Эстафету дабрынi i любовi, як заўжды, падтрымлiвае пошта
Эстафету дабрынi i любовi, як заўжды, падтрымлiвае пошта
Ёсць нагода! Факт: аб’ём нашай, рэдакцыйнай карэспандэнцыi напрыканцы года павялiчваецца прыкладна ўтрая. Што прыемна — за кошт вiншаванняў. Як напiсала адна з падпiсчыц: "Рука ўжо не слухаецца, гэта — 70-е"... Значыць, як мiнiмум, 70 яе вiншаванняў, сотнi — нашых i тысячы тысяч вашых у перадсвяточныя днi апрацоўвае (хай даруецца гэта празаiчнае слова) беларуская пошта. З нагоды — некалькi пытанняў да генеральнага дырэктара прадпрыемства РУП "Белпошта" Аляксандры Чарняк. — Аляксандра Iванаўна, паштавiкi, як нiхто iншы, вiдаць, адчуваюць, якiя святы ў нас самыя любiмыя? — З вопыту свайго ведаем: паток карэспандэнцыi перад Новым годам i Калядамi павялiчваецца прыкладна ўтрая. Гэта, зразумела ж, пiсьмы, паштоўкi, пасылкi i бандэролi, грашовыя пераводы — цэлая эстафета дабрынi i любовi... Ад сэрца да сэрца... Што, магчыма, цiкава, сёлета гэты вал карэспандэнцыi пайшоў крыху не так, як заўсёды. У папярэднiя гады самымi працаёмкiмi для пошты, самымi, скажам так, гарачымi былi апошнiя днi снежня. Сёлета iстотны аб’ём вiншаванняў прыйшоўся менавiта на каталiцкiя Каляды, на iх пярэдадзень. — Прадпрыемства было да яго гатовае — як i ў папярэднiя гады, узбуйнялiся працоўныя змены, выводзiўся дадатковы персанал? — Гэта ўжо за правiла: перад святамi мы з задавальненнем запрашаем "вярнуцца ў строй", у свае калектывы нашых ветэранаў. У вынiку i iм добра (ёсць магчымасць, так бы мовiць, успомнiць маладосць, паказаць сябе, папрацаваць, што немалаважна — атрымаць дадатковыя грошы), i прадпрыемству, бо квалiфiкавана (я падкрэслю гэтае слова) выконваецца iстотны аб’ём працы... — Працы, ведаю, досыць складанай, бо мала таго, што пошта аказвае цяпер каля 40 вiдаў паслуг, "працэсы" гэтыя поўнасцю аўтаматызаваныя? — Пераход на новыя тэхналогii быў вельмi няпростым. Шчыра скажу: мы баялiся, што людзi, асаблiва сталага веку, не справяцца, пачнуць звальняцца — мы страцiм кадры. Боязь гэта была недарэмнай — заявы на звальненне сапраўды паступалi. Але, дзякаваць Богу, ад адзiнак, якiя, можна сказаць, нават не паспрабавалi асвойваць новую тэхнiку. Проста пабаялiся, не паверылi ва ўласныя сiлы. Той жа, хто паверыў... Мы штогод праводзiм конкурсы прафесiйнага майстэрства — начальнiкаў гарадскiх i вясковых аддзяленняў паштовай сувязi, аператараў, i кожны раз яны дэманструюць настолькi высокi ўзровень, што хочацца, як кажуць, зняць капялюш. Паштавiкi Беларусi заўсёды мелi добрую рэпутацыю (прычым — у свеце). I маюць яе, нягледзячы нi на што. Вось i гэты далёка не просты год мы завяршаем з нядрэннымi паказчыкамi. Што асабiста мне найбольш прыемна — мы выканалi праграму па росце заработнай платы. Хоць ён, гэты рост, i мог быць большым... — Аляксандра Iванаўна, як жанчына жанчыне: нават павiнен! — Згодна, мы будзем над гэтым працаваць. Мы рабiлi i будзем рабiць усё, што ад нас залежыць. — Тады вернемся да таго, што ўжо зроблена... Сёлета навагоднiя паштоўкi мала таго, што прадавалiся недзе з лiстапада, — беларускамоўныя, скажам так, былi трошкi нiжэйшыя коштам. У вынiку ў многiх гарадах i вёсках яны раскуплялiся, як кажуць, з лёту... — Нiчога дзiўнага ў гэтым няма: яны зроблены ў Беларусi, для беларусаў, з любоўю. Усе дызайн-праекты папярэдне ўважлiва разглядалiся — адбiралiся самыя цiкавыя. Гэта датычыцца не толькi паштовак: за мiнулы год выпушчана ў абарачэнне 55 марак, 8 мастацкiх канвертаў, 15 найменняў маркiраваных паштовых набораў, праведзена 39 спецыяльных гашэнняў. — Тады — цi не плануе беларуская пошта зрабiць яшчэ адзiн крок — выпускаць паштоўкi, скажам так, для гультаёў — з гатовымi вершаванымi радкамi, з прыгожымi пажаданнямi? У iх "вытворчасцi" чытачы, супрацоўнiкi "Звязды" маглi б дапамагчы. — Гэта цiкавая прапанова. Я асабiста "за". Давайце паспрабуем... Недзе чытала, што наша, беларуская мова можа найбольш дасканала перадаць усе эмоцыi, усе адценнi пачуццяў. — Зноў жа, карыстаючыся выпадкам, не магу не падзялiцца набалелым: у вельмi многiх аграгарадках, у вёсках цяпер красуюцца шыльды кшталту "Комплексный приемный пункт", "Кафе", "Продукты", — аддзяленнi паштовай сувязi, дзякаваць Богу цi вам, iмi i застаюцца; сярод вашых паслуг ёсць nеtлiст, па дарогах курсуюць аўтамабiлi "Тэрмiновая (а не "Срочная...") пошта"... — Дастаўка карэспандэнцыi ад дзвярэй да дзвярэй — гэта адносна новая наша паслуга. Але ў Мiнску, у iншых буйных гарадах яна добра прыжылася. Дарэчы, перад святам нашы аўтамабiлi могуць аператыўна, "сiламi" сваiх Дзядоў Маразоў даставiць усе вiншаваннi. — Ён, гэты "белпоштаўскі" Дзед, падрыхтаваў сёлета i каля 50 тысяч адмысловых падарункаў? — З iх дапамогай мы паспрабавалi далучыць дзяцей да сваiх прыемных святочных клопатаў. Там, у пакунках былi прысмакi — 12 шакаладак, але з iх абгортак лёгка складалася навагодняе вiншаванне, там — набор картак-размалёвак, якiя (фламастары дадаюцца) гэтак жа лёгка пераўтваралiся ў сапраўдныя вiншавальныя паштоўкi (iх можна перадаць далей), там мяккая цацка — сiмвал Новага года... Прыемна, што падарункi ад нашага Дзеда Мароза будуць радаваць дзяцей, iх бацькоў i бабулек-дзядоў не толькi ў нашай краiне, але i далёка за межамi. — Аляксандра Iванаўна, калi коратка, якiм быў гэты, адыходзячы, год для вашага прадпрыемства, чаго чакаць клiентам пошты ў Новым годзе? — Розным — са сваiмi здабыткамi i стратамi, са сваiмi клопатамi i праблемамi. А чаго чакаць? Хочацца верыць — стабiльнай працы. Мы па-ранейшаму будзем трымаць курс на аўтаматызацыю, будзем укараняць новыя тэхналогii i паслугi, развiваць старыя, пашыраць спiс краiнаў па грашовых пераводах, абнаўляць аўтамабiльны парк, рамантаваць нашы памяшканнi. Iншымi словамi, працаваць на свайго клiента, i нi ў якiм разе не адставаць ад яго запатрабаванняў... А яны ў апошнi час iмклiва растуць: згадзiцеся, зусiм нядаўна, здаецца, мы ганарылiся тым, што клiент, пакiнуўшы на пошце сваё адпраўленне, можа самастойна прасачыць яго шлях... Сёння гэта справа звыклая: ледзь не ў кожным доме камп’ютар, iнтэрнэт. А той, хто іх не мае, ведаючы код адпраўлення, можа звярнуцца ў нашу даведку (тэл. 154... — Аўт.). Там у нас працуюць вельмi квалiфiкаваныя людзi — выслухаюць, дапамогуць. — Такiх квалiфiкаваных, як правiла, вельмi ўважлiвых, добразычлiвых, цярплiвых на вашым прадпрыемстве каля 27 тысяч чалавек. Пераважна — жанчын. Чаго пажадаеце iм у новым годзе? — Стабiльнасцi — на працы i дома, душэўнай раўнавагi, дабрабыту. А галоўнае, каб людзi не гублялi на-дзею на тое, што заўтра будзе лепей. Таго ж, карыстаючыся магчымасцю жадаю ўсiм нашым дзелавым партнёрам, усiм клiентам. А гэта значыць — абсалютнай большасцi жыхароў краiны. Хай для кожнага новы год не будзе горшым i... карацейшым за стары! — Дзякуй. Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Факт: аб’ём нашай, рэдакцыйнай карэспандэнцыi напрыканцы года павялiчваецца прыкладна ўтрая. Што прыемна — за кошт вiншаванняў. Як напiсала адна з пад
|
|