Біце-забiце, толькi праз плот не кiдайце!
Біце-забiце, толькi праз плот не кiдайце!
"Каб табе кiшкi на матацыкл наматала!" Такое "пажаданне" аднойчы агучыў стары дзед свайму маладому аднавяскоўцу. Неўзабаве хлопец памёр: ехаў на матацыкле з абрэзам паляўнiчай стрэльбы, перакiнутай цераз плячо, па дарозе выпадкова зачапiў спускавы механiзм i стрэлiў сабе ў жывот. — Гэта было ў маёй роднай вёсцы. Я на свае вушы чуў, як наш сусед наслаў праклён, — расказвае доктар фiлалагiчных навук, прафесар, загадчык кафедры грамадскiх дысцыплiн бабруйскага фiлiяла БДЭУ Аляксей НЕНАДАВЕЦ. — Злы быў дзед i вока меў "цяжкае" (у яго ўвесь род такi быў). Калi гляне на чужую карову цi дарогу ёй пяройдзе, тая нiзавошта сама дамоў не прыйдзе. Жывёлiна проста не магла пераступiць нябачную рысу, дзе сусед прайшоў. Колькi разоў гаспадынi бегалi да яго сварыцца. Часта праклён дасылаюць не на аднаго чалавека, а на ўвесь яго род, як здарылася з адной маёй знаёмай з Санкт-Пецярбурга. Iх праклялi на тое, каб нiхто з мужчын-сваякоў не дажываў да 40 гадоў. Колькi пакаленняў змянiлася, таго, хто наслаў праклён, ужо няма, а сам праклён працуе. Усе мужчыны ў родзе памiраюць маладымi. Дзяўчаты ў гэтай сям’i замуж баяцца выходзiць — шкада асуджаць каханага на заўчасную смерць. Такiх прыкладаў, калi вымаўленае злое слова разбуральна ўздзейнiчала на жыццё i здароўе чалавека, Аляксей Мiхайлавiч назбiраў шмат. Iх ён прыводзiць у сваёй кнiзе "Праклятыя словам" разам з беларускай мiфалогiяй i фальклорам. Большасць жыццёвых сiтуацый, якiя апiсваюцца ў кнiзе, надарылася з людзьмi, якiх ён асабiста ведаў. Сам аўтар родам з Палесся, з Пiншчыны, таму i прыклады ў асноўным прыводзiць з тых мясцiн. Змянiў толькi iмёны сваiх герояў. — Хачу адразу папярэдзiць: у кнiзе я не даю нi парад, нi рэцэптаў, проста канстатую факты, — падкрэслiў навуковец. — Збiраючы матэрыял, заўважыў, што людзi часта нават не ведаюць, што яны, цi ўвесь iх род сталi ахвярай праклёну, i толькi калi прааналiзуюць бiяграфii родзiчаў на працягу некалькiх пакаленняў, пачынаюць усведамляць гэта. Звычайна вельмi складана знайсцi першапрычыну, з чаго ўсё пачалося, "зыходны пункт". Бывае, ланцуг трагiчных падзей i пакалечаных лёсаў цягнецца яшчэ з гадоў вайны, з часоў калектывiзацыi. Ад Бога i бацькоў Паводле слоў Аляксея Мiхайлавiча, самыя моцныя праклёны — матчыны i чалавека, якi памiрае. Iх немагчыма нi адвесцi, нi адмалiць. Увогуле, "няцяжкiя" (несмяротныя) праклёны людзi адрасуюць адзiн аднаму не так i часта ("Каб у цябе брага нiколi не падыходзiла!", "Каб твае грыбы да ранку пасiнелi!" i г.д.). Звычайна праклён прадугледжвае лятальны вынiк. Праўда, калi не ўлiчваць два асобыя выпадкi, пра якiя мы ўзгадалi вышэй (матчын i перадсмяротны праклён), звычайны абывацель, як правiла, не мае здольнасцяў насылаць праклён. Агучыць яго можа любы (што многiя з нас i робяць — бескантрольна i бяздумна), але па-сапраўднаму разбуральным слова стане ў вуснах чалавека, якi валодае СIЛАЙ, высокiм энергетычным патэнцыялам. Такiх людзей ў народзе здаўна называлi чараўнiкамi, ведзьмакамi, магамi. Праўда, калi не ўлiчваць два асобыя выпадкi, пра якiя мы ўзгадалi вышэй (матчын i перадсмяротны праклён), звычайны абывацель, як правiла, не мае здольнасцяў насылаць праклён. Агучыць яго можа любы (што многiя з нас i робяць — бескантрольна i бяздумна), але па-сапраўднаму разбуральным слова стане ў вуснах чалавека, якi валодае СІЛАЙ, высокiм энергетычным патэнцыялам. Такiх людзей ў народзе здаўна называлi чараўнiкамi, ведзьмакамi, магамi. Паводле назiранняў прафесара, сапраўдных моцных чорных ведзьмакоў няшмат. Вось яны могуць нанесцi шкоду i нават звесцi чалавека i ўвесь яго род са свету не толькi словам, але i з дапамогай магiчных дзеянняў, рытуалаў (навесцi псоту, сурокi, зрабiць заломы, падклады i г.д.) Такiя людзi добра ўсведамляюць, што ўвасабляюць зло, i заўсёды iмкнуцца перад смерцю перадаць сваю сiлу самаму малодшаму ў сям’i, каб "чорная традыцыя", як акрэслiў яе Ненадавец, працягвалася ў наступных пакаленнях. Аднак у любой вёсцы, дзе жыў злы вядзьмак, абавязкова дзесьцi побач знаходзiўся i светлы знахар, лекар. Гэты чалавек таксама быў адораны СIЛАЙ, але прымяняў яе на карысць i на дабро людзям. Увогуле СIЛА, энергiя сама па сабе нейтральная, яна не мае "плюсавога" цi "мiнусавога" зараду, а як ёй скарыстаецца адораны чалавек — залежыць ад яго свядомага выбару, ад яго сумлення. — Многiя з тых знахараў, з якiмi я сустракаўся, калi збiраў матэрыял, даўно пайшлi з жыцця, — гаворыць Аляксей Ненадавец. — Гэта былi сапраўды энергетычна моцныя людзi, якiя верылi ў Бога, не ўжывалi алкаголю, не курылi, не брыдкасловiлi. I старалiся не браць грошай за свае паслугi. Яны лiчылi, што свой дар атрымалi ад Бога i бацькоў, а значыць, i дзялiцца iм павiнны за так. Iншая справа, калi ў якасцi падзякi за вылечванне i дапамогу чалавек прыносiў прадукты харчавання, цi адрэз тканiны. Тады яны не адмаўлялiся. Я, як даследчык, праводжу тут паралель з язычнiцкiм паднашэннем дароў добрай СIЛЕ. А вось новае пакаленне знахараў, якое з’явiлася цяпер, мае непрыхаваную прадпрымальнiцкую жылку. Яны ведаюць, што сваiм дарам могуць зарабiць грошы, i не малыя, таму адразу ставяць умову: заплацi! Раней знахары не афiшавалi сябе, а маладыя цяпер рэкламуюцца дзе толькi можна. "Цяжкае" вока У кожнага з нас штодзень узнiкаюць пэўныя праблемы i непрыемнасцi, з якiмi даводзiцца змагацца. I зусiм неабавязкова пра iх расказваць навакольным, раiць Аляксей Мiхайлавiч. Так спакайней. Некаторыя людзi не ведаюць, што валодаюць СIЛАЙ. Да iх трэба ставiцца вельмi асцярожна. Тым больш небяспечна адкрываць iм свае радасцi, жаданнi, надзеi, планы — ссурочаць i не заўважаць. У народзе пра такiх казалi "цяжкае (чорнае) вока". З гэтай жа прычыны iм не паказвалi нованароджаных дзетак. — Нашы продкi нездарма прыдумалi казаць адваротнае, каб не сурочыць, — тлумачыць Ненадавец, — ды яшчэ i папляваць тройчы цераз левае плячо. У гэтым плане наша маладое пакаленне сёння вельмi безабароннае. Яно вырасла на тэлеперадачах, адарвалася ад глыбiнных каранёў, ад агульнай духоўнай спадчыны сваёй нацыi. Усе павер’i, прыкметы, перасцярогi нашых продкаў моладзь лiчыць забабонамi, цемрашальствам. А продкi былi не дурнямi! Узгадваю адзiн выпадак са свайго дзяцiнства. Я тады ў класе 5-м цi 6-м вучыўся. Выйшлi мы неяк з дзедам касiць. А якi з мяне, малога, касец? Хутка спiна забалела. Дзед тады i кажа: "Падыдзi, унучак, да дуба, прыхiлiся спiнай, палягчэе." На ўскрайку поля якраз раслi тры дубы. Я зрабiў, як параiў дзед, i, ведаеце, адпусцiла! Гадоў праз 20-25 я апiсаў гэты выпадак у кнiжцы. А сёлета мая суседка прызналася, што i ёй гэты дуб спiну лечыць. Дуб моцны, у iм СIЛА ёсць. I продак гэта заўважыў! Дуб здаўна асацыяваўся ў беларусаў з добрым богам Перуном. Продкi ведалi яго ачышчальную здольнасць, таму, напрыклад, пахавальнае вогнiшча складалi толькi з дубовага палення. Старажытныя беларусы былi фiзiчна вынослiвымi, узбагачанымi велiзарным практычным вопытам, чуйна ўспрымалi сiлы i з’явы прыроды, адухаўлялi iх i пакланялiся iм. I свята аберагалi культ продкаў, чым забяспечвалi сувязь пакаленняў. Сёння людзi прыроду не разумеюць, бо няма першастваральнасцi прыроды. Продак араў i слухаў, як спяваюць птушкi, як дыхае зямля, мог i сам заспяваць. А мы адарвалiся ад прыроды, ад сваiх каранёў. Вада, змяя, крыж Продкi спрадвеку насiлi з сабой абярэгi. Язычнiкi вешалi на шыю высушаныя змяiныя цi вужыныя галовы. Гэта лiчылася вельмi моцным абярэгам, i на чалавека, якi яго насiў, немагчыма было аказаць адмоўнае магiчнае ўздзеянне. Акрамя таго, у кожнай хаце быў свой прыватны iдал-абярэг. З прыходам хрысцiянства з’явiўся новы абярэг — усемагутны крыж. Для большай засцярогi — калi, скажам, трэба было прайсцi ля хаты ведзьмака, — на шыю надзявалi адразу два крыжыкi — адзiн на грудзi, другi — на спiну. Акрамя таго, ва ўсе часы iснавалi i моўныя абярэгi — малiтвы, замовы, шэпты. Старажытныя людзi ведалi пра ачышчальную сiлу вады, таму ўсе асноўныя рытуалы былi звязаны з вадой, абмываннем, мыццём (нездарма традыцыя ачышчальнага абмывання захавалася ва ўсiх сусветных рэлiгiях да нашых дзён). — Я сваiм студэнтам раю: калi прыйшлi дамоў — тройчы апаласнiце вадой твар, змыйце чужую негатыўную энергетыку, — дзелiцца прафесар. Наканаванасць словам Некаторыя не заўважаюць, што самi, уласнымi намаганнямi (а дакладней словамi) мадэлююць свой лёс. — Цётка майго аднакласнiка любiла паўтараць: "Дай, Божа, што дасi, толькi каб у агнi не згарэць...", — расказвае прафесар. — Дык вось у вайну нямецкiя карнiкi спалiлi яе жывую ў хаце разам з унукам. У нашага суседа з вёскi быў свой любiмы выраз: "Божа, дай памерцi, толькi не ў туалеце." I дзе, вы думаеце, ён памёр? Яшчэ адзiн дзед увесь час прыгаворваў: "Хлопцы, бiце-забiце, толькi праз плот не кiдайце". Ну i што? П’яныя аднавяскоўцы дзеля жарту перакiнулi праз плот, акурат на барану. I хто вiнаваты? Безумоўна, я дапускаю дзесьцi верагоднасць супадзенняў, аднак падкрэслю: да слова трэба ставiцца паважлiва, выкарыстоўваць яго асцярожна, як рабiлi гэта нашы продкi. Дабро пераможа зло! — Не трэба думаць, што кожны другi беларус — пракляты, — адзначыў напрыканцы размовы навуковец. — У маёй кнiжцы сабраны "выцiскi", канцэнтрат людскога гора. Я не прапаведую сiлу зла, а перасцерагаю людзей быць больш пiльнымi. Я веру, што самая лепшая абарона — дабро, якое мы робiм для iншых. Iнга Мiндалёва, Бабруйск.
|
|