Вытворчы траўматызм — пад асобым кантролем пракуратуры
Вытворчы траўматызм — пад асобым кантролем пракуратуры
Праверкi па лiнii аховы працы па вытворчасцi паказваюць, што ў гэтай сферы сёння iснуе шмат сур’ёзных недахопаў i выпадкаў нядбайнасцi, паведамiў журналiстам намеснiк генеральнага пракурора Беларусi Аляксей Стук. За 9 месяцаў у краiне ў вынiку няшчасных выпадкаў на вытворчасцi загiнулi 162 работнiкi i цяжка траўмаваныя 538 чалавек. Галоўныя прычыны вытворчага траўматызму з цяжкiмi наступствамi — парушэннi пацярпелымi працоўнай i вытворчай дысцыплiны, невыкананне кiраўнiкамi i спецыялiстамi абавязкаў па ахове працы i алкагольнае ап’яненне работнiкаў. З-за ап’янення загiнуў амаль кожны трэцi работнiк з усiх, хто загiнуў на вытворчасцi. У асобных галiнах вытворчасцi i ў арганiзацыях на парушэннi працоўнай дысцыплiны часам не звяртаюць увагi, а прынцыповая барацьба з п’янствам работнiкаў на прадпрыемствах не вядзецца. Найбольш цяжкае становiшча з вытворчым траўматызмам сёння ў арганiзацыях мiнiстэрстваў прамысловасцi, сельскай гаспадаркi i харчавання, канцэрна "Беллеспаперапрам", "Белкаапсаюза", прадпрыемстваў будаўнiчай галiны. Калегiя Генпракуратуры даручыла пракурорам узмацнiць нагляд за выкананнем патрабаванняў Дырэктывы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 1 "Аб мерах па ўмацаваннi грамадскай бяспекi i дысцыплiны", прынцыпова рэагаваць на парушэннi заканадаўства аб ахове працы, у тым лiку шляхам iнiцыявання пытанняў аб скасаваннi кантрактаў з наймальнiкамi i iншымi службовымi асобамi, якiя не забяспечваюць працоўнай i тэхналагiчнай дысцыплiны. Сяргей КУРКАЧ.
|
|