Беларусы — дзіўны народ. Мы не задаволены “генеральнай лініяй партыі”, маразматызмам уласнага начальніка, выкрунтасамі ЖЭСа, грубасцю ў крамах. Незадаволеныя, але звыклыя маўчаць, уцягнуўшы галаву ў плечы. Аднак так робяць не ўсе. Мы паспрабавалі прыгадаць найбольш гучныя перамогі грамадскасці над уладнымі структурамі ў адыходзячым 2008-м годзе. Агаворымся, што разглядалі выключна непалітычныя справы, абмінуўшы і “прадпрымальніцкае пытанне”, якому і так было прысвечана багата ўвагі.
НА МОГІЛКАХ — МЕМАРЫЯЛ
30 траўня прадстаўнікі грамадскасці здолелі прыпыніць незаконныя земляныя работы па пракладцы каналізацыйнага калектара на Мінскіх братэрскіх могілках ахвяр Першай сусветнай вайны ў раёне Старавіленскага тракту. Месца, дзе пахаваны больш за 5 тысяч жаўнераў Расійскага войска і ўцекачоў, у 1998 годе было ўключана ў дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Нягледзячы на тое, што тут забаронены любыя работы, апроч добраўпарадкавання, Міністэрства культуры санкцыяніравала бульдозерныя “раскопкі”. Беззаконне ўдалося спыніць пасля таго, як прадстаўнікі Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры выйшлі на ваеннага аташэ расійскай амбасады ў Мінску.
Скандальная сітуацыя падштурхнула прадстаўнікоў Мінабароны і Мінгарвыканкама публічна выступіць за захаванне і добраўпарадкаванне братэрскіх могілак, дзе за савецкім часам месціўся так званы “птушыны” рынак. Да 10 студзеня наступнага года нават абяцаюць назваць пераможца конкурсу на мемарыяльную кампазіцыю. Гэта ўжо перамога грамадскасці, але старшыня рэспубліканскай рады Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч разглядае сітуацыю куды больш крытычна:
— Я не магу назваць гэта перамогай, — распавёў ён нашаму выданню. — Нягледзячы на ўсе забароны, цеплатрасу ўсё ж праклалі, да таго ж правялі эксгумацыю рэшткаў з парушэннем усіх нормаў. Гэты год увогуле характарызуецца татальным і брутальным парушэннем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны з боку Міністэрства культуры і праваахоўных органаў. Якія б захады мы ні рабілі — ліставанне, збор подпісаў, акцыі пратэсту, падчас якіх людзі кідаліся пад экскаватары — унікальныя аб’екты ўсё адно знішчаюцца, а пракуратура заплюшчвае на гэта вочы.
"НЕ ПАКІДАЙЦЕ Ж МОВЫ "
З 1989 года грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы” стараннай і метадычнай “папяровай” працай змагаецца з дзяржавай за беларушчыну. Вось і адыходзячы год не прайшоў дарэмна. Як паведаміў “Тут і цяпер” пераабраны старшынёй ТБМ Алег Трусаў, галоўным дасягненнем-2008 стала захаванне ў навучальных праграмах ВНУ курса прафесійнай лексікі беларускай мовы. “Выключэнне гэтага курса з праграм магло павярнуцца рэзкім скарачэннем сферы ўжытку беларускай мовы, бо яе лексіка па многіх прафесіях выкладаецца толькі ў ВНУ”, — патлумачыў спадар Алег.
Сярод іншых вынікаў работы ТБМ адзначым мажлівасць выкладання гісторыі і геаграфіі ў рускамоўных школах па-беларуску са згоды бацькоў, настаўнікаў і вучняў; выпуск праязных білетаў па ўсёй краіне выключна па-беларуску; з’яўленне новых вуліц, названых у гонар слынных суайчыннікаў, і нядаўняе адкрыццё ў Бабруйску помніка Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу; аднаўленне выпуску адрыўнога календара "Родны край".
ДАЛОЎ ЗАПРАЎКУ!
Чатыры гады жыхары сталічнага мікрараёна Малінаўка-4 змагаліся супраць рашэння чынавенства пабудаваць у ваколіцы аўтазапраўку. Насельнікі дамоў на вуліцы Слабадской і Рафіева, якія задыхаліся ад выкідаў размешчаных паблізу ад МКАД, аўтастаянкі і ТЭЦ-4, прайшлі ўсе ўстановы: ад мясцовага дэпутата да адміністрацыі прэзідэнта. За гэты час будоўля неаднаразова прыпынялася і ўзнаўлялася, пакуль улетку Мінгарвыканкам не прыняў рашэнне аб яе адмене.
У ПІНСКУ ЎВЕКАВЕЧЫЛІ БНРаўца
Пасля шматлікіх зваротаў грамадскасці пінскія раённыя ўлады ўвекавечылі імя легендарнага земляка, старшыні Рады БНР, дэпутата расійскай Дзярждумы і польскага Сейма Рамана Скірмунта. Валун з мемарыяльнай дошкай усталяваны на ўездзе ў старажытны парк вёскі Парэчча, дзе пахаваны рэшткі знішчанага сталіністамі незалежніка.
А Ў МІНСКУ — ГЕРАІНЮ ПАДПОЛЛЯ
Амаль паўстагоддзя грамадскасць дабівалася, каб мінскія ўлады прызналі подзвіг 17-гадовай габрэйскай дзяўчыны, удзельніцы антынацыстоўскага падполля Машы Брускінай. У кастрычніку 1941-га немцы ўчынілі паказальнае пакаранне смерцю Брускінай, Кірылы Труса і Валодзі Шчарбацэвіча каля прахадной дражджавога завода.
Па вайне Труса і Шчарбацэвіча пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам ВАВ, у суверэнныя гады ім адкрылі мемарыяльную дошку. А вось дзяўчыну камуністычныя ідэолагі абвясцілі “невядомай”. І вось 29 лютага 2008 года Мінгарвыканкам прыняў гістарычнае рашэнне, вырашыўшы ўвекапомніць “памяць удзельніцы Мінскага антыфашысцкага падполля Марыі Барысаўны Брускінай ”. У ліпені на заводскай прахадной з’явілася абноўленая дошка: "Здесь 26 октября 1941 года фашисты казнили советских патриотов К. И. Труса, В. И. Щербацевича и М. Б. Брускину".
ФАНАТЫ АБАРАНІЛІ МАЛАДАФРОНТАЎЦА
Дзіўны выпадак адбыўся ў час апошняга хатняга матчу барысаўскага БАТЭ ў групавым раундзе Лігі чэмпіёнаў. Моладзевыя актывісты апазіцыі разгарнулі на трыбунах мінскага “Дынама” бел-чырвона-белыя сцягі. Амапаўцы хутка вырвалі сімволіку, паспрабаваўшы выцягнуць з натоўпу маладафронтаўца Вадзіма Ханяўку. Але дзе там! Барысаўскія фаны абхапілі хлопца з усіх бакоў, і бамбізы мусілі адступіць.
МАГІЛЁЎЦЫ "ВЫБІЛІ" ВАДУ Ў МІНІСТРА
Вы жывяце не ў Мінску, а ваша кватэра месціцца на верхніх паверхах? Тады, магчыма, вам знаёмая праблема адсутнасці вады ўначы. Сумнеўная практыка вядзе адлік з савецкіх часоў і найчасцей вытлумачваецца камунальнікамі састарэлым абсталяваннем і адсутнасцю сродкаў. Жыхароў дома № 13 па Віцебскім праспекце ў Магілёве, якія спраўна аплачваюць паслугі ЖКГ, “дастаў” існы стан рэчаў, і яны “пайшлі па інстанцыях”. Не дабіўшыся праўды ў ніжэйшых структурах, абураныя магілёўцы звярнуліся наўпрост да міністра ЖКГ. Адказ прыйшоў ад яго намесніка. Міністэрства прызнала парушэнні, абавязаўшы гарадское ўпраўленне ЖКГ паэтапна ўвесці новае абсталяванне. Да таго ж ваду там цяпер адключаюць не з 24, а з 2.00 да 5.00.
ГОМЕЛЬЦЫ ЎСТУПІЛІСЯ ЗА ДЗЯЦЕЙ
Актывісты грамадзянскай кампаніі “Гомель — наш дом” чатыры месяцы змагаліся з гарадскімі ўладамі за перанос дзіцячага гарадка ў мікрараёне Мельнікаў Луг. “Паказушная” пляцоўка месцілася ў дзесятку метраў ад праезнай часткі, што несла вялікую пагрозу для дзіцячай бяспекі. Не знайшоўшы паразумення ў раённай адміністрацыі, актывісты звярнуліся ў Гомельскі гарсавет дэпутатаў і ў ДАІ, якія падтрымалі ініцыятыву. У рэшце рэшт, гарвыканкам пастанавіў перанесці дзіцячы гарадок на бяспечную адлегласць ад аўтадарогі. За год гомельскія актывісты атрымалі 59 падобных “камунальных” перамогаў!
Трываласці вам і ўпартасці, дарагія чытачы, у новым, 2009-м годзе!
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.