Алег Сямёнаў: Не трэба ставіцца да песнi як да лёгкага жанру
Алег Сямёнаў: Не трэба ставіцца да песнi як да лёгкага жанру
Не ведаю, хто з беларускiх артыстаў можа пахвалiцца тым, што атрымаў блаславенне ад Папы Рымскага Іаана Паўла Другога. Спявак Алег Сямёнаў мог бы: ён нават фотаздымак мае, дзе гэты момант адлюстраваны. Было гэта яшчэ ў тыя часы, калi Сямёнаў працаваў хормайстрам хору Белтэлерадыёкампанii, якi быў запрошаны ў поўным складзе на прыём, што адбываўся ва ўнутраным дворыку перад рэзiдэнцыяй Папы ў Ватыкане. Аднак ён гэтым не хвалiцца. Як i тым, што быў лаўрэатам прэмii "За духоўнае адраджэнне". Думаеце — надта сцiплы? Правiльна думаеце. Акрамя таго, яшчэ i нейкi вельмi правiльны, калi паглядзець ды паслухаць. Што для артыста, якi спявае песнi для людзей, сёння здаецца надта няправiльным... Ён прызнае, што па сённяшнiх мерках з’яўляецца ўвасабленнем "нефармату", i адначасова кажа, што дзякуючы гэтаму мае сваю ўласную публiку. А публiка — як жанчына, так цяжка зразумець, чаго яна хоча. Але ён ведае. — Алег, скажыце, хто Вашы прыхiльнiцы? Якiя гэта дамы цi дзяўчаты? — Ёсць дамы, ёсць дзяўчаты. Мае прыхiльнiцы ўсе — адэкватныя. I вельмi чулыя жанчыны. Некаторыя вяжуць ажурныя сурвэткi, пiшуць лiсты з удзячнасцю. Калi быў сольны канцэрт у зале "Мiнск", быў аншлаг. Сярод маiх прыхiльнiц ёсць урачы, настаўнiкi, ёсць простыя жанчыны. Мае прыхiльнiкi — гэта людзi, якiя хочуць пачуць прыгожую, добра праспяваную песню, i яны доўгi час сочаць за маёй творчасцю. Таму што я быў хормайстрам, салiстам, артыстам хору радыё. Працаваў з харавымi калектывамi. У тэатры "Хрыстафор" выступаў як парадыст. Яшчэ быў гурт "Чысты голас". Цяпер выступаю сольна. Я зразумеў для сябе, што жанр iснуе як сродак выяўлення. Але сутнасць творчасцi, яе змест — глыбейшы i не залежыць ад падзелу на жанры. Што б ты нi рабiў, усё адно мерай вартасцi будуць тыя каштоўнасцi, якiм столькi гадоў, колькi iснуе чалавецтва. Зараз з’явiўся цэлы пласт песень, якiя проста фонавыя, зроблены пад пэўны фармат. I ўсiм гэта выдаюць за нейкую з’яву. Але яны прыходзяць, а потым непрыкметна сыходзяць. Зразумела, гэтыя песнi прыйдуць у начныя клубы, у iнтэрнэт, на кампакт-дыскi. Але яны не прыйдуць чалавеку ў душу. Не трэба ставiцца да песнi як да вельмi лёгкага жанру. Яна — адзiн з галоўных жанраў. — Калi iсцi з песняй па жыццi... — Так. Не кожны чалавек пойдзе ў оперу, а песня нас суправаджае ўсё жыццё. Таму мне здаецца, што ў чалавека павiнен быць выбар. Каб медыйная прастора iснавала не толькi для тынэйджараў i людзей маладога ўзросту. А што, у нас няма 40-гадовых, 50-гадовых i больш сталых? Цi яны ўжо за бортам? Цi яны ўжо таксама "нефармат"? Так не павiнна быць. Я часта бываю за мяжой i бачу, як там чула ставяцца да розных катэгорый грамадзян. Так, у iх ёсць i эстрадная музыка, масавая культура. Але пры гэтым ёсць музыка розная, i ёсць магчымасць яе слухаць. — Можна параўнаць прыхiльнасцi беларускай i еўрапейскай публiкi, перад якой вы таксама выступаеце? — На Захадзе хочуць чуць мелодыю, таму што словаў яны не разумеюць. У нас таксама любяць мелодыю. I там, i тут людзi хочуць слухаць прафесiйныя спевы. Каб не было фальшыва. Каб гучала прыгожа i з душой. Адно другому не перашкаджае. Я iмкнуся да таго, каб душа была заўсёды, i каб пры гэтым не рэзала слых. Калi фальшыва — то ўжо няма душы. I "фармат" тут зусiм нi пры чым. — Якiя песнi вам дапамагаюць пазнаёмiць слухачоў са сваёй краiнай, калi вы выступаеце за мяжой? — Усё, што мае мелодыю. Народныя песнi ў нейкiх сваiх апрацоўках, класiка, калядныя канты, песнi, якiя я напiсаў сам, рамансы. Я спяваю на нямецкай, французскай, галандскай мовах. Напрыклад, калi я спяваю "Цiхая ноч", то разам з куплетам на нямецкай i галандскай мовах, гучыць пераклад на беларускую. Папрасiлi мяне паказаць, як гучыць беларуская мова, хоць рознiцу памiж рускiмi i беларусамi яны асаблiва i не разумеюць. Але iм цiкава, iм трэба. А ў нас? Некалькі артыстаў спяваюць беларускiя песнi. Фальклор яшчэ больш-менш гучыць. Але гэта адзiн вялiкi боль, якi яшчэ пакуль мала хто адчувае. У мяне ў рэпертуары ёсць блок беларускiх песень. Таму што я беларус, 8 гадоў у беларускай школе вучыўся на Гомельшчыне. Потым перавучваўся на рускую мову, калi паступiў у музычнае вучылiшча. Калi з мовай i лiтаратурай было ўсё зразумела, то такiя прадметы, як алгебра i геаметрыя, па-руску ўспрымалiся ўжо цяжка... Гэта я да таго, што перавучвацца заўсёды цяжэй. Немагчыма, каб хтосьцi сказаў: "За мной!" — i ўсе адразу пачалi спяваць толькi беларускiя песнi. Цi рускiя. I калi я сваiм студэнтам дам зразумець, што не сорамна спяваць на беларускай мове, то гэта будзе ўнёсак у тое, каб людзi любiлi сваё, роднае. Добрую беларускую песню. Пажадана, каб гэта была цудоўная беларуская песня. Такiя ў мяне ў рэпертуары ёсць, напрыклад, "Пажадай мне, мама" на верш Уладзiмiра Пецюкевiча, музыка Дзмiтрыя Далгалёва. Я яе з задавальненнем спяваў на "Славянскiм базары" i на iншых фестывалях. Кожнае мастацтва нацыянальнае. Я неяк праслухоўваў патрыятычныя песнi, i нехта ў сучаснай стылiстыцы выканаў: "О! Е!..." Мяне выбiвае з каляiны, калi хлопцы з Глыбокага цi з Докшыцаў пачынаюць граць цемнаскурых. Я заводзiцца пачынаю, калi пры гэтым кажуць, што гэта сучасна. Так, я быў у Амерыцы. Там на вулiцы могуць боксiк паставiць i спяваць — гэта для iх арганiчна. А ў нас выглядае смешна. Ёсць жа ўсё сваё, толькi вазьмi. Стыль R&B можна ў пэўным сэнсе параўнаць з нашымi прыпеўкамi. А мы саромеемся спяваць так, як у нас. Гэта наша ўнутраная правiнцыйнасць — але не геаграфiчная. Чалавек, якi не любiць сваё, правiнцыйны па сваёй сутнасцi. — А маладым людзям, якiм вы выкладаеце ў музычным каледжы, зразумелыя гэтыя думкi? — Зразумелыя. Спачатку яны прыходзяць зоркамi, пальчыкамi мiкрафоны падкiдваюць, жанглююць. Яны прадукт таго, што бачаць. А бачаць, як працуюць пад фанаграму "плюс", пад "фанеру". Даводзiцца часам па-новаму вучыць спяваць у мiкрафон. Тлумачыць, як трэба дыхаць, якiя практыкаваннi рабiць. Як трэба прамаўляць тэкст. У мяне часта ўзнiкаюць спрэчныя моманты, калi вучнi часам гавораць: "А зараз так не спяваюць..." Так, як я спяваю, раней спявалi i будуць спяваць. Таму што спевы — прафесiйны iнтэлектуальны занятак. Вядомы выпадак, калi Шаляпiн ехаў на брычцы i фурман спытаўся: "Барын, а чым займаецеся?" — "Я спяваю". — "Дык i я спяваю, а чым займаецеся?..". Так i зараз распаўсюджаная псiхалогiя фурмана, калi лiчыцца, што кожны можа прыйсцi i праспяваць што заўгодна. Я тлумачу, што набор нейкiх грымасаў, якiя прыдумляюцца дзеля камеры — гэта яшчэ не ёсць фiшка. "Фiшка" — быць непадобным нi на каго, быць iндывiдуальнасцю. — Вы выбралi "фiшкай" рафiнаванасць? — Магчыма, гэта i няправiльна, але я сумленны i шчыры перад самiм сабой, перад сябрамi, якiя мяне ведаюць, перад публiкай, якая прыходзiць не адзiн год на канцэрты. У штодзённым бытавым жыццi я вельмi нерафiнаваны. Гэта вызначае халерычны склад характару. — Гэта ён вас вымусiў пакiнуць гурт "Чысты голас", да стварэння якога вы мелi дачыненне? — Калектыў даўно вырас, i яму стала непатрэбная творчая апека. Я вырашыў, што пайду далей. У нейкi момант наша iдэя стала тыражавацца, з’явiлiся яшчэ падобныя праекты. Мне было цяжэй пачынаць працаваць у абраным кiрунку, таму што ў мяне не было нейкiх прыкладаў перад вачамi, калi ствараўся б мужчынскi вакальны ансамбль. Хор Турэцкага, дарэчы, з’явiўся ўжо потым. Былi гурты, якiя спявалi ў джазава-эстраднай манеры. Але традыцыi славянскiх мужчынскiх харавых спеваў непаўторныя. Таму гурт, якi абраў гэты шлях, не быў падобны нi на адзiн. Калi прыйшла iдэя стварэння ансамбля — гэта быў канец 80-х — пачатак 90-х гадоў — на радыё i тэлебачаннi пачалi валадарыць песнi кшталту "Три кусочека колбаски..." Стала так крыўдна: што ж мы за народ, калi апускаемся да такога?.. У нас жа багатыя традыцыi, у лiтаральным сэнсе "культурны слой" ёсць. Мы вартыя большага i павiнны паказваць сябе адпаведна, а не аднабока. Каб не складвалася ўражанне, што беларусы абавязкова павiнны быць у лапцях i саламяных капелюшах. Не, у нас жа опера з’явiлася раней, чым у некаторых iншых краiнах. Я маю кансерваторскую музычную адукацыю, ведаю гэтыя рэчы, ведаю, якую музыку выконвалi некалькi стагоддзяў таму ў Слонiме, Шклове i iншых гарадах. Таму лiчу для сябе немагчымым апускаць планку — цi то калi працаваў у калектыве, цi то калi спяваю адзiн. — Цяпер артысты кажуць, што для iх галоўнае — зрабiць шоу. — З голымi дзеўкамi, якiя ў трусiках лянiва ходзяць па сцэне? I гэта чамусьцi называецца шоу... Гэта не для мяне. Навошта? Ёсць жа голас. Песня для мяне азначае песню перш за ўсё. Я жыву са сваiм часам, са сваiм пакаленнем. Кажуць, трэба рухацца ўперад. Куды? Перафарбаваць у зялёны колер валасы i скакаць упрысядку? Не выклiкае нiчога, акрамя смеху, калi людзi iмкнуцца маладзiцца i кажуць: я iду ў нагу з часам... Фальш рана цi позна становiцца бачны. — Каму? Напэўна, розная публiка бывае. У сталiцы — больш патрабавальная, чым у глыбiнцы. А ўвогуле, як у беларускiх гарадах прымаюць нашых айчынных артыстаў? — Мяне заўсёды добра прымаюць. Людзi ўсё бачаць i адчуваюць. Бо калi пад фанаграму спявае артыст, ад яго энергiя не iдзе. Яны глядзяць i думаюць: "Ну чаго крыўляецца, чаго ён хоча ад нас?" Калi хто хоча самавыяўляцца, то гэта трэба рабiць не за кошт iншых, а для iншых. — Калi вы пiшаце свае ўласныя песнi, то гэта дзеля iншых, цi дзеля таго, каб вылiць свае эмоцыi? Цi даўно сталi ствараць песнi? — Нядаўна. Вершы я даўно пiсаў, для сябе. Нешта ўнутры раптам штурхане ўзяць паперу i аловак — складуцца словы. А потым i музыка. Я сябе не прыспешваю, у мяне сваiх песень 7. Хоць можна было напiсаць цэлы дыск. Але галоўнае — што ты хочаш сказаць, i каб была пры гэтым мелодыя. Пiсаць, каб паказаць, якi ты iнтэлектуальна падрыхтаваны, па-першае, нясцiпла. А па-другое, не для сябе пiшаш. Я магу мудрагелiста напiсаць. Цi мог бы выйсцi на сцэну i расказаць пра кварта-квiнтавае кола, каб усiм было зразумела, якi музычна падрыхтаваны чалавек перад iмi, мог бы павылузвацца. Але калi трэба нешта сказаць у песнi — скажы пра гэта зразумела, але з натхненнем. Я даўно так вызначыў для сябе. I нядаўна пачуў ад аднаго папулярнага акцёра: "Прафесiянал заўсёды павiнен быць з натхненнем". Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не ведаю, хто з беларускiх артыстаў можа пахвалiцца тым, што атрымаў блаславенне ад Папы Рымскага Iаана Паўла Другога. Спявак Алег Сямёнаў мог бы: ён |
|