Уладзімір Някляеў: “Для жанчыны імя мае вялікае значэнне, бо яна ж істота з вельмі тонкімі рэцэптарамі”
17 февраля 2009 Культура
Радио TUT.BY Распачынаючы першае беларускае радыё-рэаліці-шоў “Жаночае імя Беларусі”, яго творчы склад у асобах музыкі Зміцера Вайцюшкевіча і паэта Ўладзіміра Някляева распавялі слухачам Радыё TUT.BY, якія жаночыя імёны мелі найбольшае значэнне ў іх жыцці, пра часавыя рэкорды ў напісанні песень. Таксама распавялі пра наіўнасць беларускіх жанчынаў, пра свае запаветныя мары і творчае ўзаемадзеянне. Поўную версію размовы слухайце тут
Ці верыце вы ў лёсаноснасць імёнаў? Зміцер Вайцюшкевіч: У штодзённым жыцці, канешне, мае асабліва, калі нараджаецца дзіця, ці пішацца верш, ці выдаецца кніжка, тады гэта вельмі важна. Я, да прыкладу, вельмі “растроены”, у тым сэнсе, што маю аж тры іпастасі: я - Зміцер, у “Палацы” быў Фёдар, зараз я Тодар. Гэта, я спадзяюся, дапамагае мне ў маім імкненні быць паўсюль. Уладзімір Някляеў: А мне здаецца, што для мужчынаў імя не мае аж такога значэння. Кажу гэта на прыкладзе аднаго майго знаёмага, якога звалі Антоні-Казімір. Паколькі палякам ён быць не хацеў, ён быў Антоні і піў як не паляк, а калі час змяніўся стаў Казімірам, захацеўшы стаць культурным. Але змена імя яму не дапамагла. А на жанчыну ўсё значна больш уплывае, бо яна ж істота з больш тонкімі рэцэптарамі. І імя для яе мае большае значэнне. Кожнага разу яна - нечаканы сусвет, незалежна ад таго, як ён называецца. А што да творчасці, то магу сказаць пра кнігі: чым лепшая кніжка, тым лепшае яна выбірае сабе імя. Якія самыя экстравагантныя імёны сустракаліся вам у жыцці і ці адыгрывалі яны нейкую ролю ў вашым жыцці? Зміцер Вайцюшкевіч: У мяне самым моцным уражаннем з дзяцінства было імя майго дзеда, якога я, на жаль, ніколі не бачыў. Яго звалі Імполь. Але маёй матулі ў пашпарце напісалі “Іпалітаўна”, хаця я разумею дакладна, што да Іпаліта Імполь не мае ніякага дачынення. І для мяне заўседы гэта быў канфлікт паміж ляхавіцкім і савецкім. А што пра жаночыя імёны, дык на сённяшні дзень нейкія банальныя, здавалася б, імёны, такія як Алена, Таццяна могуць быць рэдкімі. Таксама калі вобраз нейкага імя пачынае нейкім чынам на цябе ўздзейнічаць, то самое імя, канешне, мае магічнае значэнне. Калі я даю аўтограф, я заўсёды гляджу на твар жанчыны ці дзяўчыны і разумею, што існуе нейкая сувязь паміж імём і яе вобразам, знешнім выглядам. Ёсць нейкія жаночыя імёны, якія адыгралі важную ролю ў вашым жыцці, здзівілі вас? Уладзімір Някляеў: Безумоўна, на жаночае імя звяртаеш увагу, асабліва, калі на вуліцы хтосьці гукне, напрыклад, “Макрына!”. Абавязкова азірнешся, што там за Макрына. Найбольш, канешне, здзівіла мяне імя Семіраміда, якое я пачуў на шклозаводзе ў італьянскай Венецыі. Да таго ж яна апынулася дачкой гаспадара гэтага заводу цудаў. І вось тады я зразумеў, чаму адзін з цудаў свету называецца вісячыя сады Семіраміды. Але гэта не азначае, што Мар’я ці Дар’я могуць здзівіць ці ўразіць менш. Зміцер, а ў вас ёсць стэрэатыпы нейкія ў дачыненні да жанчынаў-уладальніц тых самых імёнаў, напрыклад, Таццяны такія і такія, а Мілы - такія і такія? Зміцер Вайцюшкевіч: Для пэўнае значэнне мае імя Вераніка, мае для мяне значэнне імя Алена, бо ўладальніца гэтага імя мела значэнне для мяне. Мае для мяне значэнне імя Кася і шмат яшчэ якіх імёнаў. Яшчэ ведаю, што ў Польшчы ўсе Касі, іх настолькі там шмат, што касой не скосіш. Канешне, маючы пэўны досвед адносінаў з Кацярынай, я канешне, праектаваў гэта на ўсіх астатніх. З гэтай нагоды адзін мой польскі ж сябра сказаў: “Кожны мужчына ў сваім жыцці мусіць мець Касю, а ўжо пасля ўсё будзе нармальна”. А ў вашай творчасці якія жаночыя імены сустракаліся? Зміцер Вайцюшкевіч: На маім апошнім альбоме ёсць песня пра Святлану, да таго было шмат народных песень, у якіх той ці іншай рыфмай сустракаліся Ганначкі, Галечкі, Касечкі. Не адзін мой альбом быў прысвечаны пэўнаму жаночаму імені. Уладзімір Някляеў: Беларускія жанчыны - яны самыя наіўныя, з імі прасцей за ўсё. Калі ты ёй дасі хоць трошкі з таго, чаго яна чакае, усё - твая. Некалі ў мяне з “Песнярамі” была песня з імем Марына. Мы яе напісалі, адрэпетыравалі, але не спявалі і запісаў не. І тут перад канцэртам я знаёмлюся з дзяўчынай, якую завуць Марынка. Я раблю выгляд, што я проста ад яе “выпаў”, і я кажу, што зараз пайду і з “Песнярамі” напішу для яе песню. Прайшло можа хвілін 12-15, за гэты час не тое што песню, там тры ноты не напішаш, а ўжо на сцэне музыкі спяваюць песню: Марына, Марына, каго ж ты там чубіш, каго ж ты там любіш А мая-та Марынка паверыла! Я гляджу ў залу - сядзіць, верыць. Па умовах нашага шоў вы будзеце мець поўных 8 гадзін для таго, каб напісаць песню. Справіцеся? Уладзімір Някляеў: Ну, кепкую можна і за пяць хвілінаў напісаць. А дарэчы, можна і найлепшую за пяць хвілінаў напісаць. З маёй практыкі як раз найлепшае тое, што ўзнікае само па сабе, нібыта без тваей волі без тваіх высілкаў. А ёсць у вас нейкія рэкорды па напісанню песень, вершаў? Уладзімір Някляеў: Ёсць. Мы з Васілём Раінчыкам напісалі песню “Карнавал” насамрэч за паўгадзіны перад пачаткам канцэрта. Гэта быў такі савецка-кубінскі фестываль, і нас туды не пускалі. Для гэтага былі там маскоўскія розныя калектывы. І тут раптам адзін з калектыўчыкаў зляцеў, і ў гэтую нішу - “Верасоў” запрашаюць! Але пытаюць нешта кубіна-савецкае ў рэпертуары. Я толькі хацеў сказаць, што не маем мы нічога такога, а Васіль Петровіч Раінчык кажа: “Есть!”. Я кажу: “Вася, няма!” А ён мне: “Будет, Вова, сейчас будет!”. Ну, і праўда зрабілі: “На карнавал, на карнавал, мы приглашаем ”. Гэтая песня зробленая літаральна за паўгаздіны. Зміцер Вайцюшкевіч: З большага ўсе ж такі я люблю пісаць і думаць хутка. Песня - гэта якраз тая магія спалучэння формаў, мовы і музыкі праз артыста. Пра гэта ўсе добра ведаюць, але, на жаль, нашая папса, і не толькі нашая пра гэта забываецца, калі выходзіць на сцэну. Ёсць только формы ў выглядзе налітых натуральных ці штучных грудзей ці падфарбаваных насоў і гэтак далей, а пра песню выканаўца забываецца. З майго пункту гледжання, вобраз узнікае сам, таму што ёсць асоба, ёсць біяграфія таго ж паэта Някляева, паэта Барадуліна, паэта Маякоўскага, і гэта дае падказку. Але самыя неспадзяванкі чакаюць паэтаў, калі ўжо матэрыял запісаны, а яны слухаюць і кажуць: я бачыў усё гэта па-іншаму, з-за чаго мы з Уладзімірам Пракопавічам увесь час не тое што канфліктуем, але так творча вельмі цудоўна адзін аднаго падкалываем. Пытанне ад слухачоў: які музычны твор вы хацелі б мець сапраўдным гімнам Беларусі? Зміцер Вайцюшкевіч: Ну, для мяне гэта ўсё ж такі “Магутны Божа”. Уладзімір Някляеў: Я скажу толькі не той, які сёння спяваецца на усіх мерапрыемствах - кампазіцыя і падобны на пахавальны марш. Канешне, гімнавая мелодыя павінна быць усё ж такі мажорнай. З самых прыгожых і самых унутрана беларускіх мелодый гэта мог бы быць “Паланэз Агінскага”. Наступнае пытанне Зміцеру: калі ўявіць, што вы зарабляеце сабе на жыццё не музыкай, чым бы займаліся? Уладзімір Някляеў: Магчыма, я стаў бы шклодувам, мог бы дуць вазы з крышталя. А магчыма, мог бы стаць будаўніком, а лепш, напрыклад, кіраўніком якога-небудзь будаўнічага трэсту. Ці гаспадаром кампаніі, якая брала б буйныя дзяржаўныя замовы без аніякіх адкатаў, я бы быў лаўрэатам дзяржпрэміі, працаваў бы на беларускую справу, будаваў бы школы, садкі, басейны, спорткомплексы і гэтак далей. Я б прыдумаў такую сабе працу, каб нічога не рабіць, а грошы атрымліваць. Ці ёсць імёны, якія, на вашую думку, не атрымаецца вершаваць? Уладзімір Някляеў: Не, такіх імёнаў няма. Гэта лёгкая штуковіна - рыфмаваць, асабліва ў нашай мове. Пытанне ў тым, дзеля чаго вершаваць, і што ты гэтым хочаш сказаць. Для мяне пакуль пытанне, як будзе выбірацца Жаночае імя Беларусі з той безлічы, якая існуе. Пытанне ад слухачкі: у мяне ёсць мара пазнаёміцца з Вамі, Зміцер, проста каб сябраваць. Ці магчыма гэта для простай беларускай дзяўчыны? Зміцер Вайцюшкевіч: Трэба падумаць, як спланаваць гэтае знаёмства для сяброўства Уладзімір Някляеў: Не ўспрымай усё так сур’ёзна, там жа нават фотаздымка няма Ці ёсць у вашым жыцці пытанне, на якое вы да сенняшняга дня не можаце знайсці адказу? Уладзімір Някляеў: Па сутнасці, каб былі ўсе пытанні вырашаныя, то я б сёння адклаў любы інструмент, якім можна пісаць. Але на асноўнае пытанне быцця адказу як не было да мяне, так не будзе пры мне і пасля мяне. Вось гэтая немагчымасць адказаць на асноўнае пытанне жыцця і змушае людзей да двух рэчаў: да веры - вядзе іх да Бога, каб там атрымаць адказ на гэтае асноўнае пытане, дзеля чаго ты жывеш у свеце, што ты такое ёсць; і да мастацтва. Гэтыя інстытуцыі здольныя не адказваць на гэтае пытанне, а намагацца на іх адказаць і весці іх да вырашэння гэтага пытання. Зміцер Вайцюшкевіч: А мне хацелася б пашырыць сваю мову мастацтва. Можа быць, праз тое, што я стану крыху лепшым, зразумею, як усе вялікія людзі, што жыццё не мае ніякага сэнсу, але пражыву поўнае мастацкае жыццё. І яшчэ адное пытанне пра вашую запаветную мару. Якая яна? Уладзімір Някляеў: Мая мара - папярэдне ўгадаць імя, якому будзе нададзены тытул “Жаночае імя Беларусі”, і напісаць тэкст, каб пасля не перажываць. Зміцер Вайцюшкевіч: Ну а я музычку мару напісаць да песні-прысвячэння Жаночаму імені Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17 февраля 2009 Культура Радио TUT.BY Распачынаючы першае беларускае радыё-рэаліці-шоў “Жаночае імя Беларусі”, яго творчы склад у асобах музыкі Зміцера Вайцюшкевіча і паэта Ўладзіміра Някляева распавялі слухачам Радыё TUT.BY, якія жаночыя імёны мелі найбольшае значэнне ў іх жыцці, пра часавыя рэкорды ў напісанні песень.
|
|