Загінуў у палоне
Загінуў у палоне
Паводле слоў начальнiка аддзела Цэнтральнага архiва Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, кандыдата гiстарычных навук Ігара ВАЛАХАНОВIЧА, камiтэт працуе над вывучэннем архiўных матэрыялаў, якiя датычацца ваеннапалонных, з 2002 года. Цяпер вядома, што на ўсiх ваеннаслужачых Савецкай Армii, якiя траплялi ў палон, афармлялiся спецыяльныя карткi, дзе была змешчана iнфармацыя агульнага кшталту — прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, дзень i месца нараджэння, месца службы, воiнскае званне, час, калi трапiў у палон, звесткi аб перамяшчэннi па нямецкiх лагерах, а таксама аб тым, калi памёр i дзе пахаваны. Пасля перамогi пэўная частка такiх картак аказалася на тэрыторыi Савецкага Саюза ў якасцi трафеяў, з-за чаго яны ўласна i называюцца трафейнымi. Карткi былi размеркаваныя па архiвах органаў дзяржбяспекi па тэрытарыяльным прынцыпе — накiроўвалiся ў тыя мясцовыя архiвы, дзе нарадзiўся чалавек. Так, зараз у Цэнтральным архiве КДБ знаходзяцца архiўныя дакументы ў дачыненнi да ўраджэнцаў Мiнска i Мiнскай вобласцi, у Вiцебскай вобласцi — дакументы на вiцябчан i г.д. Толькi ў Магiлёўскай вобласцi дадзены архiўны фонд яшчэ ў 1994 годзе быў перададзены ў Дзяржаўны архiў вобласцi. Карткi ваеннапалонных ёсць, вядома, не толькi ў Беларусi, але i ў Расii, ва Украiне, Казахстане. Напрыканцы 90-х германскае няўрадавае аб’яднанне "Саксонскiя мемарыялы ў памяць ахвярам палiтычнага тэрору" заключыла пагадненне аб сумесным вывучэннi вышэйзгаданых дакументаў з расiянамi. У расiян, дарэчы, апошнiя захоўваюцца не толькi ў архiвах органаў дзяржбяспекi, але i ў Цэнтральным архiве Мiнiстэрства абароны, якi знаходзiцца ў горадзе Падольску. Нямецкi бок заключыў пагадненне i з ФСБ, i з Мiнабароны. Гэта быў пачатак мiжнароднага праекта па вывучэннi архiўных дакументаў, якiя датычацца савецкiх ваеннапалонных, што загiнулi на тэрыторыi Германii. Перадача трафейных картак на ўраджэнцаў Магілёва i Магiлёўскай вобласцi сваякам ваеннапалонных, якiя загiнулi ў нямецкiм палоне. — Галоўная мэта гэтага праекта — высветлiць, колькi чырвонаармейцаў апынулася ў палоне, колькi з iх там загiнула, — тлумачыць Iгар Валахановiч. — Не сакрэт, што сваякам ваеннапалонных паведамлялася, што той прапаў без вестак. Хтосьцi сапраўды гiнуў у баi i быў пахаваны ў брацкай магiле, але тут — iншая справа. Людзi трапiлi ў палон i там загiнулi — ад работы, хваробаў, былi забiтыя... Але яны не былi здраднiкамi... У гэтых картках часам пiсалi "адпушчаны ў гестапа". Раней думалi, што гэта фраза ўказвала на магчымае супрацоўнiцтва з фашыстамi. На самай справе гэта азначала, што чалавек знiмаецца з "улiку" — вынiшчаецца...Да гэтай работы далучылася Украiна, а з 2002 года вывучэнне трафейных картак савецкiх ваеннапалонных пачалося i ў Беларусi. Усе карткi сканiруюцца i захоўваюцца на электронным носьбiце. На сёння супрацоўнiкамi КДБ апрацавана звыш 20 тысяч картак больш як на 12 тысяч савецкiх ваеннапалонных. Уся гэта iнфармацыя перадаецца нямецкаму боку, i такiм чынам ствараецца агульны банк даных. У самой Германii таксама праводзiцца адпаведная работа. Цяпер там ёсць архiў са звесткамi больш як на 50 тысяч савецкiх ваеннапалонных. Першая спроба шырокага агучвання апрацоўкi дакументаў адбылася ў нашай краiне ў 2006 годзе, у Магiлёўскiм аблвыканкаме. "Мы зрабiлi выбарку з банка даных, вылучылi звыш 1 тысячы трафейных картак на ўраджэнцаў Магiлёва i Магiлёўскай вобласцi, якiя загiнулi ў нямецкiм палоне, — кажа Iгар Валахановiч. — Надрукавалi гэтыя спiсы, у вынiку чаго адгукнулiся сваякi 55 чалавек, якiм i былi перададзены копii трафейных картак. Хтосьцi з нашчадкаў колiшнiх ахвяраў вайны даведаўся нават аб дакладным месцы пахавання i атрымаў магчымасць наведаць гэтыя мясцiны. На тэрыторыi Германii захавалiся далёка не ўсе могiлкi, аднак тыя, што ёсць, старанна даглядаюцца...". У мерапрыемстве, якое адбудзецца ў Вiцебскiм аблвыканкаме, плануецца ўдзел прадстаўнiкоў аб’яднання "Саксонскiя мемарыялы", германскага Чырвонага Крыжа, пасла ФРГ у Рэспублiцы Беларусь, прадстаўнiкоў Народнага саюза Германii па доглядзе воiнскiх могiлак. Гэта арганiзацыя, дарэчы, мае прадстаўнiцтва ў Беларусi. Згодна са зробленай на пачатку года выбаркай, былi вызначаны звесткi больш як на 1,5 тысячы ўраджэнцаў Вiцебска i Вiцебскай вобласцi. Спiсы зноў шырока агучвалiся, у вынiку чаго адгукнулiся сваякi больш як 200 чалавек, якiя пражываюць як у Беларусi, так i за яе межамi. Тыя, хто прыедзе ў Вiцебск у гэту суботу, наблiзяцца да праўды аб сваiх блiзкiх. На сёння Камiтэт дзяржбяспекi валодае iнфармацыяй больш як на 8 тысяч ваеннапалонных — ураджэнцаў усiх рэгiёнаў Беларусi, якiя загiнулi ў палоне. Iх спiсы будуць размешчаны на сайце КДБ у 2009 годзе. Паводле афiцыйных даных, у палоне знаходзiлася звыш 4 мiльёнаў чырвонаармейцаў. Зразумела, што апрацоўка велiзарнай колькасцi архiўных дакументаў яшчэ наперадзе. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэту суботу, 11 кастрычнiка, яшчэ каля 200 беларусаў, што пражываюць як на тэрыторыi краiны, так i за яе межамi, атрымаюць копii трафейных картак — |
|