21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Як я была экстрасэнсам

26.08.2009 10:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як я была экстрасэнсам

Кастынг на папулярную перадачу "Бітва экстрасэнсаў" праходзiла карэспандэнтка "Звязды" Настасся Занько

"Апранiцеся больш ярка, усё будзе здымацца на вiдэа. І калi ласка, прыходзьце без сяброў i знаёмых. Кастынг закрыты: экстрасэнсы — людзi своеасаблiвыя, iм не трэба свяцiцца", — параiлi мне падчас рэгiстрацыi на адбор сёмага сезона перадачы. У Беларусi шукаць чараўнiкоў i варажбiтоў арганiзатары, канал ТНТ, збiралiся тры днi, з 14 па 16 лiстапада. Ад нашай краiны на праект павiнна патрапiць 8 чалавек.

Прарочыя сны i моцная iнтуiцыя

15 лiстапада 18.45. Двухпавярховы будынак з ярка асветленымi вокнамi, на жалезным плоце — шыльдачка "Агира". Блакiтным святлом маячыць недзе ў цемры Палац воднага спорту. "Абыходзьце будынак злева, я выйду вас сустракаць", — кажа ў трубку мужчынскi голас. За вуглом цёмна, пад нагамi гразкая незабрукаваная сцяжынка. Iду, трымаючыся за сцяну, каб не ўпасцi ў бруд. Гукi вулiцы зацiхаюць i становiцца нязвыкла пуста, сэрца б’ецца мацней, градус трывожнасцi ў крывi павялiчваецца. У галаву лезуць карцiнкi з фiльмаў жахаў.

Нарэшце выходжу на такi ж незабрукаваны дворык, дзе мяне сустракае невысокi, апрануты ў спартыўную куртку i цёмныя джынсы мужчына. Вочы яго хаваюцца за акулярамi ў тоўстай аправе. Першае ўражанне — тыповы падман. Нейкi ўжо вельмi непрэзентабельны выгляд для прадстаўнiка тэлеканала. Спрабую супакоiць сябе тым, што рэкламу бачыла ў метро. А ў нас у метро неправераных рэкламных ролiкаў круцiць не павiнны.

— Добры дзень. Я — Аляксандр. Праходзьце за мной.

Мы спускаемся па абшарпанай лесвiцы ў паўпадвальны калiдор. На ўваходзе вiсiць аркуш А4 з надпiсам "Кастинг ауд. 65". Яшчэ адзiн такi — на дзвярах самаго пакоя.

Шэраг дзвярэй па калiдоры — розныя офiсы. Агульны выгляд даволi непрэзентабельны. Неспакой павялiчваецца. Далей каля сцяны стаiць стол з лавамi па баках. На адной з iх сядзiць мужчына гадоў 40 i нешта пiша. Прысаджваюся насупраць.

— Запоўнiце, калi ласка, дамову i анкету, — Аляксандр падае мне некалькi аркушаў.

Тыя ж паперы падпiсвае i мой сусед. Дамова аказалася не фiрмовым бланкам з лагатыпам тэлеканала, а звычайным аддрукаваным на прынтары лiстком. Згодна з iм удзельнiк перадае правы на выкарыстанне вiдэазапiсу кастынгу тэлеканала ТНТ. Абавязкова патрэбна ўказаць пашпартныя даныя, год нараджэння i кантактны тэлефон.

— Калi нешта незразумела, вы пытайцеся. I яшчэ. Калi пройдзеце адборачны тур i вас запросяць у Маскву, то харчаванне, пражыванне, праезд туды i назад — за кошт тэлеканала. Вынiкi, праўда, будуць не раней за студзень, бо яшчэ iдуць здымкi шостага сезона. Мы ж зрабiлi 3-4 праграмы i адразу iх пускаем у эфiр. Праца iдзе пастаянная, — тлумачыць Аляксандр.

Мужчына насупраць мяне пакiваў галавой. Ён мусолiў ручку, мазаў i напружана соп.

Першыя пытаннi стандартныя: iмя, прозвiшча, дата нараджэння, месца працы. Далей — цiкавей. З якога ўзросту вы заўважылi ў сябе экстрасэнсорныя здольнасцi. Думаю, з гадоў 3, калi лезучы без дазволу па цукеркi, iнтуiтыўна адчувала наступствы. А стратэгiя i тактыка прыйшла ў гадоў 13. Па просьбе апiсаць першы выпадак расказала пра сон, як увайшла ў мутную ваду, а пасля мой блiзкi чалавек патрапiў у шпiталь. Пытанне: цi не з’яўляюся я членам якой-небудзь арганiзацыi экстрасэнсаў прымусiла мяне задумацца. Перабраўшы ўсе вядомыя мне арганiзацыi, спецыяльных экстрасэнсорных не знайшла. Магчыма, гэты вiд iх дзейнасцi не афiшуецца?

У графе аб прыватнай практыцы ўспомнiлiся калядныя варожбы, калi мяне прасiлi паглядзець на кававую гушчу цi напiсаць паперку з iмем.

Цi змагу я знайсцi чалавека, знаходзячыся з iм на адной тэрыторыi? Гэтае пытанне мяне таксама хвалявала. Асаблiва калi мой малодшы брат не хацеў прыбiраць кватэру. Практыка сведчыць, што магу.

Сваiмi самымi асаблiвымi здольнасцямi ўказала прарочыя сны i моцную iнтуiцыю. Што сказаць пра чалавека, якога ўпершыню бачу на фотаздымку — пытанне дзiўнаватае. Шмат чаго. Саступiць ён мне месца ў транспарце цi не, скажу адразу: багаты досвед падарожжаў у грамадскiм транспарце дазваляе. Таксама пра колер валасоў, узрост, звычкi, якасцi характару магу сказаць (кнiжкi па псiхалогii крыху чытала). А пра большае тут i не пытаюцца.

"Вы можаце вызначыць падзеi мiнулага, знаходзячыся ў пэўным месцы?" Магу без праблем. Напрыклад, прысеўшы на прыгожую лавачку ў парку i ўбачыўшы ўсмешкi прахожых, магу сказаць, што ў зусiм недалёкiм мiнулым яна была пафарбавана. А ў будучым мне давядзецца раскашэльвацца на новае палiто. Прачнуўшыся ноччу ад болю ў жываце, магу сказаць дакладна, што селядцы, з’едзеныя на вячэру, плавалi ў моры ну ў вельмi далёкiм мiнулым.

Паважаны чытач можа падумаць, што аўтарка гэтых радкоў здзекуецца з арганiзатараў i людзей-экстрасэнсаў, але зробiць памылку. Нiкога крыўдзiць нiхто не збiраецца. Гэта спроба як мага больш дакладна ацанiць свае экстрасэнсорныя здольнасцi.

Пакуль я пiсала, з дзвярэй аўдыторыi 65 выйшаў радасны мужчына з сумкай. Мой сусед схамянуўся, хуценька ўстаў з лавы i пакрочыў да дзвярэй. Неўзабаве на яго месца падышоў хударлявы чорнавалосы мужчына гадоў 40-45 з заручальным пярсцёнкам на пальцы. Аляксандр, якi ўвесь час хадзiў туды-сюды i пры гэтым бесперапынна размаўляў па мабiльным тэлефоне, паўтарыў завучаную ўжо на памяць фразу пра Маскву i запаўненне анкеты.

Мiхаiл (iмя я краем вока падгледзела ў анкеце) аказаўся маўчуном. На ўсе мае спробы паразмаўляць ён толькi загадкава ўсмiхаўся. Нарэшце прыйшла мая чарга. Апошняя графа "Раскажыце нам пра сябе..." у анкеце так i засталася незапоўненай...

Сусветны фiнансавы крызiс i загадкавы прадзюсар

Вузкi, светлы пакойчык, персiкавага колеру шпалеры, вялiкi камп’ютарны стол, перад iм — вiдэакамера. Чайнiк на падлозе i некалькi вялiкiх карычневых канвертаў на крэсле — вось i ўвесь iнвентар. Аляксандр сфатаграфаваў мяне i пакiнуў адзiн на адзiн з чорнавалосай маладой дзяўчынай.

Яна ўключыла камеру, папрасiла не хвалявацца i пачала задаваць пытаннi па анкеце. Я паўтарыла ўсё ў крыху больш пашыранай версii, чым напiсала.

Экстрасэнс-пачатковец, якi можа прадказваць мiнулае i будучае, валодае магутнай iнтуiцыяй i крыху саромеецца камеры — менавiта такой павiнны былi ўявiць мяне арганiзатары.

