Аляксандр Лукашэнка: Беларусь і Расiя павінны захаваць высокі ўзровень інтэграцыйнага ўзаемадзеяння
Аляксандр Лукашэнка: Беларусь і Расiя павінны захаваць высокі ўзровень інтэграцыйнага ўзаемадзеяння
Беларусь абсалютна шчырая ў палiтыцы, якую праводзiць у адносiнах да Расii. Аб гэтым заявiў у Маскве Прэзiдэнт Беларусi, старшыня Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзiдэнтам Расii Дзмiтрыем Мядзведзевым у фармаце "сам-насам". Аляксандр Лукашэнка адзначыў агульнасць праблем, з якiмi сутыкаюцца Беларусь i Расiя ў сувязi з сусветным фiнансава-эканамiчным крызiсам. Ён падкрэслiў, што практычна ўсе вострыя пытаннi двухбаковых адносiнаў увайшлi ў парадак дня пасяджэння ВДС. На думку беларускага лiдара, гэта добры сiгнал, i калi бакi будуць рухацца так i далей, то "мы зможам прыбавiць ва ўсiх адносiнах". "Мы поўныя рашучасцi прыняць важныя рашэннi ў галiне эканомiкi, ваенна-тэхнiчнай i фiнансавай сферах, у галiне надання статусу рэгiянальнай валюты расiйскаму рублю", — адзначыў Прэзiдэнт Беларусi. Аляксандр Лукашэнка расказаў расiйскаму калегу аб мiжнароднай сiтуацыi, якая складваецца вакол Беларусi. "Нам утойваць няма чаго, мы абсалютна шчырыя ў сваёй палiтыцы ў адносiнах да Расii", — падкрэслiў беларускi лiдар. Прэзiдэнты выказалi гатоўнасць да плённай i канструктыўнай работы на перагаворах i пасяджэннi Вышэйшага Дзяржсавета. Беларусь i Расiя павiнны захаваць высокi ўзровень iнтэграцыйнага ўзаемадзеяння. Аб гэтым заявiў Прэзiдэнт Беларусi, старшыня Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на пасяджэннi ВДС у Маскве. Беларускi лiдар падкрэслiў, што з моманту апошняга пасяджэння ВДС, якое прайшло больш як год таму, адбылiся кардынальныя змяненнi ў сусветнай палiтыцы i эканомiцы. "У поўнай меры праявiлi сябе хiбы манапалiзму ў сучаснай архiтэктуры светаўладкавання. Не без дапамогi непрадуманых дзеянняў асобных дзяржаў набiрае абарот глабальны фiнансава-эканамiчны крызiс", — адзначыў Прэзiдэнт. Ён дадаў, што гэты працэс не мог не закрануць сацыяльна-эканамiчныя сiстэмы Беларусi i Расii. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на сустрэчы 22 снежня 2008 года беларускi i расiйскi бакi ўлiчвалi гэтыя фактары i дамовiлiся аб тым, што на пасяджэннi Вышэйшага Дзяржсавета трэба разгледзець сапраўды актуальныя для дзвюх краiн пытаннi, якiя адпавядаюць рэалiям сучаснасцi i стратэгiчнаму характару нашых адносiнаў. "Гэтыя дамоўленасцi былi заснаваны на неабходнасцi аб’яднання намаганняў, каб у новых умовах не толькi не страцiць дасягнутае па ўсiх напрамках, але i надаць дадатковы iмпульс беларуска-расiйскаму партнёрству. Мы зыходзiлi з таго, што перш за ўсё неабходна забяспечыць дынамiку гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. У 2008 годзе тавараабарот Беларусi i Расii наблiзiўся да рэкорднай адзнакi $35 млрд. У спiсе асноўных гандлёва-эканамiчных партнёраў Расii Беларусь упэўнена займае 6-е месца. Гэта больш як 55 працэнтаў знешняга гандлю РФ з краiнамi ЕўрАзЭС. "І сёння надзвычайна важна ўтрымаць iснуючы памiж Беларуссю i Расiяй высокi ўзровень iнтэграцыйнага ўзаемадзеяння, узаемавыгаднай кааперацыi ў галiне прамысловага, навукова-тэхнiчнага i рэгiянальнага супрацоўнiцтва", — заявiў Прэзiдэнт Беларусi. Ён таксама адзначыў, што ў планах двух бакоў — больш хуткае завяршэнне работ па забеспячэннi на справе роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання Беларусi i Расii. Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што ў пабудове паўнацэннай Саюзнай дзяржавы пройдзены чарговы этап. Прэзiдэнт Беларусi падкрэслiў, што накапiлася шмат праблем, якiя патрабуюць сумеснага абмеркавання i выпрацоўкi аптымальных шляхоў вырашэння. "Па маiм даручэннi быў падрыхтаваны праект парадку дня, у якiм максiмальна адлюстраваны ўсе актуальныя моманты саюзнага будаўнiцтва, уключаючы тыя, да якiх была праяўлена асаблiвая ўвага з боку расiйскiх калег. Гэта i стварэнне Адзiнай рэгiянальнай сiстэмы процiпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы, якое абавязкова павiнна разглядацца ў адным пакеце з комплексам мераў па паглыбленнi ваенна-тэхнiчнага супрацоўнiцтва, i актывiзацыя эканамiчнага ўзаемадзеяння, у тым лiку ў пытаннi надання расiйскаму рублю статусу рэгiянальнай валюты. Iнакш сённяшняя сустрэча была б простай фармальнасцю", — падкрэслiў кiраўнiк беларускай дзяржавы. На думку Аляксандра Лукашэнкi, уносiмыя на зацвярджэнне кiраўнiкоў дзяржаў рашэннi — вынiк карпатлiвай i зладжанай работы абодвух бакоў, паказчык гатоўнасцi знаходзiць кампрамiсныя варыянты нават па самых складаных пытаннях у адпаведнасцi з асаблiвым, саюзным статусам Беларусi i Расii. "Бо сапраўдныя сябры нiколi не будуць дзейнiчаць ва ўрон iнтарэсам адзiн аднаго. Перакананы, сённяшняе пасяджэнне дасць магчымасць знайсцi эфектыўныя рашэннi па ўрэгуляваннi многiх праблем", — дадаў ён. Беларускi лiдар выказаў на- дзею, што зададзены тон работы будзе падтрыманы ўсiмi мiнiстрамi i двума ўрадамi з разуменнем таго, што "на наступнай сустрэчы будуць падрабязна абмяркоўвацца перспектыўныя напрамкi стратэгiчнага ўзаемадзеяння Беларусi i Расii ў новых умовах". У сваю чаргу Дзмiтрый Мядзведзеў адзначыў, што на разгляд ВДС вынесены падрыхтаваны ўрадамi антыкрызiсны план, якi з’яўляецца важным i своечасовым дакументам. Паводле яго слоў, бакi павiнны забяспечыць выкананне гэтага плана. Беларусь i Расiя падпiсалi Пагадненне аб сумеснай ахове знешняй гранiцы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы i стварэннi Адзiнай рэгiянальнай сiстэмы процiпаветранай абароны Рэспублiкi Беларусь i Расiйскай Федэрацыi. Дакумент падпiсаны ў Маскве пасля завяршэння пасяджэння Вышэйшага Дзяржсавета. Таксама дадзена даручэнне ў рамках ВДС распрацаваць i прадставiць у блiжэйшы час на разгляд пратакол да Пагаднення аб сумеснай ахове знешняй гранiцы Саюзнай дзяржавы i стварэннi Адзiнай рэгiянальнай сiстэмы процiпаветранай абароны Беларусi i Расii. Як адзначыў на пасяджэннi ВДС Прэзiдэнт Расii Дзмiтрый Мядзведзеў, рэалiзацыя гэтага дакумента прыкметна павысiць абараназдольнасць Беларусi i Расii. Раней начальнiк Генштаба Узброеных Сiлаў — першы намеснiк мiнiстра абароны Беларусi Сяргей Гурулёў паведамляў, што пасля падпiсання пагаднення будзе вызначаны механiзм стварэння адзiнай сiстэмы ППА Беларусi i Расii, якая павiнна адпавядаць задачам, што стаяць перад ёй: своечасова рэагаваць на магчымае нагнятанне абстаноўкi i любыя праяўленнi тэрарызму ў паветры. Галоўнакамандуючы ВПС Расii генерал-палкоўнiк Аляксандр Зелiн адзначаў у iнтэрв’ю расiйскiм СМI, што ў рамках гэтай сiстэмы Беларусь стане першым эшалонам аховы сумеснай паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы. Стварэнне Адзiнай рэгiянальнай сiстэмы ППА Беларусi i Расii павышае радыёлакацыйны кантроль паветранай прасторы на малых i звышмалых вышынях на заходняй гранiцы Саюзнай дзяржавы ад краiн Балтыi да Украiны. Учора ў Маскве таксама падпiсаны пратакол аб абмене граматамi аб ратыфiкацыi Пагаднення памiж Расiйскай Федэрацыяй i Рэспублiкай Беларусь аб забеспячэннi роўных правоў грамадзян дзвюх краiн на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання i жыхарства на тэрыторыi дзяржаў — удзельнiц Саюзнай дзяржавы. Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь абсалютна шчырая ў палiтыцы, якую праводзiць у адносiнах да Расii. Аб гэтым заявiў у Маскве Прэзiдэнт Беларусi, старшыня Вышэйшага Дзяржсавет
|
|