Стымул для вяскоўца
Стымул для вяскоўца
Нягледзячы на тое, што ў краiне дзейнiчае праграма развiцця i падтрымкi асабiстых падсобных гаспадарак на 2006—2010 гады, толькi летась колькасць асабiстых падсобных гаспадарак скарацiлася на 17 тысяч (на 1,5 працэнта), змяншаецца i колькасць жывёлы, якую вяскоўцы трымаюць у асабiстых гаспадарках. Гэта значыць, падкрэслiў кiраўнiк Урада, згаданая праграма працуе пакуль неэфектыўна. Ход яе выканання абмяркоўваўся ўчора на пасяджэннi Прэзiдыўма Саўмiна пад старшынствам С. Сiдорскага. На думку мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Сямёна Шапiры, знiжэнне долi вясковых падворкаў, што займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыi не толькi для асабiстых мэтаў, але i для продажу, тлумачыцца аб’ектыўнымi эканамiчнымi прычынамi. У прыватнасцi, спецыялiсты звязваюць гэта з нязначнымi даходамi насельнiцтва i высокiмi выдаткамi вытворчасцi прадукцыi сельскай гаспадаркi, асаблiва жывёлагадоўлi. Каб змянiць сiтуацыю i зацiкавiць вяскоўцаў у нарошчваннi вытворчасцi ўласнай прадукцыi, мiнiстэрства прапануе прыняць шэраг мераў. У прыватнасцi, кiраўнiк галiны ўзгадаў пра неабходнасць павелiчэння надбаўкi да закупачных цэнаў на сельгаспрадукцыю асабiстых падсобных гаспадарак. З пачатку наступнага года прапануецца ўвесцi надбаўкi ў памеры 50 працэнтаў ад закупачнай цаны на малако першага гатунку, а надбаўкi да закупачных цэнаў на бульбу для прамысловай перапрацоўкi — у памеры 150 рублёў за кiлаграм. Улiчваючы, што сёння закупачная цана 1 кiлаграма малака першага гатунку — 665 рублёў, надбаўка складзе 332 рублi. Акрамя таго, у мiнiстэрстве лiчаць, што неабходна даць магчымасць вясковым жыхарам набываць не менш як 2 тоны грубых кармоў па льготных цэнах, або зусiм бясплатна. Пры гэтым гранiчную гандлёвую надбаўку да адпускных цэнаў заводаў, што вырабляюць камбiкармы, прапануецца ўстанавiць у памеры 15 працэнтаў. Што датычыцца грошай, якiя патрабуюцца на рэалiзацыю падобных мераў, то мiнiстр назваў суму ў 208 мiльярдаў рублёў. Яшчэ адна iнiцыятыва, якая, праўда, не зайшла падтрымкi ў Мiнiстэрстве працы i сацабароны, — залiчваць у працоўны стаж грамадзян на пэўных умовах працу ў асабiстай падсобнай гаспадарцы. Гэта, мяркуюць спецыялiсты Мiнсельгасхарчу, стане стымулам для вяскоўца павялiчыць пагалоўе жывёлы ў асабiстых гаспадарках. Сямён Шапiра патлумачыў, што цяпер у грамадскiм сектары на кожнага працаўнiка сельскай гаспадаркi прыходзiцца па тры каровы. Прапанова ж мiнiстэрства наступная: у тым выпадку, калi вясковец будзе трымаць 5 кароў i здаваць малака ў два разы больш, чым прыходзiцца ў сярэднiм на аднаго працуючага ў сельскай гаспадарцы, то гэта будзе залiчвацца яму ў стаж. Свой пункт гледжання на ўзнятыя праблемы выказаў на пасяджэннi старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповiч. Паводле даных, што прагучалi ўчора, цяпер у асабiстых падсобных гаспадарках знаходзiцца звыш 1 мiльёна гектараў зямель, якiя не заўсёды выкарыстоўваюцца эфектыўна. У такiм выпадку, запытаўся галоўны банкiр, чаму ў краiне не стварыць такую сiстэму, якая б дазваляла вяскоўцу здаваць сваю зямлю ў арэнду сяльгасарганiзацыi i атрымлiваць за гэта плату? Да таго ж у вёсцы цяпер пражывае шмат старых людзей, якiя не маюць сiлаў апрацоўваць зямлю, i яны з задавальненнем пагадзiлiся б з гэтым, пры тым што ў якасцi аплаты iм прапаноўвалася б пэўная частка ўраджаю — збожжа цi бульба. Яшчэ адзiн перспектыўны напрамак — вытворчасць садавiны i гароднiны. Паводле агучанай на пасяджэннi iнфармацыi, рэспублiка iмпартуе на сотнi мiльёнаў долараў гэтай прадукцыi. А таму, лiчыць Пётр Пракаповiч, неабходна прастымуляваць тых вяскоўцаў, якiя вырошчваюць садавiну i гароднiну, — гэта прадукцыя запатрабаваная на рынку. Як заўважыў банкiр, арганiзацыям у такiм выпадку, напрыклад, можна будзе заключаць з вяскоўцам дагавор, каб ён на сваiм участку пасадзiў i вырасцiў, напрыклад, дурнiцы, а потым здаў iх на перапрацоўку. Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi, падводзячы вынiкi ўчарашняга абмеркавання, заўважыў, што меры па падтрымцы i развiццi асабiстых падсобных гаспадарак не павiнны зводзiцца да просьбаў аб выдзяленнi грошай. "Прыйсцi ва Урад i ўзяць грошы — гэта самае простае", — падкрэслiў ён. — Праблема павiнна вырашацца комплексна: праграму неабходна ўважлiва разгледзець, прадставiць дакладны аналiз развiцця асабiстых падсобных гаспадарак за два гады i выпрацаваць пытаннi па паляпшэннi сiтуацыi з улiкам двухгадовага вопыту", — запатрабаваў кiраўнiк Урада. Прычым ён папярэдзiў пра тое, што прымушаць вяскоўца весцi падсобную гаспадарку не трэба. "Выбар застаецца за селянiнам. Хоча механiзатар пасля працы займацца сваёй гаспадаркай — гэта яго права i выбар. А задача дзяржавы — стварыць умовы для такой работы", — канстатаваў прэм’ер. Сяргей Сiдорскi даў даручэнне на працягу месяца дапрацаваць праграму. Ігар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на тое, што ў краiне дзейнiчае праграма развiцця i падтрымкi асабiстых падсобных гаспадарак на 2006—2010 гады, толькi летась колькасць асаб |
|