21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Апарат вэртыкальнага ўзьлёту

26.08.2009 12:57 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


 Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». 19 кастрычніка 20 гадоў БНФ. Гэтую абрэвіятуру ў Беларусі ведаюць усе і, мабыць, няма чалавека, які б успрымаў гэтыя літары зусім безэмацыйна. Ёсьць у іх нешта трывожнае — як апэляцыя да сумленьня, як напамін пра вялікую здраду, як — пальцам па струнах паходжаньня...

Хтосьці па-ранейшаму асацыюе БНФ з Пазьняком. Для кагосьці Фронт — страшныя нацыяналісты з экрана БТ, якія — «вы помніце, калі нацыяналісты ў Беларусіі былі пры ўласьці?» — і якім гераічны Лукашэнка «ня даў пасадзіць усіх расейцаў на чамаданы». Нехта, дасьведчаны ў хітраспляценьнях апазіцыі, крытыкуе Фронт, які так зблізіўся з камуністамі, што ўжо не разьбярэш, хто там, за што і куды...

БНФ цяпер азначае занадта шмат усяго рознага, каб значыць нешта адно. Таму міжволі думаеш пра магію імя, якая ўплывае на лёс носьбіта, то шматкроць паскарае ягонае разьвіцьцё, то стрымлівае ці нават адкідае кудысьці на запасныя шляхі.

Магчыма, народны рух, які прывёў краіну да незалежнасьці, мусіў застацца ў сваім часе, у памяці ўдзячных нашчадкаў і на вінтажных фотках. Як і абрэвіятура БНФ. Бо новая слава наўрад ці некалі перавысіць былую. Таму гісторыя — гісторыі, а палітыка — палітыцы. І першая і другая церпяць, калі парушаецца закон чысьціні жанру.

Між іншым, на сходзе 19 кастрычніка не Пазьняк выступіў з ініцыятывай БНФ, як цяпер пішуць на розных сайтах. Уся заля Чырвонага касьцёла была наэлектрызаваная чаканьнем гэтага слова — Фронт! Хто першы прамовіць тое, што камяком стаяла ў горле ва ўсіх? Калі гэтае ўнутранае жаданьне перабольшыць страх, колы-шасі адарвуцца ад зямлі і ўся краіна, перамогшы прыцягненьне старых парадкаў, адправіцца ў свой новы палёт. Напэўна, гэты момант — самы важны ў гісторыі БНФ.

Дык вось, першай прамовіла чароўнае слова нейкая жанчына, чым выклікала авацыю («Эстонцы ствараюць, дык ці не пара і нам?»), а пасьля — ужо ў пастановачным стылі — Вячорка і Суша, якія раптам зьявіліся ў залі проста з вайсковых збораў пад Слонімам. Вёў сход Васіль Быкаў. Зянон Пазьняк быў прызначаны старшынём на аргкамітэце, які сабраўся пасьля агульнага сходу — за круглым сталом. З гэтага моманту ён стаў і лідэрам і сымбалем Фронту. Але само стыхійнае нараджэньне імпульсу народнага фронту з адзінага таемнага спадзеву соцень людзей зьвязанае ў маёй памяці зь іншымі імёнамі і абліччамі.

БНФ 20-гадовае даўніны быў знакам вэртыкальнага ўзьлёту. Быццам зь нічога (некаторыя й цяпер паўтараюць, што беларуская незалежнасьць — зь нічога) паўстаў вялізны беларускі рух. Гэта было дзіва, прасьвятленьне, адкрыцьцё, а таму й здаецца, што «зь нічога». Хоць насамрэч, вядома, былі і прычыны, і перадумовы, і доўгі шлях да таго сходу 19 кастрычніка.

Такое здараецца на нашай зямлі — як, да прыкладу, было на Плошчы ў 2006-м. І як Плошча не магла перарасьці ў дзейнасьць нейкіх партыяў, так і БНФ сёньняшні сутнасна мае мала дачыненьня да таго, першага. Бо той, паводле сваёй прыроды, быў зьявай вэртыкальнай, а гэтыя — гарызантальныя.

А пачалося ўсё зь Беларускай Майстроўні ў 1979 годзе — зь першага выхаду датуль паўпадпольнай беларушчыны ў публічную сфэру. Пасьля стваральнікаў Майстроўні мы ўбачым сярод заснавальнікаў БНФ. Але наступным вялікім крокам да БНФ была Талака — арганізацыя-лідэр маладзёвага руху ў БССР, які тады называлі нефармаламі.

У нефармалаў было натхненьне. І было фантастычнае жаданьне творчасьці. Для паэтаў суполкі «Тутэйшыя» гэта было тварэньне цэлай краіны — сваёй і адпаведнай сабе. БНФ стаў пікам гэтага тварэньня. Саму назву перанялі ў эстонцаў. У нашым беларускім кантэксьце яна выглядала вельмі шматзначна, рызыкоўна і трывожна — як апэляцыя да сумленьня, як напамін пра вялікую здраду, як — пальцам па струнах паходжаньня....

Пра тыя часы можна пісаць эпас. Бо гэта быў Час Паэзіі, неверагодны, вэртыкальны час. Ён закончыўся хутка, яшчэ да зьяўленьня ППРБ. Вэртыкаль беларускай палітыкі цалкам натуральным чынам пачала ператварацца ў гарызанталь. І БНФ стаў зусім іншым з абічча і па сутнасьці. На месца цуду прыйшла руціна будзёншчыны.

Народныя рухі Балтыі, якія калісьці сталі прататыпам для БНФ, даўно ператварыліся ў мэмарыяльныя «чырвоныя куткі», куды народу набіваецца толькі на круглыя даты: глядзяць хроніку, перадаюць па радах фоткі, гавораць пра значэньне і разыходзяцца па сваіх партыях і фракцыях, якія носяць зусім іншыя назвы. Наш апарат усё яшчэ быццам бы на службе, хоць даўно не ўзьлятаў. Часам яго спрабуюць разагнаць па праспэкце Незалежнасьці — для гэтага тысячы дэманстрантаў кацяць яго цяжкое цела зь містычным спадзевам: яшчэ трохі і — паляціць. А ён не ляціць. Не таму, што ня хоча, а таму, што па-іншаму зроблены, апарат вэртыкальнага ўзьлёту. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика