ААТ "Гарадзейскi цукровы камбiнат" Каб зрабiць наша жыццё саладзейшым...
ААТ "Гарадзейскi цукровы камбiнат" Каб зрабiць наша жыццё саладзейшым...
Прыемна вабiць сваiмi дагледжанымi фасадамi дамоў, акуратнымi агароджамi, а безумоўна, у першую чаргу сваiмi аб’ектамi сацыяльнага прызначэння пасёлак Гарадзея, якi месцiцца на Нясвiжчыне. Ну зайдзiце, напрыклад, у мясцовы гатэль "Гарадзейскi фальварак": па камфартабельнасцi, па наборы паслуг, якiя прапаноўваюцца тут, не саступiць ён многiм сталiчным гатэлям, нават самым тытулаваным. Тут вам i традыцыйныя кафэ з барам, i такiя задавальненнi, як саўна з бiльярдам, i паркiнг, i iнтэрнэт i да т.п. У Гарадзеi расказалi: сёлета ў Беларусi працавалi расiйскiя кiношнiкi — дык вось, яны цалкам арандавалi "Гарадзейскi фальварак" цэлы месяц. Ды наказалi напаследак, што абавязкова прыедуць сюды i на наступны год. За многiм з таго, што ёсць цiкавага i прыгожага ў Гарадзеi, а можа — i ўвогуле за ўсiм гэтым, стаiць Гарадзейскi цукровы камбiнат. Беларускi цукар стаў займаць на iм немалую долю, аднак не ўсiм спадабалася гэта ў самой Расii. Там наладзiлi спецыяльнае расследаванне, а ў вынiку, згодна з мiжурадавым пагадненнем, устанавiлi для нашых цукравараў моцна ўрэзаныя, у параўнаннi з ранейшымi экспартнымi пастаўкамi, так званыя квоты. Адпаведна, нашы цукравары пачалi катастрафiчна затаварвацца... "А ўсё з-за таго, што складвалi ўсе яйкi ў адзiн кошык", — больш дакладна абмаляваў усю гэту сiтуацыю адзiн са спецыялiстаў Гарадзейскага камбiната. Вось такая гiсторыя. Як адчуваюць сябе на Гарадзейскiм цукровым камбiнаце цяпер (дарэчы, на яго долю прыпадае 30 працэнтаў усяго цукру, якi вырабляецца ў Беларусi)? Звернемся да некаторых вынiкаў работы прадпрыемства за апошнi перыяд. За 10 месяцаў гэтага года тэмпы росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыi на Гарадзейскiм камбiнаце склалi 110,3 працэнта, прычым каля 80 працэнтаў сваёй прадукцыi гарадзейцы менавiта экспартавалi, зарабiлi на экспарце (за 9 месяцаў) 54 мiльёны долараў... Аднак вось якi нечаканы паварот: менавiта той жа экспарт, па сутнасцi, стаў асновай сённяшняга дабрабыту гарадзейскiх цукравараў... Зразумела ўжо, не ў адзiн расiйскi кошык складваюць цяпер яйкi на камбiнаце. У пералiку яго цяперашнiх замежных партнёраў — новыя партнёры з цэлага шэрагу краiн: Казахстана, Узбекiстана, Кыргызстана, Грузii, Украiны... Многiм у гэтых краiнах даспадобы прыйшоўся беларускi цукар, i ў прыватнасцi — гарадзейскi. "Ужо трэцi год працуем на рынках гэтых краiн, i цэны там нармальныя, — зазначае намеснiк дырэктара Гарадзейскага цукровага камбiната Вячаслаў Карпач. А яшчэ дадае: — Вялiкую дапамогу ў выхадзе на рынкi гэтых краiн аказалi супрацоўнiкi нашага Мiнiстэрства замежных спраў..." Што яшчэ маюць сёння ў сваiм актыве гарадзейцы? Асобнае месца ў паказчыках цукравараў займаюць паказчыкi вытворчасцi цукру з цукровых буракоў або з уласнай сыравiны. Тут жа нагадаем: поўны пераход на выраб цукру з уласнай сыравiны (а яшчэ яго вырабляюць з завозiмага ў краiну цукру-сырцу) абазначаны ў якасцi стратэгiчнай задачы ў Дзяржаўнай праграме "Цукар". За апошнiя гады на камбiнаце iстотна нарасцiлi выраб цукру менавiта з цукровых буракоў, прычым пачалi перапрацоўваць iх за сезон каля аднаго мiльёна тон. У мiнулым годзе гарадзейцы вырабiлi цукру з