Брусельскі эксперт: Беларусь ужо не асацыюецца на Захадзе выключна з Лукашэнкам
4 марта 2009 Политика
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY За апошнія паўгода колькасць кантактаў паміж беларускімі ўладамі і Еўропай перасягнула, напэўна, усе стасункі за ўсё прамінулае дзесяцігоддзе. Чым скончыцца беларуска-еўрапейскі дыялог і якімі вачыма глядзяць на Беларусь еўрапейскія чыноўнікі? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, карэспандэнт TUT.BY наведаў брусельскую штаб-кватэру недзяржаўнай арганізацыі “Офіс за Дэмакратычную Беларусь” і пагутарыў з яе кіраўніком Вольгай СТУЖЫНСКАЙ. — Якія адносіны ў вашай арганізацыі з еўрапейскімі структурамі? — Мы ствараліся два гады таму як інфармацыйна-кардынацыйны цэнтр, які б дапамог наладзіць лепшыя стасункі паміж прадэмакратычнымі сіламі Беларусі з інстытутамі Еўрасаюзу, Радай Еўропы, замежнымі СМІ, міжнароднымі праваахоўнымі арганізацыямі. Перш-наперш, мы забяспечваем людзей, якія займаюцца пытаннямі Беларусі ў Бруселі, своечасовай, рознабаковай і як мага больш аб’ектыўнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. У сілу ўласных магчымасцяў, стараемся рабіць тое самае і для Беларусі: прадстаўляем інфармацыю для палітычных партый, СМІ і недзяржаўных арганізацый. Таксама мы даволі часта арганізуем візіты беларускіх экспертаў у Брусель, ладзім брыфінгі і дыскусіі па Беларусі для прадстаўнікоў ЕС, грамадзянскай супольнасці і журналістаў. — Ці многа людзей у ЕС займаюцца беларускім пытаннем? — Насамрэч, тых, хто шчыльна працуе па Беларусі, даволі няшмат: некалькі чалавек у Радзе Еўрасаюзу, у дырэктараце па знешніх сувязях Еўракамісіі, у дэлегацыі па адносінах з Беларуссю і неафіцыйнай працоўнай групе па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце. — Пытаюся таму, што ў Беларусі часам складаецца ўражанне, што рашэнні і дзеянні еўрачыноўнікаў не заўжды адэкватныя нашым рэаліям — Спецыялісты, якія працуюць па Беларусі ў Брусэлі вельмі кваліфікаваныя і добра інфармаваныя. Магу з упэўненасцю сцвярджаць гэта, бо мы працуем з імі не адзін год. Проста вы заўсёды павінны памятаць, што любое рашэнне Еўрасаюзу — гэта заўсёды пагадненне паміж 27 краінамі, у кожнай з якіх уласнае бачанне, інфармацыя, інтарэсы. Апроч таго трэба ўлічваць функцыі кожнай арганізацыі — Еўракамісіі, Рады ЕС, Еўрапарламенту. Не трэба змешваць іх у кучу. Адна рэч, калі нешта кажа генсек Рады ЕС Хаўер Салана і зусім іншая — дэпутат Еўрапарламента. ЕС і Беларусь: шэсць месяцаў выпрабаванняў 2 сакавіка ў пастаянным прадстаўніцтве Славацкай Рэспублікі ў Еўрасаюзе пры падтрымцы “Офіса за дэмакратычную Беларусь” і фундацыі Понціс (Браціслава) прайшоў брыфінг беларускіх экспертаў па сітуацыі ў краіне для прадстаўнікоў Камітэта па палітыцы і бяспецы Рады ЕС, Працоўнай групы па Ўсходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі і іншых зацікаўленых бакоў Удзельнікі дыскусіі падкрэслілі, што пераўтварэнні ў Беларусі носяць паверхневы характар, далёкі ад сапраўднай лібералізацыі, бо зварот улад на Захад абумоўлены найперш неабходнасцю самазахавання і прыцягнення ў эканоміку новых рэсурсаў і інвестыцый. Тым не менш, адзначалі выступоўцы, развіццё адносін паміж ЕС і Беларуссю апошнім часам паспрыяла пэўнаму сціпламу пашырэнню прасторы для дзейнасці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і СМІ. Эксперты, прадстаўленыя дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталём Сіліцкім, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной і незалежным журналістам Аляксандрам Тамковічам, заклікалі Раду ЕС працягнуць