Што ў вас добрага?
Што ў вас добрага?
Алег Максюта, начальнiк Магiлёўскага абласнога цэнтра па гiдраметэаралогii i манiторынгу навакольнага асяроддзя: — Гэтай восенню ў нас добрае камфортнае надвор’е, i гэта ўжо нямала! Нашу краiну абыходзяць прыродныя катаклiзмы, якiя страсаюць свет. Напэўна, Бог нас абараняе альбо мы пад нейкiм добрым "каўпаком". Хутка, вядома ж, крыху пахаладае. Але ўвогуле надвор’е застанецца камфортным. У мяне ёсць шмат чаго добрага ў жыццi. Напрыклад, калегi, з якiмi прыемна працаваць i мець стасункi. Сярод iх шмат прыгожых жанчын — гэта яшчэ лепей. У мяне добрыя дзецi: яны пiсьменныя ведаюць як жыць. У астатнiм, безумоўна, звычайнае руцiннае жыццё. Праўду гавораць: калi вы ранiцай прачнулiся, дзень пачаўся, сонца свецiць, нiхто не аблаяў — жыццё цудоўнае. А калi якая балячка нагадала аб сабе — значыць, вы дакладна жывы! Фядора Конюхава, народная лекарка з вёскi Пiльшычы Бялынiцкага раёна: — Самае добрае — што цiха на нашай зямлi, у Беларусi. Дай Божа, каб спаць спакойна беларускаму народу i каб яго дзецi былi шчаслiвыя. А пра асабiстае жыццё скажу так: што не адбываецца — усё да лепшага. Я лячу людзей, даю iм палёгку. Пра гэта можна цэлую кнiгу напiсаць, але рукi не бяруцца. Усё будзе добра! Алена Казлова, загадчыца Магiлёўскага гарадскога аддзела ЗАГС: — Цяпер у нашым ЗАГСе шмат юбiлейных вяселляў — залатых i брыльянтавых. Залатое вяселле — 50 гадоў разам, а брыльянтавае — 60! Прыемна глядзець на такiх юбiляраў. На iх тварах — светлыя пачуццi. Людзi разумеюць з цягам жыцця, што яны вельмi патрэбныя адзiн аднаму. Яны жывуць душа ў душу i становяцца адзiным цэлым. Гэта кранае нават болей за гарачае каханне! Што датычыцца мяне асабiста, то мы з мужам ужо справiлi жамчужнае вяселле — жывем разам 30 гадоў i яшчэ 3 гады. Наша ўнучка Iрачка пайшла ў першы клас гiмназii i музычнай школы. Я нядаўна пазнаёмiлася з цiкавай жанчынай, i яна стала маёй добрай сяброўкай. Самае галоўнае ў жыццi — не журыцца, а быць аптымiстам i дасылаць у свет станоўчую энергiю. I калi ты будзеш выпраменьваць шчасце i дабро — гэта ж вернецца i да цябе. Мiхаiл Анiкееў, старшыня Горацкага райвыканкама: — Галоўная добрая навiна: упершыню ў гiсторыi Горацкага раёна мы атрымалi ўраджайнасць збожжа ў 46,8 цэнтнера з гектара. Увогуле радуюць працаўнiкi сельскай гаспадаркi: шмат надаiлi, павялiчылi пагалоўе кароў i свiней. Мяркуем больш працаваць i зарабляць. Гораччына, карацей, з голаду не памрэ, ды яшчэ i на продажы харчоў будзе мець выгаду. Добра пачалi ацяпляльны перыяд — скаргаў ад людзей увогуле няма. Пабудавалi жыллё, добраўпарадкавалi райцэнтр, здалi два аграгарадкi — Рэкту i Маслакi. А ў асабiстым жыццi мяне найбольш радуюць дзецi. Яны мяне не падводзяць. Адна дачка — урач, другая — выкладчыца, а сын кiруе сельскай гаспадаркай ў нашым раёне. Дасталася яму адна з адсталых, а цяпер яны выкараскалiся i заробак самi плацяць. I ў гэтым мая добрая навiна! Вiкторыя Жэўнер, начальнiк аддзялення агiтацыi i прапаганды ДАI УУС Магiлёўскага аблвыканкама: — Вось толькi паправiлася пасля восеньскай прастуды, i адразу акунулася ў вiр спраў з галавой. А менавiта — у адзiны дзень бяспекi дарожнага руху. З ранiцы пабывала ў Магiлёўскай абласной бальнiцы, дзе ў чарговы раз пераконвала ўсiх удзельнiкаў дарожнага руху прытрымлiвацца правiлаў, якiя гарантуюць бяспеку. Самая добрая навiна ў сям’i — 16-годдзе маёй дачкi Юлi. Яна стала зусiм дарослай. Юля вырашыла стаць стаматолагам альбо касметолагам. Маю дзяўчынку хвалюе прыгажосць! Запiсала Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алег Максюта, начальнiк Магiлёўскага абласнога цэнтра па гiдраметэаралогii i манiторынгу навакольнага асяроддзя: — Гэтай восенню ў нас добрае камфорт
|
|