цукровых буракоў каля 140 тысяч тон. Не меншымi чакаюцца вынiкi i сёлета. Прычым сёлета ўжо другi год запар у Гарадзеi сезон перапрацоўкi адкрываюць з самага пачатку верасня, або на паўтара месяца раней, чым адкрывалi да гэтага... — А як жа iнакш, калi сельгасвытворцы гэтак падпiраюць, — гаварылi ў Гарадзеi. Сапраўды — падпiраюць. Перад уездам на тэрыторыю камбiната доўжылася чарга машын, на самой тэрыторыi — шматлiкiя вялiзныя бурты цукровых буракоў, або так званыя кагаты. — Як справiцеся з гэтым валам? — пытаемся ў намеснiка дырэктара Аляксандра Марчанкi, нашага гiда па прадпрыемстве. — Ды тут яшчэ не так шмат, недзе 200 тысяч тон. А ўсiх буракоў мы павiнны сёлета прыняць, а значыць — i перапрацаваць, не менш за мiльён тон (дарэчы, сёлета сельгасвытворцы рэспублiкi атрымалi адзiн з самых рэкордных ураджаяў — больш за 3700 тысяч тон). На камбiнаце пры ўсiм гэтым таксама зазначаюць: сельгасвытворцы краiны добра навучылiся вырошчваць цукровыя буракi, маюць у сябе ўсю неабходную высокапрадукцыйную тэхнiку — трэба за iмi паспяваць... Варта ў сувязi з гэтым дадаць: на тыя ж цяперашнiя багатыя ўраджаi цукровых буракоў няблага папрацавалi (працуюць i цяпер) i на самiм камбiнаце. Тут ёсць агранамiчная служба, якая курыруе кожны раён, дзе вырошчваюць цукровыя буракi. Усяго ж у сыравiнную зону камбiната ўваходзяць больш за 160 гаспадарак, размешчаных у розных раёнах i абласцях рэспублiкi; асноўнымi пастаўшчыкамi цукровых буракоў, безумоўна, з’яўляюцца гаспадаркi Нясвiжскага раёна. Звернемся яшчэ да некаторых лiчбаў. Магутнасцi цукровых камбiнатаў вызначаюцца iх здольнасцю перапрацаваць пэўную колькасць цукровых буракоў за пэўны час, пры гэтым за пункт адлiку звычайна бяруцца суткi. На пачатку сваёй дзейнасцi Гарадзейскi камбiнат перапрацоўваў за суткi 1,5 тысячы тон буракоў, сёлета тут перапрацоўваюць за суткi больш чым па 7 тысяч тон, у перспектыве ж задача — выйсцi на 8 тысяч тон, у прыватнасцi — да 2010 года. * * * Зразумела, такiя магчымасцi з’явiлiся невыпадкова. Яны ў першую чаргу звязаны з маштабным тэхнiчным абнаўленнем камбiната, якое зроблена на пачатку гэтага стагоддзя. Тут, у прыватнасцi, уведзены новае мыйнае аддзяленне i новы прадуктовы цэх (як адзначаюць на камбiнаце, гэта былi дзве самыя сур’ёзныя новабудоўлi), а таксама новае сокаачышчальнае, новае цукрасушыльнае аддзяленнi... Тэхнiчнае абнаўленне, па сутнасцi, закранула ўсе тэхналагiчныя працэсы. Пры гэтым тут узведзена i зусiм новая вытворчасць — па вырабе сухiх жамерынаў, якiя з задавальненнем бяруць замежныя пакупнiкi... Пра вынiкi гэтага абнаўлення даволi красамоўна сведчыць такi факт: у цэхах камбiната практычна нельга ўбачыць людзей, iх можна сустрэць толькi на цэнтралiзаваных пунктах кiравання ў якасцi аднаго-двух аператараў. Зразумела, кантроль за ўсiмi працэсамi ўзяла на сябе аўтаматыка. Яна прыйшла i ў сучасныя, належным чынам абсталяваныя лабараторыi камбiната, у якiх дакладна вызначаецца якасць сыравiны i ў першую чаргу яе цукрыстасць, а таксама якасць гатовага прадукту. Дарэчы, вызначэнне цукрыстасцi буракоў — гэта, можа, адзiн з самых напружаных момантаў ва ўзаемаадносiнах перапрацоўшчыка i здатчыка сыравiны (ва ўсякiм разе, так здалося нам), ад цукрыстасцi ж залежыць цана гэтай самай сыравiны... "Нiякiх напружанняў — кожны можа сам праверыць "сваю" пробу", — адказалi на гэта ў сыравiннай лабараторыi. Чарговы, адзiн з буйнейшых аб’ектаў указанай рэканструкцыi ўвялi на камбiнаце летась. Гэта — сiлоса, разлiчаная для бястарнага захоўвання 50 тысяч тон цукру. З яе ўводам гарадзейцы знялi з сябе нямала праблем. Да гэтага яны захоўвалi свой цукар, i асаблiва падчас крызiсу са збытам, практычна па ўсёй Беларусi, выдаткоўвалi на гэта немалыя грошы, а цяпер пакрысе вызваляюць чужыя склады. Рэканструкцыя, па сутнасцi, не закончылася тут i цяпер. Тыя, хто праязджаюць побач з камбiнатам, безумоўна, не могуць не звярнуць увагi на прыгожае свежапафарбаванае збудаванне, якое размясцiлася на яго "тылах". — Гэта цяпер такое прыгожае, а было ў вельмi непрывабным выглядзе, па сутнасцi развальвалася, пуставала нямала гадоў, — зазначыў Вячаслаў Карпач. — Гэта — збудаванне ранейшага насеннага завода, якi некалi размяшчаўся тут. Але завода не стала, а яго збудаванне пакрысе i прыйшло ў заняпад. У канцы мiнулага года перадалi яго нам, i мы поўнасцю аднавiлi яго, а цяпер паскоранымi тэмпамi рыхтуем да эксплуатацыi. Тут ужо вельмi хутка, у канцы наступнага месяца, з’явiцца лiнiя па выпуску прасаванага цукру. (Варта ўдакладнiць: цяпер на прадпрыемстве выпускаюць цукар-пясок, якi фасуецца ў 50-кiлаграмовыя полiпрапiленавыя мяхi i аднакiлаграмовыя папяровыя пакеты.) Тут таксама размесцiцца наш маркетынг, а яшчэ мяркуем каля 12 тысяч тон цукру лажыць тут для захоўвання... На камбiнаце таксама ўзводзяцца складскiя памяшканнi для цукру-сырцу на 25—30 тысяч тон з магчымым далейшым выкарыстаннем iх для захоўвання гатовай прадукцыi... Такiм чынам, з добрым аптымiзмам глядзяць гарадзейскiя цукравары i ў перспектыву. Застаецца дапоўнiць гэты раздзел яшчэ некаторымi фактамi. Яшчэ ў 2005 годзе сiстэма менеджменту якасцi прадпрыемства была атэставана на яе адпаведнасць патрабаванням стандартаў СТБ ІSО 9001-2001, цяпер жа тут рыхтуюцца да атэстацыi па сiстэме ХАСП, якая мае на ўвазе кiраванне бяспекай харчовых прадуктаў на аснове аналiзу рызыкi i крытычных кантрольных кропак. "Гэта трэба рабiць у абавязковым парадку. Сёння мы трохi iзаляваныя ад рынку ЕС, але ж так працягвацца не будзе, у хуткiм часе будуць падзвiжкi i ў яго бок. На гэтым жа рынку выкананне адпаведных патрабаванняў, якiя гарантуюць харчовую бяспеку прадукту, — абавязковае", — падкрэслiваюць на прадпрыемстве... На Гарадзейскiм камбiнаце апошнiм часам атэставана сiстэма кiравання аховай працы, тут рыхтуюцца да атэстацыi па стандартах ISО серыi 14000, якiя датычацца аховы навакольнага асяроддзя. * * * Дырэктар камбiната Мiхаiл Крыштаповiч (дарэчы, сёлета ён стаў членам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу) яшчэ падчас адной з ранейшых сустрэч, расказваючы пра гарадзейскае прадпрыемства, немалую ўвагу засяроджваў на сацыяльных аспектах, што звязаны з дзейнасцю такiх прадпрыемстваў. I асаблiва тых, што размешчаны ў невялiкiх населеных пунктах — такiх, як Гарадзея. У прыватнасцi, размова датычылася з’яўлення так званых вольных людзей, або людзей, пазбаўленых магчымасцi нармальна працаўладкавацца, адпачыць i г.д. "Там, дзе з’яўляюцца "вольныя людзi", з’яўляецца i спрыяльная глеба для крадзяжоў, крымiнальных разборак, п’янства. I асаблiва ў такiх малых пасёлках, як наш. Гэтага нельга дапускаць. Пры гэтым варта зусiм пазбаўляць такiх людзей вольнага часу. Нават працуючых..." I гэта з поспехам робяць у Гарадзеi. Ужо сам камбiнат — для многiх добрае месца працы, свайго роду крынiца сямейнага дабрабыту (згодна са статыстыкай, кожны чацвёрты жыхар пасёлка працуе тут). Акрамя таго, на плошчах камбiната размясцiлася заснаванае iм СП "Еўратарэкс", на якiм займаюцца вытворчасцю полiпрапiленавых мяхоў. Гэтых мяхоў вырабляецца каля 20 мiльёнаў у год, iмi забяспечваюцца ўсе цукровыя камбiнаты краiны, а разам з тым немалая частка прадаецца iншым прадпрыемствам. Але, хутчэй, галоўнае не гэта. Галоўнае ў тым, што ў вынiку ў Гарадзеi забяспечылi дадатковымi працоўнымi месцамi каля 160 чалавек. Яшчэ адна цiкавая вытворчасць з’явiлася на базе камбiната не так даўно. Гэта амаль што роднаснае ААТ "Валжан", у якiм наладжана вытворчасць джэмаў, павiдла, канфiцюраў i iншай кансерваванай прадукцыi. ААТ "Валжан" ужо вельмi хутка заявiла пра сябе сваёй "смачнай" прадукцыяй, заваявала з ёй шэраг узнагарод з розных конкурсаў, пераважную частку яе экспартуе. А для самога камбiната, мiж iншым, выгадна ўжо тое, што адзiн са спажыўцоў яго цукру — прама пад бокам. Аднак зноў-такi асобна вылучым тое, што на "Валжане" знайшлi для сябе працу каля 90 чалавек. Пры камбiнаце створана таксама фiрма "АгроДело", якая аказвае паслугi гаспадаркам Нясвiжчыны ў вырошчваннi цукровых буракоў, пераважна — паслугi па iх тэхнiчным абслугоўваннi. Дарэчы, камбiнат прылажыў руку i да ўкамплектавання гэтай фiрмы неабходнай тэхнiкай... "Пазбавiць вольнага часу нават працуючых"... Гэтай мэце добра служыць сацыяльная сфера, якая захавана на камбiнаце практычна поўнасцю i фактычна знаходзiцца на яго ўтрыманнi. Нас пазнаёмiлi з аб’ектамi гэтай сферы намеснiк дырэктара камбiната Аляксандр Марчанка i дырэктар Дома культуры прадпрыемства Вольга Захарэц. Такiм чынам, у распараджэннi як работнiкаў камбiната, так i ўсiх гарадзейцаў — выдатны Дом культуры, стадыён, вялiзная спартыўная зала, асобны пакой са спартыўнымi трэнажорамi, два плавальныя басейны (для дарослых i для дзяцей), саўны, зала з трыма бiльярднымi сталамi (i гэта яшчэ не ўсё), а таксама разнастайныя гурткi i секцыi, прычым нават секцыя па ўсходнiх адзiнаборствах. А футбольная каманда "Гарадзея", якая заснавана на базе камбiната, выступае нават на першынстве рэспублiкi, у другой лiзе... Не пустуюць спартыўныя залы з басейнамi, не пустуе Дом культуры, у якiм работнiкi камбiната i мясцовыя жыхары адзначаюць усе святы, нават Iлью з Купаллем (тым больш i мастацкая самадзейнасць — свая ж), а ў хуткiм часе побач з гэтымi аб’ектамi павiнен з’явiцца Дом урачыстасцяў (месца для яго ўжо адведзена, i там iдуць адпаведныя работы). Вышэй ужо гаварылася пра мэту такога сацыяльнага прапанавання — на камбiнаце разам з тым маюць на ўвазе яшчэ адну мэту: затрымаць у пасёлку моладзь, якая можа з’ехаць у Мiнск, мець тут добрую базу для папаўнення прадпрыемства рабочымi кадрамi. Шчыра кажучы, што датычыцца нас (пасля таго, што мы ўбачылi i пачулi ў Гарадзеi), нам хацелася б з’ехаць у яе. З Мiнска. * * * Тое, што сельгасвытворцы добра навучылiся вырошчваць цукровыя буракi, здымаюць у апошнiя гады выдатныя ўраджаi, вядома, радуе цукравараў краiны, а разам з тым дастаўляе дадатковы клопат. Нават пры цяперашнiх магутнасцях Гарадзейскага камбiната не паспявае ён пры перапрацоўцы цукровых буракоў укладвацца ў аптымальныя тэрмiны. А гэтыя аптымальныя тэрмiны, зазначалi на прадпрыемстве, складаюць каля 100 дзён, не болей, прычым у Еўропе сваю сыравiну перапрацоўваюць за 80—85 i нават меней дзён, у Расii за 95, у Гарадзеi ж — больш чым за 100 дзён. Перавышэнне ж аптымальных тэрмiнаў прыводзiць да знiжэння якасцi сыравiны, развiцця ў ёй працэсаў дысбактэрыёзу, асаблiва пры рэзкiх перападах плюсавых i мiнусавых тэмператур, i ў канчатковым вынiку да знiжэння выхаду з яе цукру, словам — да страт. У гэтых адносiнах на камбiнаце асаблiва нядобрым словам прыгадваюць пазалеташнi год, калi ўжо ў лiстападзе прыйшлi моцныя маразы, а потым слупок тэрмометра пераскокнуў на плюс... На Гарадзейскiм камбiнаце звярнулiся па адпаведную дапамогу да навукi. Якраз падчас нашага вiзiту сюды тут праходзiла нарада з удзелам замежных вучоных i прадстаўнiкоў цукровых прадпрыемстваў рэспублiкi на тэму: "Вопыт прымянення ў ЕС i краiнах СНД адаптаваных нана- i электрамагнiтных тэхналогiй у харчовай перапрацоўчай прамысловасцi i сельгасвытворчасцi". Зрэшты, справа на Гарадзейскiм камбiнаце не абмяжоўваецца толькi размовай: тут, з удзелам спецыялiзаванага нямецка-расiйскага iнстытута, з якiм заключаны адпаведны дагавор, пайшлi на эксперыментальную апрацоўку сваiх кагатаў з буракамi магнiтным полем. Калi гэта дасць вынiк, адпаведны вопыт распаўсюдзяць i на астатнiя цукровыя камбiнаты. "Вядома, гэта цягне за сабой дадатковыя выдаткi, але яны цалкам апраўданыя. Няхай мы атрымаем i адмоўны вопыт, але ж любы вопыт вучыць", — зазначаюць у Гарадзеi. Застаецца толькi пажадаць гарадзейскiм цукраварам удачы, а яшчэ лепш — пазбегнуць непрыемных клiматычных выпрабаванняў. Да месца будзе сказаць тут, што сёлета па колькасцi перапрацаванай сыравiны ў адносiнах да мiнулага года ў Гарадзеi амаль на 100 тысяч тон плюсуюць. Яшчэ адна з праблем, якую тут называлi, — засмечанасць сыравiны каменнем. Пра тое, што пытанне тут, так сказаць, ёсць, гаспадаркам — здатчыкам сыравiны вельмi лёгка пераканацца: на тэрыторыi камбiната амаль побач з тымi ж бураковымi кагатамi — кучы камення, якое было вывуджана з тэхналагiчнага патоку сыравiны, падчас падачы яе на перапрацоўку, з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў (дарэчы, тут аднойчы "вывудзiлi" i снарад). Ну, а каменне, вядома ж, не лепшым чынам садзейнiчае нармальнаму праходжанню тэхпрацэсу. Што рабiць гаспадаркам? Не перамацваць жа ўсе буракi запар... Напэўна, варта зрабiць так, як зрабiлi ў гаспадарцы "1 Мая" Нясвiжскага раёна, дзе купiлi спецыяльную каменеўборачную машыну, з дапамогай якой i пачалi прыбiраць цяпер свае палi. * * * Безупынна працуе сёння Гарадзейскi цукровы канвеер. Каб атрымаць той жа бялюткi цукар (а менавiта такi ў Гарадзеi i атрымлiваюць, прычым ступенню белiзны i вызначаецца якасць цукру, i ў першую чаргу якасць яго ачысткi), сыравiна павiнна прайсцi даволi доўгi i складаны шлях — мыйку, здрабненне, выцiсканне соку, выпарванне i г.д. У Гарадзеi пры гэтым гавораць: "Мы ведаем, як зрабiць ваша жыццё саладзейшым". I няблага робяць гэта. Іван Бараноўскі.УНП 600031529
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыемна вабiць сваiмi дагледжанымi фасадамi дамоў, акуратнымi агароджамi, а безумоўна, у першую чаргу сваiмi аб’ектамi сацыяльнага прызначэння пасёла |
|