пакрыўдзiць
Гучная справа На працягу трох гадоў у цэнтралiзаванай бухгалтэрыi ўпраўлення адукацыi адмiнiстрацыi Фрунзенскага раёна г. Мiнска васьмёрка службовых асобаў ажыццяўляла рэгулярныя крадзяжы грошай. Як высветлiлася, парушальнiкi, а дакладней, парушальнiцы закона, налiчвалi сабе неблагiя прыбаўкi да заробкаў. Удзельнiцы арганiзаванай групы — галоўны бухгалтар, яе намеснiкi, старшыня пярвiчнай прафсаюзнай арганiзацыi, загадчыцы сектараў i бухгалтар — кралi грашовыя сродкi, выдаткаваныя з дзяржаўнага бюджэту для выплаты заробкаў работнiкам сярэднiх i спартыўных школ, дзiцячых садкоў, дзiцячага дома, прыёмных сем’яў, супрацоўнiкаў апарату ўпраўлення адукацыi, у тым лiку атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасцi ў выглядзе аплаты за тыя ж гурткi, арэнду памяшканняў i г.д. Механiзм крадзяжу быў досыць просты i добра заканспiраваны. У афiцыйныя бухгалтарскiя дакументы, у тым лiку ў спiсы на залiчэнне заработнай платы — плацежныя ведамасцi — дадавалiся i падманныя звесткi аб асобах i сумах для выплат. На падставе гэтых дакументаў, якiя перадавалiся ў банкаўскi фiлiял, грашовыя сродкi пералiчвалiся банкам на карт-рахункi вышэйзгаданай "васьмёркi", пасля чаго рабiлася iх абнаяўка ў банкаматах. Адным словам, у разлiковых паперах былi ўказаныя адны сумы — ад 300 тысяч да 1 300 тысяч рублёў, што было цалкам законна, а на карткавыя рахункi штомесяц дадаткова налiчвалася ад 100 тысяч да 8 мiльёнаў рублёў. На чале несумленнай групы значылiся галоўны бухгалтар Воранава (усе прозвiшчы змененыя) i яе намеснiк па планава-эканамiчнай рабоце Барадзiна. Менавiта яны размеркавалi памiж iншымi супрацоўнiцамi непасрэдныя абавязкi i вызначылi грашовую долю кожнай у злачыннай "сiстэме". Наогул цэнтралiзаваная бухгалтэрыя налiчвала заработную плату больш як 10 тысячам супрацоўнiкаў 110 падведамасных устаноў упраўлення адукацыi адмiнiстрацыi Фрунзенскага раёна. Кiраўнiцы будучай злачыннай групы разважалi на пачатку прыкладна так: ва ўпраўленнi адукацыi шмат школ, дзе працуе вялiкая колькасць людзей, так што скрадзеныя сумы ў агульным аб’ёме нiхто i не заўважыць... Падманныя звесткi траплялi ў афiцыйныя дакументы пасля iх падпiсання кiраўнiцтвам упраўлення адукацыi шляхам дубляжу нумароў карт-рахункаў i прозвiшчаў атрымальнiкаў грошай разам з сумамi грашовых сродкаў, якiя налiчвалiся ў банкаўскiм фiлiяле, а таксама шляхам дадрукоўвання нумароў карт-рахункаў i прозвiшчаў разам з грашовымi сумамi ў загадзя пакiнутыя незапоўненыя радкi. Спадарыня Барадзiна поўнасцю валодала звесткамi па эканомii фонду аплаты працы ўстановамi ўпраўлення адукацыi. Ведаючы аб сумах грашовых сродкаў, якiя ўтваралiся па эканомii заробку i якiя маглi атрымаць у выглядзе прэмii тыя ж настаўнiкi, выхавальнiкi i iншыя супрацоўнiкi ўстаноў адукацыi, Барадзiна з Воранавай планавалi крадзяжы так, каб не перавысiць планавы фонд заработнай платы ў цэлым па ўпраўленнi. Як ужо было сказана, у кожнай з васьмi жанчын была свая роля ў злачыннай гульнi. Так, другi намеснiк галоўнага бухгалтара — Арцюхова, якая штомесяц складала мемарыяльны ордэр 5 — збор разлiковых ведамасцяў па заработнай плаце ўпраўлення адукацыi — уносiла ў раздзелы "школа" i "дзiцячыя садкi" падманныя звесткi аб сумах грашовых сродкаў, налiчанай i выплачанай заработнай платы дзеля хавання фактаў незаконнага пералiчэння грошай на карт-рахункi "васьмёркi". Намеснiк галоўнага бухгалтара Дзятлава з’яўлялася адначасова i старшынёй камiсii па прэмiяваннi супрацоўнiкаў цэнтралiзаванай бухгалтэрыi. Членамi гэтай жа камiсii былi i Барадзiна з Арцюховай. Усе яны валодалi iнфармацыяй аб крынiцах сродкаў для прэмiявання, а старшыня прафсаюзнага камiтэта, загадчыца сектара планава-эканамiчнага аддзела Бяляева ўзгадняла з iмi загады аб прэмiяваннi супрацоўнiкаў цэнтралiзаванай бухгалтэрыi. Кожны з удзельнiкаў арганiзаванай групы разумеў, што ажыццяўляе крадзеж грошай з фонду заработнай платы падведамасных устаноў, якiя не з’яўляюцца фондам заработнай платы i таму не могуць быць выплачаны iм у якасцi прэмiй. У лiстападзе 2005 года Воранава, Барадзiна i Дзятлава вырашылi не пакiнуць без належнага догляду астатак па фондзе заработнай платы — 12 мiльёнаў рублёў. Было вырашана пералiчыць гэту суму на карт-рахункi на працягу двух месяцаў. Палову сумы Воранава, Барадзiна, Дзятлава, Арцюхова i Бяляева дадалi на свае карткi ў лiстападзе, а другая трапiла на карткi Воранавай, Барадзiной, Арцюховай i Дзятлавай у снежнi. Несумленны сiндыкат, якi меў доступ да звестак аб планавым фондзе заработнай платы, фактычных расходах, эканомii фонду аплаты працы, даходах i расходах па пазабюджэтнай дзейнасцi, дакладна ведаў, што на iх карткавыя рахункi 1-3 разы ў месяц без загадаў незаконна налiчваюцца грошы ўпраўлення адукацыi, i што грошы гэтыя не з’яўляюцца аплатай iх працы i не адлюстраваны ў разлiковых паперах. Пры гэтым абвiнавачаныя дакладна ведалi, што ў фондзе заработнай платы на год плануецца агульная сума на прэмiяванне, прызначэнне надбавак i вылучэнне матэрыяльнай дапамогi, а таксама той факт, што паводле калектыўнага дагавора надбаўка за складанасць i напружанасць працы ўстанаўлiваецца да 50 працэнтаў службовага акладу супрацоўнiкаў цэнтралiзаванай бухгалтэрыi. Выплата матэрыяльнай дапамогi ажыццяўляецца адзiн раз на год у памеры 1,7 службовага акладу i можа выплачвацца ў памеры 0,3 акладу ў сувязi з невытворчымi матэрыяльнымi цяжкасцямi. Прэмii, матэрыяльная дапамога, у тым лiку надбаўка разам са штомесячнай заработнай платай з’яўляюцца аплатай працы работнiкаў. Іншыя выплаты работнiкам цэнтралiзаванай бухгалтэрыi не робяцца. — Складанасць расследавання заключалася ў правядзеннi зверкi памiж банкаўскiм фiлiялам, дзе знаходзiлiся карткавыя рахункi супрацоўнiкаў бухгалтэрыi, i самой бухгалтэрыяй, дзе былi iх асабовыя рахункi, — кажа намеснiк начальнiка галоўнага следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання Мiнiстэрства ўнутраных спраў Дзмiтрый ДАНIЛЬЧЫК. — Мы звярнулiся ў Камiтэт па адукацыi Мiнгарвыканкама. Больш як паўгода яго рэвiзоры сумесна са следчым i аператыўнiкамi правяралi цэнтралiзаваную бухгалтэрыю Фрунзенскага раёна. Вынiкi гэтай работы дазволiлi раскрыць механiзм выкрадання грошай i прыцягнуць да крымiнальнай адказнасцi восем чалавек. Цяпер крымiнальная справа знаходзiцца ў судзе Фрунзенскага раёна сталiцы... Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу трох гадоў у цэнтралiзаванай бухгалтэрыi ўпраўлення адукацыi адмiнiстрацыi Фрунзенскага раёна г. Мiнска васьмёрка службовых асобаў ажыццяўл |
|