21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Майстры сваёй справы ствараюць прыгажосць - ЗАТ "Будпраект" сустракае 40-годдзе ў выдатнай

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Майстры сваёй справы ствараюць прыгажосць - ЗАТ "Будпраект" сустракае 40-годдзе ў выдатнай творчай форме, з вялiкiмi планамi на будучыню

Шаноўныя сябры, паважаныя калегi!

Сёлета мы адзначаем адметную ўрачыстасць — 40-годдзе з дня стварэння нашага прадпрыемства. Ад усяго сэрца вiншую ўсiх вас з гэтай цудоўнай нагоды. У такi сапраўды гiстарычны момант мы з асаблiвымi пачуццямi падводзiм вынiкi сваёй працы, узгадваем творчыя перамогi, вызначаем планы на перспектыву. Усе значныя дасягненнi на шматгадовым шляху — заслуга калектыву, самаадданых людзей, якiя сапраўды здольныя на многае. Кожны з iх на сваiм участку ствараў i стварае агульны вынiк. Няхай усё тое, што намечана, абавязкова здзейснiцца, няхай нам шчасцiць у сямейным коле i на прафесiйнай нiве, няхай збудуцца ўсе самыя запаветныя мары! Шчыра зычу вам, вашым родным i блiзкiм шчасця, здароўя, удачы i больш падстаў для ўсмешак, чым для расчараванняў!

Дырэктар закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект" Вольга Вялiчка

Дынамiчнае сацыяльна-эканамiчнае развiццё — без усялякага перабольшання, сапраўдная адметнасць дня сённяшняга. Прычым датычыцца гэта ўсяго народнагаспадарчага комплексу краiны, якi з года ў год паступальна нарошчвае вытворчыя паказчыкi. Такi заўважны рух наперад стаў магчымым у вынiку зладжанай працы многiх айчынных прадпрыемстваў, якiя ў цяжкiя часы здолелi не толькi ўтрымацца, але i стварыць трывалую аснову для актыўнага развiцця.

Айчынная эканомiка на ўздыме — такую ацэнку цяперашняй сiтуацыi можна пачуць ад многiх спецыялiстаў. Гэта той фактар, якi вызначае ў лепшы бок нашу дзяржаву на постсавецкай прасторы. Адпаведная сiтуацыя з’яўляецца прамым пацверджаннем правiльнасцi абранага шляху развiцця — прадуманага, узважанага, без рэзкiх рыўкоў i сацыяльных узрушэнняў. Такая стратэгiя ўжо цяпер прыносiць бачны вынiк: па ўсiх асноўных паказчыках (як iнтэграваных, так i прыватных, узятых у разрэзе асобных прадпрыемстваў), адбываецца ўпэўнены рух наперад.

Гэта факт вiдавочны, прызнаны шматлiкiмi ўплывовымi экспертамi. Цi не галоўны "плюс", якi адзначаюць усе, без перабольшання, спецыялiсты, — нашай дзяржаве ўдалося не толькi захаваць свой вялiзны навукова-вытворчы патэнцыял (многiя дзяржавы былога Савецкага Саюза яго проста страцiлi i адразу трапiлi "пад уплыў" больш развiтых замежных дзяржаў), але i значна яго памножыць. І датычыцца гэта самых розных галiн народнагаспадарчага комплексу Беларусi — ад сельскай гаспадаркi да прамысловасцi, ад гандлю да самых сучасных вытворчасцяў.

Напэўна, яшчэ адзiн фактар, якi вызначае сённяшняе сацыяльна-эканамiчнае развiццё нашай дзяржавы, — актыўная мадэрнiзацыя шэрагу прадпрыемстваў, дзякуючы чаму айчынныя вытворцы на роўных канкурыруюць з замежнымi калегамi. А правiльна зарыентавацца ва ўмовах рынку — справа надзвычай няпростая. Аднак у рэальным сектары эканомiкi ўвогуле быў абраны правiльны "вектар" развiцця, таму i справы тут ладзяцца. Iншымi словамi, нават улiчваючы шэраг цяжкасцяў, з якiмi сутыкалiся i сутыкаюцца айчынныя вытворцы, эканамiчны механiзм працуе зладжана i рытмiчна.

Бадай, найбольш вiдавочным адлюстраваннем тых станоўчых працэсаў, якiя адбываюцца ў айчыннай эканомiцы, з’яўляецца сапраўдны будаўнiчы "бум". Прычым гэта датычыцца не толькi ўзвядзення жылых дамоў, але i самых разнастайных аб’ектаў сацыяльнай, культурнай сфер. З’яўляюцца прыгожыя адмiнiстрацыйныя будынкi, дарогi, неабходная iнфраструктура. Адбываецца маштабная рэканструкцыя, рамонт жылфонду i многiх важных аб’ектаў. Даводзяцца да ладу даўгабуды, узвядзенне якiх было закiнутае на дзясяткi гадоў. Карацей кажучы, беларускiя гарады, пасёлкi i вёскi набываюць сучасны, прывабны выгляд.

Усе адпаведныя работы пачынаюцца з карпатлiвай, творчай, прафесiйнай працы праекцiроўшчыкаў. Нi для каго, напэўна, не сакрэт, што ўся будучая прыгажосць з’яўляецца менавiта з-пад iх лёгкай рукi. Ад удалага праекта напрамую залежыць, якiм будзе той цi iншы аб’ект. Гэта вельмi адказная i складаная праца, такiя спецыялiсты заўсёды ў цане. Таму попыт на высокапрафесiйных праекцiроўшчыкаў даволi вялiкi.

Заўсёды цiкава было пабачыць, як нараджаецца iдэя стварэння будынка, як яна атрымлiвае "пуцёўку ў жыццё", а пасля ўвасабляецца ў выглядзе канкрэтнага аб’екта. Гэты працэс надзвычай далiкатны, у нечым падобны на з’яўленне на свет чалавека. Для таго, каб спасцiгнуць усе тонкасцi такой работы, мы i накiравалiся ў Маладзечна, на закрытае акцыянернае таварыства "Будпраект". Прадпрыемства адзначае сваё 40-годдзе, за гэты час тут напрацаваны вялiкi вопыт у сваёй справе, склалiся добрыя традыцыi, набытая выдатная дзелавая рэпутацыя. Мы былi пад вялiкiм уражаннем ад знаёмства з калектывам ЗАТ "Будпраект" — тут сапраўды працуе каманда прафесiяналаў. Таму паездка, трэба сказаць, атрымалася надзвычай змястоўнай, насычаная сустрэчамi з цiкавымi, неардынарнымi людзьмi.

Шлях наперад

Як ужо ўзгадвалася, гiсторыя закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект" налiчвае чатыры дзесяцiгоддзi. Тэрмiн, здаецца, i невялiкi, аднак за гэты час перажыта многае. Можна нават сказаць, што змянiлася цэлая гiстарычная эпоха. У сярэдзiне 1960-х гадоў наспела вострая неабходнасць у стварэннi ў Маладзечне моцнай праектнай арганiзацыi. На той час у горадзе працавалi спецыялiзаваныя майстэрнi, якiя вiдавочна не спраўлялiся з вялiкiм аб’ёмам работ. Паколькi неабходна было абслугоўваць патрэбы нават не вялiкага горада i блiжэйшага рэгiёна, а ўсёй Мiнскай вобласцi. Менавiта пад такую глабальную задачу ў 1968 годзе i была створана праектна-канструктарская майстэрня Мiнскага аблсельбуда. Адразу прадпрыемства арандавала плошчы — размяшчалася ў падвальным памяшканнi. Плошчы, якiя займалi, былi невялiкiя — каля 200 квадратных метраў, працоўны калектыў складаўся з 20 чалавек. Такi атрымаўся пачатак слаўнага шляху.

На працягу шэрагу наступных гадоў прадпрыемства колькi разоў мяняла сваё падпарадкаванне. Увайшлi ў Белсельбуд, а пасля ў праектна-пошукавы iнстытут па сельскiм будаўнiцтве "Мiнсксельбудпраект". Гэта быў 1984 год. А ў 1987-м прадпрыемства пачало ўзводзiць уласны будынак. Прыкладна праз тры гады сямiпавярховы адмiнiстрацыйны корпус быў здадзены ў эксплуатацыю. У пачатку 1990-х насталi сапраўды вельмi цяжкiя часы — праектныя iнстытуты знiкалi адзiн за адным. Утрымацца было надзвычай складана. Вось i "Мiнсксельбудпраект" вырашыў адмовiцца ад свайго маладзечанскага фiлiяла. Аднак гэтае падраздзяленне зусiм не меркавала здавацца — стала самастойнай арганiзацыяй. Мiнскi iнстытут прадаў палову будынка i за гэтыя грошы пратрымаўся... месяц. Маладзечанскiя ж праекцiроўшчыкi паступiлi iншым чынам: не сталi "скiдваць" актывы, а пачалi шукаць прымяненне сваiм сiлам.

Цяперашнi кiраўнiк закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект" Вольга Вялiчка добра памятае тыя складаныя часы. Яна прыйшла працаваць на прадпрыемства дваццаць гадоў таму — у пачатку кастрычнiка 1988-га. Як заўважае Вольга Рыгораўна, у лепшыя часы працоўны калектыў налiчваў 130 чалавек, а падчас вiрлiвых 90-х зменшыўся да 30. Людзi шукалi, дзе зарабiць грошай, каб пракармiць сям’ю. Многiя квалiфiкаваныя спецыялiсты iшлi гандляваць на рынак. Заробкi ў праекцiроўшчыкаў тады складалi каля 5 долараў. Сёння цяжка нават уявiць сабе ўмовы, у якiх апынулiся спецыялiсты. Тым не менш, нават у такiм найскладанейшым становiшчы ўдалося захаваць аснову калектыву — засталiся "самыя-самыя", на якiх i цяпер абапiраецца прадпрыемства.

Вольга Вялiчка прайшла ўвесь гэты шлях поруч са сваiмi калегамi праз усе прыступкi прафесiйнай лесвiцы. Таму да дробязяў ведае ўвесь працэс i здольная дакладна вызначаць не толькi бягучыя мэты i задачы, але i перспектыўнае развiццё. Выстаяць у цяжкiя часы дазволiла вера ў свае сiлы. Такi "экзамен", безумоўна, меў i станоўчы вынiк. Калектыў загартаваўся, набыў навыкi ў самых розных сферах (паколькi бралiся за ўсе магчымыя заказы). Цiкава, што ў пачатку 1990-х гадоў з’яўлялiся меркаваннi, якiя цяпер увогуле здаюцца абсурднымi. А тады ўсур’ёз абмяркоўвалiся iдэi наконт таго, што праектных iнстытутаў увогуле... не трэба. Маўляў, з усiм справяцца творчыя майстэрнi, якiя па заходнiм варыянце будуць працаваць на чале з вядомым архiтэктарам. Узгадваем гэта для таго, каб дакладна зразумець, як складана было ўтрымацца i захаваць сваю справу.

"Будпраект" стаў закрытым акцыянерным таварыствам, набыў самастойнасць i, вядома ж, вялiкую адказнасць за вынiкi работы. Паколькi працаваць ужо даводзiлася выключна на сябе. Такая матывацыя, лiчыць Вольга Вялiчка, — самы лепшы стымул для развiцця. У такiм разе чалавеку не варта лiшнi раз нагадваць аб яго абавязках. Бо ўсе працуюць над увасабленнем канкрэтных задач у канчатковым вынiку для прагрэсiўнага руху прадпрыемства, а значыць, для паляпшэння дабрабыту кожнага з работнiкаў. Уздым эканомiкi дазволiў праекцiроўшчыкам заняць менавiта тое месца ў народнагаспадарчым комплексе, якога яны вартыя. Паколькi менавiта ад гэтых спецыялiстаў многае залежыць. I ў грамадстве, здаецца, прыйшло дакладнае разуменне гэтага факта.

Попыт на праекцiроўшчыкаў вялiкi не толькi ў Беларусi. Паводле паведамленняў сродкаў масавай iнфармацыi, эканамiчны крызiс у Расii ахапiў практычна ўсе сферы, выклiкаў абвал бiржаў i масавыя звальненнi. Аднак засталiся галiны, дзе кадраў па-ранейшаму не хапае. У прыватнасцi, многiя маскоўскiя кампанii адчуваюць дэфiцыт спецыялiстаў у галiне праектавання. Даследаваннi паказалi, што на кожныя 10 вакансiй па спецыяльнасцi "iнжынер-праекцiроўшчык" у Маскве i Санкт-Пецярбургу прэтэндуюць 7 сушукальнiкаў. Вядома, што ў такой сiтуацыi моцны калектыў прафесiяналаў выклiкае вялiкую павагу i на яго паслугi адчувальны попыт. Спецыялiсты закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект" працуюць выключна ў Беларусi, замежныя праекты ажыццяўляць пакуль не маюць намеру. Мiж тым, геаграфiя iх дзейнасцi ахоплiвае большасць рэгiёнаў нашай дзяржавы. Але так ужо склалася, што ў першую чаргу "Буд- праект" больш актыўна працуе менавiта ў Мiнскай вобласцi.

Дом нашай мары

За гады сваёй працы спецыялiсты ЗАТ "Будпраект" стварылi дзясяткi тысяч самых розных праектаў. Сярод iх ёсць такiя, якiя распачалi сапраўды новы накiрунак дзейнасцi для работнiкаў многiх галiн эканомiкi. I гэта нiколькi не высокiя словы, а неаспрэчны факт. У 1997 годзе праводзiўся эксперымент "танны дом". Тады ў Ракуцёўшчыне ўзводзiлiся дамы па 15 iндывiдуальных праектах. Прымаў iх сам кiраўнiк дзяржавы. Як вядома, з таго часу i пачала разгортвацца праграма жыллёвага будаўнiцтва ў вёсцы.

— Многiя ў той час да такога рашэння ставiлiся з пэўнай доляй скепсiсу: маўляў, можа не трэба так маштабна падыходзiць, — узгадвае Вольга Вялiчка. — А я лiчу, што трэба, такi крок быў абгрунтаваны, такiм чынам удалося сапраўды адрадзiць вёску, прыцягнуць моладзь, неабходныя кадры, з дапамогай якiх здолелi аднавiць вытворчасць. Вынiк, аб якiм дагэтуль можна было хiба што толькi марыць, цяпер стаў рэальнасцю. Я не кажу, што менавiта з-за будаўнiцтва домiкаў усё так i адбылося, праграма адраджэння вёскi — глабальная, рознабаковая, сiстэмная i комплексная задача. Аднак вырашэнне жыллёвай праблемы — далёка не апошнi аргумент падчас выбару працоўнага месца. Людзi паехалi на жыллё, а цяпер у вёсцы ствараем належную сацыяльную i культурную сферу. Так паэтапна глыбiнка набывае новы выгляд.

Адбываюцца пазiтыўныя змены ў эканомiцы — з’яўляюцца новыя магчымасцi. Так, дарэчы, i з жыллёвым будаўнiцтвам у вёсцы. Як узгадваюць спецыялiсты закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект", спачатку было толькi некалькi тыпавых праектаў, даводзiлася займацца iх прывязкай. Пасля прыйшло разуменне таго, што трымацца ў пэўных межах (памятаеце, узгадвалася аб неабходнасцi не перавышаць кошт катэджа больш за адпаведную суму) не зусiм мэтазгодна. Тады падчас узвядзення домiкаў у вёсцы пачалi прымяняцца сучасныя якасныя матэрыялы, рабiцца арыгiнальная планiроўка.

Як заўважае Вольга Вялiчка, "настройваем гаспадаркi адразу праектаваць цэлымi кварталамi". Дарэчы, такая прапанова знайшла актыўную падтрымку ў кiраўнiцтва Мiнскага аблвыканкама. Самi былi сведкамi, як падчас выязных пасяджэнняў крытыкавалiся сапраўды не па-гаспадарску зробленыя "ў чыстым полi" домiкi. А вось з’яўленне новых кварталаў прыгожых, утульных катэджаў — гэта зусiм iншы, дзяржаўны падыход. У такiм разе жыллёвае будаўнiцтва развiваецца належным чынам, не парушаючы аблiчча вёсак. Нярэдка здаралася бачыць, як домiкi "лепяць" абы дзе, без усялякай прывязкi i, здаецца, без кансультацый са спецыялiстамi. А гэта, на наш погляд, менавiта той выпадак, калi сквапны плацiць двойчы. Спецыялiсты ЗАТ "Будпраект" апраўдана лiчаць, што праектаваць неабходна адразу менавiта групу будынкаў. Няхай не на працягу аднаго года будуць узведзены тыя катэджы, аднак пасля проста прыемна будзе паглядзець на канчатковы вынiк.

Як адзначае начальнiк аддзела цеплагазазабеспячэння ЗАТ "Будпраект" Сяргей Анiська, калi раней газавае ацяпленне будынкаў у вёсцы практыкавалася надзвычай рэдка, то цяпер такое абсталяванне прымяняецца часта. Прычым не толькi ў вытворчых, але i ў жылых памяшканнях. Так што катэджы для вяскоўцаў адпавядаюць сучасным стандартам. Калi ёсць газ, то разам з ацяпленнем з’яўляецца магчымасць i для падагрэву вады. Таму для жыхароў вёскi цяпер ствараюцца ўмовы не горшыя, чым у горадзе. А можа нават i лепшыя — калi ўлiчваць нетаропкi лад жыцця i свежае паветра. Нездарма ж многiя гараджане апошнiм часам усё часцей проста збягаюць ад шалёнага рытму гарадоў у глыбiнку.

Па сучасных праектах ствараецца сапраўдны дом нашай мары — жыллё, якое ўяўляецца кожнаму ў iдэале. Многiя з цiкавых варыянтаў запамiнаюцца самiм работнiкам надоўга. Напэўна, гэта сапраўды паказчык якаснай працы, калi з гонарам узгадваеш свой удзел у рэалiзацыi нейкай справы. Да прыкладу, Вольга Вялiчка ўзгадвала, як спраектавалi ў Магiлёўскай вобласцi вялiкi пасёлак для перасяленцаў з раёнаў, што пацярпелi ў вынiку аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Аб’ём сапраўды быў вялiкi — 350 жылых дамоў, а таксама клуб, бальнiца, кацельня, уся неабходная iнфраструктура. Атрымалася вельмi цiкавая планiроўка — вулачкi прыгожа i неардынарна размясцiлiся.

Дарэчы, гэта для работнiкаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў складаны рэльеф мясцовасцi стварае пэўныя перашкоды падчас працы. Для праекцiроўшчыкаў жа гарысты ландшафт — толькi перавага. Як заўважае начальнiк аддзела генплана закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект" Вольга Сыракваш, цiкава працаваць у Валожынскiм раёне, дзе мясцовасць з пагоркаў складаецца. У такiм разе атрымлiваецца арыгiнальная планiроўка кварталаў забудовы. Увогуле, як адзначыла спецыялiст, сённяшнiя кварталы ў вёсках сапраўды песцяць вока. Так, калi раней паабапал дарогi выкарыстоўвалi ў лепшым выпадку гравiйнае пакрыццё, то цяпер кладзецца керамiчная плiтка. Змены, пагадзiцеся, адбываюцца заўважныя. Не толькi катэджы з усёй найноўшай "начынкай", зручнай планiроўкай узводзяцца, але i наўкола прыгажосць ствараецца. Такi комплексны падыход сапраўды вельмi прадукцыйны. Прыгожыя вулiцы з нестандартнымi рашэннямi па ландшафтным дызайне ў вёсках можна сустрэць усё часцей.

Улiчваючы спецыфiку, лад жыцця вяскоўцаў адразу з дамамi праектуюцца i ўсе неабходныя гаспадарчыя пабудовы. Як адзначаюць у ЗАТ "Будпраект", абавязкова робiцца паўнаважкi падворак. Такiм чынам, з’яўляюцца цэлыя новыя вулiцы, на якiх нярэдка чуваць дзiцячы смех. I заўвагi пра адраджэнне вёскi ўжо зусiм не здаюцца дзiвацтвам. Нездарма ў шэрагу выпадкаў аграгарадкi сталi сапраўды населенымi пунктамi новага тыпу. Зразумела, так адбылося толькi ў тым выпадку, калi да справы далучалiся прафесiйныя праекцiроўшчыкi, без дапамогi якiх наўрад цi магчыма атрымаць на выхадзе якасны прадукт. Як у выглядзе жылога домiка, так i шэрагу найважнейшых аб’ектаў сацыяльнай iнфраструктуры, iнжынерных сетак i г.д. Спецыялiзацыя ў закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект" шырокая, магчымасцi ў адпаведнасцi з атрыманымi ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнымi лiцэнзiямi вялiкiя. Як жартам заўважыў Сяргей Анiська, можам рабiць лiтаральна ўсё, за выключэннем хiба што аэрапортаў. Такая ўнiверсальнасць у свой час дазволiла калектыву ў самым прамым сэнсе гэтага слова выжыць. Вельмi да месца такая каштоўная якасць i цяпер, калi з’явiлiся разнастайныя варыянты для рэалiзацыi сваiх значных магчымасцяў. Дарэчы, спецыялiсты ЗАТ "Будпраект" апошнiм часам падключылiся i да аднаўлення вытворчай сферы аграпрамысловага комплексу — займаюцца праектаваннем сучасных жывёлагадоўчых комплексаў.

Дзяржава — самы надзейны партнёр

Можна ўзгадаць шэраг самых розных праектаў, ва ўвасабленнi якiх удзельнiчалi спецыялiсты закрытага акцыянернага таварыства "Будпраект". У Маладзечанскiм раёне ў пасёлку Гарадзiлава пры iх удзеле ўзведзены 60 дамоў — цэлы пасёлак утульнага, прыгожага жылля. Зроблена ўсё комплексна — з падвядзеннем усiх неабходных камунiкацый, выкананнем маштабнага добраўпарадкавання. Паколькi, заўважае Вольга Вялiчка, неабходна ўсё рабiць як для сябе, каб людзям падабалася i яны ўзгадвалi цябе добрым словам. У такiм разе i спецыялiстам прыемна, ды i дзелавая рэпутацыя ўмацоўваецца — гарантавана, што да добрасумленных праекцiроўшчыкаў звернецца шмат клiентаў. Так што якаснае выкананне заўсёды карыснае для прадпрыемства.

Калiсьцi работнiкi ЗАТ "Будпраект" спраектавалi 80 домiкаў для пасёлка Радашковiчы. Гэта, як планавалася тады, будзе жыллё для перасяленцаў з забруджаных радыенуклiдамi тэрыторый. Але ў свой час праект не быў рэалiзаваны. Затое ўвасабляецца цяпер — штогод у Радашковiчах узводзiцца 5-10 домiкаў. А яшчэ ў пасёлку пры ўдзеле "Будпраекта" зроблены цэнтр адпачынку. Раней гэта быў разбураны будынак майстэрнi, а цяпер адметнае месца для таго, каб з карысцю бавiць вольны час не толькi тутэйшым жыхарам, але i насельнiцтву з навакольных вёсак. А яшчэ ў адпаведнасцi з арыгiнальным праектам у Радашковiчах пачала ўзводзiцца школа мастацтваў. З’яўляюцца новыя аб’екты, а закiнутых будынкаў становiцца ўсё менш. Iм знаходзяць прымяненне.

Дарэчы, адзiн з самых яскравых прыкладаў давядзення да ладу даўгабуда — гэта, безумоўна, басейн у Вiлейцы. У свой час аб’ект быў спраектаваны спецыялiстамi ЗАТ "Будпраект". Аднак будаўнiцтва, якое пачалося, хутка было "згорнутае" з-за недахопу фiнансавых сродкаў. Гэта прычына "з’яўлення" многiх даўгабудаў. Пытанне наконт таго, што рабiць з незавершанымi аб’ектамi, дасюль не губляе сваёй вастрынi. I ўздымаецца на розных узроўнях — да Урада i кiраўнiка дзяржавы. Так што вопыт з вiлейскiм басейнам вельмi да месца. Як паведамiла начальнiк аддзела водазабеспячэння i каналiзацыi закрытага акцыянернага таварыства "Буд- праект" Любоў Сыраежка, басейн заставаўся недабудаваным на працягу васямнаццацi гадоў. За гэты час, вядома, усе камунiкацыi сапсавалiся. Таму неабходна было многае рабiць проста з нуля. Плюс да таго давялося "ўпiсвацца" ў тыя памеры, якiя iснавалi.

Зрабiць усё належным чынам было надзвычай складана. Але атрымалася як мае быць — высокую адзнаку выкананай працы выказала падчас урачыстага адкрыцця басейна кiраўнiцтва Мiнскай вобласцi. А колькi радасцi было ў тутэйшых жыхароў! Напэўна, такiя вось моманты найлепшым чынам стымулююць работнiкаў ЗАТ "Будпраект" да новых працоўных здзяйсненняў. У сучасным басейне прыменены найноўшыя тэхналогii, у прыватнасцi, аўтаматызаванае кiраванне працэсамi водападрыхтоўкi. Для раённага цэнтра такi спартыўны аб’ект — сапраўдны падарунак. Цяпер у вiляйчан з’явiлася выдатнае месца для адпачынку i заняткаў спортам.

Праз колькi часу ўрачыстасцi чакаюць i Мядзел. У гэтым горадзе спраектаваны вялiкi фiзкультурна-аздараўленчы комплекс. Будаўнiцтва аб’екта ўжо распачалося. Як заўважыла Любоў Сыраежка, неабходна ўсё такiм чынам зрабiць, каб не нанесцi экалагiчнага ўрону навакольнаму асяроддзю. Гэты важны аспект праекцiроўшчыкi абавязкова прадугледзелi.

Увогуле немагчыма ўявiць сабе "чысты" праект, якi б не быў прывязаны да канкрэтнай мясцовасцi, той цi iншай сiтуацыi. Калi не выконвалiся неабходныя работы, то наступствы прыходзiцца выпраўляць нават праз многiя гады. I датычыцца гэта не толькi вёсак. Напрыклад, цяпер даволi актыўна падводзiцца каналiзацыя ў раёны прыватнай забудовы. У свой час будынкi тут узводзiлiся стыхiйна, пра камунiкацыi жыхары "забылiся". А зараз усе актыўна падключаюцца. У гэтай справе таксама не абысцiся без квалiфiкаванай дапамогi спецыялiстаў ЗАТ "Будпраект".

Увогуле прадпрыемства з задавальненнем працуе на дзяржзаказ.

— Дзяржава — самы надзейны партнёр, — пераканана Вольга Вялiчка. — У складаныя часы працавалi з прыватнiкамi, якiх толькi аб’ектаў не праектавалi. Але многiя з iх дасюль проста ляжаць на палiцы. Таму можна параўноўваць, з кiм лепш працаваць. Супрацоўнiчаем з многiмi галiнамi сацыяльнай сферы — медыцынай, адукацыяй, сацыяльнай абаронай.

Дарэчы, аб такiм плённым супрацоўнiцтве варта сказаць асобна. ЗАТ "Будпраект" бярэцца за самыя адказныя праекты, не палохаецца адказнасцi. Наадварот, такiя заданнi толькi належным чынам стымулююць творчы патэнцыял работнiкаў прадпрыемства. Мы самi былi таму сведкамi, калi адкрываўся новы корпус дома-iнтэрната ў Свiры, што на Мядзельшчыне. Кожны, хто прысутнiчаў на ўрачыстасцi, мог параўнаць новую частку будынка i старое памяшканне. Гэта быццам сучаснасць i мiнулае стагоддзе. Тое, што зроблена намаганнямi спецыялiстаў "Будпраекта" сапраўды ўражвае. Цiкавыя рашэннi дазволiлi пераўтварыць сацыяльную ўстанову ў сапраўды неяк па-хатняму ўтульны дом для нямоглых людзей.

З такiм жа нераўнадушным стаўленнем быў зроблены i праект рэканструкцыi Мiкалаеўшчынскага дома-iнтэрната. У Рэспублiканскiм iнтэрнаце ветэранаў вайны i працы акрамя ўсяго iншага зроблена гразелячэбнiца i басейн. Таксама спецыялiсты "Будпраекта" запраектавалi i Чэрвеньскi дом-iнтэрнат для дзяцей з адхiленнямi ў псiхафiзiчным развiццi. Гэта тры жылыя карпусы, адмiнiстрацыйны будынак, басейн, актавая зала, медыцынскi блок. Характэрная рыса — усе будынкi злучаны галерэяй, каб дзятве без усялякiх перашкод можна было трапiць у любое неабходнае памяшканне.

Таксама прыемныя навiны чакаюць Валожыншчыну. У Iвянцы плануецца пабудаваць дзiцячы цэнтр, а ў раённым цэнтры ўзвядуць фiзкультурна-аздараўленчы цэнтр. Так што дзякуючы работнiкам ЗАТ "Будпраект" з’яўляюцца шэраг патрэбных людзям аб’ектаў. У кожным такiм праекце заўсёды часцiнка душы вялiкага калектыву, якi над iм працаваў. Iнакш i нельга: як заўважае Вольга Вялiчка, праектаванне — заўсёды творчы працэс. Iншым чынам i не дасягнеш поспеху ў гэтай няпростай справе.

Праекты на "выдатна"

ЗАТ "Будпраект" робiць шмат медыцынскiх аб’ектаў. Сярод апошнiх рэалiзаваных праектаў — медыцынскi цэнтр у вёсцы Маркава. Многiя спецыялiсты i прадстаўнiкi Мiнскага аблвыканкама, а таксама Мiнiстэрства аховы здароўя правамерна ацанiлi высокi ўзровень выканання работ. Па-першае, ва ўрачэбнай амбулаторыi ёсць усё неабходнае абсталяванне для належнага абслугоўвання вяскоўцаў. Дагэтуль у Маркаве ўвогуле не было медыцынскай установы. А патрэба ў адпаведным сэрвiсе, вядома ж, iснавала. Таму i вырашылi ўзвесцi ўрачэбную амбулаторыю, якая адпавядала б самым сучасным патрабаванням.

Да ўдзелу прыцягнулi спецыялiстаў "Будпраекта". I вельмi ўдала. Адна з асаблiвасцяў цэнтра — жыллё для медыцынскiх работнiкаў, якое ўзвялi побач. Амаль што на заходнi прыклад: каля медустановы жыве доктар. Зручна, а галоўнае такiм чынам на парадак павялiчваецца даступнасць дапамогi. Ды i, што, напэўна, не менш важна, — медыкам даецца камфартабельнае жыллё. Зноў-такi вырашанае надзённае пытанне, якое шмат дзе застаецца актуальным.

ЗАТ "Будпраект" задзейнiчанае ў рэканструкцыi дзiцячай бальнiцы ў Маладзечне. Як заўважыла Вольга Вялiчка, вельмi шкада, што без магчымасцi пашырэння плошчаў. Аднак i ў такiм выпадку можна быць упэўненымi, што ўсё будзе выканана на самым высокiм узроўнi. Таксама праводзяцца работы па рэканструкцыi карпусоў Валожынскай цэнтральнай раённай бальнiцы. Прадпрыемства брала ўдзел у праектаваннi шэрагу санаторных устаноў Нарачанскай курортнай зоны, а таксама аб’ектаў Нацыянальнага парку "Нарачанскi". Дарэчы, той, хто пабываў у Мядзелi, напэўна, заўважыў арыгiнальны Музей прыроды. Гэта цiкавы драўляны будынак, размешчаны ў дэндралагiчным садзе на самай вышэйшай кропцы. Выглядае насамрэч вельмi стыльна i незвычайна. Зноў-такi праектавалася ў "Будпраекце".

Нельга не ўзгадаць i пра маштабную рэканструкцыю чыгуначнага вакзала ў Маладзечне. Як заўважыў галоўны iнжынер праекта ЗАТ "Будпраект" Яўген Гардзей, давялося прыкласцi шмат намаганняў як у частцы праектавання, так i ў частцы будаўнiцтва. Работы праводзiлiся на працягу 14,5 месяца. За гэты час вакзал лiтаральна быў адбудаваны наноў — замянялася практычна ўсё, засталося толькi чатыры сцяны па перыметры. Спецыфiка гэтага праекта ў тым, што чыгуначнаму вакзалу ўжо больш чым сто гадоў. Будынак з’яўляецца гiсторыка-культурнай каштоўнасцю. Таму неабходна было па максiмуму захаваць старадаўнiя ляпныя элементы. Зразумела, што пры сучасным iнжынерным забеспячэннi i аддзелцы выканаць такую задачу было няпроста. За сто з лiшкам гадоў свайго iснавання вакзал нiводнага разу капiтальна не рамантаваўся. Як заўважыў Яўген Гардзей, пры разборцы заўважылi шмат гнiлых элементаў. Перакрыцце было драўлянае, што для такiх будынкаў небяспечна. Але з усiм паспяхова справiлiся — работу ацанiлi на "выдатна". Ды i самi жыхары, а таксама госцi Маладзечна могуць пацвердзiць такую высокую адзнаку. Паколькi вакзал — гэта твар горада, менавiта з яго выгляду i складаецца першае ўражанне гасцей аб населеным пункце. Для такога буйнога чыгуначнага вузла, як Маладзечна, такiя словы набываюць асаблiвы сэнс. Таму рэканструкцыя вакзала для гэтага горада — сапраўды адметная падзея. Ды i, напэўна, не толькi менавiта для горада, але i для рэгiёна, паколькi ва ўрачыстай абстаноўцы адкрываў абноўлены вакзал сам старшыня Мiнскага аблвыканкама Леанiд Крупец.

Яшчэ адзiн маштабны праект, за рэалiзацыю якога ўзялiся спецыялiсты ЗАТ "Будпраект" — завод па вытворчасцi сродкаў аховы раслiн, якi ўзводзiцца ў Пухавiцкiм раёне. Гэтыя мерапрыемствы выконваюцца ў межах рэспублiканскай iнвестыцыйнай праграмы i маюць важнае значэнне. Аб’ект унiкальны не толькi для Беларусi, таму мабыць ад удзелу ў яго праектаваннi адмовiлiся шэраг вядомых сталiчных фiрмаў.

— А мы прыкiнулi, што пацягнем такi сур’ёзны заказ, i адразу ўзялiся за справу, — заўважыла Вольга Вялiчка. — Гэта сапраўднае выпрабаванне нашых магчымасцяў, ад таго праца ўяўляецца яшчэ больш цiкавай.

Калi хочацца iсцi на працу

ЗАТ "Будпраект" мае лiцэнзiю на абследаванне канструкцый, будынкаў i iнжынерных сетак. Дарэчы, такiм правам валодаюць адзiнкавыя арганiзацыi. А праблема надзвычай сур’ёзная i актуальная. Паколькi ўстаноўлена, што адпаведныя даследаваннi павiнны праводзiцца не радзей, чым раз у пяць гадоў. Гэта апраўдана, бо, як адзначае Вольга Вялiчка, гаворка тут iдзе пра бяспеку, а значыць, пра захаванне жыцця людзей. Дарэчы, апошнiя выпадкi з расiйскiмi школамi, дзе загiнулi дзецi, цалкам пацвярджаюць справядлiвасць гэтых слоў. Паводле слоў Вольгi Рыгораўны, у Беларусi патрабаваннi да бяспекi больш жорсткiя не толькi чым у Расii, але i ў асобных замежных краiнах.

Вядома, што для таго, каб выконваць на сучасным узроўнi адпаведныя работы, неабходна мець найноўшае абсталяванне. ЗАТ "Будпраект" сродкаў на тэхнiчную мадэрнiзацыю не шкадуе, паколькi на прадпрыемстве лiчаць, што адпаведныя выдаткi заўсёды апраўданыя. Адзiн такi прыбор удалося ўбачыць на ўласныя вочы. Ён дазваляе выяўляць дэфекты ў бетоне, трэшчыны, а таксама знаходжанне арматуры. Калi казаць прасцей, адбываецца сканiраванне, быццам бы рэнтгенам. Прычым такiм чынам магчыма вывучаць як зборны жалезабетон, так i маналiтны. Гэта апошняя распрацоўка, ва ўсёй Беларусi толькi дзве адзiнкi такога абсталявання, адна з якiх — у "Будпраекце". Варта ўзгадаць, што без сучаснага прыбора для правядзення абследавання неабходна браць перфаратар альбо зубiла i ўручную поўнасцю разбiраць патрэбную канструкцыю. Уяўляеце сабе, колькi намаганняў трэба прыкласцi, каб дасягнуць патрэбнага вынiку. А з дапамогай прыбора можна дакладна i аператыўна вызначыць тэхнiчны стан канструкцый i ацанiць iх з пункту гледжання бяспекi.

Прыбор нам дэманстраваў малады спецыялiст Алег Аўчарэнка, якi адносна нядаўна ўладкаваўся на працу ў закрытае акцыянернае таварыства "Будпраект". Пасля заканчэння БНТУ па гiдратэхнiчнай спецыяльнасцi ён спачатку працаваў у бюджэтнай арганiзацыi. Дзе, як кажа, не было нават камп’ютара. А ў "Будпраекце" ўсiмi неабходнымi найноўшымi прыборамi забяспечаны. Таму Алег заўважае, што на гэтым прадпрыемстве вялiкiя магчымасцi для рэалiзацыi свайго патэнцыялу. З-за гэтага, напэўна, моладзь актыўна сюды прыходзiць.

— За апошнi час адбылося значнае абнаўленне калектыву, — кажа Вольга Вялiчка. — Прыйшло шмат таленавiтай моладзi, у асобных аддзелах i ўвогуле большасць маладых спецыялiстаў працуе. У нашага прадпрыемства ёсць адна кадравая асаблiвасць. Справа ў тым, што калi ў цяжкiя часы многiя звальнялiся, то практычна не было прытоку працоўных рэсурсаў. Атрымаўся пэўны разрыў пакаленняў: працуюць тыя, хто выстаяў складаныя гады, i маладыя спецыялiсты, якiя нядаўна скончылi ВНУ. Такi своеасаблiвы "сiмбiёз" вопыту i маладосцi. Паглядзiм, наколькi паспяховым атрымаецца спалучэнне.

Усё ж такi здаецца, што гэтае спалучэнне атрымаецца ўдалым. Паколькi вытворчыя поспехi шмат у чым вызначае i клiмат у калектыве, адносiны памiж калегамi. У "Будпраекце" ва ўсе часы надавалася вялiкая ўвага фармiраванню каманды, калi калектыў успрымаецца як вялiкая сям’я. Вольга Сыракваш прыйшла працаваць на прадпрыемства ў 1974 годзе. Першае, што адразу адзначыла, заўважае яна, — добры, згуртаваны калектыў. Заўсёды хацелася iсцi на працу. Цi не гэта вызначае перспектыву?

Сяргей Анiська — старшыня назiральнага савета акцыянераў ЗАТ "Будпраект". Ён прадстаўляе iнтарэсы акцыянераў, кантралюе, як адмiнiстрацыя выконвае рашэннi савета. Сяргей Мiхайлавiч заўважае, што тая форма ўласнасцi, якая ў прадпрыемства цяпер, дазволiла выжыць у складаны час, а сёння больш аператыўна вырашае надзённыя пытаннi.

Узаемаразуменне ў калектыве на самым высокiм узроўнi. У аддзел, якi ўзначальвае Любоў Сыраежка, за апошнiя некалькi гадоў уладкавалiся тры маладыя спецыялiсты. Да iх добразычлiвае стаўленне, маладым ва ўсiм дапамагаюць, з цягам часу яны стануць сапраўднымi прафесiяналамi. Чым жа прывабны "Будпраект" для моладзi? Безумоўна, узровень аплаты працы тут даволi высокi. I не толькi для Маладзечна, але нават можа i для сталiцы. Як адзначыў малады iнжынер прадпрыемства Алег Аўчарэнка, тут добры сацыяльны пакет, якi адпрацаваны да дробязяў. Рэгулярна спецыялiсты "Будпраекта" выязджаюць для абмену вопытам за мяжу. Чарговая такая паездка — у Паўднёвую Карэю. Стасункi з замежнымi калегамi надзвычай карысныя. Такiм чынам удаецца трымаць руку на пульсе часу, не заставацца ў баку ад прагрэсу.

— Навукова-вытворчы патэнцыял нашай краiны надзвычай вялiкi i мае значную перспектыву для далейшага росту, — упэўнена Вольга Вялiчка. — Прырост магчымы менавiта за кошт прадпрыемстваў, якiя падтрымлiваюць сучасны ўзровень вытворчасцi. Такiм чынам арганiзуюць працэс, каб ствараць канкурэнтаздольны прадукт. Немагчыма арганiзаваць вытворчасць дзеля вытворчасцi, трэба заўсёды разумець, што за кожным паказчыкам стаiць рэальны чалавек са сваiмi надзённымi клопатамi i праблемамi. Пра гэта нельга забываць.

Ды i працуюць у "Будпраекце" дзеля канкрэтнага чалавека — праектуюць дамы, басейны, амбулаторыi, Дамы культуры, вакзалы i шмат чаго яшчэ, дзякуючы чаму пераўтвараецца ўся наша Беларусь. Каманда прафесiяналаў, якая стварае наўкола прыгажосць. Сапраўдныя майстры сваёй справы.

Захар БУРАК,

Алена ДАЎЖАНОК.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА i з архiва ЗАТ "Будпраект".

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дынамiчнае сацыяльна-эканамiчнае развiццё — без усялякага перабольшання, сапраўдная адметнасць дня сённяшняга. Прычым датычыцца гэта ўсяго народнагасп
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика