21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Хто яны, дзеці, якія выхоўваюцца па-беларуску

26.08.2009 15:24 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

21 февраля 2009 Общество
Iлья Лапато, Звязда З гiсторыi вядомы выпадак, калi выхаванае на роднай мове дзiця станавiлася адраджэнцам сваёй культуры. Самы яскравы прыклад — яўрэйскага хлопчыка Ітамара Бен-Авi, бацькi якога пры размове з сынам карысталiся толькi iўрытам. I што вы думаеце, калi яшчэ ў сярэдзiне 19 стагоддзя ў Iерусалiме мала хто размаўляў на iўрыце, то сёння iўрыт — нацыянальная мова Iзраiля.

Такiя ж "Iтамары" выхоўваюцца сёння i ў беларускiх сем’ях. Толькi iмёны ў iх славянскiя. Дзецi, якiя з маленства гадуюцца на роднай мове, не проста карыстальнiкi, яны — носьбiты роднай мовы.

Раённы феномен — цэлы адзiн

"Ведаеце, калi я зразумела, што ў гiмназii ўсё атрымаецца? — гаворыць Нiна Нiкiцiна, дырэктар сталiчнай беларускамоўнай гiмназii № 23. — Калi настаўнiкi гэтай школы павялi сюды сваiх дзяцей, калi яны самi паверылi ў тое, што яны робяць. Такiм чынам рускамоўныя класы паступова выпускалiся, а новы набор праводзiўся толькi ў два беларускамоўныя першыя класы i ў два класы гiмназii. Вось так наша гiмназiя — ужо з новым статусам — i пачала сваю працу.

Гiмназiя № 23 належыць да лiку тых, пра якiх часам кажуць: цэлая адна. Гэта адзiная ў Савецкiм раёне сталiцы беларускамоўная гiмназiя. Сёння ў ёй навучаецца каля 400 чалавек, прычым працуе гiмназiя толькi сёмы год.

— Практыкуем сустрэчы вучняў нашай гiмназii з беларускамоўнымi школамi замежжа, у Вiльнюсе ёсць адна беларускамоўная школа, у Беластоку — дзве школы, у Бельску-Падляскiм — таксама дзве школы… Калi ты беларус i жывеш на гэтай зямлi — я не бачу тут праблемы, але захаваць беларусаў у той жа Латвii, у той жа Амерыцы, у той жа Польшчы — гэта цяжка. I нашы вучнi павiнны вучыцца будаваць сяброўскiя адносiны. Чаму мы ўзялi ў якасцi замежнай мовы таксама i кiтайскую? Калi патрэбныя будуць перакладчыкi i прадстаўнiкi Беларусi ў Кiтаi, каб там былi людзi, якiя за адным сталом могуць i расказаць пра Беларусь, i сувенiры беларускiя зробяць. Пакажуць, што i нам не адно тысячагоддзе, панове: нас таксама Бог стварыў тады, калi i кiтайцаў, — разважае Нiна Iванаўна.

Жанчына расказвае, а я вывучаю ў яе кабiнеце тыя незлiчоныя дыпломы, ганаровыя граматы i iншыя ўзнагароды, якiя заваявала гiмназiя, дзякуючы працы i талентам сваiх вучняў. Вось дыплом пераможцаў раённага конкурсу-агляду на лепшае добраўпарадкаванне i афармленне школьнага двара ў 2005 годзе, а вось падзяка "за значны ўклад у развiццё сiстэмы адукацыi"…

— Мова робiць адбiтак на ўсiм, — працягвае Нiна Iванаўна. — Дзецi прыходзяць з вельмi выхаваных цiкавых сем’яў. I калi школа кажа: гэта мы iх выхавалi, я яшчэ раз гатова сказаць: не, гэта мы iх такiмi атрымалi! Вось нядаўна прыходзяць да мяне i кажуць: "Нiна Iванаўна, мы хочам здымаць фiльм." Я ў iх пытаюся: "А фiльм пра што будзе? Хто яго будзе здымаць?" А яны мне: "Нiна Iванаўна, не хвалюйцеся, мы пакуль што над сцэнарыем яшчэ працуем, як усё будзе падрыхтавана, тады i раскажам. Патрэбен толькi Ваш дазвол на здымкi ў школе. Вы дазваляеце? Дзякуй, тады мы пайшлi на заняткi…"

Вось так афiцыйна, з выкананнем усiх неабходных працэдураў, якiя звычайна трэба ўзгадняць падчас вельмi важнай працы, звярталiся вучнi гiмназii да свайго дырэктара. Як сур’ёзныя i дарослыя людзi. Вядома, нiчога дзiўнага ў гэтым не было, калi б гаворка iшла пра дзевяты альбо пра адзiнаццаты клас. Але ўзгаданы вышэй выпадак датычыць вучняў пятага (!) класа.

5-ты "Б": клас маленькiх беларусаў

I шанцуе ж сабрацца вучням з такiмi рэдкiмi iмёнамi ў адным класе! Тут i Барбара, i Эвялiна, i Ружана, i Марцiн, i Адэля, i Стэфан, i Казiмiр, i Злата. Не-не, вы ўсё правiльна прачыталi: дзеткi з такiмi iмёнамi вучацца ў адным класе, больш за тое — некаторыя з iх нават у садок разам хадзiлi.

Шчыра прызнаюся, самi дзецi ўяўлялiся мне такiмi незвычайнымi, што фантазiя працавала ва ўсю. Вось, здаецца, адчынiш дзверы, а перад табой у строях эпохi Рэнесансу ў танцы паволi плывуць дзяўчаткi, а за iмi — гэтак жа галантна — у такт музыцы спяшаюцца хлопчыкi…

Але, адчынiўшы дзверы, я не пачуў рэнесанснай музыкi i танцавальных "па", так уласцiвых той эпосе. Але дух еднасцi i дух сапраўднай эпохi Адраджэння я змог адчуць.

Завiтаў у клас я нечакана — на ўрок матэматыкi. Ён, як i ўсе заняткi ў гiмназii, iшоў па-беларуску.

Убачыўшы мяне, дзецi спачатку прыцiхлi. Пасля, навастрыўшы вушкi, пачалi слухаць, чаго гэта я да iх прыйшоў. Дзеткi разумныя i вельмi цiкаўныя. Пра тое, што гэта за дзень такi, 21 лютага, яны ўжо ведалi, таму размаўляць з iмi было вельмi проста.

Што мяне яшчэ здзiвiла, дык гэта тое, з якой пяшчотай вучнi гаварылi пра родную мову, а галоўнае — як: на чыстай беларускай мове. Вядома, я не ўпусцiў магчымасцi пацiкавiцца, якiя словы на беларускай мове ў дзяцей самыя любiмыя.

Першыя словы ўсе сказалi амаль што хорам — "МАМА" i "ТАТА" (прычым не папа, а тата). Далей былi "казка", "Беларусь", "матылёк", "беларуская мова", "кветкi", "краскi". Адна з дзяўчынак ўзгадала пра свайго коцiка, якога клiчуць "Калядка"…

"А мне падабаецца слова кемлiвы", — усмiхаючыся, дадаў Вiктар Уладзiмiравiч Шуцько, настаўнiк матэматыкi, якому наша гульня таксама спадабалася. А дзецi, натхнёныя прыкладам Вiктара Уладзiмiравiча, пачалi працягваць слоўны пералiк: "разумны", "актыўны", "шчыры", "мяккi", "блакiтны", "ружовы", "чырвоны", "прыгажосць", "радасць", "матэматыка"…

Апошняе слова стала для мяне прыемнай навiной, бо ўзгадаўшы сваю школьную "любоў" да матэматыкi, я задаў другое пытанне: якiя ў вучняў любiмыя прадметы?

Акрамя матэматыкi, большасць любiць беларускае чытанне, беларускую мову, выяўленчае мастацтва i працоўнае навучанне. Затым у "рэйтынгу папулярнасцi" iдуць гiсторыя, а таксама руская мова i руская лiтаратура. Хоць да апошнiх двух прадметаў большасць класа не прадэманстравала такога жадання, як да першых трох.

Уражаны такой колькасцю любiмых прадметаў у пяцiкласнiкаў, я не мог не спытацца, цi вывучаюць дзеткi замежныя мовы.

"Та-а-ак," — усе разам мне адказваюць дзецi. — Шведскую, польскую, англiйскую i кiтайскую. Факультатывам."

Ну, а я часу дарэмна не губляў, пытаюся: "Можа, i мне прыйсцi да вас што-небудзь выкладаць?" (Сказаў i пашкадаваў: выкладаць я б, можа, i выкладаў, але, на жаль, педагагiчнага дыплома ў мяне няма. Хаця, хто ведае, можа, самы час пайсцi яго атрымлiваць)

Пакуль аналiзаваў такую вось раптоўную сваю думку, дзецi весела прывiталi мяне сустрэчным пытаннем: "А якiя прадметы Вы хацелi б?"

"Ну, не ведаю, а вы мне якiя б даручылi?" I тут клас пачаў наперабой прапаноўваць мне прадметы, якiя б мог у iх выкладаць. I рускую мову, i нямецкую мову, i гiсторыю, i нават матэматыку!

"Бярыце матэматыку, — жартуе Вiктар Уладзiмiравiч. — Не пашкадуеце." Але я шчыра прызнаўся, што куды лепш у школе сябраваў з нямецкай мовай, чым з матэматыкай. У доказ — некалькi словаў па-нямецку.

Маладыя кнiгалюбы:)

Цi любiце вы чытаць, дзеткi?

"Ве-е-ельмi!!!" — чую адказ i зноў здзiўляюся. Яшчэ ўчора стаўся сведкам цiкавага эпiзоду, калi ў аўтобусе адна матуля скардзiлася сяброўцы: вось, маўляў, пакаленне зараз падрастае — каб хоць хто кнiжку ўзяў (дзе там!) — усё за камп’ютарам i за камп’ютарам.

А вось у пятым "Б" ледзь не кожны прачытаў "Пiпi Доўгую Панчоху", больш за тое — некаторыя спрабавалi чытаць у арыгiнале.

Аляксандр Карчынскi чытае Джэка Лондана i Марка Твена, а Стэфан Заяц прачытаў усе кнiгi пра "Артура i Мiнiпутаў". Адэля Вольская распавяла пра кнiгi свайго дзядулi, якiя ёй падабаецца чытаць, а Марцiн Канаплянiкаў здзiвiў мяне тым, што ў сваiм узросце ўжо захапляецца творамi Жуля Верна i Айзiка Азiмава. Часопiсы, прыгоднiцкiя кнiжкi i кнiжкi пра жывёл любiць чытаць Ружана Вячорка.

Дарэчы пра прэсу. Маiм калегам з Дома прэсы трэба, вiдаць, задумацца: цi не час адкрываць на старонках сваiх выданняў спецыяльныя рубрыкi для дзяцей?

Акрамя Ружаны, многа хто з дзетак чытае прэсу. Напрыклад, Злаце Лебедзь падабаецца часопiс "Дзiцячая пляцоўка". Больш за тое, некаторыя сказалi, што чытаюць ужо i звяздоўскiя артыкулы! А яшчэ ў вольны час яны глядзяць тэлевiзар i ходзяць да сяброў у госцi.

Мiжволi дайшлi i да пытанняў, звернутых да мяне. Прынамсi прагучала ўжо традыцыйнае для нашай газеты пытанне: чаму ваша газета называецца "Звязда", гэта ж трасянка!

А вы як думаеце?

