«Сярод суседзяў, землякоў, сярод раднi сваёй...»Новыя песнi на словы Адама Русака землякi паэта сустракалi громам апладысментаў ...Такога аншлагу даволi ўмяшчальная зала Дома культуры вёскi Пясочнае, што на Капыльшчыне, не бачыла даўно. Усе месцы i ў ёй, i на балконе, i дадатковыя крэслы былi занятыя ўжо за паўгадзiны да пачатку абвешчанага канцэрта. А людзi ўсё падыходзiлi, станавiлiся ўздоўж сцен, тоўпiлiся каля расчыненых дзвярэй i ў фае, але нiхто вяртацца назад нават не збiраўся. Ажыятаж зразумелы. У Пясочным – падзея! Не так часта пабачыш на вясковай сцэне каго са сталiчных артыстаў. А тут адразу Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi ў поўным складзе: музыканты, спевакi i сам маэстра Мiхаiл Фiнберг. Да таго ж з праграмай адметнай, прысвечанай творчасцi славутага ўраджэнца гэтых мясцiн, вядомага беларускага паэта Адама Русака, чыё 105-годдзе адзначаецца сёлета. Вершы Адама Русака натхнялi розных кампазiтараў — Iсака Любана, Генрыха Вагнера, Уладзiмiра Алоўнiкава, Iгара Лучанка, Юрыя Семяняку. На яго словы напiсана каля дзвюх соцень песень, сярод якiх сапраўдныя шэдэўры беларускай лiрыкi: “Не шукай ты мяне”, “ Не за вочы чорныя...”, “Ой, бярозы ды сосны...”, “Толькi з табою” i, вядома ж, знакамiтая “Бывайце здаровы!”, якую многiя i дасюль лiчаць народнай. Дзякуючы музыкантам Нацыянальнага канцэртнага аркестра песенная спадчына паэта папоўнiлася яшчэ амаль двума дзесяткамi новых твораў, сучасную музыку да якiх напiсалi кампазiтары Эдуард Зарыцкi, Алег Елiсеенкаў, Валянцiна Сярых, Леанiд Захлеўны. Разам з вядомымi песнямi на словы Адама Русака яны таксама гучалi ў Пясочным, на малой радзiме паэта. Сiмвалiчна, што першымi iх пачулi яго землякi. Паводле слоў народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга, штогод салiсты Нацыянальнага канцэртнага аркестра выконваюць па 4—5 новых праграм на словы беларускiх аўтараў. Прысвечаная паэзii Адама Русака – 28-я па лiку. Музыкантамi заслужанага калектыву створаны цыклы новых песень на словы Янкi Купалы, Якуба Коласа, Адама Мiцкевiча, Максiма Багдановiча, Аркадзя Куляшова, Уладзiмiра Караткевiча... Убачыла свет унiкальная праграма “Анталогiя беларускай паэзii ў песнi”, якая аб’яднала нацыянальную паэтычную класiку мiнулых гадоў i вякоў з сучаснымi мелодыямi i аранжыроўкамi. — Гэта складаная, карпатлiвая праца, i тое, што мы робiм яе, — сведчанне нашай павагi да вялiкай i багатай беларускай песеннай спадчыны, якую трэба берагчы i шанаваць, якая вартая таго, каб ёю ганарыцца, — адзначае маэстра Фiнберг. Громам апладысментаў сустракалi жыхары Пясочнага i суседнiх вёсак выступленне музыкантаў i салiстаў аркестра, падпявалi вядомыя песнi i ўважлiва слухалi новыя. Гасцямi вечара сталi народны артыст Беларусi кампазiтар Эдуард Зарыцкi i паэт Алесь Бадак. Для ўдзелу ў свяце з Мiнска прыехалi нашчадкi паэта – дачка Людмiла i ўнукi. — Зварот да творчасцi майго бацькi музыкантаў такога славутага аркестра i гэты канцэрт, падрыхтаваны на яго радзiме, – гiстарычная падзея для нашай сям’i. А разам з тым ажыццяўленне маёй мары, каб бацькавы песнi набылi новае жыццё. Ён заўсёды вельмi радаваўся, калi чуў выкананне сваiх песень, для яго гэта было самай высокай узнагародай, — падзялiлася ўражаннямi Людмiла Русак. Iдэю правесцi аўтарскi вечар паэта менавiта ў Пясочным шчыра падтрымалi i мясцовыя ўлады, i кiраўнiцтва Капыльскага раёна. На малой радзiме шануюць памяць земляка. Iмя Адама Русака носiць адна з вулiц у Пясочным, мемарыяльныя дошкi ўстаноўлены на будынку Песачанскай школы, дзе ён вучыўся, i на доме, дзе ён жыў, у вёсцы Малiнаўка. У раённым краязнаўчым музеi сабрана каля 125 экспанатаў, звязаных з жыццём i творчасцю Адама Русака. Мяркуецца, што частка iх, а можа, нават i ўсе стануць асновай асобнай экспазiцыi, якую плануюць адкрыць у Песачанскiм доме культуры. Дарэчы, для яго канцэрт, прысвечаны памяцi славутага земляка, стаў прэм’ерным. Пясочнае ў наступным рыхтуецца стаць аграгарадком. Будынак вясковага Дома культуры толькi адкрыўся пасля вялiкага рамонту i выглядае цяпер на зайздрасць нават райцэнтру. ...Як успамiнае Людмiла Русак, як толькi выпадала магчымасць, яе бацька заўсёды iмкнуўся з Мiнска на Капыльшчыну, да родных мясцiн. Звычайна даязджаў да Пясочнага на аўтобусе, а пасля любiў пешшу прайсцiся некалькi кiламетраў да сваёй Малiнаўкi. Вiдавочна, у адзiн з такiх прыездаў нарадзiлiся яго радкi: I зноў я тут, сярод палёў Малiнаўкi маёй, Сярод суседзяў, землякоў, Сярод раднi сваёй... Не прыгадаць iх у зiмовы, сагрэты песнямi вечар у Пясочным было немагчыма. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя песнi на словы Адама Русака землякi паэта сустракалi громам апладысментаў
|
|