Сталіца шукае... працоўную сiлу
Сталіца шукае... працоўную сiлу
Прадпрыемствы i арганiзацыi сталiцы маюць вострую патрэбу ў супрацоўнiках, i ў тым лiку — у кадрах з iншых рэгiёнаў. У прыватнасцi, як паведамiла карэспандэнту "Звязды" намеснiк начальнiка аддзела арганiзацыйна-кадравай работы Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Іна Сямёнава, зараз на аднаго афiцыйна зарэгiстраванага беспрацоўнага ў найбуйнейшым горадзе краiны прыпадае адразу 7 вакансiй. У лiстападзе прадпрыемствы i арганiзацыi Мiнска паведамiлi ў службу занятасцi аб наяўнасцi 22,8 тыс. вакансiй. Прычым у параўнаннi з такiм жа леташнiм перыядам гэта лiчба павялiчылася на чвэрць. Адносна мiнулага года ў сталiцы адзначаецца рэзкi ўсплеск попыту на кадры ў арганiзацыях сувязi (у 2,5 раза), бытавога абслугоўвання (2,1 раза), жыллёва-камунальнай гаспадаркi (на 61,1 працэнта), аховы здароўя (на 32,2 працэнта) i транспарту (29,7 працэнта). Што да канкрэтных спецыяльнасцяў, то тут у Мiнску захоўваецца вялiкi попыт на рабочых будаўнiчых прафесiй, вадзiцеляў аўтамабiляў, слесараў, зваршчыкаў, токараў, мантажнiкаў, электрыкаў, повараў, гандляроў харчовымi таварамi, грузчыкаў, прыбiральшчыкаў, а таксама — на работнiкаў мiлiцыi. Апроч таго, на сталiчным рынку працы назiраецца попыт на сярэднi медыцынскi персанал, урачоў-тэрапеўтаў, выкладчыкаў асобных дысцыплiн, iнжынераў асобных квалiфiкацый, кiраўнiкоў сярэдняга звяна. Праблемы з працаўладкаваннем iснуюць па сутнасцi толькi па некаторых пазiцыях — юрысты, эканамiсты, тэхнiкi-тэхнолагi, настаўнiкi i выкладчыкi асобных дысцыплiн. Апроч таго, узнiкаюць цяжкасцi з падборам вакансiй для спецыялiстаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Як заўважыла Iна Сямёнава, амаль 80 працэнтаў цяперашнiх вакансiй у Мiнску разлiчаныя на рабочых. Сярэднi па сталiцы ўзровень прапаноў зарплаты па гэтых вакансiях складаў 727,3 тыс. рублёў. Зрэшты, падобная лiчба — менавiта сярэдняя. I, да прыкладу, у параўнаннi з мiнулым годам у сталiцы адзначаецца адчувальны рост "заяўленых" прадпрыемствамi i арганiзацыямi заробкаў па вакансiях для слесараў механазборачных работ, мантажнiкаў вонкавых трубаправодаў, афiцыянтаў, начальнiкаў аддзела, майстроў, спецыялiстаў некаторых квалiфiкацый. Каб прыцягнуць работнiкаў, i ў тым лiку з iншых рэгiёнаў, на мiнскiя прадпрыемствы, плануецца наладзiць "Кiрмаш вакансiй". Ён адбудзецца 18 лiстапада з 11 да 16 гадзiн у Палацы культуры i спорту чыгуначнiкаў па адрасе вул. Чкалава, 7. Чакаецца, што ўдзел у гэтай акцыi возьмуць больш за 100 наймальнiкаў сталiцы. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадпрыемствы i арганiзацыi сталiцы маюць вострую патрэбу ў супрацоўнiках, i ў тым лiку — у кадрах з iншых рэгiёнаў. У прыватнасцi, як паведамiла карэ
|
|