Я сама!
Я сама!
Жанчына з крычаўскай глыбiнкi летась прадала дзяржаве 34 тоны малака. Яе гаспадарка — невялiкi калгас з фермай. А лёс Таццяны Драздовай можа стаць асновай для сюжэта галiвудскай кiнастужкi. Жывёльны свет Стройная жанчына з яркiмi блакiтнымi вачыма адразу запрашае на экскурсiю па падворку, дзе радасна брэша сабака Рэкс (яшчэ двух зачынiлi загадзя, каб яны гасцям пяткi не паадрывалi), важна ходзяць укормленыя качкi i з хлява выглядае прыгожы казёл з доўгай белай воўнай. Азнаямленне з гаспадаркай зацягваецца: склад з мукой i збожжам — "маё багацце", пяць кароў ды тры рамонтныя цёлкi — "цяпер даю дзве каровы i здаю 80 лiтраў малака праз дзень", котныя авечкi — "да лета будзе ўсiх паўсотнi", курынае седала — "дробную птушку не лiчу", кабан, бык, конi ды козы... Таццяна Фёдараўна задаволена ўсмiхаецца: "Я люблю, калi шмат жывёлы". Праўда, гэта любоў вымагае працы: штодня яна падымаецца каля 4 ранiцы i топчацца да 11 увечары, выхадных дзён не назiрае, Крым бачыла толькi на фоташпалерах ва ўласным пакоi, а адвярнуцца ад гаспадаркi можа на ежу i любiмы тэлесерыял пра "Жанчыну без мiнулага". У працу з галавой А ўсё яе мiнулае — як на далонi. Таццяна нарадзiлася ў вёсцы i з маленства дапамагала мацi, якая працавала даяркай на мясцовай ферме. Жанчына беражлiва захоўвае ва ўласным архiве пажаўцелы нумар раённай газеты за 1973 год, дзе яна, 4-класнiца, сфатаграфаваная з мацi i даiльным апаратам на ферме. Цяпер падобны апарат яна мае ва ўласнай гаспадарцы. Жыццё маладой сялянкi iшло па накатанай: дзяўчына скончыла сельскагаспадарчы тэхнiкум, пайшла замуж, нарадзiла двух сыноў. Але хутка яна засталася адна: муж загiнуў у аварыi. — Так у 20 гадоў я стала ўдавой i з тых часоў ваюю сама, — распавядае Таццяна Фёдараўна. — Я не здрадзiла сваёй сям’i i не пайшла зноў замуж. Чужыя дзецi нiкому не патрэбныя. Старэйшаму было 2 гады, а малодшаму — толькi 4 месяцы. Мне трэба было паставiць хлопцаў на ногi. І я вырашыла наноў пачаць жыццё i кiнулася з галавой у працу. Яна працавала даяркай i даглядала сваю гаспадарку. Здавала жывёлу i назапашвала грошы, каб даць сваiм сынам вышэйшую адукацыю. Праўда, зноў не пашанцавала: 5 тысяч савецкiх рублёў згiнулi ў вiры 1990-х. Аднак Таццяна Фёдараўна нiколi не кiдалася ў iстэрыку — не было часу за працай, ды i цвёрда ведала: гаспадарка дасць магчымасць пракармiцца ў любыя часiны. "Усе будуць сытыя!" — i сёння запэўнiвае Драздова. Натуральнае жыццё — У мяне яшчэ тры гектары зямлi, — паказвае яна. — У агародзе вырошчваем усё, што можна. У краме я набываю толькi хлеб, муку, соль i цукар. А так харчуемся толькi сваiм, таму i не хварэем. Харчы з гаспадаркi на Крычаўшчыне вельмi цэняць сваякi Драздовых з Масквы. Паспяховыя людзi пры пасадах i пагонах з ахвотай прымаюць у падарунак кошык часнаку, вядро буракоў, мех бульбы, каструлю яек, слоiкi варэння. Дарэчы, самi сваякi аднойчы запрасiлi Таццяну Фёдараўну пабываць у Маскве з вiзiтам у адказ: яна ранiцай прыбыла ў расiйскую сталiцу, за дзень паспела падзiвiцца на Крэмль i пакатацца па Маскве-рацэ. А ўвечары замест мюзiкла нечакана адправiлася на Беларускi вакзал i паспяшалася ў родную Дарлiвую. — У Маскве папросту няма паветра, i я не разумею, як там людзi жывуць, — паскардзiлася аднадзённая турыстка. — Аўтамабiлi, загазаванасць. У мяне галаву сплюшчыла, цiск зашкалiў. Гарады мне ўвогуле не падабаюцца. У нас жа тут чыстае паветра i прыгажосць. Улетку ўсё зялёнае, ягадку з’еў, яйка. А там усё трэба набыць i невядома, адкуль тыя харчы. Я прызвычаiлася да сваёй вёскi i нiкуды адсюль не хачу! Няма працы без прыбытку У хаце Таццяны Фёдараўны, як i звонку, патрыярхальнае сумяшчаецца з сучасным. Печка i просты сялянскi "дызайн" суседнiчаюць з камп’ютарам цi, напрыклад, энергазберагальнымi лямпачкамi. Лепшы падарунак для мацi ад тэхнiчна прасунутых сыноў — гэта чарговы мабiльны тэлефон. Яна "як Цэзар" любiць рабiць дзве справы адначасова: даiць кароў i з хлява размаўляць па тэлефоне са знаёмымi i сваякамi. Таццяна Фёдараўна выхоўвала сваiх дзяцей у працы. Сямейныя байкi сведчаць, што сыны дапамагаюць па гаспадарцы з таго часу, як пачалi хадзiць. Вова ў два гады меў такую адказнасць: даручаную карову падчас даення трымаў за хвост. А Лёню трэба было сядзець у градах i адганяць курэй. Аднойчы малому так надакучыла гэта справа, што ён стаў крычаць: "Кыш! Каб вы падохлi..." — Я нiколi дзецям не хлусiла i грошы ад iх не хавала, — распавядае свой рэцэпт выхавання Драздова. — Я iм паказвала: маўляў, вось нашы даходы. Калi што хочам набыць — трэба папрацаваць i зарабiць. Сёння Леанiду 26 гадоў, i ён працуе прадпрымальнiкам у Маскве. Малодшы Уладзiмiр заканчвае ў Вiцебскай акадэмii вучобу на ветэрынара i з цiкавасцю пашырае матчыну гаспадарку. — Трэба, каб заўсёды ад працы была аддача, — вучыць Драздова новае пакаленне працаўнiкоў на зямлi. — Мая навука такая: альбо трэба мець вынiкi i грошы, альбо зусiм не пачынаць справу. Кажуць, ад прыбытку галава не балiць. I хоць вельмi вялiкiх грошай працай на зямлi не заробiш, але грошы я не пазычаю, нам хапае. Гаспадарка — лепшая фiзкультура Аўтамабiля ў Таццяны Фёдараўны няма: яна аддае перавагу фурманцы, запрэжанай вялiзным чорным канём Бэндзiкам, альбо веласiпеду. Яна, стараста вёскi i актыўны дэпутат Касцюшкавiцкага сельскага Савета, звычайна на веласiпедзе ездзiць на сесii i пасяджэннi ў Крычаў цi цэнтр сельсавета за 12 кiламетраў. Кажа, што гэта вельмi карысна. Затое якая талiя i ўвогуле фiгура ў 45-гадовай Драздовай! Усе аматаркi дыет i фiтнэсу адпачываюць. Усе навамодныя сiстэмы аздараўлення i пахудзення саступаюць па вынiку штодзённым клопатам па гаспадарцы. Прыхiльнiца вясковага здаровага ладу жыцця зусiм не ўжывае алкаголь: яна супрацьпастаўляе сваю прынцыповую пазiцыю небяспечнаму захапленню вяскоўцаў. Яна ўпэўненая, што п’янства — гэта сорамна, ды i працы перашкаджае. I не збiраецца выдаткоўваць грошы на тое, ад чаго назаўтра балiць галава! У хаце гаспадыня трымае карысныя раслiны: на шафах стаяць гаршкi з алоэ (па-народнаму, сталетнiкам), а на сцяне вiсiць вялiзная вязанка часнаку. Таццяна Фёдараўна вырашыла, што надышоў час шчыльна заняцца здароўем i вызвалiць арганiзм ад шлакаў. Для гэтага яна скарыстала таямнiчы рэцэпт на аснове часнаку з брашуры савецкiх часоў пра тайны тыбетскай медыцыны. — Гэта я проста страхуюся па ўзросце i амалоджваю арганiзм, — усмiхаецца гаспадыня. — Акрамя настойкi часнаку, штодня ўжываю карысны алiўкавы алей. За клопатамi Таццяна Фёдараўна часам забываецца, ела сама альбо ўсё ж такi не. Але калi яна накрывае стол, то вочы разбягаюцца ад хатнiх прысмакаў. Вяленая паляндвiца, пальцам пiханая каўбаса, кiслая капуста, бульба, грыбы. Фiрмовая страва называецца рулетам: падчаровак са свайго парася, пасолены i прыпраўлены, трэба скруцiць, заматаць у фольгу i запякаць у печцы некалькi гадзiн. Нават паху ад гэтага рулета дастаткова для салiдарнасцi з маскоўскiмi сваякамi, якiя любяць сталавацца ў Драздовай. Страхоўка ад крызiсу — Маё галоўнае пажаданне ўсiм людзям — здароўя! — кажа Таццяна Фёдараўна. — А для гэтага трэба рухацца, працаваць. Ведаеце, шмат хваробаў ад нерваў: таго няма цi гэтага, грошай нестае, есцi ахвота... Але праўду кажуць: як патопаеш, так i палопаеш! Гаспадыня з Дарлiвай няшмат ведае пра крызiс, якi ахапiў свет. Але з таго, што прачытала ў газетах, зрабiла сваю выснову: "Няма чаго крызiсаваць!" I ўсе дэвальвацыi i страсеннi на рынках Драздову не хвалююць. — Мой ашчадны банк — каровы ды авечкi! — усмiхаецца яна. — Таму крызiс да нашых хлявоў не дабярэцца. У вёсцы скардзiцца на жыццё i крызiс толькi лянiвы, а хто працуе — атрымлiвае грошы i задавальненне. Старшыня Касцюшкавiцкага сельскага Савета Мiхаiл Барычэўскi кажа, што стараста Дарлiвай — асаблiвы чалавек, працаўнiца ад Бога. — Я нiколi не хварэю, таму што праца не дае мне такой магчымасцi, — проста тлумачыць яна. — Такая ў мяне адказнасць: што б нi здарылася, ранiцай падняцца i пайсцi да жывёлы. Затое ў мяне ўсё ёсць. I я мяркую, што мой час адпачываць яшчэ прыйдзе. У доказ апошняй высновы Таццяна Фёдараўна паказвае выхадное адзенне i футры. Маўляў, спатрэбiцца, калi можна будзе для сябе пажыць. Але гэта — потым. Спачатку трэба прыняць нявестак, даглядзець унукаў, падтрымаць матэрыяльна маладыя сем’i. А значыць — працаваць i даiць малака болей за сярэднюю ферму. I ўсё гэта — сама! — Я ўжо прызвычаiлася адна, — спакойна кажа жанчына. — I ў гэтым няма нiчога цяжкага. Усё лёгка. Мае сыны i мая гаспадарка — гэта радасць. Што ж, у Галiвудзе любяць добрыя фiналы. Шчаслiвыя ва ўсiх сэнсах. Таццяна Фёдараўна аб’явiла мужчын закрытай тэмай, лiчыць за лепшае гэта не варушыць i на моцную палову чалавецтва не звяртае ўвагi. Можа, гэта i не мая справа, але ўсё ж такi хочацца верыць, што яна яшчэ знойдзе сваё жаночае шчасце, якое расквецiць жыццё гэтай выбiўной працаўнiцы. I на яе звыклае "Я сама!" нехта адкажа: "Давай дапамагу, мая гаспадыня..." Iлона Iванова. Крычаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жанчына з крычаўскай глыбiнкi летась прадала дзяржаве 34 тоны малака. Яе гаспадарка — невялiкi калгас з фермай. А лёс Таццяны Драздовай можа стаць асн
|
|