Армейскі дзёньнік Франака Вячоркі
Франак Вячорка. Нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, вучыўся ў БДУ, быў адлічаны. Паступіў у Эўрапейскі гуманітарны універсытэт. Старшыня камісыі па культуры Партыі БНФ, адзін зь лідэраў «Моладзі БНФ», кіраўнік творчай ініцыятывы «Беларускі Гальфстрым». Ініцыятар дубляваньня фільмаў на беларускую мову. Прадусар музычных праектаў «Веру ў цябе», «Партызанская школа», «Незалежны Я», «Янка Купала – 125», мэнэджэр шэрагу імпрэзаў і канцэртаў. Адзін з актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, які быў гвалтоўна прызваны на вайсковую службу. З 28 студзеня 2009 года служыць ва ўзброеных сілах Беларусі.
У частцы, дзе «бавіць» службу Франак Вячорка, злавілі шпіёна. Хто ён, найміт замежных выведак і пагроза нацыянальнай бясьпецы?
4 траўня. Шчанюк У нас у часьці завёўся шчанюк — пузатая рудая жывёлінка з тоўстым хвастом, брушкам і чорнымі бліскучымі вачыма. Адкуль ён зьявіўся, ніхто ня ведае. Некаторыя кажуць — гэта шчанё качагарскай сучкі. Некаторыя -- што яго падкінулі. Шчанё назвалі Эльзай. Яна ўжо аблюбавала ганак ля сталовай, адкуль пастаянна выносяць ежу, «курылку», дзе заўсёды знайходзіцца ў цэнтры ўвагі, і пляц. Бывае, стане перад шыхтом у позу «Зважай!» — і мы ёй жартам аддаем воінскае вітаньне. За тое далі ёй і другую мянушку — «Генэрал». 28 красавіка. Футбол для сапраўдных мужчын На пляцоўцы для пасадкі шрубалёту змайстравалі футбольнае поле. Прыцягнулі двое брамаў, дамовіліся аб правілах. Без афсайдаў, бяз аўтаў, свабодны брамнік. Новы прызыў гуляў супраць стараслужачых. Усе ў майках і майтках. На нагах у каго што — старыя кеды, парваныя красоўкі, хтосьці ўвогуле босы. Бегалі дзьве зь лішнім гадзіны. Пазьбівалі ногі. Мы хоць і прайгралі, але не расстроіліся. 1 траўня возьмем рэванш. 26 красавіка. Лазьня Штосуботу пасьля ПХТ адбываецца памыўка салдатаў у лазьні. Лазьняй называецца аднапавярховая цагляная прыбудова да кацельнай блізу нашай казармы. У меншых падразьдзяленнях, а таксама ў брыгадзе ў Баранавічах, дзе няма ўласнай лазьні, салдатаў водзяць у гарадзкую. У лазьню ходзяць пазьменна па 5-10 чалавек. Памяшканьне невялікае. Ля трох душавых кабінак утвараецца чарга. Вада пэрыядычна прападае. Бывае, прыходзіцца па паўгадзіны стаяць намыленымі і мерзнуць, а нехта адзін ідзе ў кацельную высьвятляць, у чым справа. Мыемся ў паўзмроку, недзе над стольлю -- мутная лямпачка. Рамонту ў лазьні ніколі не было. Адно пафарбавалі ржавыя трубы ў насычана блакітны колер. Са столі падае брудна-шэрая вільгаць з кавалачкамі фарбы. Першы раз мыцьцё ў лазьні пакінула досыць гідкае адчуваньне, але наступныя разы я ўжо не зьвяртаў на гэта ўвагі. Пасьля цяжкога працоўнага тыдня і такі душ падаецца раскошай. Некаторыя мыюць у лазьні форму. Гэта, бадай, адзіная магчымасьць скарыстацца гарачай вадой. Ужо паўгоду абяцаюць паставіць пральную машыну. Так яна й стаіць нераспакаваная ў кладоўцы… Пасьля душа мы здаем бялізну і атрымоўваем чыстую. Майкі-безрукаўкі, майткі і анучы на ногі. Бялізна шматкроць ужываная і пацёртая. Але ня трэба баяцца: падчас мыцьця яна праходзіць працэдуру дэзінфекцыі. У дадатак да бялізны старшына выдае тубік крэм-фарбы для абутку «Дамавік», мыла «Дзіцячае» і рулён туалетнай паперы «Салдацкая» ў сьмешнай камуфляжнай абгортцы. 25 красавіка. Увага, вецер! Напярэдадні 26 красавіка Лукашэнка аб'язджае гарады чарнобыльскай зоны. Нашаму батальёну выпала яго суправаджаць. Калі шрубалёт пралятаў над намі, паступіў загад разьбегчыся па станцыях і не высоўвацца «для вашай жа бясьпекі». Два дні запар не сьціхала баявая гатоўнасьць. Амаль усе былі занятыя ці то на станцыях, ці то на пляншэтах. Мяне ж адправілі ад граху падалей. На перавод тэхнікі на летні рэжым. Я поўзаў пад «ураламі», старанна пры дапамозе наждачкі зачышчаў іржу і абнаўляў фарбу. Лазячы па боксах, знайшоў зэнітку. Ха-ха! Высьвятляецца, ня так усё і безнадзейна. 