21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

“Савецкі” Аўганістан: місія ганьбы ці гонару?

26.08.2009 15:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

15 февраля 2009 Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

15 лютага спаўняецца 20 гадоў, як савецкiя войскi пасьля 10-гадовай акупацыi Аўганiстану пакiнулi краiну. Ад сьнежня 1979 году да лютага 1989-га ў Аўганiстане прайшлi вайсковую службу 620 тысяч чалавек, яшчэ 20 тысяч працавалi на цывiльных пасадах. Штогадовая савецкая прысутнасьць складала 80-100 тысяч вайскоўцамi i 10 тысяч цывiльнымi асобамi. У гэтай статыстыцы ёсьць i беларускi сьлед. За 10 гадоў ваенкаматы накiравалi ў Аўганiстан 32 тысячы прызыўнiкоў зь Беларусi: каля 800 зь iх загiнулi, 12 зьнiклi бязь вестак, больш за 700 вярнулiся дадому iнвалiдамi. Якiя ўрокi "iнтэрнацыяналiзму" атрымалi ўдзельнiкi аўганскай кампанii?

Савецкiя войскi вяртаюцца з Аўганiстану. 1989 год
На гэтым тыднi вэтэранам-аўганцам уручалi юбiлейныя мэдалi да 20-годзьдзя вываду савецкага вайсковага кантынгенту з Аўганiстану. Сем'i палеглых на той вайне атрымалi яшчэ i аднаразовую матэрыяльную дапамогу — у эквiваленце крыху больш за 50 даляраў. Аднак на рэвэрансы ўладаў у асяродку воiнаў-аўганцаў пачалася кампанiя адмовы ад узнагародаў. Адзiн з "адмаўленцаў" Алег Воўчак тлумачыць: амаральна апэляваць да аўганскай тэмы, перад гэтым пазбавiўшы людзей практычна ўсiх iльготаў:

"Сёньня (13 лютага - рэд.) ўзнагароджваньне па Цэнтральным раёне Менску, запрашалi атрымаць мэдалi. Я не пайшоў. I яшчэ больш за 50 чалавек пiсьмова адмовiлiся ад мэдалёў. Ёсьць i тыя, хто прыходзiў у залю на ўручэньне, як, прыкладам, у Фрунзенскiм раёне — у сьпiсе адзначалiся, але не ўставалi, не атрымлiвалi. I гэта моцны супрацiў за аднаўленьне парушаных правоў. Чаму так захвалявалiся ўлады? Парушаныя заканадаўствам правы ня толькi аўганцаў, але i вязьняў малалетнiх, i чарнобыльцаў. Калi мы адновiм нашы iльготы, то па ланцужку павiнны аднавiць iльготы чарнобыльцам i вязьням. Шмат хто думае, што iдзе барацьба толькi за аўганскiя льготы. Не, гэта змаганьне за вяртаньне ў прававое поле нормаў, якiя былi законнымi. Дзяржава не павiнна ўплываць, каб у пэўных катэгорый забiралi льготы".

Юбiлейныя мэдалi i невялiкая матэрыяльная дапамога наўрад цi суцешаць бацькоў, якiя страцiлi ў Аўганiстане сваiх дзяцей. Сын мацi-адзiночкi Нiны Навiчонак Iгар стаў ардэнаносцам пасьмяротна — за некалькi месяцаў да дэмабiлiзацыi яго перакiнулi туды з Пскову. Апошнiя чвэрць стагодзьдзя спадарыня Навiчонак размаўляе толькi з фотаздымкам сына — iншых дзяцей у яе няма:

"Вось Гарбачоў, цi хто там яшчэ, падпiсвалi ўсе гэтыя ўзнагародныя паперы. Нашто мне гэтыя мэдалi, што яны пасьмяротна панадавалi? Пасьмяротна ўсiм хлопцам далi ордэн Чырвонай зоркi, таксама нейкi мэдаль ад аўганскага народу. Якая мне можа быць удзячнасьць ад гэтага народу?! Той народ усё жыцьцё ваюе. Там мiру, напэўна, нiколi ня будзе".

Сын Ларысы Ладуцькi першы лiст дадому даслаў з вайсковага шпiталя гораду Чырчык, што ва Ўзбэкiстане. Пiсаў, што паранены ў нагу, але нiякiх iншых падрабязнасьцяў. Праўда адкрылася пасьля таго, як мацi вырашыла ляцець да Аляксандра:

"На працы ўжо калi даведалiся, сабралi грошы на дарогу. I мы з пляменьнiцай паляцелi туды самалётам. Скажу вам чэсна, размаўляць з сынам не магла. Як толькi рот раскрыю, мяне сьлёзы душаць. Саша пытаецца: мама, а што ты ўсё маўчыш i маўчыш? Пляменьнiца за мяне адказвае: у тваёй мамы вельмi горла балiць, яна ня можа размаўляць. I ведаеце, колькi я зь iм там была, у душы адчувала: я яго бачу апошнi раз. Ужо потым, як села ў самалёт, да самага дому ў сьлязах мылася".

Пасьля выпiскi са шпiталя Аляксандар зноў быў вернуты ў Аўганiстан i загiнуў у 1984-м блiзу аўганскага Баграму.

Тэрмiн знаходжаньня вайскоўцаў у складзе савецкага кантынгенту быў акрэсьлены адмысловымi iнструкцыямi: ня болей за 2 гады для афiцэраў i 1,5 года для сяржантаў i шарагоўцаў. Але выконвалася патрабаваньне не заўсёды. Андрэй Iвонiн у Аўганiстан зрабiў тры "ходкi", агулам прабыў у "гарачым пункце" 5 гадоў. У складзе байцоў Вiцебскай паветрана-дэсантнай дывiзii браў удзел у захопе палацу кiраўнiка Аўганiстану Амiна. Мае два ордэны Чырвонай Зоркi, мэдалi "За адвагу" i "За баявыя заслугi". Згадвае першае знаёмства з "абарыгенамi":

"Мы на iх глядзелi зьдзiўлена, яны — на нас: пэўна, такiх клоўнаў у форме дагэтуль ня бачылi. Па шчырасьцi, думалi, што прабудзем там тыдзень-другi, а потым перадамо пяхоце свае наседжаныя месцы i спакойна адляцiм у Саюз, назад у Вiцебск. Такая думка была ўва ўсiх, i такiм спадзяваньнем жылi. Але кожны тыдзень гэта адкладалася, мы расстройвалiся, разумелi — чамусьцi ўсё затрымлiваецца, штосьцi няправiльна разьвiваецца. А тут яшчэ зiма пачалася, няхай не такая суровая, як у нас, але ўсё роўна зiма, слота, вельмi непрыемна. Тым больш нiякага абмундзiраваньня, рыштунку ў нас не было. З сабой штосьцi везьлi, але не было нiчога цёплага. Як былi боты-анучы, нацельная бялiзна i „хэбэ", так i засталiся. Толькi шмат пазьней пачалi пераапранацца, пераабувацца. Але кожны дзень чакалi, што адтуль адляцiм".

Адным з тых, хто ставiў кропку ў 10-гадовай вайне, быў амбасадар Савецкага Саюзу ў Аўганiстане Юлiй Варанцоў. Менавiта ён дамогся гарантый ад муджахедаў, каб тыя не стралялi ў сьпiну падразьдзяленьням, якiя будуць адыходзiць. Летась 78-гадовы дыплямат памёр у Маскве. Незадоўга да гэтага ў iнтэрвiю Радыё Свабода ён так выказаў сваё стаўленьне да тых гiстарычных падзеяў:

"Першапачаткова задума была такая: у баявых дзеяньнях ня ўдзельнiчаць, а ўстаць на мяжы i не прапускаць з Пакiстану падмацаваньне муджахедам. Але воленс-ноленс давялося ўцягвацца ў баi. Далей — болей. I гэта ўжо было няправiльна. Асноўная памылка — што адпачатку ўвялi мала войскаў, тры дывiзii. Трэба было ўводзiць больш, паставiць iх на пакiстана-аўганскай мяжы. А далей з унутранымi справамi разьбiралiся б самi аўганцы. Але памылкi такога кшталту здараюцца. Iншая рэч, што амэрыканцы мне наўпрост казалi: дарэмна вы сышлi з Аўганiстану. Каб заставалiся, не было б 11 верасьня, не было б талiбаў, усяго, што здарылася з-за адыходу. Талiбы далi прытулак чарцям-бэнладэнаўцам, якiя там збудавалi трэнiровачныя лягеры. А потым зь лягераў выйшлi дывэрсанты, якiя падарвалi хмарачосы ў Нью-Ёрку. Якаясьцi доля праўды ў гэтым ёсьць".

Фактычная акупацыя савецкiмi войскамi Аўганiстану выклiкала нэгатыўную рэакцыю ва ўсiмi сьвеце. У 1980-м, праз год пасьля пачатку ваеннай кампанii, на знак пратэсту заходнiя краiны байкатавалi маскоўскую Алiмпiяду. Аднак тагачаснае кiраўнiцтва СССР увод войскаў тлумачыла неабходнасьцю "iнтэрнацыянальнай дапамогi на просьбу аўганскага народу". Савецкi дысыдэнт Сяргей Кавалёў, якi ў той час адбываў тэрмiн за антысавецкую дзейнасьць, згадвае: навучальныя ўстановы лiтаральна трашчалi ад маладых аўганцаў, якiх муштравалi на пабудову новага парадку паводле савецкага ўзору:

"У той жа момант вайсковыя навучальныя ўстановы СССР напоўнiлiся аўганскiмi афiцэрамi. Дарэчы, я сядзеў на зоне разам з адным чалавекам, якi быў асуджаны па нейкай шпiёнскай справе i таму трапiў на палiтычную зону. Па сутнасьцi фарцоўшчык. Дык ён зарабляў тым, што абслугоўваў дзяўчатамi гэтых самых аўганскiх рэвалюцыйных афiцэраў. Вось так Масква выхоўвала сабе магутную апору. Увогуле людзi, якiя цiкавiлiся падзеямi, што адбывалiся ў Аўганiстане, выдатна разумелi: пасьля зьвяржэньня манархii Савецкi Саюз аказаўся востра зацiкаўленым бокам. Аўганiстан стаў тэрыторыяй, якую вырашылi зрабiць падкантрольнай, прыбраць да рук".

Хваля савецка-аўганскага стратэгiчнага партнэрства не абмiнула i Беларусь. Беларускiх хлопцаў кiнулi ў Аўганiстан ратаваць незразумелыя iдэалы, а тысячы аўганскiх студэнтаў атабарылiся савецкiм коштам у беларускiх ВНУ. Дарэчы, пасьля атрыманьня адукацыi шмат хто зь iх так i не вярнуўся на радзiму. Цяпер жа, як кажа адзiн з кiраўнiкоў аўганскай суполкi ў Менску Джоя Хайдар, у Беларусi вучыцца якi дзясятак аўганцаў. У такой сытуацыi ён вiнавацiць цяперашнi "марыянэтачны рэжым" Аўганiстану:

"На жаль, пасьля вываду савецкiх войскаў, калi дэмакратычны рэжым Аўганiстану быў скiнуты новымi ўладамi, якiя прадстаўляюць былыя бандфармаваньнi, што ваявалi з намi, падобнае становiцца немагчымым. Таму што дзяржава гэтая марыянэтачная, праамэрыканская. I не дае ходу нiякiм iнiцыятывам. Я асабiста зь мiнiстрам адукацыi з гэтай нагоды неаднаразова сустракаўся, каб адкрыць паток нашых студэнтаў у Беларусь. На жаль, у Аўганiстане адмоўнае стаўленьне да гэтага. Цяпер студэнты празь дзяржаўную падтрымку нiдзе ня вучацца; усё на платнай аснове, за ўласныя сродкi. Прынамсi, нiводнага аўганскага студэнта ў Беларусi зь дзяржаўным забесьпячэньнем я ня ведаю".

Страты Савецкага Саюзу на тэрыторыi Аўганiстану склалi 14453 чалавекi — гэта тыя, хто быў забiты, памёр ад раненьняў i загiнуў у надзвычайных здарэньнях. Паранена 49985 чалавек. Забiта 20 цывiльных асобаў, сярод iх кiнэматаграфiсты, журналiсты, будаўнiкi, лекары. Зьнiкла бязь вестак цi трапiла ў палон 417 вайскоўцаў: 119 чалавек у розныя гады вызваленыя, 97 зь iх вярнулiся на радзiму. Больш за два дзясяткi дагэтуль знаходзяцца ў iншых краiнах. Забiтых у ваеннай кампанii аўганцаў — у супрацьстаяньнi з савецкiмi войскамi i ўрадавымi падразьдзяленьнямi — ня менш за мiльён чалавек.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 февраля 2009 Общество Ігар Карней, Радыё Свабода 15 лютага спаўняецца 20 гадоў, як савецкiя войскi пасьля 10-гадовай акупацыi Аўганiстану пакiнулi краiну.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика