Рота, пад’ём!Новы год на дварэ!
Рота, пад’ём!Новы год на дварэ!
У пачатку снежня сяброўка вырашыла завезцi кiлаграм мандарынаў, каб хоць так наблiзiць свята добраму знаёмаму, якога летам забралi ў армiю. Вярнуўшыся, Таня паставiла на падваконне дзесяцiсантыметровую штучную ёлачку: "Давай сняжынкi выразаць, салдаты ўжо ўсе вокны iмi абклеiлi". Цiкава, а як салдаты Новы год святкуюць? "Вы Новы год у вайсковай часцi плануеце сустрэць?" — перапытаў начальнiк прэс-цэнтра Мiнiстэрства аховы. — "Няблага было б расказаць пра тое, што бачыла на ўласныя вочы. Але нумар выходзiць перад Новым годам". Нядзеля. Электрычка "Мiнск—Орша". Менш як дзве гадзiны — i я ў знакамітых "пячах". Праз некалькi хвiлiн мы з капiтанам Аляксандрам Клыбiкам былi на тэрыторыi 72-га гвардзейскага аб’яднання вучэбнага цэнтра падрыхтоўкi прапаршчыкаў i малодшых спецыялiстаў. Пакiнулi ў кабiнеце навагоднiя падарункi ад "Звязды" і пайшлi акунацца ў святочную армейскую атмасферу. Паводле слоў Аляксандра Клыбiка, зрабiць Новы год вясёлым i запамiнальным — у iнтарэсах кожнага салдата. Для афiцэраў i прапаршчыкаў гэта таксама важна, але пасля вiншавання салдатаў яны адправяцца святкаваць са сваiмi сем’ямі. А ў радавых ёсць выбар: працягваць весялiцца цi класцiся спаць. Як правiла, усе выбiраюць першы варыянт. <І>— А цi парадуюць кухары салдатаў перад Новым годам? — Безумоўна, гэта адна з прычын, чаму ў армii Новы год любяць больш за ўсё. Словы Аляксандра пацвердзiлi i хлопцы ў форме, з якiмi мне давялося паразмаўляць. Аказваецца, шлях не толькi да сэрца мужчыны, але i да навагодняга настрою салдата ляжыць праз страўнiк. Таму першы этап падрыхтоўкi да сустрэчы Новага года звязаны менавiта са святочным сталом, якi па традыцыi ставяць у казарме. — Старавайскоўцы расказвалi, што салдаты скiдваюцца рублёў па пяць на прадукты, якiя будуць стаяць на святочным стале, — распавядае Руслан Багдановiч, якi носiць форму толькi пяць месяцаў. — Пасля гэтага прызначаюць адказных, якiя адпраўляюцца за межы часцi, у ваенны гарадок, каб набыць самае неабходнае — кандытарскiя вырабы, каву, мандарыны, сок, лiманад. Таксама для абагачэння галоўнага навагодняга атрыбуту iдуць у ход пасылкi i пакеты, якiя атрымлiваюць салдаты ад бацькоў i знаёмых напярэдаднi свята. — Салату з зялёным гарошкам, думаю, прыгатуеце, а вось што наконт пузыркоў у кубках? — У адрозненне ад хатнiх сталоў армейскi выдзяляецца тым, што на iм адсутнiчае спiртное, — гаворыць капiтан Аляксандр Клыбiк. — Напэўна, гэта адзiнае месца, дзе пад бой курантаў падымаюць кубкi, напоўненыя сокам цi лiманадам. За спіртное можна трапiць на гаўптвахту. — Яшчэ адзiн неад’емны атрыбут свята — ёлка... — У нас побач з клубам растуць елкi, якiя мы ўжо ўпрыгожылi, — распавядае Дзiма Паштароў, звальненне ў запас якога не за гарамi. — Ставiм невялiкiя елкi ў вядро з пяском i ў казармах. Праўда казарма казарме рознiца, адны салдаты з энтузiязмам падыходзяць да падрыхтоўкi — выразаюць сняжынкi, упрыгожваюць сцены часовага дома яркiмi стужкамi, цацкамi, а iншыя — без. Упрыгажэнняў жа хапае ў кожнай роце. У дадатак да гэтага, некаторым у пасылачку, разам з кансервамi i згушчонкай, клапатлiвыя бацькi возьмуць ды i пакладуць ёлачны шарык. За некалькi гадзiн да Новага года ўвесь асабiсты склад разам з сяржантамi, прапаршчыкамi i афiцэрамi збiраецца за агульным святочным навагоднiм сталом перад тэлевiзарам. Слухаюць вiншаванне Прэзiдэнта. Пад бой гадзiннiка вiншуюць адзiн аднаго i загадваюць жаданнi. Прапаршчыкi i афiцэры па традыцыi ўручаюць навагоднiя падарункi, напрыклад, тарты. Некаторыя салдаты таксама абменьваюцца падарункамi. Пра дарагiя тут не iдзе гаворка, бо зарплата радавога салдата ўсяго 27 тысяч беларускiх рублёў. Не абыходзiцца свята i без Дзеда Мароза i Снягуркi, у касцюмы якiх пераапранаюцца двое самых артыстычных салдатаў. Яны праводзяць конкурсы з армейскiм ухiлам: хто хутчэй наматае анучкi, адзене процiвагаз, зойме сваё месца ў страi. I толькi пасля таго, як усе нагуляюцца ўволю, збiраюцца перад тэлевiзарам i глядзяць навагоднi канцэрт. Пасля навагодняй ночы салдатаў чакае яшчэ адзiн падарунак — на адну гадзiну больш сну. — Як трапiць у лiк салдатаў, звальненне якiх прыпадае на навагоднiя святы? — Кожны салдат за ўвесь перыяд службы мае права пайсцi ў звальненне на 10 сутак, — сказаў капiтан. — Акрамя таго, за прыкладную службу могуць адпусцiць яшчэ на трое сутак дадаткова. Але такi падарунак — правесцi Новы год дома з бацькамi — яшчэ трэба заслужыць. Як? Прыкладнай службай. ...Аднойчы бачыла, як пасля тэлефоннай размовы з братам-салдатам дзесяцiгадовая дзяўчынка абшчапiла абедзвюма рукамi мацi за шыю i радасна пракрычала на ўвесь аўтобус: "Матулечка, Саньку на Новы год адпусцiлi дадому!" Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пачатку снежня сяброўка вырашыла завезцi кiлаграм мандарынаў, каб хоць так наблiзiць свята добраму знаёмаму, якога летам забралi ў армiю. Вярнуўшыся |
|