21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вінцук Вячорка. МЭМУАРЫ. Шыбалет Садоўскага

26.08.2009 14:59 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

  Вінцу́к Вячо́рка. Беларускі палітык. Пры нараджэньні атрымаў імя Валянцін. Скончыў філялягічны факультэт БДУ (1983) і Лінгвістычны інстытут АН БССР (1986). У канцы 1980-х гадоў стаў называць сябе Вінцук. Працаваў выкладчыкам у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце і ў Беларускім гуманітарным ліцэі, а таксама журналістам і намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына».
З 1979 году Вячорка стаў актыўным удзельнікам нацыянальнага руху Беларусі. Балятаваўся у дэпутаты ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. У 1988 зьяўляўся адным з арганізатараў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Быў кіраўніком камісіі па праграмных дакумэнтах і чальцом кіраваньня партыі. У 1995—1999 гадах намесьнік старшыні БНФ. З 1999 па 2007 год кіраваў Партыяй БНФ.
Вінцук Вячорка зьяўляецца заснавальнікам і кіраўніком адукацыйнай недзяржаўнай арганізацыі «Цэнтар Супольнасьць», а таксама быў кіраўніком працоўнай групы няўрадавага Збору Беларусі (1999—2000).
Валодае некалькімі эўрапейскімі мовамі, мае 3 дзяцей — Радаславу, Ружану і Францішка. Франак Вячорка — моладзевы лідэр і грамадзкі дзяяч.
Даўно не дазваляў сабе задавальненьня ўзяць кнігу й прачытаць яе адным духам. Гэтым жа разам нават не пайшоў на сякія-такія каляааналітычныя зборкі, а чытаў Садоўскага «Мой шыбалет»1 . Беручыся, не сумняваўся, што мецьму прыемныя гадзіны. Пётра Садоўскі – што ў вуснай, што ў пісьмовай форме свайго няўрымсьлівага бытаваньня – прымушае сябе слухаць і чуць, бо таленавіты, невераемна адукаваны, і цьвёрда ведаю, што трымаемся адных і тых самых базавых вартасьцяў.

Жанравую прыналежнасьць кнігі няхай вызначаюць літаратуразнаўцы. Аўтар акрэсьліў яе як «аўтабіяграфічныя арабэскі». Але кніга – як і сам Садоўскі: сынкрэтычная. Мэмуараў у ёй у лепшым разе траціна. Бо тут і філязофскія трактаты, і філялягічныя абразкі, і навукова-папулярная дый строга навуковая сацыя-, этна- й псыхалінгвістыка поруч з дыялекталёгіяй, і эканоміка, і дэтэктыўныя антыкарупцыйныя дасьледаваньні, і шмат што яшчэ. Бо такі і ёсьць Садоўскі –мовазнаўца, прамоўца й пэдагог, пісьменьнік, палітык, дыплямат і эканаміст. (І сьпявак, дарэчы; у бытнасьць першым у гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусі амбасадарам нават выпяяў у немцаў будынак для нашай амбасады.) Такі сабе чалавек Адраджэньня, здатны шырока глядзець на Беларусь, на сьвет, на любую зьяву. (Таму ён і старшынюе ў Аналітычнай камісіі БНФ.)

Гэтая кніга не магла зьявіцца не па-беларуску. І ня толькі з прычыны багацьця мовы. Бо ня толькі адлюстроўвае Беларусь, але й дастворвае яе. Як і праз учынкі. Дробязь, якая мне даспадобы: бракавала Пётру Садоўскаму аптымістычных, маршавых беларускіх песень. (Ён, і я зь ім згодны, лічыць, што «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» найлепш пасуе на ролю нацыянальнага гімну.) Дык ён увёў у наш супольны ўжытак добра вядомай «Як служыў жа я у пана» – маршавы варыянт! Ды так лоўка, што ўсе дагэтуль перакананыя ў этнаграфічным паходжаньні апошняга.

Спадар Пётра прачула кажа пра Ластоўскага «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» – ня толькі пра зьмест, але і пра вокладку Дабужынскага, і пра дэтэктыўна-рамантычную гісторыю, як ён яе кансьпірацыйна атрымаў у спадчыну ад Міколы Лобана. Зьдзівіла, як падобна гэтая кніга апынулася ў мяне й паўзьдзейнічала на мяне. Мне таксама быў ананімны званок, потым абмен на двухтомнік Ахматавай, захапленьне вокладкай ды пахам – інакшай Беларусі… Потым я даў кнігу навапалачанам, якія на чале з Уладзем Арловам наладзілі яе капіяваньне – за што малайцы – і падчас трывогі дзеля магчымага ператрусу страцілі вокладку, што няправільна 

Калі я ўпершыню пабачыў Садоўскага на студэнцкай экскурсіі ў Інстытут мовазнаўства, ён адразу запомніўся. Несавецкім абліччам – барадаты ў асаблівых акулярах; неўласьцівай для тагачаснага гуманітара тэхнічнасьцяй – паказваў нам усялякія сэгмэнтатары маўленьня; выдатнаю моваю й шырынёй дыскурсу. Я сабе такім уяўляў Ластоўскага. І не выпадкова ўчора на прэзэнтацыі «Шыбалета» сказаў аўтару: вось быў і ёсьць для нас культавым слоўнік Ластоўскага, а дзе ж культавы слоўнік Садоўскага? Пагатоў у кнізе гатовага матэрыялу для слоўніка – як мурашак. Да таго ж яны з Ластоўскім землякі. Паабяцаў, што зробіць.

