Беларускiя музыканты прайшлi экспертызу
Беларускiя музыканты прайшлi экспертызу
Інтэрнэт-праекту "Ехреrtу.bу" усяго 8 месяцаў, а ён ужо важка заявiў пра сябе — спачатку аператыўнымi рэцэнзiямi на свежыя дыскi беларускiх выканаўцаў, цяпер — аднайменнай узнагародай па вынiках 2008 года. Пастаянным аўтарам сайта, а таксама запрошаным беларускiм i замежным экспертам давялося праслухаць i ацанiць па 10-бальнай шкале 59 дыскаў, якiя былi выпушчаны летась. Як прызналiся самi заснавальнiкi праекта — музычныя крытыкi Дзмiтрый Безкаравайный, Сяргей Будкiн, Алег Клiмаў i Дзмiтрый Падбярэзскi — гэта было нялёгкiм выпрабаваннем для вушэй, але затое вынiкi атрымалiся аб’ектыўнымi. "У нас ёсць меркаванне, што ў Беларусi добрай музыкi значна больш, чым людзi прывыклi думаць, але не заўжды гэтая музыка гучыць па радыё, не заўжды выканаўцы атрымлiваюць тую ўвагу слухачоў, якую яны заслугоўваюць. Спадзяёмся, што гэтай прэмiяй мы змаглi крыху выправiць сiтуацыю", — патлумачыў сэнс нованароджанай узнагароды адзiн з яе заснавальнiкаў Дзмiтрый Безкаравайны. У чатырох намiнацыях — "Лепшы дэбютны альбом", "Лепшы рок-альбом", "Лепшы поп-альбом" i "Лепшы фолк-альбом" — пераможцы вызначалiся па сярэднiм бале, атрыманым ад чатырох пастаянных экспертаў. А вось галоўная ўзнагарода — "Лепшы альбом года" — уручалася адразу па трох версiях. Аднаго пераможцу называлi пастаянныя аўтары сайта Ехреrtу.bу, другога — замежныя крытыкi з Украiны, Польшчы, Лiтвы, Латвii i Расii (па адным ад кожнай краiны, з якой мяжуе Беларусь), i яшчэ аднаго вызначала так званае "вялiкае журы", куды ўвайшлi 4 аўтары iнтэрнэт-праекта i 8 прадстаўнiкоў друкаваных i эфiрных СМI. Лiдара ў яшчэ адной намiнацыi — "Лепшы рэкард-лэйбл" — вызначалi ўсе 17 экспертаў. I калi па гэтай апошняй пазiцыi першынства кампанii "Wеstrесоrds" было бясспрэчным i правяралася звычайным падлiкам, то па астатнiх захоўвалася iнтрыга. Лаўрэатамi ў намiнацыi "Лепшы дэбютны альбом" стаў гурт NHS з альбомам "700". Смелыя эксперыменты з традыцыйнымi абрадавымi песнямi i "неаўтэнтычны" саксафон, якi тым не менш у апрацоўках мелодый гучаў заўжды да месца — усё гэта пераконвае, што беларускi фолк — гэта далёка не толькi сусальныя карцiнкi — бабулькi ў вышываных кашулях ды саламяных капелюшах, а цалкам жывы i малады, поўны сiлаў, напрамак. А тое, што ўзнагарода заслужаная, гурт пацвердзiў невялiчкiм жывым выступленнем. Увогуле, у напрамку фолк-музыкi спаборнiчалi за ўзнагароду як мiнiмум 5 моцных праектаў. Але першае месца большасцю галасоў заваявала этна-трыа "Троiца" з альбомам "Сон-трава". У намiнацыi "Лепшы поп-альбом" канкурэнцыя была вельмi моцнай: летась выдалi дэбютныя пласцiнкi як нiколi многа поп-выканаўцаў. Але ўсiм iм, як слушна заўважылi музычныя крытыкi, неставала iндывiдуальнасцi — альбомы выходзiлi стандартнымi, як быццам адразу падагнанымi пад радыёфармат. Таму ўсiх маладзейшых калег заткнулi за пояс, па меркаваннi экспертаў, ветэраны сцэны — Аляксандр Цiхановiч i Ядвiга Паплаўская з альбомам "Каханне-лёс". Бо класiка заўжды якасная, а з часам робiцца толькi больш каштоўнай. На цырымонiю, праўда, змагла прыйсцi толькi Ядвiга Паплаўская — Аляксандр Цiхановiч хварэе на запаленне лёгкiх — аднак апладысментаў артыстка атрымала "на дваiх". Дзе спрэчак практычна не было — гэта ў намiнацыi "Лепшы рок-альбом". Уладальнiкам гэтай узнагароды практычна аднагалосна стаў "Ляпис Трубецкой" з "Манiфестам". Нагадаем, гурт атрымаў нядаўна аналагiчную ўзнагароду ў Расii, а зусiм хутка прадэманструе "Манiфест" на радзiме шэрагам вялiкiх канцэртаў. Замежныя эксперты, зрэшты, хоць таксама ацанiлi тытанiчную працу "Ляпiсаў", але сваю ўзнагароду аддалi ўсё ж не iм, а фолкавым напрацоўкам "Жавароначкi" гурта "Джамбiбум". Увогуле ў першай пяцёрцы, па меркаваннях замежнiкаў, чатыры пазiцыi дасталiся менавiта прадстаўнiкам беларускай фолк-музыкi — вiдаць, яе найлепш успрымаюць у якасцi экспартнага музычнага прадукту? Што датычыцца ўзнагарод "Лепшы альбом" па версii "Ехреrtу.bу’ i "Вялiкага журы", тут, як высветлiлася, пытанне было толькi ў чарговасцi месцаў сярод кандыдатаў. У вынiку першыя аддалi перавагу i перамогу "Троiцы", а другiя — гурту "Ляпис Трубецкой". Так што з цырымонii прадстаўнiкi абодвух калектываў выносiлi па два дыпломы кожны. Здавалася б, кандыдатаў было так многа, амаль 6 дзясяткаў, а ўзнагароджаных аказалася так мала. Для некаторых творчых асобаў, напэўна, гэта добрая нагода перагледзець свае планы, падумаць, чаго ж не хапае iхняй творчасцi, а мо i ўвогуле адмовiцца ад выпуску чарговага "нiякага" альбома. Для другiх — стымул працаваць яшчэ больш i лепш. Для трэцiх... Мо заснаваць новую музычную ўзнагароду?.. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інтэрнэт-праекту "Ехреrtу.bу" усяго 8 месяцаў, а ён ужо важка заявiў пра сябе — спачатку аператыўнымi рэцэнзiямi на свежыя дыскi беларускiх |
|