21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Віктар РАКІЦКI: Строга не значыць эфектыўна

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віктар РАКІЦКI: Строга не значыць эфектыўна Аб лібералізацыі крымінальнага заканадаўства і аб пазбаўленні волі ў прыватнасці разважае суддзя Вярхоўнага суда судовай калегіі па крымінальных справах Віктар Ракіцкі

Быў цёплы вясеннi дзянёк. На адной з дзiцячых пляцовак горада Мiнска маладыя людзi, узлезшы з бруднымi чаравiкамi на новыя лаўкi, гучна смяялiся. Пажылы чалавек, якi пару дзён таму сваiмi рукамi змайстраваў гэтыя лаўкi, не вытрымаў i зрабiў заўвагу. У адказ пачуў смех i брудную лаянку. Побач праходзiў мужчына, якога гэта сiтуацыя не пакiнула абыякавым. Паўтарыў просьбу не пэцкаць лаўкi. У адказ — зноў здзеклiвы смех. Мiнак не вытрымаў i што ёсць моцы ўдарыў нейкiм прадметам аднаго з нахабных хлопцаў па руцэ — зламаў палец. За такое асаблiва злоснае хулiганства закон прадугледжвае пазбаўленне волi. Вярхоўны суд улiчыў той факт, што паводзiны вiнаватага былi справакаваныя самiм пацярпелым, i замянiў суровае пакаранне на больш мяккае — абмежаванне свабоды па месцы жыхарства.

— Вiктар Адамавiч, наколькi часта суддзi iдуць насустрач людзям, якiя "спатыкнулiся" ўпершыню?

— У межах дзейнага заканадаўства мы робiм усё магчымае, каб зарыентаваць суды на больш разумны i лiберальны падыход падчас вынясення пакарання. Толькi летась у дачыненнi да 489 чалавек былi знiжаны верхнiя межы санкцый, якiя прадугледжвалi пазбаўленне волi. Сёння гэта строгая мера пакарання не з’яўляецца пераважнай у структуры крымiнальных пакаранняў за ўчыненне няцяжкiх злачынстваў. Калi ў 2002 годзе ўдзельная вага пазбаўлення волi ў структуры судзiмасцi была 35, 5 % ад усiх прыгавораў, у 2003 — 31, 5 %, то летась яна склала 22, 6 %. Мы спадзяёмся, што гэта пазiтыўная дынамiка знiжэння выпадкаў пазбаўлення волi захаваецца.

— А вы не баяцеся, што больш лiберальныя падыходы нейкiм чынам выклiчуць выбух злачыннасцi?

— Мы перакананыя, што гэтага не адбудзецца. Пяць гадоў таму па iнiцыятыве Вярхоўнага Суда ў крымiнальнае заканадаўства ўносiлiся папраўкi, накiраваныя на змякчэнне крымiнальнай адказнасцi. Сёння ўжо можна сцвярджаць, што перасцярогi некаторых скептыкаў не апраўдалiся. Крымiнагенная сiтуацыя ў рэспублiцы з кожным годам паляпшаецца. Аб гэтым сведчыць i тое, што ў нашай структуры судзiмасцi 88,8 % складаюць злачынствы, якiя не ўяўляюць вялiкай грамадскай небяспекi. Таму ёсць усе падставы i далей рухацца ў выбраным кiрунку.

— На жаль, у грамадстве жыве стэрэатып, што раз чалавек здзейснiў злачынства, значыць, ён павiнен сядзець у турме. Наколькi эфектыўнае пазбаўленне волi, як мера пакарання?

— Не заўсёды строгасць цягне чаканую эфектыўнасць. Таму такi жорсткi падыход, якi жыве ў свядомасцi насельнiцтва, не павiнен прысутнiчаць у судовай практыцы. Мы арыентуем суды не дапускаць беспадстаўнага змякчэння адказнасцi асобам, якiя здзейснiлi цяжкiя i асаблiва цяжкiя злачынствы, найчасцей гэта датычыцца злачынстваў, звязаных з замахам на жыццё i здароўе чалавека. Калi вiнаваты ўяўляе пагрозу для навакольных, безумоўна, ён павiнен быць iзаляваны. У той жа час, перш чым накiроўваць за краты чалавека, якi здзейснiў не вельмi небяспечнае злачынства, трэба 10 разоў падумаць. Бо рана цi позна, прайшоўшы турэмныя ўнiверсiтэты, чалавек вернецца ў грамадства i прынясе з сабой традыцыi i звычкi крымiнальнага асяроддзя. Таму гэту строгую меру крымiнальнай адказнасцi трэба прымяняць вельмi асцярожна i з розумам. Такая канцэпцыя закладзена ў Крымiнальным кодэксе, i суды павiнны яе выконваць.

— Якiя альтэрнатыўныя пазбаўленню волi меры, на ваш погляд, найбольш эфектыўныя?

— Абмежаванне волi, штраф. Акрамя таго, да адной з самых эфектыўных мераў я адношу папраўчыя работы. Чалавек застаецца ў сям’i, знаходзiцца на сваiм працоўным месцы i расплачваецца за сваю памылку — з яго заробку ўтрымлiваецца да 25 працэнтаў. Зручнасць гэтага пакарання яшчэ i ў тым, што яно можа быць прызначана нават вiнаватай асобе, якая на момант вынясення прыгавору нiдзе не працуе. У законе маецца дастаткова дакладны механiзм, якi вырашае пытаннi працаўладкавання.

— Цi можна казаць, што пакаранне рублём у шэрагу выпадкаў значна эфектыўнейшае за пазбаўленне свабоды?

— Рэцыдыў злачынстваў пасля прымянення пакарання ў выглядзе штрафу амаль адсутнiчае, у адрозненне ад выпадкаў, калi пакаранне адбывалася людзьмi ў месцах пазбаўлення волi. Амаль чвэрць такiх асуджаных здзяйсняюць злачынства ў перыяд умоўна-датэрмiновага вызвалення i на працягу першага года пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волi.

— Цi ў дастатковай ступенi выкарыстоўваюцца такiя меры крымiнальнай адказнасцi, як прызначэнне асуджэння з адтэрмiноўкай выканання пакарання i ўмоўнага тэрмiну?

— Недастаткова. Але мы арыентуем суды на больш актыўнае iх прымяненне. Гэта тэма таксама будзе абмяркоўвацца на пасяджэннi Пленума Вярхоўнага Суда 25 сакавiка. Такiя меры крымiнальнай адказнасцi даволi эфектыўныя. Пераважная большасць асуджаных з адтэрмiноўкай выканання пакарання цi ўмоўным непрымяненнем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волi якраз-такi не дапускаюць рэцыдываў. Суды даюць шанц, разумны чалавек яго выкарыстоўвае i больш не вяртаецца да злачыннай дзейнасцi.

— Цi ёсць неабходнасць удасканалiць крытэрыi, згодна з якiмi асуджаныя выпускаюцца ўмоўна-датэрмiнова на свабоду?

— Вызваленне асобы ўмоўна-датэрмiнова можа мець месца ў тым выпадку, калi ёсць перакананасць, што чалавек цвёрда стаiць на шляху выпраўлення. Мы звяртаем увагу судоў, што пры рашэннi пытання аб умоўна- датэрмiновым вызваленнi трэба адыходзiць ад фармальнага падыходу. Павiнна быць менавiта перакананне суда ў тым, што вiнаваты, якi вызвалiўся, не здзейснiць новага злачынства.

— Наколькi мне вядома, зараз распрацоўваецца праект закона, звязаны з удасканаленнем крымiнальнага блока нацыянальнага заканадаўства. Раскажыце, калi ласка, аб найбольш значных зменах, якiя плануюцца.

— Мяркуецца, што будзе пашырана магчымасць прымянення такой меры, як дасудовае прыпыненне крымiнальнага пераследавання асобаў, якiя "спатыкнулiся" ўпершыню i здзейснiлi злачынства, якое альбо не ўяўляе вялiкай грамадскай небяспекi, альбо няцяжкае. Безумоўна, пры прыняццi рашэння ў такой сiтуацыi будуць улiчвацца як наступствы зробленага, так i асоба правапарушальнiка, цi кампенсаваў ён ахвяры нанесеную шкоду. Калi да яго прымянiць гуманны падыход, то больш верагодна, што гэты чалавек пасля не здзейснiць новага злачынства. Мы павiнны паказаць людзям, што абазначаныя змяненнi прымаюцца ў iх жа iнтарэсах. Акрамя таго, гэта дасць пэўны эканамiчны эфект, бо разгляд справы ў судзе абыходзiцца ў капеечку.

Некаторыя санкцыi, думаецца, з’яўляюцца празмерна суровымi. Напрыклад, нярэдка затрымлiваюцца жанчыны за нелегальны продаж залатых вырабаў, якiя яны, як правiла, прывозяць з Польшчы. За паўторнае парушэнне правiлаў здзелкi з каштоўнымi металамi прадугледжваецца толькi адзiн вiд пакарання — пазбаўленне волi. I не важна, былi гэта два залатыя ланцужкi цi прычэп злiткаў. Магчыма, мэтазгодна ўвесцi за такое правапарушэнне альтэрнатыўную меру пакарання, бо вырываючы чалавека, якi не ўяўляе небяспекi для грамадства, з сям’i, пакiдаючы дзяцей без дагляду, мы наўрад цi дасягнем асноўнай мэты крымiнальнай адказнасцi — выправiць чалавека.

— Апошнiм часам на слыху такое славазлучэнне, як "здзелка з правасуддзем". У чым яго сутнасць?

— Калi пасля здзяйснення злачынства чалавек бездакорна сябе паводзiць дастаткова працяглы час, усвядомiў i раскайваецца ў здзейсненым, кампенсаваў шкоду, то ён можа хадайнiчаць аб асуджэннi без прызначэння пакарання, з выплатай сацыяльнай кампенсацыi. Але толькi суд будзе вырашаць, цi задаволiць яго просьбу. Людзi павiнны разумець, што мы не вызваляем ад адказнасцi. Праект закона прадугледжвае шмат сур’ёзных умоў, якiя павiнен выканаць вiнаваты. Акрамя таго, гэты чалавек асуджаецца, i за iм пэўны час, вызначаны законам, ажыццяўляецца прафiлактычны нагляд.

— А якiм арыенцiровачна будзе памер сацыяльнай кампенсацыi?

— Першапачаткова думалi прымяняць гэту "здзелку" ў тым лiку i за цяжкiя злачынствы негвалтоўнага характару, не звязаныя з замахам на жыццё i здароўе. Тады гаворка iшла аб сацыяльнай кампенсацыi ў памеры ад 500 базавых велiчыняў да 5000. Зараз, калi абмяркоўваецца магчымасць абмежавацца выключна найменш цяжкiмi злачынствамi, плануемы памер кампенсацыi вагаецца ад 100 да 1000 базавых велiчынь.

— Хто не можа разлiчваць на "здзелку з правасуддзем"?

— Суды не дапускалi i не будуць дапускаць паслабленняў забойцам, гвалтаўнiкам, гандлярам людзьмi i наркотыкамi, карупцыянерам.

— На сёння вельмi актуальнай з’яўляецца праблема цяжкiх карупцыйных злачынстваў (хабарнiцтва, крадзяжу шляхам злоўжывання службовым становiшчам). Цi будуць унесены ў закон карэктывы адносна змякчэння адказнасцi за хабар невялiкага памеру?

— Адказнасць з сумай хабару нiяк не звязана. Небяспека гэтага злачынства не ў тым, колькi атрымаў чыноўнiк, наколькi абагацiўся, а ў тым, што "прадаюцца" iнтарэсы службы. Таму гаварыць, што дробныя сумы грошай, якiя чыноўнiк атрымлiвае сiстэматычна, менш небяспечныя, чым больш сур’ёзныя памеры хабару, нельга. Небяспека дробнага хабарнiцтва ў яго сiстэмнасцi, у тым, што гэта з’ява ў свядомасцi людзей ператвараецца ў норму, стварае iлюзiю карумпаванага грамадства. Таму, незалежна ад памеру хабару, хабарнiцтва адносiцца да катэгорыi цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў.

— За якiя злачынствы плануецца ўзмацнiць адказнасць?

— Мы лiчым, што неабходна прымяняць больш суровыя санкцыi ў дачыненнi да нецвярозых кiроўцаў, па вiне якiх загiнулi 2 i больш людзей. На сёння верхняя мяжа за аўтатранспартнае злачынства — сем гадоў пазбаўлення волi. Разглядаецца магчымасць павелiчэння максiмальнага тэрмiну пакарання за падобныя злачынствы да 15 гадоў пазбаўлення волi.

Надзея ДРЫЛА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб лібералізацыі крымінальнага заканадаўства і аб пазбаўленні волі ў прыватнасці разважае суддзя Вярхоўнага суда судовай калегіі па крымінальных справ
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика