Залатыя замкі адмыкайцеся...

26.08.2009 10:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Залатыя замкі адмыкайцеся...

Людзi намнога часцей звярталiся па дапамогу, па падтрымку цi нават па своеасаблiвы "прагноз" развiцця сямейных i гаспадарчых спраў на будучыню да спагадлiвых знахараў i варажбiтоў. Іх ведалi не толькi суседзi цi аднавяскоўцы, але, асаблiва наймацнейшых, i далёка за межамi паселiшча. У свой час П. Шэйн слушна падкрэслiваў: "Але зусiм iншай павагай i пашанай (маецца на ўвазе ў параўнаннi са злымi чараўнiкамi. — А.Н.) карыстаюцца варажбiты i варажбiткi, якiя абралi сваёй спецыяльнасцю вылячэнне хваробаў i разбурэнне сiлы чараўнiцтва iншых. Такiя людзi хоць i карыстаюцца нашэптваннямi i iншымi таямнiчымi прыёмамi, але яны ведаюць i даволi рацыянальныя сродкi вылячэння хваробаў: упраўляюць вывiхi, робяць перавязкi пры пераломе касцей, выраўноўваюць выкрыўленнi пазваночнiка ў маленькiх дзяцей i iнш. Трэба сказаць, што ў Беларусi больш сустракаецца знахарак, чым знахароў, i варажбiтак, чым варажбiтоў".

Усё гэтае вылячэнне адбывалася (здзяйснялася, праходзiла) паводле прынцыпу прынясення людзям дабра, радасцi. Менавiта гэтым тлумачылi самi знахары i варажбiты тое, што валодаюць па-сапраўднаму моцнай гаючай сiлай". "Мой нябожчык-дзядуля, якi быў добрым знахаром, пра яго i сёння людзi ўспамiнаюць з цеплынёю ды ласкаю, заўсёды казаў, што чым болей ты зробiш iншым дабра i на добрае, то i табе гэта ўсё потым аддасца, прыпомнiцца. Нiкога за сваё жыццё не пракляў, нi на каго голас не ўзвысiў, слова дрэннага не сказаў, не тое каб пасварыцца цi пабiцца. Яму i ў галаву нiколi такое не прыходзiла, ён i падумаць нават пра такое не мог. Хто не прыйдзе з якой просьбаю, то не адмаўляў. А людзi ж розныя бываюць. Даволi часта некаторыя з iх замест слоў падзякi за папярэднiя справы дзеда гаварылi яму (цi за яго спiнаю) i нешта злое, нядобразычлiвае, тым не меней стары iм гэтага не прыгадваў. Дапамагаў i ўсё. Платы нiякай не браў. Калi ўжо стаў жыць сам — адзiн, то яму людзi прыносiлi, хто малака, хто кавалак хлеба, а хто якое яйка. Тут ужо не адмаўляўся. Калi памёр, то лiчы, што тры вёскi прыйшлi на ягонае пахаванне, хоць сканаў не маладзён якi, а старым-стары чалавек. Хто нi падыходзiў, то бачыў, што ляжаў дзед з усмешкай у дамавiне. Зла нiкому не пакiнуў, наадварот, атрымалася, што чалавек пражыў, творачы астатнiм адно дабро, бо ягоны талент знаходзiўся на службе ў людзей".

Спагадлiвыя знахары бралiся вылечваць ад усiх хваробаў, якiя толькi ўзнiкалi (падкiдвалiся) сярод людзей. Гэта адбывалася з той простай прычыны, што акрамя iх лекаваць не было каму.