Вось што на гэты конт думаюць дзецi:

- хочаце падкрэслiць, што не ўсе беларусы могуць размаўляць на чыста беларускай мове;

- каб было i па-беларуску, i па-руску;

- каб перахiтрыць рускамоўных чытачоў i прывабiць iх зразумелай для iх назвай;

- Расiя — краiна на высокiм узроўнi з вядомай рэпутацыяй, i назва "Звязда" таксама, каб быць на высокiм узроўнi, з такой жа рэпутацыяй, як у Расii;

- хочаце аб’яднаць дзве краiны, дзве мовы памiж сабой;

- каб зацiкавiць людзей, што ёсць не толькi беларуская i руская мовы, але яшчэ i трасянка;

А пасля я расказаў вядомы выпадак пра звязду — калядную звязду, з якой хадзiлi калядоўшчыкi зiмой. I ад яе ўзяла назву наша "Звязда".

Напрыканцы

Большасць iх бацькоў у дзяцiнстве марыла, вiдаць, пра папулярныя ў той час прафесii касманаўтаў, маракоў i балярын. У часы майго дзяцiнства была мода на настаўнiкаў i дактароў. Ведаеце, кiм бачаць сябе ў будучынi вучнi з пятага "Б"?

У класе вучацца аж два дызайнеры-мадэльеры, адзiн акцёр, два архiтэктары, i ажно тры прэзiдэнты! Астатнiя хацелi б клапацiцца пра жывёл…

Зразумела, я не мог не спытаць пра галоўнае: што для iх значыць беларуская мова. I вось якiя адказы атрымаў.

Эвялiна Шунейка:

— Для мяне беларуская мова — гэта мова маiх прадзедаў. Я яе вельмi люблю i паважаю, таму што шмат людзей за яе змагалася. Хоць у нас сёння ў дзяржаве двухмоўе i большасць аддае перавагу рускай, лiчу, што ўсё ж такi размаўляць павiнны па-беларуску, бо яна для iх родная.

Станiслаў Дзядоў:

— Для мяне беларуская мова — гэта памяць маiх продкаў. Шкада, што зараз бацькi некаторых вучняў размаўляюць па-руску, на беларускай мове размаўлялi вельмi даўно.

Ганна Кухарава:

— Я люблю беларускую мову, таму што яна мiлагучная, прыгожая i на ёй вельмi лёгка размаўляць. Усё ж такi беларуская мова — наша мова. Жывём жа ж мы ў Беларусi, а не ў Расii. Таму, мне здаецца, нам трэба размаўляць толькi на беларускай мове.

Ружана Вячорка:

— Беларуская мова мiлагучная, прыгожая. Мы жывем у Беларусi, таму мы павiнны — абавязаны — размаўляць на беларускай мове.

Барбара Пучынская:

— Мая мама, калi ёй было чатыры гады, першы раз у садку пачула вершык на беларускай мове, i з таго часу яна пачала вывучаць яе, цiкавiцца ёй. I я буду працягваць мамiн шлях, буду заўсёды старацца размаўляць на беларускай мове.

* * *

Расказалi мне дзецi i прыклады з жыцця, калi дарослыя не маглi зразумець беларускай мовы.

У транспарце жанчына-кантралёр вырашыла, што дзяўчынка, якая сказала "калi ласка", працягваючы грошы, з iншай краiны.

А калi адзiн з хлопчыкаў папрасiў у краме марозiва, то ў яго перапыталi: "Чего вам дать?" I перад тым, як выканаць просьбу, таваразнаўца толькi паглядзела на хлопчыка вялiкiмi вачыма…

…Развiтваючыся з дзеткамi, сам пра сябе падумаў: "Калi ж мы перастанем нарэшце рабiць вялiкiя вочы пры сутыкненнi з беларускай мовай? Калi перастанем азiрацца на тых, хто размаўляе па-беларуску? Калi перастанем саромецца роднай мовы? I калi мы асэнсуем нарэшце ўсю яе велiч, багацце i прыгажосць?"

Вiдаць, проста трэба паглядзець на гэтых дзетак: калi могуць яны, то чаму так цяжка размаўляць па-беларуску дарослым?..

Не ўмеем цi проста не хочам?
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
21 февраля 2009 Общество Iлья Лапато, Звязда З гiсторыi вядомы выпадак, калi выхаванае на роднай мове дзiця станавiлася адраджэнцам сваёй культуры.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика