Турыстычны кірмаш б’е рэкорды па наведвальнiках
Турыстычны кірмаш б’е рэкорды па наведвальнiках
Учора ў Мiнску адкрыўся дванаццаты Мiжнародны кiрмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2009". Больш за 140 удзельнiкаў, каля 70 стэндаў, прадстаўнiкi 16 краiн свету, але самае цiкавае i нечаканае — шквал наведвальнiкаў, колькасць якiх яшчэ не падлiчана, але па назiраннях арганiзатараў, значна перавышала колькасць наведвальнiкаў падобных выстаў у дакрызiсныя часы. Чым гэта тлумачыцца? Першае, што прыходзiць у галаву, — народ стамiўся ад стрэсу, якi выклiкаюць паведамленнi СМІ пра крызiс i пра тое, што горшыя часы яшчэ наперадзе. Другое, людзi стамiлiся сачыць за ваганнем курсу валют i вырашылiся пераўтварыць грошы з прадмета клопату ў падставу для задавальнення. Трэцяе — выстава-кiрмаш сведчыць, што грошы ў людзей ёсць, можа не столькi, каб укласцi ў нерухомую альбо рухомую маёмасць, але, ва ўсякiм разе, столькi — каб наблiзiць здзяйсненне мары апошнiх 5 халодных месяцаў. Кiрмаш "Адпачынак", якi праводзiць Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа" Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь сумесна з Мiнiстэрствам спорту i турызму дапамагае наведвальнiкам вырашыць праблему будучага водпуску. Тут сабраны ўвесь спектр прапаноў рынку турыстычных паслуг: вандроўкi, экскурсiйныя праграмы, транспартныя паслугi, гасцiнiчны сэрвiс, тавары для адпачынку i iншае. — У Беларусi развiццё турызму — складнiк сацыяльнай палiтыкi, — сказаў у вiтальным слове гасцям i ўдзельнiкам кiрмашу мiнiстр спорту i турызму Аляксандр ГРЫГАРАЎ. — Кiраўнiком дзяржавы гэты год аб’яўлены Годам роднай зямлi. У нашай багатай на традыцыi краiне створаны спрыяльныя ўмовы для развiцця ўсiх вiдаў турызму, i ў першую чаргу ўязнога i ўнутранага. У першы дзень кiрмашу адбылася прэзентацыя шасцi новых маршрутаў экскурсiй i тураў па Беларусi, прысвечаных 65-й Гадавiне вызвалення нашай зямлi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў i Году роднай зямлi. У тэматычнай ваенна-гiстарычнай экскурсii "Барысаўскiя старонкi Халакоста", якую распрацавала турфiрма "Чатыры сезоны плюс" (Барысаў), пераплялiся краязнаўчыя, гiстарычныя i настальгiчныя матывы, падзеi мiнулай вайны, лёсы барысаўчан, якiя перажылi трагедыю Халакоста. Горад Барысаў уваходзiць i ў тур "Сем цудаў Мiншчыны", якi прадставiла турыстычнае прадпрыемства "Солвекс" (Мiнск). Гэта 2-дзённая вандроўка (Мiнск — Барысаў — Будслаў — Вiлейка — Iвянец — Нясвiж) знаёмiць з сямю самымi значнымi архiтэктурнымi помнiкамi Мiншчыны, якiя былi выбраны летась праз iнтэрнэт-галасаванне. Знаёмства з яшчэ адным цудам Беларусi, на гэты раз не архiтэктурным, а сакральным i экалагiчным, абяцаюць арганiзатары экскурсii "Легенды Блакiтнай святынi" турыстычнае прадпрыемства "Магiлёўаблтурыст" (Магiлёў). "Звязда" пiсала i пра знакамiтую "Блакiтную крынiцу" пад Слаўгарадам i змяшчала фотарэпартаж пра традыцыю купання ў возер. Цяпер ёсць магчымасць патрапiць у гэтае дзiўнае месца з дапамогай турыстычнага маршруту, якi пачынаецца ў Магiлёве, праходзiць праз легендарную вёску Лясная, i заканчваецца ля Блакiтнай крынiцы — адным з самых маляўнiчых куткоў нашай зямлi. Экскурсаводы Мiнска — Наталля МАРОЗАВА i Iрына КАВАЛЬ, распрацавалi цалкам новую экскурсiю "Смiлавiцкая мазаiка", прысвечаную мясцiнам, з якiмi звязаны iмёны Агiнскiх, Манюшкi, Ваньковiчаў i сусветна вядомага мастака Хаiма Суцiна, якi заснаваў парыжскую школу жывапiсу i карцiны якога на сусветных аўкцыёнах ацэньваюцца ў мiльёны долараў. Упраўленне фiзiчнай культуры, спорту i турызму Гродзенскага аблвыканкама прадэманстравала навiнкi, якiя чакаюць удзельнiкаў маршруту "Аўгустоўскi канал". I нарэшце, вельмi актуальная на пачатку красавiка эксклюзiўная прапанова — пасхальны тур "Велiкодныя традыцыi Пастаўшчыны". Нiчога падобнага яшчэ не было: толькi ў перыяд святкавання каталiцкага i праваслаўнага Вялiкадня ёсць магчымасць не толькi на свае вочы ўбачыць унiкальны двух’русны алтар у Дунiловiцкiм касцёле, пакланiцца цудатворнаму абразу Мацi Божай Ларэтанскай, наведаць Свята-Успенскую царкву ў Маньковiчах i адзiны ў нашай краiне музей гiсторыi каталiцкага касцёла ў Паставах, але i набыць на велiкодны стол фарбаваныя яйкi... страуса. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Мiнску адкрыўся дванаццаты Мiжнародны кiрмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2009". Больш за 140 удзельнiкаў, каля 70 стэндаў, прадста |
|