Фальварак на Волме
Фальварак на Волме
Ці ўдасца аднавiць сядзiбу апошняга гаспадара Івянца? Нярэдка здараецца, што ў беларускiх паселiшчах ёсць гiстарычныя аб’екты, якiя на працягу доўгiх гадоў сталi iх сапраўднымi "брэндамi". Гэтыя адметнасцi прываблiваюць шматлiкiх турыстаў i госцi са здзiўленнем адкрываюць для сябе i iншыя адметнасцi мясцiн, куды яны завiталi. Не стаў выключэннем i Iвянец, якi ўваходзiць у шэраг цiкавых маршрутаў. Афiцыйна лiчыцца, што мястэчка налiчвае не менш чым шэсць стагоддзяў. Аднак магчыма, што Iвянец мае значна большую гiсторыю. Некалькi гадоў таму тут праводзiлiся раскопкi, падчас археалагiчных даследаванняў было знойдзена рытуальнае вогнiшча. Гэта сведчанне таго, што паселiшча iснавала яшчэ з паганскiх часоў. Жыла тут лiтва — племя ўгра-фiнскага паходжання, адсюль i пайшлi ўсiм вядомыя лiцвiны. Iвянец знаходзiцца на сапраўдным сумежжы цэнтральнай Беларусi i Панямоння, таму акумулюе лепшыя здабыткi гэтых гiсторыка-этнаграфiчных тэрыторый. Як адзначаюць спецыялiсты, можна весцi гаворку пра сапраўдны феномен Iвянецкага рэгiёна, якi фармiраваўся на працягу доўгага часу. Ва ўсе часы гэта была сапраўдная зямля майстроў. Славiлiся тутэйшыя ганчары, да якiх прыязджалi вучыцца не толькi з усёй Беларусi. Напрыканцы ХIХ стагоддзя тут працавалi 17 майстэрняў — невялiчкiх заводзiкаў, дзе выраблялася самая разнастайная керамiка. Вялiкi клас мелi кавалi, разьбяры па дрэве. Зараз у Iвянецкiм музеi традыцыйнай культуры (якi наведваюць разам з вядомымi касцёламi) iмкнуцца адрадзiць рамяство. Цяпер гэта цэлы комплекс, дзе ў тым лiку ёсць свая ганчарня, ткацкi цэх, кузня, майстэрня мастацкай апрацоўкi драўнiны. Колькi адметных аб’ектаў размясцiлiся ў гаспадарчых пабудовах апошняга гаспадара Iвянца — пана Драгунцава. Ён меў вялiкiя плошчы зямлi (каля 2,5 тысячы гектараў), у тым лiку валодаў i даволi вялiкiм мястэчкам. — Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай Кацярына II выдзелiла ў гэтых мясцiнах зямельныя ўчасткi сваiм ваярам, — кажа дырэктар Iвянецкага музея традыцыйнай культуры Алег Раманоўскi. — Сядзiбна-паркавы комплекс быў адбудаваны напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя. Дом пана быў даволi цiкавай пабудовай. Меў тры паверхi, прычым адзiн з iх размяшчаўся нiжэй за ўзровень зямлi, у падвале. Абаграваўся вялiкi сядзiбны дом з дапамогай... адной печкi. Справа ў тым, што ў сценах былi прароблены спецыяльныя адтулiны, па якiх праходзiла цёплае паветра. Панскi маёнтак перажыў цяжкiя часы. Падчас Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся штаб. Вядома, што ў будынку пэўны час была кантора дрэваапрацоўчага камбiната, пасля нават жылi людзi. Колькi гадоў дом Драгунцава стаяў пусты i пакрысе прыходзiў у заняпад. Пакуль у 2000-м тут не здарыўся пажар — агнём былi знiшчаны ўсе драўляныя часткi, засталiся толькi цагляныя сцены. Зруйнаваны маёнтак — вiдовiшча сумнае. Аднак руплiўцы не губляюць надзеi на адраджэнне сядзiбнага комплексу Драгунцава. I пэўныя крокi на гэтым нялёгкiм шляху ўжо зроблены. — Амаль адразу пасля пажару нам перадалi гэтыя будынкi, — узгадвае Алег Раманоўскi. — Магчыма, калi б мы атрымалi комплекс раней, то ўдалося б усё зрабiць меншымi намаганнямi. Тым не менш аднаўленне пачалося. Побач з маёнткам — шэраг будынкаў гаспадарчага прызначэння. Гэта быў сапраўдны фальварак, дзе займалiся вытворчасцю. У былой стайнi зрабiлi кузню i майстэрню мастацкай апрацоўкi дрэва. Наведвальнiкi могуць не толькi паназiраць за працэсам, але i паўдзельнiчаць. Выдатныя майстры ў Iвянцы, на шчасце, пакуль яшчэ ёсць. З iх дапамогай захоўваюцца сакрэты старажытных рамёстваў. Да прыкладу, вядома, што ў Iвянцы напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя налiчвалася каля 20 кузняў. Iх вырабы карысталiся вялiкiм попытам не толькi ў мясцовых жыхароў, але i ва ўсiм даволi вялiкiм рэгiёне. Цяпер захавалася толькi некалькi прыватных кузняў з абсталяваннем i рыштункам, якiя, праўда, не выкарыстоўваюцца па прызначэннi. Супрацоўнiкi музея карпатлiва збiраюць прылады працы i вырабы майстроў-рамеснiкаў. Як перакананы Алег Раманоўскi, такiм чынам удасца захаваць гэтую ўнiкальную спадчыну. Побач з кузняй, у суседнiм пакойчыку — "тэрыторыя" разьбяроў. Сапраўдным адкрыццём для мяне сталi старажытныя драўляныя маскi. "Яны выкарыстоўвалiся для дэкаратыўнага аздаблення, — кажа Алег Раманоўскi. — Гэтыя вырабы здольныя выклiкаць розныя эмоцыi". I сапраўды: калi ўглядаешся ў пацямнелыя ад часу драўляныя выявы, то на цябе быццам пазiраюць часiны, якiя перажылi гэтыя маскi. Вельмi важна тое, што майстэрнi размешчаны ў гiстарычных будынках. Такiм чынам безумоўна ўдалося стварыць нешта адметнае, ды i аб’екты захоўваюцца ў належным стане. Там, дзе ў апошняга гаспадара Iвянца быў свiран, мяркуецца зрабiць аўтэнтычную карчму. Адразу на ўваходзе — камора, дзе, як i патрэбна, размешчаны ўсе прылады працы, каб гатаваць смачныя стравы i пасля частаваць iмi наведвальнiкаў. Тут таксама захоўваюцца неабходныя прадукты. Сярод усяго iншага выстаўлены нават невялiкi "млынок" (малоць зерне цi каву), а таксама прылада, якая нагадвае... металiчны шпрыц. Аказваецца, што раней з дапамогай гэтага апарата рабiлi каўбасы. У шырокi цылiндр закладваўся фарш, якi пасля з дапамогай поршня пхаўся ў вузкую адтулiну. Каўбаса атрымлiвалася стандартнай па вазе i памеры. Магчыма, ужо праз непрацяглы час такую смакату можна будзе замовiць у самага сапраўднага карчмара. Прынамсi, яго куток з мураванай "барнай стойкай" ужо аздабляецца. У наступнай зале плануецца размясцiць столiкi. Тут ужо ўсталяваны арыгiнальны камiн. Дарэчы, яго зрабiў тутэйшы майстра Генадзь Вiлькоцкi. Таксама ён вылепiў герб Iвянца, iншыя дэталi цiкавага iнтэр’еру. У карчме ўжо падключана вада, каналiзацыя, ацяпленне. Як справядлiва заўважае Алег Раманоўскi, турыстам патрэбна сучасная iнфраструктура, таму варта забяспечыць належныя ўмовы. Пры гаспадарскiм падыходзе фальварак на Волме (сядзiбны комплекс на высокiм узгорку акружаны вадой — наперадзе рэчка, а збоку — вялiкi ручай) можа стаць надзвычай цiкавым аб’ектам. I будзе здольны прыемна здзiўляць наведвальнiкаў. Праўда, магчымасцi мясцовага музея абмежаваныя. Аднавiць маёнтак — справа надта затратная. I з гэтай задачай нi гарпасёлку, нi раёну самастойна не справiцца. — Цяпер шэраг прадпрымальнiкаў пачалi ўкладваць сродкi ў адраджэнне гiстарычнай спадчыны, — кажа Алег Раманоўскi. — Дзяржава выдзяляе грошы на рэстаўрацыю вялiкiх аб’ектаў, а ў нашым выпадку да месца прыйшлася б фiнансавая падтрымка прыватнiкаў. Маёнтак магчыма адбудаваць i зрабiць у iм адметны гатэль цi што-небудзь iншае. Я ўпэўнены, што гэтая прапанова карысталася б вялiкiм попытам. Такая iнiцыятыва заўсёды знойдзе падтрымку ўладаў, перакананы намеснiк старшынi Валожынскага райвыканкама Пётр Бiбiк. Так што спадзяваннi на аднаўленне сядзiбы апошняга гаспадара Iвянца рэальныя. Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Валожынскi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці ўдасца аднавiць сядзiбу апошняга гаспадара Івянца? Нярэдка здараецца, што ў беларускiх паселiшчах ёсць гiстарычныя аб’екты, якiя на працягу доўгiх
|
|