Абутак маркі "Белвест" робяць кітайцы?
8 ноября 2008 Экономика и бизнес
Алена Штраль, BulletinOnline Беларусы на віцебскім прадпрыемстве працаваць ня хочуць: дужа малыя заробкі ды занадта цяжкія ўмовы працы. У віцебскіх рэклямных газэтах даволі часта сустракаюцца аб’явы пра тое, што абутковае прадпрыемства "Белвест" запрашае на працу кваліфікаваных рабочых, а таксама вучняў. Але пэрыядычнасьць зьяўленьня такіх аб’яваў наводзіць на думку: недахоп кадраў стаўся хранічным. - Новых людзей я практычна ня бачу, - распавядае зборшчык абутку Віктар Шляхцін. - Нехта прыходзіць, паглядзіць на нашыя ўмовы, даведаецца пра нашыя заробкі - і ўсё, няма чалавека. Старыя працаўнікі таксама ўцякаюць, бо як няма каму працаваць, усіх перакідваюць з цэха ў цэх, ставяць на розныя апэрацыі, прымушаюць працаваць у выходныя. І ўсё адно гадавы плян мы практычна ніколі не выконваем. Віктар Шляхцін ды іншыя рабочыя спрабавалі знайсьці заступніцтва ў афіцыйным прафсаюзе: скардзіліся на тое, што праца ў цэху, дзе пахне клеем, дзе ляціць пыл, мусіць аплачвацца даражэй, чымсьці 400-600 рублёў у месяц. Але прафсаюзнае кіраўніцтва на дапамогу не прыйшло: зварот, па сутнасьці, праігнаравалі. А калі адміністрацыя запатрабавала, каб з заробкаў работнікаў пакрылі выяўленую праверкай нястачу, многія ўвогуле сышлі з афіцыйнага прафсаюзу ды ўтварылі незалежную суполку. - Начальства хутка зразумела, што такімі тэмпамі ў прафсаюзе нікога не застанецца, - працягвае В.Шляхцін, - і загадала, каб заявы на выхад несьлі не ў прафсаюзную арганізацыю, а спачатку кіраўнікам цэхаў ды аддзелаў. Паглядзеўшы, што так проста з прафсаюзу ня выйдзеш, хто-ніхто махае рукой. А некаторыя проста звальняюцца, стаміўшыся чакаць справядлівасьці. Звальненьні рабочых прывялі да таго, што "Белвест" быў вымушаны шукаць танную працоўную сілу ажно ў Кітаі. Кажуць, кітайскія работнікі згодныя працаваць па 12 гадзін на дзень за тыя самыя грошы, якія прадпрыемства плаціць беларусам. Таму ў Кітай пастаўляюць дэталі абутку, дзе іх сшываюць, а потым зноў завозяць у Віцебск на канчатковую дапрацоўку. Абутак "Белвесту" ўжо на 80 адсоткаў можна лічыць кітайскім, кажуць мясцовыя работнікі. Наём таннай працоўнай сілы практыкуецца ва ўсім сьвеце, так што "Белвест" у гэтым сэнсе далёка не наватар. Але знайсьці работнікаў для выкананьня некваліфікаванай цяжкай працы аказалася прасьцей, чымсьці ўтрымаць на прадпрыемстве адмыслоўцаў. Спэцыялісты абутковага профілю патрэбны і на "Марка", і на "Чырвоным кастрычніку", так што ім ёсьць з чаго выбіраць. У "цякучцы кадраў" адміністрацыя "Белвесту" ўрэшце рэшт знайшла "вінаватага": звольніла намесьніка дырэктара па працы з пэрсаналам і ідэалёгіі за тое, што ён нібыта не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Старэйшыя работнікі з сумам згадваюць: калісьці пачынальнікам вытворчасьці абутку маркі "Белвест" было беларуска-нямецкае супольнае прадпрыемства, на якім заробак плацілі штотыдзень, ды яшчэ выдавалі гадавыя прэміі - чатыры пары абутку ўласнае вытворчасьці. Потым, калі супрацоўніцтва зь нямецкім бокам прыпынілася і моднымі зрабіліся інтэграцыйныя праекты, прадпрыемства стала беларуска-расейскім. А сёньня яго можна ўжо лічыць беларуска-расейска-кітайскім, хаця пра гэта ў Віцебску - "абутковай сталіцы Беларусі" згадваць ня любяць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
8 ноября 2008 Экономика и бизнес Алена Штраль, BulletinOnline Беларусы на віцебскім прадпрыемстве працаваць ня хочуць: дужа малыя заробкі ды занадта цяжкія ўмовы працы.У віцебскіх рэклямных газэтах даволі часта сустракаюцца аб’явы пра тое, што абутковае прадпрыемства "Белвест" запрашае на працу кваліфікаваных рабочых, а таксама... |
|