Далей пайшлi практычныя заданнi. Перада мной паклалi канверт са шчыльнай карычневай паперы. Патрабавалася адгадаць форму прадмета ў iм. Нi намёку на пагнутасцi цi выпукласцi. Уваходжу ў ролю, прыцiскаю далонi да скроняў, шчыльна зажмурваю вочы i спрабую ўявiць, што там можа быць. Рукамi вырашыла не размахваць — ужо занадта пафасна. У галаве першы раз так пуста, хоць вецер дзьмi. Круг цi квадрат, а можа, ромб цi трохвугольнiк? А хто яго ведае?

— Гэта простая фiгура, — напружаным голасам кажу я.

— Угу, — адказвае дзяўчына, спакойна гледзячы ў экранчык свайго мабiльнага i чакае далей.

"Круг цi трохвугольнiк?" — круцiцца думка ў галаве. Ат, была не была.

— Гэта круг, — упэўнена кажу я.

— Дастаньце фiгуру з канверта, — не адрываючыся ад мабiльнага кажа дзяўчына.

На самым дне ляжыць маленькi зялёны трохкутнiчак. Першы промах.

Другое заданне — вызначыць колер фiгуры ў канверце. У галаве нi адной прапановы. Але далонi да скроняў прыцiснутыя, поза тэатральная. "Думай!" — загадваю сабе. Сiнi прыходзiць на думку перш чым чырвоны.

— Сiнi, — кажу, — гэты прадмет сiнi.

У канверце — чорны квадрат. Ну, ужо блiжэй, заспакойваю сябе.

На апошнiм заданнi перада мной на стале паклалi чорна-белы стары фотаздымак хлопчыка ў кепачцы, свiтары i белай сарочцы.

— Што вы можаце сказаць пра гэтага чалавека?

Я ўгледзелася ў фотаздымак. Хлопчык як хлопчык. Прамы нос, прамыя бровы. Тонкiя вусны.

— Гэта вельмi мэтанакiраваны чалавек з моцным характарам, — расплывiста адказваю я i сачу за рэакцыяй дзяўчыны.

Яна спакойна нешта пазначае ў паперах.

— Колькi яму гадоў зараз?

А каб я ведала! Гляджу далей. Кепка... Вось такiя кепкi маглi насiць у гадах 60-х. Хоць... на ёй лацiнскiя лiтаркi. Наўрад цi гэта замежнiк, хутчэй за ўсё, наш.

— Каля 40, — наўздагад кiдаю я. — Што вас яшчэ цiкавiць?

— Скажыце, гэты чалавек жывы цi мёртвы?

Я пачынаю сцiскаць скронi, чухаць патылiцу, усiм сваiм выглядам паказваючы, што вельмi моцна задумваюся.

— Ён яшчэ жывы. Не, дакладна жывы, — у любой сiтуацыi патрэбна быць аптымiстам. — Ведаеце, я вельмi хвалююся. Насамрэч.

— Добра. Адкладзiце фотаздымак убок, — дзяўчына выключыла камеру. — Што ж вы так хвалюецеся. Гэта не самы важны экзамен у вашым жыццi, паверце. У свеце вунь фiнансавы крызiс, а вы тут па драбязе перажываеце. I тое, што вы не справiлiся нi з адным заданнем, яшчэ нiчога не значыць. Гэтую плёнку будзе праглядаць прадзюсар. Калi яму спадабаецеся вы, як вы працуеце, то верагоднасць патрапiць на праект даволi вялiкая. У нас бывала так, што людзi толькi на самiм праекце праяўлялi сябе. Прычым вельмi ярка.

Калi я зачынiла за сабой дзверы, за сталом сядзелi дзве кучаравыя жанчыны i абмяркоўвалi запаўненне анкеты. Мiхаiл запытальна паглядзеў на мяне, слаба ўсмiхнуўся, i, сагнаўшы ўсмешку з твара, пакрочыў да аўдыторыi.

Цiкава, хто з нас больш спадабаецца прадзюсару?

Студзень пакажа.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кастынг на папулярную перадачу "Бітва экстрасэнсаў" праходзiла карэспандэнтка "Звязды" Настасся Занько "Апранiцеся больш ярк
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика