Галоўны — глядач
Галоўны — глядач
Кiнафестывалем для гледачоў лiчыцца "Лiстапад". І з гэтым паспрачацца складана: праграма, якая падрыхтаваная сёлета, парадуе i самых патрабавальных аматараў кiно, i простага чалавека, якi захоча адпачыць пасля працоўнага дня i прыемна правесцi вольны час — кожны можа выбраць кiно для сябе. Да таго ж, лёс галоўнага прыза вызначаюць гледачы. Акрамя таго, ёсць у нас настолькi значныя прызы, якiя ўвасабляюць асаблiвую любоў гледача. Яны ўручаюцца ад iмя Прэзiдэнта Беларусi. Адкрыццё фестывалю адбудзецца ўвечары 15 лiстапада ў Палацы Рэспублiкi. Трэба адзначыць, што сёлета да падрыхтоўкi цырымонii адкрыцця арганiзатары аднеслiся надзвычай адказна: усё-такi 15-ы раз пройдзе ў Мiнску мiжнародны кiнафестываль. Таму пачатак свята павiнен быць нейкiм незвычайным, цiкавым не толькi для гасцей, але i для гледача. I фiльм "Жывi i помнi", якi будзе паказаны ў гэты вечар абралi глядацкi — пра чалавечыя пачуццi, да таго ж пра падзеi, якiя яшчэ памятаюць у Беларусi. Падзеi адбываюцца ў 1945 годзе, калi вясковая жанчына тайна ходзiць на спатканнi да свайго мужа, якi збег са шпiталя да сваёй каханай i лiчыцца дэзерцiрам. Але ж пад удар пастаўлена i рэпутацыя жанчыны, якая чакае дзiця... Не трэба сумнявацца, што наша публiка зразумее перажываннi герояў фiльма "Жывi i помнi", якi створаны паводле аповесцi Валянцiна Распуцiна. Экранiзаваў яе расiйскi рэжысёр Аляксандр Прошкiн, адзiн з фiльмаў якога ўжо быў пераможцам "Лiстапада". Глядзець фiльмы, якiя прэтэндуюць на перамогу, трэба будзе пачынаць ужо на наступны дзень. Асноўная конкурсная праграма iгравога кiно насычаная — многiя фiльмы ўжо атрымалi мiжнароднае прызнанне. Усе конкурсныя паказы пройдуць у кiнатэатры "Кастрычнiк" з 16 лiстапада. Але кiнааматары ведаюць, што варта сачыць i за праграмай у iншых кiнатэатрах сталiцы: тое, што на "Лiстападзе" iдзе па-за конкурсам, яно па-сутнасцi па-за канкурэнцыяй. Што значыць толькi адна прэм’ера новага фiльма славутага польскага рэжысёра Кшыштафава Занусi! Цi магчымасць пабачыць дакументальны фiльм культавага сербскага рэжысёра Эмiра Кустурыцы "Марадона", якi ўжо нашумеў у свеце. Цi расiйская прэм’ера гэтага года — "Папяровы салдат" Аляксея Германа-малодшага. Канешне, па-за канкурэнцыяй славуты Фрэнсiс Форд Копала з фiльмам "Маладосць без маладосцi", i новая карцiна "Гэта свабодны свет" брытанца Кена Лоўча, фiльм якога ўжо атрымлiваў галоўны прыз на "Лiстападзе"... Конкурсаў у нас стала болей. Другi раз будзе дэманстравацца праграма неiгравога кiно. Але маштаб фестывалю дапоўнiлi яшчэ i конкурсам тэлевiзiйных фiльмаў. Гледачу прыйдзецца выбiраць. Але кожную праграму будзе судзiць асобнае журы. Прафесiйнае журы кiнематаграфiстаў узначалiць народная артыстка Расii Святлана Дружынiна. Дакументальныя фiльмы будуць ацэньваць прафесiяналы на чале з расiйскiм рэжысёрам Мiхаiлам Лiтвяковым. Старшынёй журы конкурсу тэлевiзiйных фiльмаў будзе расiйскi прадзюсар Уладзiлен Арсеньеў. Безумоўна, асобнае слова скажа кiнапрэса. Але галоўнае, што дае "Лiстапад" — магчымасць паглядзець добрыя фiльмы, а гэта ўжо само па сабе свята. Дапоўнiць яго гала-канцэрт зорак тэатра i кiно, якi 16 лiстапада пачнецца ў "Белдзяржфiлармонii" а 16-й гадзiне. Вось дзе знакамiтыя i любiмыя артысты могуць раскрыцца перад людзьмi. I глядач паверыць: свята не толькi ў кiно, i ў жыццi яму ёсць месца. Ларыса ЦIМОШЫК.
|
|