На першым месцы тут будзе выратаванне ад смерцi. Менавiта выратаванне ад смерцi, i нiшто iншае. Кожны чалавек, адпаведна, iмкнуўся працягнуць свой век (жыццёвы шлях). Рабiлася гэта па-рознаму: звярталiся да Бога, Божай Мацi, Багародзiцы, святых, апосталаў, да знахара з адзiнай просьбай — вылечыць ад непазбежнай смерцi. Нельга забывацца i на тое, што паводле шматлiкiх сведчанняў, нашыя продкi нiколi не баялiся смерцi, бо лiчылi яе ўсюдыпранiкальнай i ўсёпаражальнай. Як ты ад яе нi хавайся, як ты нi ўхiляйся, а яна ўсё роўна цябе знойдзе. П. Шэйн адзначаў з гэтай нагоды: "Да смерцi нашы сяляне адносяцца абыякава. Калi хто-небудзь захварэе, муж цi жонка, няхай сабе i маладых гадоў, то сусед, суседка цi хто-небудзь з родных, убачыўшы хворага, абавязкова скажа: "А што ж ты Янка (цi Пятрок, цi Ганка) памiраць хочаш? "На гэта хворы цi хворая звычайна адказваюць у такiм плане: "Ад смерцi нiдзе не захаваешся, хоць пад зямны лёд захавайся, то яна цябе i там знойдзе, i ад яе нiчым не абаронiшся, ды i не адкупiшся. Каралi якiя багатыя, маглi б цэлае каралеўства аддаць, ды i то не могуць адкупiцца, а нам жа бедным няма рады, як ад яе адкупiцца". Тое ж самае можна прывесцi i з запiсаў фальклору апошнiх гадоў, зробленых намi ў асноўным на Гомельскiм i Брэсцкiм Палессi i, часткова, на Магiлёўшчыне. "Смерць — ёсць смерць. Уцякай — не ўцякай, хавайся — не хавайся, а яна сваё абавязкова возьме, яна ў любым выпадку дагонiць. Круцi не круцi, а ўсё роўна давядзецца памерцi — так казалi нашыя продкi, так i да нас давялося-дайшло. Куды нi захаваешся, там адшукае. Нездарма ж гавораць, што хоць ты ў пограб захавайся, i там паратунку не будзе. Усё на свеце можна падмануць, усiх чыста абвесцi, акрамя самой смерцi. Прыйдзе ў патрэбную хвiлiну са сваёю iржаваю касою, i тады ўжо не ўратуешся" (Ганц. р-н.).

Магчыма, што выратаванне ад смерцi — гэта i будзе не што iншае, як вылячэнне хворага чалавека ад усемагчымых хваробаў. Знаходзячыся на мяжы смерцi i жыцця, ён i заклiкаў да сябе знахара, каб той пазбавiў яго ад смерцi. Цiкава адзначыць i тое, што ў акадэмiчным выданнi "Замовы" (Мiнск, 1992, серыя БНТ) няма нiводнай замовы, якая б так i называлася "Ад смерцi" цi ў нейкiм iншым варыянце, але з гэтым жа самым значэннем. Значыцца, вылечвалiся ад хваробаў (цi iмкнулiся вылечыцца), а не ад самой смерцi, калi ўжо яна "прыйшла да чалавека". Намi зафiксаваны некалькi замоў, якiя носяць "гаворачыя "назвы: "Ад смерцi", "Ад смерцi з касой", "Ад непазбежнай смерцi". Запiсы зроблены напрыканцы мiнулага стагоддзя на Магiлёўшчыне. ("Госпаду Богу памалюся, Госпада Бога папрашуся, ад смерцi чалавека ўгаварываць. Угаворваю, умаўляю, з сiнiх жыл, з румянага цела выганяю. Зоры-заранiцы, божыя памашчнiцы. Памагалi Богу, памажыце i мне. Ехаў Бог трыма коньмi. Адным сiнiм, другiм белым, трэцiм красным. Прыязджае к Пцiчы-рацэ, к сiняму мору. На тым сiнiм моры кажух, у тым кажуху белка з палёным гуляе. Суку ўжывае. Годзе табе, белка, з палёным гуляць, суку ўжываць. Памажы рабу божаму ад смерцi пазбягаць. Iдзi ты, смерць, на цёмныя лугi, на нiцыя лозы, там табе сталы пазасцiланы, кубачкi паналiваны. Там табе пiцi i гуляцi i раскошу мацi, i болей тут смерцi не бывацi. Калi ты не паслухаеш, прыедзе к табе Архайло-Мiхайло з празурнаю трубою, з яснаю свячою. Празурнаю трубою атрубае, яснаю свячою жжыгае, залатым крастом пабiвае, з цябе паганы дух выганяе. Ён у мяне душа свянцоная, хрышчоная. А ты душа не хрышчоная, не свянцоная, у сярэдзiне не жывi, цела не палi, косцi не ламi, згiнь смерць на векi вякоў. Амiнь". (Глускi р-н.).

Хоць вышэйпрыведзеная замова i носiць назву "Ад смерцi", але ў ёй гаворка ўсё ж вядзецца пра хваробы, ад якiх магла наступiць немiнучая смерць, i таму да знахара звярталiся з адзiнай просьбай — выратуй чалавека. Нярэдка пры гэтым абавязкова ўдакладнялася, што на цябе, маўляў, адзiная надзея-спадзяванне, болей прасiць ужо проста няма ў каго.

Цяпер разгледзiм найбольш частыя хваробы, якiя вылечвалiся спагадлiвымi знахарамi. Вiдаць, не памылiмся, калi пачнём гэты аналiз з дзiцячых хваробаў. Менавiта малыя даволi часта хварэлi, а дзiцячая смяротнасць была празмерна высокай. Не мелi магчымасцi iхнiя бацькi ўдзяляць многа ўвагi сваiм нашчадкам. Пачнём — ад пачатку, ад нараджэння.

Да парадзiхi клiкалi знахарку-павiтуху, якая ў такiх выпадках была адзiнай памочнiцай. Бабка гэтая ведала шмат замоў, якiя былi накiраваныя на захаванне плоду i на шчаслiвыя роды. "Iшоў Гасподзь iз небеса, згубiў ключ iз пояса. Прачыстая Мацер Божая iшла, ключы найшла. Госпадзi, вярнiцесь, вашы ключы найшлiся. Залатыя замкi адмыкайцеся, царскiя варотачкi, адчыняйцеся. Усе жылкi, распiнайцеся. Дзве душы разлучайцеся i младзенца на новы свет выпускайце". (Жлоб. р-н.).

Перад родамi парадзiсе давалiся i спецыяльныя парады, асаблiва пры цяжкiх родах. Некаторыя з гэтых парад былi рацыянальнымi, заснаванымi на вопыце народнай медыцыны. Так, парадзiха павiнна пiць адвар з сухога чарнобылю, каб узмацнiць патугi... Аднак iснавалi i такiя, што грунтавалiся на прымхах. Як, напрыклад, "Для выклiку патугi мужу "радзiшкi" лажыцца каля парога хаты з унутранага боку, а праз яго "радзiшка" пераступае дзевяць разоў". Як апошнi сродак выклiку родаў лiчылася раскрыццё царскiх варот у царкве. Верылi, што гэта дапаможа адчынiць "вароты мацярынскага лона". Бабка-павiтуха развязвала ўсе вузлы на адзеннi "радзiшкi", расшпiльвала каўнер яе сарочкi, расплятала косы i iнш. Больш за тое, усе дзяўчаты сям’i таксама распляталi косы, каб садзейнiчаць родам. I бабка шаптала замову ("Первым разам, добрым часам, стань, Гасподзь, мне на помач. Ехаў Iсус Хрыстос з-пад нябёс, iз залатымi ключамi, iз залатымi шнурамi. Калоды раскацiўшы, тыны расчынiўшы, замкi размыкаўшы, ад рабы божай (iмя) младзенца на свет выпускаўшы. Разлучы, Гасподзь, галаву з галавой, сэрца з сэрцам, рукi з рукамi, цела з цельцам, косцi з касцямi, ногi з нагамi. Разлучы, Госпадзi, младзенца iз шчырага сэрца. Амiнь" (Бых. р-н.)).

Вымаўлялi замовы i тады, калi першы раз бачылi сваё нованароджанае дзiця. Бясспрэчна, кожная мацi хацела яму самага найлепшага, але далёка не кожная магла самастойна, з-за абяссiльвання, прашаптаць словы замовы. Таму i тут нехта з родных цi блiзкiх людзей прасiў добрую знахарку цi варажбiта прыйсцi i пашаптаць таямнiчыя словы над немаўлём. Такiя замовы даволi рэдка сустракаеюцца: "На сiнiм моры ляжаў белы камень, на тым камянi стаяў прастол, за тым прастолам сядзела тры дзевы. Адна хусцiнку вышывала, другая — кнiгу чытала, а трэцяя немаўляцi лёс назначала. Здаровы, вясёлы, запавечны. Соль у мора, а немаўля ўгору. Соль у мора раставаць, а немаўля штодзень прыбываць". (Касцюк. р-н.).

Прыкметы i звычаi, якiя адносiлiся да перыяду ад нараджэння дзiцяцi да яго хрышчэння, адлюстроўвалi заклапочанасць сялян аб здароўi i шчаслiвым лёсе нованароджанага. Паводле адной з такiх прыкмет, нованароджаны будзе доўга жыць, калi моцна закрычыць адразу пасля народзiнаў. Спакойнае ж дзiця пражыве нядоўга. Згодна з другой прыкметай, якая ўвайшла ў прыказку, шчаслiвым на ўсё жыццё будзе тое дзiця, што нарадзiлася "ў сарочцы". Будучы лёс дзiцяцi вызначалi ў залежнасцi ад дня нараджэння: лiчылася, што ў панядзелак нараджаюцца гультаi i нядбальцы, у аўторак — працавiтыя; у сераду — напалавiну гультаi, напалавiну працавiтыя; у чацвер — тыя, хто не дажывае да старасцi; у пятнiцу — горкiя п’янiцы; у суботу — больш шчаслiвыя i ўдачлiвыя, чым ва ўсе папярэднiя днi; у нядзелю — тыя, хто выклiкае да сябе зайздрасць. На лёс дзiцяцi ўплываў нават месяц нараджэння.

Для забеспячэння шчасця i багацця ў далейшым жыццi дзiцяцi iснавалi i выконвалiся таксама пэўныя звычаi i абрады. Так. у начоўкi, дзе абмывалi дзiця, бацька кiдаў сярэбраныя манеты, каб нованароджаны ў будучым быў багаты i радаваўся жыццю. Аднак на дзiця iмкнулiся як мага менш трацiцца, асаблiва на адзенне. М. Нiкiфароўскi прыводзiць адпаведную прыказку: "Што п’яны з’еў, а малы знасiў — усё роўна".

Каб дзiця хутчэй пачало гаварыць, пабочная жанчына, якая толькi што даведалася ў хаце аб яго нараджэннi, нiкому не гаворачы нi слова, хапае лыжку i есць якую-небудзь страву, што трапiцца пад руку, або кавалак хлеба i маўчком выходзiць з хаты.

Вялiкае значэнне надавалася падбору кума i кумы — хросных бацькi i мацi. Вельмi цанiлiся "божыя кумы" — выпадковыя людзi, якiх сустракалi на ростанях. Ахвотна iшлi ў кумы дзяўчаты, асаблiва да дзiцяцi, народжанага без шлюбу. Iснавала павер’е, што такая дзяўчына хутка выйдзе замуж. Клапацiлiся аб працавiтасцi, будучым умельстве i майстэрстве дзiцяцi. Для гэтага ў парозе хаты з унутранага боку клалi сякеру, пiлу, долата, кнiгу i iншыя прадметы, якiя кумы павiнны былi пераступiць пры выхадзе. На думку сялян, калi дзiця вырасце, будзе добра валодаць гэтымi прадметамi.

Нарадзiлася дзiця ў сям’i, i бацькi, адпаведна, глядзелi на яго ды марылi пра шчаслiвую долю для нашчадка, каб яго абмiнулi ўсемагчымыя бядоты i лiхоццi, якiя iм самiм сустракалiся на жыццёвым шляху. Учытваешся ў няхiтрыя словы замоў-шэптаў i здзiўляешся: як жа цвёрда верыў наш продак слову, як быў перакананы ў тым, што яно абавязкова дапаможа, падтрымае. Асаблiва калi ўсё рабiць так, як раiла-падказвала бабка-павiтуха. "А дай, Божа, той дзяцiне ўсякую долю ўзяцi: i хлебавую, i салявую, трэцюю — здаравейшую. Каб наша ягодка ды вялiкая расла, i шчаслiвая была" (Ветк. р-н.); "Вадой аблiць i сказаць: "Цар марскi i цар дзiўны, дай вады на жывот, на здароўе раба божага, на чысцiню яго, на прыгажосць яго. Калi я (знахарка. — А.Н.) рэчы свае не дагаварыла цi калi рэчы перагаварыла, няхай мае рэчы будуць моцнымi i крэпкiмi. Адныне i давеку. Амiнь". Трэба палiваць вадою, безымянным пальчыкам павадзiць па жывоцiку тры разы па кругу сонца i саму замову вымаўляць да трох разоў" (Гом. р-н.).

Бацькi iмкнулiся дабiцца мiрнага жыцця памiж сваiмi дзецьмi. Каб дзецi ў далейшым не дзялiлiся, мацi непрыкметна давала iм з’есцi у якой-небудзь страве iх жа пупавiны, якiя захоўвалiся для гэтай мэты з дня нараджэння. Не надта прывабны i гiгiенiчны звычай, але выклiканы ён тым, што нярэдка ў сям’i ўзнiкала варожасць памiж дарослымi дзецьмi, якой садзейнiчала панаванне прыватнай уласнасцi.

Для адшукання злых сiлаў, якiя, па перакананнi простага народа, шкодзiлi чалавеку, у сям’i, дзе памiралi дзецi, нованароджанага "прадавалi" сябру, рабiлi так, каб дзiця нiбы лiчылася чужым, хоць насамрэч яно працягвала жыць у сваёй хаце i сям’i.

Пастаянная цяжкая, непасiльная праца вымагала ў людзей i своеасаблiвых адносiнаў да дзяцей. Нi матулi, нi бацьку не было магчымасцi пасядзець з iмi, пазабаўляць, пакалыхаць. Пасля напружанага дня неабходна было адпачыць, набрацца сiлы, а немаўля, калi яно дрэнна спала ноччу, крычала ад пераляку, даводзiла да знясiльвання найперш гаспадыню, бо менавiта на ёй сыходзiлiся абавязкi аб доглядзе, назiраннi за дзiцём. Тут ужо прасiлi ў спагадлiвай варажбiткi, каб яна "дала малому крэпкi сон, каб яно шчыра спала". Замовы, якiя прачулая знахарка пераказвала-перадавала адчайнай ад стомы гаспадынi, былi самыя розныя. "На Сiянскай гарэ стаiць дуб. На тым дубу 12 какатоў, на тых какатах 12 вараноў. Самi яны чорныя, вочы iх чорныя, дзюбкi iх чорныя, кохцi iх чорныя, крыллi iх чорныя. Вачамi яны выглядалi, дзюбкамi яны выклявалi, кохцямi яны выдзiралi, крыллямi яны вымяталi, Iвану спакойны сон засыпалi. Цiхенька, лягенька спаць жадалi". (Бых. р-н.).

Верылi, што дзiця магло крычаць, плакаць па начах ад таго, што на яго нехта дрэнна паглядзiць. Гэта, мабыць, самая вялiкая падгрупа замоў, якая ў большасцi сваёй так i называлася: "Ад крыксаў", "Ад плаксаў", "Ад крыксаў-плаксаў дзiцяцi" i г.д. "Первым разам, добрым часам, зорачка-мамачка, вячэрняя зарнiца, пасватаемся з табою, пабратаемся. Ёсць у цябе сыночак Данiiл, а ў мяне раб божы (iмя). Вазьмiце крыксы, плаксы, варыксы, суроцы, калючыя, балючыя, нясiце на сухi мох, на калючыя грушы, яблынi, прыткнiце за сiнiя воды, дзе пцiца не лятае, скот не ходзiць, дзеўкi не спяваюць, там спалiце iх i попел па ветру разнясiце. Ад гэтага часочка не сама сабою, а гадавыя празнiчкi са мною. Госпаду Богу памалюся, Мацеры Гасподняй пакланюся. Я не сваiм хукам, гасподнiм духам, прылюбi, Госпадзi, дух мой i помач дай. Хто цябе радзiў, той i адхадзiў. Будзь здароў (iмя). Пасля "Отча наш" яшчэ прачытаць". (Магiл. р-н.).

Аляксей Ненадавец.

 

 

 
 
 

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.