«Як я боўся з Саўмінам» – назва разьдзельчыку. Ясна, алюзія да Салжаніцына. Але якое слова! І цяпер яно будзе жыць ужо не як дыялектны рэлікт. Або выклічнік «ціхуці!» – і ён знайшоўся тут на сваім месцы. Пурыстычны набор заменаў «трампліну» – хочаш падгоп, хочаш прыганка. І г.д. бясконца.

Моўная адказнасьць Садоўскага – сьвядомая. «Мая генэрацыя – апошнія з магіканаў, хто яшчэ помніць тыя «ляндшафтныя паркі» нашай мовы. Мы яшчэ гулялі ў мову і тварылі яе, чэрпаючы з крыніц, што бруіліся побач» (с. 52). Гэта праўда: Пётра Садоўскі – жывы мост паміж тою моваю (якою містычны той казаў) і беларускаю моўнаю сучаснасьцяй. Дай Божа носьбітам літаратурнае мовы вучыцца ў Садоўскага знаць у мове сваё, а не хапацца за ўкраінізмы-палянізмы ў справядлівым імкненьні да кантрасту з расейшчынай.

Літаратуразнаўчыя назіраньні Пётры Садоўскага каштоўныя, акрамя ўсяго, таму, што ён, як сам кажа, «фактычна ня ведаў традыцыйнай савецкай інтэрпрэтацыі» твораў тых жа Купалы ці Коласа, а таму лягчэй адчуваў, што ж яны хацелі сказаць папраўдзе: далася ў знакі прафэсійная школа эўрапейскага філёляга-германіста. Ён калісьці мяне ўразіў якраз такім несавецкім прачытаньнем «Ляўкоўскага цыклю», я перачытаў, і пагадзіўся цалкам, і гэта была рэабілітацыя Купалы падсавецкага, але ня скоранага! У кнізе пра гэта ёсьць таксама.

Колькі гадоў таму Кучма выдаў кнігу «Україна – не Росія». Твор Садоўскага выконвае падобную ролю, але зусім нязмушана. Плынь нарацыі пранікае празь сьвядомасьць і пакідае ў ёй непераможныя вобразы: малая радзіма аўтара, цягам вякоў заселеная людзьмі, якіх яднае беларуская мова й традыцыя, хоць многія маюць самыя розныя эўрапейскія этнічныя карані; хто няздатны да такога паяднаньня, — чужак быў і чужак застаўся; беларуская працавітая aurea mediocritas2 значна бліжэйшая да працоўнай этыкі эўрапейца, чымся да спадзеваў на «авось». Сам аўтар кажа, што гадоў да сарака ня быў нацыянальна сьведамы ў сёньняшнім сэнсе; пагатоў каштоўныя гэтыя сьведчаньні натуральнай, ад жыцьця, самаідэнтыфікацыі.

Цікавыя й новыя для мяне дэталі выбарчай барацьбы Пётры Садоўскага ў 1990 годзе. Ён перамог не каго-небудзь, а Аляксандра Мядзьведзя. Перамога была б немагчымая без шчасьлівага спалучэньня харызматычнай асабовасьці Садоўскага зь яго ўменьнем гаварыць зь людзьмі пра высокае праз штодзённае. Незаменная для палітыка якасьць. Рэкамэндую адпаведныя разьдзелы цяперашнім маладым палітыкам як падручнік – замест кепскіх перакладаў з ангельскай. А будзённыя праблемы Садоўскі ведае выдатна, ведае таксама, як круцяцца мэханізмы, што кіруюць сьветам і ўладнымі структурамі; дый у кнізе пры ўсёй яе адкрытасьці пакінуў некалькі інтрыгоўных недамовак.

Кніга добразычлівая. Зразумела, ёсьць і цяжкія, і змрочныя рэчы. Але пра ўсё і пра ўсіх – ня злосна. Нават калі не прымае чалавека ці яго ўчынкі. Што нават дзіўна на фоне чарады сьвежых мэмуараў пра нядаўнюю гісторыю, пісаных людзьмі з розных лягераў, але падобных міжсобку тым, што сам аўтар у белым, а астатнія – як у показцы пра цырк.

Кніга непыхлівая. Ані на кога аўтар ня гледзіць звысака, шчыры перад уласным сумленьнем. Жыцьцёвы абразок: дзеці хадзілі ўзімку ў школу на драўляных падэшвах, да якіх штокроку больш прыліпаў сьнег. І праз колькі часу яны мусілі счышчаць тыя «катурны»3 адмысловаю прыладаю – кіем з гакам. Я на прэзэнтацыі сказаў, што гэта выдатная мэтафара і што кніга – падручнік дэкатурнізацыі, за што аўтару дзякуй. Аказалася, Садоўскі такую мэтафару ў эпізод не ўкладаў, але што яна прачытваецца – згодны. Вось жа калі напісаны ў натхненьні тэкст спараджае алюзіі другога й трэцяга роўню – значыць, ён ёсьць сапраўднаю літаратураю.

Кніга мудрая й таму аптымістычная. У жыцьці й гісторыі было ўсякае, што навявала, як сам ён характарызуе – «блюзавы настрой (калі добраму чалавеку дрэнна)». Лёс, адлюстраваны ў кнізе, у сваю чаргу ёсьць адбіткам лёсу Беларусі. Кніга, як той добры матыль з аўтаравага дзяцінства, што залятае ў хату на Дзяды й сьведчыць, што былі, ёсьць і будзем вечна.     1Пётра Садоўскі. Мой шыбалет. Аўтабіяграфічныя арабэскі. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2008. – 426 с.: іл. 2Залатая сярэдзіна (лац.). 3Катурны – абутак старажытнагрэцкіх актораў зь вельмі высокай падэшвай для наданьня постаці велічы. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика