Пісьменнікі зладзілі "рыбны дзень" у суботу
26 апреля 2009 Культура
Адэля ДУБАВЕЦ, фота Бернарда БЛЭКА, Белорусские новости Беларускія пісьменнікі і перфарматары — магутная сіла, якая знаходзіцца ў бясконцай выпрацоўцы новых паглядаў на старыя з’явы. Нядаўна на вочы пісьменнікам трапілася старая мінская крама "Рыба", размешчаная на вуліцы Карла Маркса. Пісьменнікі прыгледзеліся — з-за кута пагрозліва вызірае новы рыбны шоп з добрымі лядоўнямі і заморскімі гатункамі прадуктаў. Прыслухаліся — па горадзе ходзяць чуткі пра запланаванае пераўтварэнне "Рыбы" ў італійскую піцэрыю. У магчымай перспектыве знікнення таннай рыбнай крамы беларускія літаратары ўгледзелі магчымасць страціць традыцыйнае дэмакратычнае месца для сяброўскіх тусовак, таннай выпіўкі і плённых размоў. Для абароны гэтага самабытнага дызайнерскага памяшкання, сцены якога аздоблены пасляваеннымі фрэскамі з выявамі рознага марскога хараства, было прыдумана правесці адмысловы "рыбны дзень", поўны флэш-мобаў, перфомансаў, імправізацый, музыкі — усё гэта канцэптуальна мусіла суадносіцца з тэмай вады, акіяну, мора і вадзяных насельнікаў. Таксама адмыслова для абароны ўлюбёнага месца гарадскіх дзівакоў і невыпадковых мінакоў быў выдадзены новы, дванаццаты, нумар часопіса "Тэксты", з лагатыпам культавай крамы на вокладцы, прысвечанага і рыбе, і "Рыбе". Што праўда, насуперак традыцыі савецкіх сталовак, якія знаходзяцца ў адным гістарычна-эстэтычным шэрагу з крамай "Рыба", "рыбны дзень" літаратары правялі не ў чацвер, а ў суботу. Непасрэдна пра "Рыбу" ў "Тэкстах" — вокладка, прадмова, экспрэсія Змітра Вішнёва "Мая крама "Рыба", вершы Ярылы Пшанічнага, аповед "таравываН" Анатоля Івашчанкі, настальгічны аўтабіяграфічны аповед "Акіян". "Рыба". Маладосць " Аляксея Шыдлоўскага і "Не пакінем РЫБЫ нашай, каб не ўмёрлі" Змітра Юркевіча. Трапляюцца таксама спробы разабрацца ў комплексе беларускага "бязмор’я". Напрыклад, Серж Мінскевіч у сваім эсэ "Беларускі акіян", аздобленым вершамі і песнямі, прыходзіць да высновы, што "ў беларусаў смага — хранічная нацыянальная хвароба. Смага да вады, да мора-акіяну. Да свабоды. Усё атрымліваем па кропельцы І хранічна спадзяемся, што нарэшце ператворыцца тая смага ў прагу". Таксама ў новых "Тэкстах", ніяк не звязаныя з "Рыбай", але каштоўныя самі па сабе — урыўкі з новых раманаў Аляксея Талтова і Іллі Сіна. Звяртаючыся да чытачоў у прадмове, аўтары спачатку параўноўваюць "Рыбу" з контркультурнай кавярняй "Сайгон" у Санкт-Пецярбургу, дзе збіралася ўся мясцовая багема і тусаваліся ўдзельнікі праектаў "Аквариум", "Кино", легендарных "Міцькоў". "Тут сустракаюцца студэнты, прадстаўнікі андэграўнду, тэатралы, працоўныя. Дзякуючы танным коштам і добрай працы супрацоўнікаў крамы створана дзіўная атмасфера камунікацыі, якая ў сваю чаргу гальванізуе працэс творчасці", — гэтак стваральнікі часопіса тлумачаць падабенства, праўда, тут жа прызнаючыся, што "Рыба" "не цягне" на кавярню, пры гэтым з’яўляючыся закансерваваным у часе скрыжаваннем маршрутаў мінчука. Пісьменнікі, музыкі і перфарматары ў сваім звароце заклікаюць усіх творчых людзей аб’ядноўвацца — маляваць, пісаць, спяваць у гонар "Рыбы". Калі гэты праект і сапраўды выкліча зацікаўленасць з боку розных мастацкіх суполак і творцаў-"адзіночак", магчыма, "рыбныя дні" не скончацца тым адзіным, першым, які адбыўся 25 красавіка ў Палацы мастацтваў. "Уліванне" новых ідэй у звыклы фармат чытання ўласных вершаў па чарзе — сціплым паэтычным ланцужком — і перфомансаў у поліэтыленавых строях не зашкодзіла б ні прысутным на вечарыне знаёмым выступоўцам, ні гледачам. Сродкі, затрачаныя на антураж, відавочна, патрабавалі і больш цікавага зместу, нейкага руху і дзеяння. Пісьменнікі і паэты былі апрануты ў чорныя "майкі хакейнай каманды" — з надпісам "РыбаSOS" і ўласнымі імёнамі на спінах. Добрая вынаходка, калі арыентавацца на цэлую зграю "пачаткоўцаў", якія прыйшлі, каб упершыню ў сваім жыцці адрозніць Сіна ад Пляна. Прынамсі, мук і пытанняў менш — літаратары падпісаныя, да іх можна падыходзіць і называць адразу па імені. Гледачоў, дарэчы, сапраўды было нямала — з самага пачатку падтрымаць "Рыбу" і паўдзельнічаць у "рыбным" свяце сабралася амаль поўная зала людзей. Пра прысутнасць маладых і "новенькіх" сведчыў традыцыйны рэактыўны смяшок на кожнае другое слова ў вершах Віктара Жыбуля. Апошні выходзіў на сцэну некалькі разоў — у самоце, разам з дзіцём (сын Жыбуля, як апынулася, ужо складае цудоўныя вершы пра кветачкі ў пяску) і ўсёй сям’ёй, з сынам і Джэці. Выводзіць "паэтычных" дзяцей даводзілася не для радасці і шчасця, а для запаўнення раптоўных паўз. "Мне перадалі, што Ярыла Пшанічны бухае! Замест яго будзе выступаць Юрась Барысевіч, — радасна паведамляе абчэплены сушанай скумбрыяй Вішнёў. — Ой, даруйце, Юрась Барысевіч таксама бухае!" Юрась Барысевіч, калі і "бухаў", то рабіў гэта нядоўга і хутка з’явіўся на публіцы ў поліэтылене, з сінім пакетам на галаве. Крыху пагайдаўшыся ўзад-уперад, ён нанізаў мікрафон на леску і пачаў лавіць на яго рыбу з сіняга вядра з вадой. Пасля гэтага ў мікрафоне цэлы вечар нешта булькала, што, аднак, не перашкаджала літаратарам чытаць, крычаць, спяваць і шаптаць у яго. Паэт і літаратуразнаўца Арцём Кавалеўскі па-свойму растлумачыў, чаму ратаваць "Рыбу" — справа кожнага нармальнага мінчука: "Рыба — добрая істота і карысная ежа. А ў краме "Рыба" мы можам знайсці і тое, і іншае". Паэты спрабавалі ўзгадаць як мага больш вершаў з уласных зборнікаў, прысвечаных рыбе і вадзе, некаторыя адразу пісалі новыя "рыбныя" творы (паэтка Джэці перад выступам нешта пісала ў нататніку, а потым чытала з яго ж, магчыма, зусім нованароджаны твор). Праўда, пасля ўсё пайшло неяк не так. Гледачы пачалі падымацца і хутка знікаць, распускацца ў нефармальнасці, смеху і весялосці, пакінуўшы залу амаль сам-насам з чорным пахавальным эмбіентам і сцэнкамі з бруднымі мёртвымі нявестамі на дыяфільмавым палатне. Ахвотных стаць на абарону крамы "Рыба", удзельнічаць у флэшмобах, набываць і чытаць "Тэксты" аказалася зусім нямала, а выседзець у зале Палаца мастацтваў да канца змаглі сапраўды непахісныя, самыя смелыя і вынослівыя. Справа тут, безумоўна, у доўгай, невыносна зацягнутай праграме, без развіцця, імправізацый — усяго таго, што можна назваць творчым актам, на хісткіх крэслах, каля акна, у якое праразаецца вясновае сонца. Можа быць, дастаткова было б проста памяняць памяшканне, памяняць звычкі. Пісьменнікі кажуць, што "Рыба" "не дацягвае" да кавярні. Аддайце ім "Рыбу", хай дапамогуць ёй "дацягнуцца". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
26 апреля 2009 Культура Адэля ДУБАВЕЦ, фота Бернарда БЛЭКА, Белорусские новости Беларускія пісьменнікі і перфарматары — магутная сіла, якая знаходзіцца ў бясконцай выпрацоўцы новых паглядаў на старыя з’явы. Нядаўна на вочы пісьменнікам трапілася старая мінская крама "Рыба", размешчаная на вуліцы Карла Маркса.
|
|