прыпыненне дзеяння санкцый яшчэ на паўгады. Аналітыкі мяркуюць, што за гэты перыяд, ЕС мог бы прапанаваць Беларусі рэалістычныя і дакладна акрэсленыя ўмовы далейшага развіцця супрацоўніцтва. Са свайго боку, беларускія ўлады атрымалі б магчымасць ацаніць і ўзважыць наступствы, што пацягне скасаванне дыялогу з Еўрасаюзам у часе эканамічнага і фінансавага крызісу. — Але ж агульная палітычная лінія існуе? — Канечне. Вы самі маглі ацаніць узровень скаардынаванасці еўраструктур падчас нядаўніх візітаў у Мінск дэлегацый Саланы і Еўрапарламенту. У сакавіку чакаецца прыезд у Беларусь еўракамісара па знешніх сувязях Беніты Ферэры-Вальднер. — Айчынная апазіцыя заяўляе, што Еўропа спяшаецца прынамсі з уключэннем Беларусі ў праграму “Усходняе партнёрства”, бо ўмовы, пастаўленыя перад беларускімі ўладамі, выкананыя фармальна, ды і тое не ўсе. Як вам бачыцца гэтая сітуацыя? — Тут нават правільней казаць не пра ўмовы з боку ЕС, бо Беларусь суверэнная краіна, а пра двухбаковае пагадненне, ў якім кожны партнёр мусіць ведаць, што атрымае, калі будзе зроблена A, B, C На мой погляд, Еўрасаюз не адступаецца ад сваіх прынцыпаў, і менавіта на іх будуецца “Усходняе партнёрства”. Беларусь уключаная ў прапанову, але канчатковае рашэнне аб удзеле ў праграме будзе прынятае пазней. Гэта вялікі шанец для нашай краіны і ён вымагае абавязковага выканання ўмоваў. І калі ў Беларусі, да прыкладу, з’явяцца новыя палітзняволеныя, гэта перакрэсліць усе папярэднія крокі насустрач. Пры гэтым, у красавіку мусіць быць ізноў разгледжанае пытанне аб візавых санкцыях датычна беларускіх чыноўнікаў, якія былі прыпыненыя на паўгоду ў кастрычніку. Часу засталося вельмі мала, менавіта таму ў сваіх прапановах, якія мы падрыхтавалі разам з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і назвалі “Планам дзеянняў па нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС”, мы вядзем гутарку пра падаўжэнне выпрабавальнага тэрміну яшчэ на шэсць месяцаў. Гэта дазволіць пераканацца, што тыя перамены, якія адбываюцца ў Беларусі, замацуюцца інстытуцыянальна. — На сустрэчы журналістаў з прадстаўнікамі беларускай дыпміссіі ў Бруселі неаднаразова гучала, што менавіта беларускі бок ініцыяваў збліжэнне з ЕС. Ці падзяляеце гэта меркаванне? — Я ўпэўнена, што Міністэрства замежных справаў рабіла вельмі канкрэтныя прапановы і шукала магчымасці, але гэта двухбаковы працэс, і ён у ніякім разе не мог пачацца, калі б гэта былі толькі прапановы беларускага боку. — Калі стасункі паміж Беларуссю і ЕС будуць надалей развівацца ў пазітыўным рэчышчы, наколькі хутка краіна можа быць уцягнутаю ў еўрапейскі кантэкст? Ці не атрымаецца так, што некалькі рашэнняў беларускіх уладаў, якія не спадабаюцца ў Бруселі, змарнуюць усе папярэднія высілкі? — Ніхто не можа гэтага прадказаць. У ЕС ёсць вялікае жаданне супрацоўнічаць з Беларуссю, пра што ў Мінску недвухсэнсоўна заявіў Хаўер Салана, але ў гэтага супрацоўніцтва ёсць крытэрыі. Калі ў Беларусі зноў адбудзецца адкат з дэмакратыяй і правамі чалавека, стасункі з Еўропай вернуцца да пачатковай стадыі. Трэба разумець, што дыялог, які цяпер развіваецца, — гэта толькі самы пачатак доўгага шляху. Мы пераканаліся ў гэтым, напрыклад, арганізуючы ў лістападзе візіт нашых спецыялістаў у вобласці экалогіі ў Брусель. Дагэтуль ніякага супрацоўніцтва па гэтай лініі па сутнасці не было, і наша размова ў дырэктараце па сельскай гаспадарцы Еўрапейскай камісіі стала першай такога кшталту. — Што вас здзівіла за гэтыя два гады працы з еўраструктурамі? — Мы ўсе кажам “рашэнне ЕС”, “палітыка ЕС”. Калі ж працуеш з кожным органам паасобку, разумееш, наколькі адрозніваюцца іх функцыі і як бывае няпроста для іх знайсці агульную мову. Што да абвінавачванняў у бюракратызме Еўрасаюзу, трэба памятаць, што ў яго ўваходзяць 27 краінаў, якія мусяць прыйсці да кансенсусу. — Ці можна сказаць, што нашы суседзі — Польшча, Літва, Латвія — лабіруюць інтарэсы Беларусі ў ЕС? — Так, яны сапраўды часта ўздымаюць пытанне Беларусі. Асабліва гэта было заўважна некалькі гадоў таму, калі суседзям належала да 90 працэнтаў прапановаў. Цяпер сітуацыя іншая. Відавочна, што “старыя” краіны ЕС — Францыя, Велікабрытанія, Германія — пачалі цікавіцца намі, і ўсё больш ініцыятываў сыходзіць таксама ад іх. — Ці ёсць у збліжэння Беларусі і Еўропы праціўнікі? — Ёсць краіны, для якіх пытанне выканання правоў чалавека з’яўляецца найважнейшым, і некаторыя з іх перакананыя ў тым, што беларускі бок яшчэ не зрабіў дастаткова для таго, каб, да прыкладу, санкцыі ў дачыненні да чыноўнікаў былі знятыя. — Ці змянілася апошнім часам роля беларускіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Бруселі? — Так, гэта вельмі заўважна. Яны заўсёды прысутнічалі на важных сустрэчах, але раней, як правіла, не бралі слова ці не былі запрошаныя выступіць. Цяпер стасункаў пабольшала на розных узроўнях. — Часам вашую арганізацыю называюць амбасадай беларускай апазіцыі ў Еўрасаюзе. Ці арыентуецеся вы на апазіцыю? — Паўтаруся: нашай галоўнай задачай ёсць даць поўную і рознабаковую інфармацыю. Мы не з’яўляемся голасам апазіцыі. І гэта было б немагчыма, бо ў ёй шмат розных групаў з адрознымі поглядамі, якія не заўсёды магчыма сабраць у адзін месыдж. У той жа час, зразумела, мы адсочваем, якіх меркаванняў прытрымліваюцца апазіцыйныя групоўкі датычна таго ці іншага пытання і улічваем іх пры інфармаванні еўрапейскіх партнёраў. — Добра, а як у Еўропе ўспрымаюць нашу апазіцыю? Ці бачаць у ёй сур’ёзнага партнёра, альбо гэта проста неабходны складнік дэмакратычнага падыходу? — Тая акалічнасць, што падчас мінскага візіту Салана спачатку сустрэўся з прадстаўнікамі незалежнага грамадства і толькі потым з прэзідэнтам, падкрэслівае, што апазіцыю ўспрымаюць як рэпрэзентатара пэўнай часткі беларускага грамадства. Яе прадстаўнікі даволі часта бываюць у Бруселі, яны выконваюць пэўную ролю, якая заўважаная тут і прынятая ва ўлік. Натуральна, раз’яднанасць у апазіцыйных колах не надае ім дадатковай вагі ў Еўропе, але еўрапейцы ставяцца да гэтага, як да ўнутраных праблемаў. — Вы часта працуеце з еўрачыноўнікамі. Ці мяняецца іх успрыманне Беларусі, якая здаўна атаясамліваецца на Захадзе з “апошняй дыктатурай Еўропы”? — Беларусь паступова знаходзіць свой твар і ідэнтыфікуецца ў вачах еўрапейцаў. Нават некаторыя з тых, хто працуе па Беларусі ў еўраінстытуцыях, яшчэ некалькі год таму маглі сказаць, што Беларусь — гэта бязлікая частка постсавецкай прасторы ці амаль тая ж Расія. Нас не ўспрымалі як асобную дзяржаву. Цяпер сітуацыя мяняецца ў лепшы бок. Характэрна нават тое, што ў большасці сваёй нас перасталі называць “Bуelorussia”. Клішэ “апошняй дыктатуры Еўропы” таксама адыходзіць, і гэта вельмі добра, што Беларусь больш не асацыюецца выключна з Лукашэнкам. Я бачу жаданне ўсё новых людзей тут даведацца больш пра наш народ, культуру, гісторыю, мову. І мы са свайго боку стараемся задаволіць гэтую прагу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
4 марта 2009 Политика Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY За апошнія паўгода колькасць кантактаў паміж беларускімі ўладамі і Еўропай перасягнула, напэўна, усе стасункі за ўсё прамінулае дзесяцігоддзе.
|
|