20 красавіка. Злавілі шпіёна На невысокім насыпным узгорку ў атачэньні размаітай вайсковай тэхнікі стаіць салдат і празь бінокль углядаецца ў неба. Гэта назіральнік ПЗН — пункту зьнешняга назіраньня. У выпадку трывогі ці баявой гатоўнасьці ён бяжыць на свой пагорак, дакладвае аб усіх убачаных самалётах, шрубалётах, іншых лётных аб'ектах, паведамляе іх курс, дальнасьць, прыблізную вышыню. Аказваецца, існуе маса хітрыкаў, як гэта вызначыць пры дапамозе вока і бінокля, — па шлейфе, мясцовых арыенцірах і іншых. Учора адбылося цікавае здарэньне. Над баявой пазыцыяй праляцеў параплан. Яго першым заўважыў назіральнік ПЗН, паведаміў камандаваньню. Было вырашана затрымаць патэнцыйнага шпіёна, які парушыў правілы выкарыстаньня паветранай прасторы, ажыцьцяўляў палёт без адпаведнага дазволу. Гора-лётчыкам аказаўся мясцовы аматар. Зараз яму давядзецца заплаціць нясьціплы штраф і вытрываць гутарку з прадстаўнікамі вайсковай контрвыведкі. А наш ПЗН-шчык атрымаў ад камбата падзяку за пільную службу. 18 красавіка. Пра што гаворыць прэса У пакоі для адпачынку і інфармаваньня — яна ж «ленінка», або «лукашэнінка» (ад прозьвішча чалавека на партрэце, што вісіць над тэлевізарам), — дзяржаўная прэса мірна суіснуе з незалежнай. Шэсць газэтаў зьяўляюцца абавязковымі для падпіскі: «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Народная газета», «Белорусская военная газета» і мясцовыя «Гомельская праўда» і «Жыццё Палесься». Паштальён зь іх робіць падшыўку. З маім прыходам у часьць пачалі прыходзіць «Народная воля», «Наша ніва», «Новы час», «Белорусы и рынок» і «Газета Слонімская». Спачатку я натыкнуўся на рашучы пратэст з боку ідэолягаў: маўляў, мы, як дзяржаўная арганізацыя, ня маем права атрымліваць прэсу з пазаафіцыйнага пераліку. Усё, што лішняе, адбіралася і бязьлітасна зьнішчалася. Сытуацыя ўлагодзілася, калі «Нашу ніву» і «Народную волю» пачалі чытаць афіцэры і прапаршчыкі. Салдаты, як правіла, разгадваюць крыжаванкі і чытаюць анэкдоты, навінамі асабліва не цікавяцца. Войска як бы вырывае чалавека з грамадзкага жыцьця. Усё, што адбываецца па-за межамі часткі, падаецца далёкім і малаістотным. Выпадкова за сабой заўважыў, што пачаў чытаць дзяржаўную прэсу. Ворага трэба ведаць у твар. Прачытанае дае глебу для роздуму. На фоне палітычных гульняў з Эўропай зьмяніліся акцэнты і рыторыка. Некаторыя мае аднакурсьнікі і сябры з журфаку ўладкаваліся ў дзяржгазэты і пачалі пісаць як махровыя прапагандысты. Ёсьць у каго браць прыклад. Выкладчыкі, якія мяне адлічалі з унівэрсытэту і празь якіх я патрапіў у войска, пайшлі на павышэньне. Спорна раздаюць інтэрвію. Дэкан Сяргей Дубовік стаў рэктарам Інстытуту журналістыкі пры БДУ, Ганна Басава — загадчыцай аддзяленьня павышэньня кваліфікацыі, Віктар Іўчанкаў — ледзь не галоўным мовазнаўцам краіны… Выслужыліся. Павесьце сабе па лычцы. 13 красавіка. Сустрэча з Жалезьнічэнкам На выходных прыяжджалі мама, Саша Клімовіч і Андрусь Крэчка з «Моладзі БНФ», мой былы ліцэйскі выкладчык Аляксей Крукоўскі і — самае нечаканае — Зьміцер Жалезьнічэнка. Зьмітру ўсё-ткі далі дзесяцідзённы адпачынак. Ужо больш за год ён служыць у чыгуначных войсках у Жлобіне, так і не прыняўшы ваеннай прысягі. Зьміцер быў адлічаны з унівэрсытэту і, падобна мне, гвалтоўна прызваны «защищать родину». Зьміцер — «дзед», я — «дух». Ён адразу зрабіў мне заўвагу: чаму боты не начышчаныя як сьлед? Я пасьпяшаўся выправіць недахоп. Мне далі дзённае звальненьне. Мы ўсе пайшлі ў кавярню. Сьмяяліся, жартавалі. Абмяркоўвалі службу, ваенную тэхніку, мой дзёньнік. Зьміцер не прыняў «дзедаўшчыны» і стараецца як толькі можа дапамагаць маладым салдатам. Чытае. Вучыць кніжкі па сьпецыяльнасьці — жадае стаць праграмістам. Рыхтуецца да «грамадзянкі»… Мы пагадзіліся, што тэрміновая служба з усімі яе «тяготами и лишениями» нічога асаблівага чалавеку не дае. Гэта няйнакш як страчаныя гады. Мусіць быць прынамсі выбар. Потым мы падняліся на Мазырскае замчышча. Пару год таму тут узьвялі драўляную копію сярэдневечнага замка — з музэем, званіцай, агляднай пляцоўкай і карчмой. Зь вежы адкрываецца краявід на Мазыр. Разьлітая Прыпяць падзяліла прастору на маленькія выспачкі. За ракой — узгорысты лясны масіў... Нездарма мазырскі край называюць «беларускай швейцарыяй». Мы сфоткаліся. Ля замкавай сьцяны стаяла гіганцкая шахавая дошка зь вялізнымі драўлянымі фігурамі. Згулялі бліц-партыю. Зьміцер мяне абыграў. «Вучыся, салдат! — сказаў ён мне на разьвітаньне і працягнуў пакунак з гарбатай, печывам, лімонам і згушчонкай. Гэта падарунак на дзень народзінаў!» Зьміцер паехаў. А мы працягнулі шпацыр па гэтым выбітным горадзе. 12 красавіка. Летні рэжым У арміі адсутнічае здаровы сэнс. Гэтым разам пацярпелі простыя салдаты. Выйшаў загад аб пераходзе на летні рэжым. Нехта вырашыў, што лета наступае менавіта сёньня. Нас пераадзелі ў летнюю форму, зімовыя шапкі памянялі на кепкі, выдалі майткі і майкі. Пад кіраўніцтвам старшыны расклеілі ўсе вокны, паздымалі ўцяпляльны матэрыял. Ноччу мерзьлі як цуцыкі. З усіх шчылінаў дзьмула, нібыта мы былі не ў казарме, а на Кольскім паўвостраве. Чуўся толькі лязгат зубамі… Бралі па дзьве-тры коўдры, накрываліся бушлатамі, некаторыя спалі ў вопратцы. Засыналі з адной думкай: хутчэй бы гэта ўсё закончылася. 8 красавіка. Зарадка Пачатак дня. Сонца заліваецца вогненнай чырваньню. Насычана блакітнае неба сьлепіць вочы. Ранішні вецер працінае да дрыжыкаў. Над Мазыром стаіць туман. І толькі асобныя будынкі, як тыя вежы замка, прабіваюцца з-пад малочнага покрыва застаялага паветра. Салдацкі дзень пачынаецца з зарадкі. Мы прабягаем дзесяць колаў вакол пляцу, пасьля шыхтуемся ў дзьве шарэнгі, разьмінаем цягліцы рук, ног, шыі. Робім так званую салдацкую спружыну — нахіляем тулава перад сабой, спрабуючы дастаць ступняў, і прысядаем. Некаторыя сяржанты любяць павычварацца — з адцісканьннямі на лік. Прымаеш упор лежачы, згінаеш локці па камандзе раз, два альбо — напалову — паўтара. Пасьля кожнай каманды сьледуе працяглая паўза... На дзясяты раз ты ўжо ніякі. Пасьля тых адцісканьняў на даланях застаецца ўзор халоднага асфальту. На завяршэньне — падцягваньне на перакладзіне, пад’ём тулава на брусах. Калі зарадка закончылася, сонца ўжо прыняло свой звычайны залацісты воблік. Туман паціху рассмактаўся. Навакольле запоўнілася птушыным сьпевам. Да нас паціху падкралася вясна… 6 красавіка. Мы — камікадзэ Калі мяне везьлі ў войска, я цешыў сябе думкай, што хоць навучуся страляць. Зь мінамёта, Макарава ці хаця б з Калаша. Страляць — справа няпростая, і, як паказвае досьвед, можа прыдацца. За тры месяцы я пастраляў аднойчы і то расшчодрыліся ўсяго на тры патроны. Такая сьпецыфіка нашага роду войскаў… «Вы — камікадзэ! — падбадзёрыў нас начальнік. — Пры паветраным налёце першымі зьнішчаюцца радыётэхнічныя войскі. Пры атацы з Украіны вас ня будзе праз 15 хвілінаў. Мы нават не пасьпеем засекчы ракету». Падбадзёрыў дык падбадзёрыў! Паўстае карціна бамбёжак, як нашая тэхніка зь лякатарамі разрываецца на аскепкі… Аднойчы мне падалося, што мы служым не ў войску, а гуляем у гульню. У гульню для дарослых. Мы падфарбоўваем рухавік і падчышчаем фільтры машынам, якія калі-небудзь паедуць. Мы хаваемся, нацягваем маскіровачную сець на лякатары, хаця іх і дома гаспадыня разгледзіць на спадарожнікавай мапе праз Google Earth. І ўрэшце рэшт нашыя лякатары ледзь што бачаць, не кажучы пра іх дакладнасьць. Але гэтым ніхто не пераймаецца. Галоўнае — каб круціліся. У гэтай гульні — усё, нібы насамрэч. Чатырохразовыя разводы, камендатура і гатоўнасьць нумар адзін... Ваенная тэхніка, як і цацкі, пастаянна ламаецца. І мы яе пастаянна рамантуем. Галоўны прыз у гэтай жорсткай гульні — дзембель. 5 красавіка. Самае смачнае — катлеты «Чаму нас так добра кормяць?» — запытаўся ў кухара, наслухаўшыся гісторыяў пра баланду ў іншых часьцях, дзе падаюць хутчэй клей, чым ежу. Мы атрымоўваем двайны паёк у сувязі з павышанай радыяцыяй. Наша часьць знайходзіцца ў зоне зь перыядычным радыяцыйным кантролем — інакш кажучы, ў чарнобыльскай зоне. Здаровая ежа мусіць узмацніць здароўе і зьберагчы ад наступстваў такой службы. Мы атрымоўваем 155 грамаў мяса на дзень замест паложаных ста, дзьве шайбы масла па 30 грам замест пятнаццаці, шэсьць яек на тыдзень замест трох. Апроч гэтага, нам даюць малако альбо згушчонку, булачкі, рыбныя кансэрвы. Людзей няшмат, гатаваць прасьцей. Грамадзянскі кухар і салдат тэрміновай службы гатуюць такія стравы, якім пазайздросьцяць многія забягалаўкі і кавярні Менску. Самае смачнае — катлеты. 4 красавіка. Кажан У самы разгар ПХД злавілі кажана. Я яго згроб ля казармы разам зь леташнім лісьцем. Ён расправіў крылы, разьзявіў зубатую пашчу і запішчэў. Зьлятаць ён не хацеў. Зрэшты, і ня мог. Мы яго падвешвалі на галінцы, спрабавалі падкінуць угору. Але кажан адно спрабаваў кусацца і выдаваў няясныя гукі. Кажан мог бы стаць сымбалем нашых войск. Роўна, як і сава. Грозны і нястомны вартавы беларускага неба. 1 красавіка. Стары мічман Пра яго можна напісаць кнігу. Наш старшына — чалавек унікальнай пароды. Невысокі, паўнаваты, зь вялікімі густымі вусамі, далікатна распраўленымі ў бакі. Старшына падобны да Хохліка з казкі пра Беласьнежку. Ён служыў мічманам на Кольскім паўвостраве. Тады ў ім адкрыўся талент запрагаць салдата ў працу. Бывае, прыйдзеш з начнога дзяжурства ці з нараду, абясьсілены і нямоглы, азіраешся па баках… А як старшына цябе ўбачыць, рыхтуйся — пойдзеш насіць наўлечкі, падфарбоўваць бардзюр ці нашываць латкі на анучкі. Салдаты імітуюць напружаную занятасьць. Старшына ўсё бачыць наскрозь і цябе адразу раскусіць. Умее ён і вылаяцца — яскрава, сакавіта і ў тры паверхі. У старшыны ўсё раскладзена па палічках. Кальсоны, кашулі разабраныя па памерах. Бушлаты і нават сланцы падпісаныя. Уся маёмасьць — строга па вопісу. Калі зграбаць лісьце — зграбай, адсюль і да абеду. Праверыць да лісточка. Мне часам здаецца, што ён прыходзіць ноччу і становіцца да майго ложка — сочыць, ці я сплю. Баюся прачынацца. 30 сакавіка. Арміі патрэбна поўнае пераўзбраеньне З брыгады амаль штодзённа прыходзяць тэлеграмы: загады камандаваньня, навіны ўзброеных сілаў, страшылкі пра НАТО. Тэлеграмы бываюць машынапісныя і пад дыктоўку. У руках тэлеграфіста-салдата — трубка: голас на тым канцы дроту манатонна, са знакамі прыпынку, зачытвае тэкст. Салдат ад рукі запісвае і дакладвае начальніку. Цывілізацыя да войска не дайшла, а лепш сказаць, прайшла міма. Ужо факсы і электронная пошта з посьпехам замяняюць тэлеграф. Тут няма ні першага, ні другога. Ваенная тэхніка 70-х — 80-х гадоў, якая ў нас ёсьць на ўзбраеньні, маральна і фізычна састарэла. Вялікія шматтонныя агрэгаты сёньня замяняюцца невялікімі прыборамі. Старэнькія савецкія УРАЛы, КРАЗы, ЗІЛы не вытрымліваюць канкурэнцыі з сучаснымі замежнымі ваеннымі цяжкавагавікамі. Толькі дзякуючы правільнай эксплуатацыі і якаснаму абслугоўваньню наша тэхніка на хаду і боегатовая. Іншыя б спісалі яе ў гісторыю. Тое, што паказваюць у тэлепраграме «Арсенал» і часопісе «Армія» — няйнакш як паказуха. Нашая часьць лічыцца найлепшай у восьмай радыётэхнічнай брыгадзе. Але цягам апошніх дваццаці год да нас не прыйшло ні новай тэхнікі, ні навучальных трэнажораў, нічога такога, што магло б якасна палепшыць нашу абароназдольнасьць. Армія патрабуе поўнага рэфармаваньня. Першы крок — прафесіяналізацыя, другі — пераўзбраеньне. 26 сакавіка. Зарплата Выдалі першую месячную зарплату — 23 тысячы беларускіх «зайчыкаў», што роўна васьмі далярам ЗША. Восем даляраў каштуе цэлы месяц рабскай працы. Восем даляраў — гэта прыблізна ў два разы менш за сярэдні заробак на Кубе, у 40 разоў — чым сярэдні заробак у Беларусі, у 90 разоў — чым у Польшчы і ў 500 разоў меней, чым заробак у Вялікабрытаніі. Больш заможным грошы дасылаюць бацькі. Салдат піша даверанасьць на імя паштальёна, а той забірае перавод на пошце. Пасьля ідзем затаварвацца. Асартымент: зефір, кава распушчальная, сыркі плаўленыя… Хлапцам не хапае нават на цыгарэты. Некаторыя сур’ёзна задумваюцца, каб кінуць паліць. 26 сакавіка Франаку Вячорку споўніўся 21 год. Рэдакцыя нашай інтэрнэт-газеты віншуе яго і жадае, каб месяцы, праведзеныя ў войску, не аказаліся страчанымі! 25 сакавіка. Дзень Волі За ранішняй гарбатай павіншаваў салдатаў з Днём Волі. Недзе ў Менску пачынаецца мітынг, разгортваюць расьцяжкі, узьнімаюць сьцягі. Нехта прамаўляе ў мікрафон, патрабуючы сапраўднай незалежнасьці, свабоды слова і адстаўкі ўраду. А ў нас сёньня ліцер. Ліцер — паветраная мэта, самалёт, які нельга крануць, які трэба максымальна дакладна правесьці. Лукашэнка з Колем вяртаўся з Сочы. Вайсковая частка пераводзіцца ў баявую гатоўнасьць. На індыкатары паўстае зялёная рысачка і павольна рухаецца на паўночны захад. Мы сочым, каб ягоны боінг выпадкова ня зьбіўся з курсу альбо яго ня зьбілі... 23 сакавіка. Ваенны суд Першая камандзіроўка ў Менск. На ваенны суд. Ваенныя пракуратура й суд — першыя дзяржаўныя ўстановы, якія сур’ёзна ўзяліся за справу і абставіны майго прызыву. На судовым паседжаньні, якое цягнулася больш за сем гадзінаў, былі дапытаныя палкоўнік мэдыцынскай службы Г.Водчыц, які калісьці «лячыў» мяне і Каліту; падпалкоўнік А.Загорскі, ваенны камісар, на вачах у якога мяне зьбівалі, які адправіў мяне ў вайсковую частку нягледзячы на тое, што рашэньне суду не ўступіла у законную сілу. Высьветлілася, што людзі ў цывільным, якія мяне білі ў шпіталі, не контрвыведка КДБ, не міліцыя і не спэцназ, а нейкія ваеннаслужачыя, гэтаксама як і маёр з падпалкоўнікам, якія везьлі мяне ў кайданках «Родину защищать». Але ніхто ня здолеў назваць прозьвішчы гэтых людзей і месца іхнай службы. Па вуліцах ходзяць вайскоўцы-інкогніта, якія могуць схапіць мінака, зьбіць і забраць у войска. Мы далучылі да справы дакумэнты альтэрнатыўнага мэдычнага абсьледаваньня сэрца. Палкоўнік Водчыц прызнаў на судзе, што паводле гэтых вынікаў я не прыдатны да вайсковай службы. Відэа з суда 21 сакавіка. Днявальны па роце Днявальны па роце — самы складаны й распаўсюджаны сутачны нарад. Заступаеш у 18-00 аднаго дня, вызваляесься праз суткі. Сьпіш толькі дзьве гадзіны. Астатні час стаіш на тумбачцы ля ўваходу у памяшканьне роты альбо прыбіраеш. У нарады ходзім некалькі разоў на тыдзень. У горшым выпадку — праз суткі. Мне далі асабісты штык-нож, прымацаваў на папругу. Ён лёгка чапляецца на аўтамат, пераўтвараецца ў кусачкі альбо малаток. Да другой гадзіны ночы мыў падлогу «пад палацёр». Набіраеш вядро вады, крышыш гаспадарчага мыла, узбоўтваеш, утвараецца пена. Распырскваеш яе па падлозе, бярэш палацёр (у нарадзе — «машка» — шчотка з доўгай ручкай) і расьціраеш. Зьбіраеш брудную пену сухой анучай. Зь дзьвюх да чатырох ночы патрулюеш тэрыторыю: кашары (казарма), склад, лазьня, аўтапарк… Кожныя 15 хвілінаў даеш сыгнал дзяжурнаму па роце, што ўсё ў парадку, ніхто цябе не зарэзаў і пажар не ўчыніў. Нашая частка ў найвышэйшай кропцы Мазыра, халодны вецер працінае да пят. Увесь наступны дзень змагаесься са сном. Будучы за тумбачкай, аддаеш каманды згодна распарадку дня, а таксама па прыбыцьці афіцэраў, вышэйшых за дзяжурнага па частцы: «Зважай!» Альбо выклікаеш дзяжурнага па роце. Адказваеш на тэлефонныя званкі. Вялікі клопат усё прыбраць-памыць да здачы нараду. Стомлены, дзейнічаеш на аўтамаце. Цела ные. Марыш пра адно: хутчэй бы адбіцца. 17 сакавіка. Некалькі парадаў будучым салдатам Перад тым, як патрапіць у войска, я атрымаў шэраг карысных парадаў ад Зьмітра Жалезьнічэнкі, аднаго зь першых палітпрызыўнікоў, які праходзіць службу ў Жлобіне, — як не паўтараць памылак мінулых пакаленьняў. Што з сабой браць? Будзьце гатовыя, што цывільную вопратку, мабільныя тэлефоны, іншыя рэчы, якія пададуцца ім падазронымі, — забяруць. На тэрыторыі бальшыні вайсковых частак крамы няма. Задбайце пра ўсё загадзя. - мыльна-рыльныя прылады: шчотка зубная ў футарале, паста, мыла ў мыльніцы, галяк са зьменнымі лёзамі, крэм для галеньня і пасьля. Пажадана, каб усё было новае. Усё гэта можна набыць у старшыны роты, толькі вам выставяць адпаведны рахунак. У разы большы за рэальны; - прылады для пісаньня: асадкі, алоўкі, папера А4 для рапартаў і скаргаў; 4 агульныя сшыткі: для спэцыяльнай, агульнай баявой і ідэалягічнай падрыхтоўкі, адзін для лістоў; - капэрты зь літарай А (перадаплачаныя па Беларусі) альбо без. Салдатам пісьмы па Беларусі бясплатныя, замест маркі ставіцца штамп «Солдатское». - ліхтарык, каб хадзіць у начныя патрулі, чытаць у цёмнай кабіне альбо пад коўдрай; - супакойныя таблеткі альбо вітаміны з супакойным дзеяньнем. У многіх новапрыбылых вайсковая служба выклікае стрэс і нэрвовы зрыў. Жорсткі графік, патрабавальнасьць і агрэсіўнасьць камандзіраў, новае асяродзьдзе. Вельмі важна трымаць сябе ў руках; - вушабярэгі (яны ж берушы, затычкі для вушэй). На каранціне можа спаць па 100-150 чалавек у адной спальні, вушабярэгі гарантуюць спакойны сон; - кнігі для чытаньня. Мастацкая і навучальная літаратура. Чытаньне падтрымлівае агульны тонус і затрымлівае працэс «тупеньня»; - кавалак белай тканіны рабіць падкаўнерыкі, іголкі ды ніткі, каб падшываць; - маленькі радыёпрымач з навушнікамі. Можа быць карысны ў маленькіх аддаленых альбо незабясьпечаных частках для слуханьня музыкі й навінаў, для простага забіцьця часу; - грошы. Як сябе паводзіць? Вам палумачаць адразу па прыбыцьці ў частку. Але ёсьць правілы, якіх трэба трымацца як сьвятая сьвятых: - не крадзі; - не стучы. Важна зрабіць добрае першае ўражаньне. Як павядзесься напачатку, так да цябе будуць ставіцца да канца службы. У калектыве ёсьць «нармальныя пацаны», сярэднячкі і ёсьць ізгоі, лузэры. Да ліку апошніх лепш не трапляць. У войску трэба быць умеркавана нахабным і прабіўным. Такіх паважаюць і баяцца. Кіруйся салжаніцынаўскім прынцыпам: «Ня вер. Ня бойся. Не прасі». 16 сакавіка. Зьбіраем бібліятэчку У пакоі — тэлевізар, вялікая пашарпаная канапа, некалькі партаў, крэслаў. На падвоканьні — гаршчкі з дэкаратыўнымі кветкамі. На сьценах — партрэт галоўнакамандуючага і тыпавыя плякаты пра структуру ўзброеных сілаў, дзяржаўны лад, герб, сьцяг РБ, герояў-лётчыкаў і парадак прызначэньня кляснасьці сьпецыялістаў. На тумбачцы — акварыюм з залатымі рыбкамі, адрыўны каляндар «Родны край» і кніга пра герб і сьцяг. Гэта — пакой для адпачынку і інфармаваньня. Альбо, па-салдацкаму, «ленінка». Мы з салдатамі зьбіраем бібліятэчку. Пакуль кніг мала, захоўваем іх у тумбачцы. Старшына паабяцаў уладкаваць шафку, калі тумбачкі будзе замала. Ужо маем некалькі кніжак замежных клясыкаў, «Адкусі галаву вароне» і «Каханак яе Вялікасьці» Уладзіміра Арлова, падпісаныя аўтарам, Курт Ванегут, Кафка, Пялевін, «Псыхалёгія лідэра» і «Мова пісьма», Халед Хасэйні «Бягучы за ветрам», Эліза Ажэшка «Хам», Генрык Сянкевіч "Quo vadis?" і іншыя. Гэтак выглядае правая палова палічкі. Зьлева стаяць запыленыя карэньчыкі кніг невядомых мне аўтараў. Пагартаўшы іх, я двойчы падзякаваў Богу, што Савецкі Саюз закончыўся і ніхто не прымусіць гэта чытаць. Некалькі кніг выняў зампаліт: «Армія ў нас, вядома, па-за палітыкай, але ты сам разумееш...» Пад сумнеў патрапіла «ARCHE» 2004 году выпуску, Уладзімір Арлоў «Прысуд выканаў невядомы» (пра Ігната Грынявіцкага, які зьдзейсьніў замах на расейскага цара) і чамусьці «Пяць мужчын у лесьнічоўцы», п’есы Алеся Петрашкевіча «Приласкать и уничтожить» і вершы-байкі Алеся Няўвеся «Адлуп». Рэестр кніг пакуль не стваралі. Салдаты і сяржанты вольна бяруць, што падабаецца, і чытаюць. Так бы мовіць, самаадукоўваюцца. Зьвяртаюся да ўсіх спрычыніцца да нашай бібліятэчкі і даслаць кніжкі найлепш мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, на адрас: горад Мазыр, вуліца Астроўскага, в/ч 48694, індэкс 247760. Разумны салдат — моцнае войска. 14 сакавіка. Войска — не турма? Войска — асаблівы від зьняволеньня. Наша часьць нагадвае выпраўленчую калёнію — «хімію», дзе мы ўсе, невінаватыя, атрымалі па паўтара году. Раптоўна пачалася эпідэмія грыпу. Адмянілі наведваньні і звальненьні. У сувязі з пачаткам вучэньняў «Восень-2009» строга забаранілі мабільныя тэлефоны. Зьнянацку перастаў працаваць таксафон-аўтамат. Мы, салдаты, аказаліся адарванымі ад сьвету. Здаецца, зьбег абставінаў, але, знаходзячыся тут, усё менш верыш у супадзеньні. Да многіх зьбіраюцца бацькі, родныя, дзяўчаты з Гомелю, Менску, Магілёву. Хлопцы тыдзень, а то і месяц чакалі нядзелю, каб выйсьці ў горад і пабачыць блізкіх. І вось вам паведамляюць, што заўтра нікуды не пойдзеце — і ўсё. Звальненьні паложаны вайсковым статутам. Кожны салдат мае права на звальненьне раз на тыдзень. Нашае камандаваньне гэта ўпарта ігнаруе і адпускае салдат пад строгае «але», толькі калі прыязджаюць бацькі. Некаторыя хлапцы вылазілі з вайсковай часткі толькі адзін-два разы за паўгода-год службы. Хай пасьля не зьдзіўляюцца, чаму маладыя хлапцы ўпарта ня хочуць ісьці ў гэтую армію. 13 сакавіка. Рамантыка ў войску Ёсьць тут і свая рамантыка. Спускаешся па бэтонных прыступках у халоднае скляпеньне — камандны пункт. Ідзеш доўгім калідорам у вялікае прыцемненае памяшканьне. Мноства індыкатараў, тэхнікі, падобнай да першых ЭВМ. Афіцэры не адрываюцца ад тэлефонных апаратаў, даюць нейкія важныя ўказаньні. Перад імі — трохмэтровыя падсьветленыя экраны. Пляншэты, за якімі працуюць салдаты — малююць маршруты паветраных судоў. Усё, як у кіно. Тэхніка, відавочна, не новая, але атмасфэра фантастычная. Калі мяне перавялі з пляншэту на РЛС — радыёлякацыйную станцыю, я пайшоў у начную стажыроўку за індыкатар. Зялёная стрэлка робіць шэсьць абаротаў у хвіліну. Менавіта такая дыскрэтнасьць выдачы інфармацыі на перамяшчэньні самалётаў. Калі наша дзяжурства скончылася, мы ляглі спаць. Менавіта там, у мэталічным кузаве радыёлякацыйнай станцыі, сярод дзеючых прыбораў і агрэгатаў. Паслалі бушлаты, уключылі батарэю і заснулі... 12 сакавіка. Нарад па-за чаргой «Встать! Смирно! Рядовому Вечерку — наряд вне очереди!» Гэтак мяне пакаралі перад усім асабістым складам тэрміновай службы. Нехта выдрукаваў мой армейскі дзёньнік, далажыў начальству. Начальства вырашыла, што я пішу ня тое, што трэба, і пакарала мяне. У асабістай справе запісалі, што мне вынесена вымова «за невыкананьне патрабаваньняў старшага начальніка». Маўляў, перад тым, як публікаваць, прынось нам на вычытку. Я, натуральна, адмовіўся, за што і паплаціўся. Але мушу прызнаць свае хібы. Па-першае, бульба на складзе хоць і гнілая, але гэта ня значыць, што нам падаюць гнілую бульбу на стол. Па-другое, баявая гатоўнасьць нумар адзін можа здарацца па пяць-сем разоў на дзень. А вось дызельны генератар запускаецца радзей, толькі калі падключаецца прымусовае сілкаваньне. А гэта здараецца раз на паўгода. Па-трэцяе, сапраўды, у нашай часьці ёсьць некалькі афіцэраў, якія матам не лаюцца. Але гэтыя выключэньні якраз пацьвярджаюць правіла. Маючы за плячыма вымову, наўрад ці мне дачакацца сяржанцкіх лычак. А можа, яно і лепей: чыстыя пагоны — чыстае сумленьне. 8 сакавіка. Сны Адбой — любімая частка дня ўсіх салдат. Кладуся на ложак — і ня хочацца прачынацца. Ніколі больш ня хочацца чуць гэты агідны «Рота, пад’ём!». Амаль штоноч бачу сны, нібы гляджу тэлевізар. А што сьніцца? Сьніцца сон. Сьніцца каханая дзяўчына. Сябры. У снах я часта падарожнічаю. Вось зусім нядаўна мроілася, што я паляцеў у Ню-Ёрк, а потым — у Прагу. Сьняцца і кашмары. Нядаўна мне прымроілася, што да нас у частку прыехаў Лукашэнка і пачалася вайна... 7 сакавіка. ПХД Штосуботу — паркава-гаспадарчы дзень. Салдат дзеляць на маленькія групы і даручаюць бесталковую працу. Пры гэтым кіруюцца прынцыпам, каб салдат не стаяў без справы. Спачатку мяне адправілі на КПП, паказалі: вось адсюль і дасюль зьбірайце сьмецьце, «бычкі» закопвайце пад сьнег. Калі праца была выкананая, мы пайшлі на харчовы склад, разьбіралі бульбу. Бульба, падмёрзлая і гнілая, аддавала трупным пахам. Пальцы патаналі ў бульбяной мякаці, як у жэле. У халадзільнай камеры вісяць цялячыя тушкі. Штодзень прапаршчык адразае кавалак мяса для салдатаў. На падлозе і сьценах — засохлая кроў. Я наліў вядро вады, сыпануў «Дамэстасу», накінуў бушлат і адправіўся ў лядоўню на змаганьне за чысьціню. Паабедзе пачалося самае цікавае. Сямёх, у тым ліку мяне, адправілі на мыцьцё сарціру і ўмывальнікаў. Сродкаў не было, а мыць чымсьці трэба. Старшына з настальгіяй узгадаў сваю маладосьць, як яны, «маладыя», мылі «вочкі» пяском... Мы макалі анучы ў гаршкі з-пад кветак, зачэрпвалі зямлю і паліравалі пажаўцелую эмаль ракавіны... А як адбываліся вашыя ПХД? 5 сакавіка. Новая прафесія Напэўна, мне не ўдасца зьмяніць ход гісторыі. Мяне адхілілі ад усіх абавязкаў, зьвязаных з кантролем паветранай прасторы. Камандзіры прачыталі мой дзёньнік і спалохаліся, што я сапраўды магу нешта ўчыніць. Цяпер я — дызеліст-электрык, галоўны электрамеханік кацельнага вузла. Праца мазгоў не патрабуе — адно падліваць машынны алей, спраўджваць ахалоджвальную вадкасьць, падцягнутасьць рэмняў рухавіка. У выпадку баявой гатоўнасьці я заводжу дызель-тарахцелку, падключаю генератар і падаю сілкаваньне на станцыю. Баявая гатоўнасьць здараецца нячаста — як правіла, падчас вучэньняў раз на паўгода і калі Лукашэнка ляціць. Няхай жыве моцны і здаровы салдацкі сон! 4 сакавіка. Галоўны вораг беларускай арміі «Галоўны вораг беларускай арміі — салдат, які думае. У арміі ўсё пралічана да дробязяў. Вашая задача — тупа сьледаваць указаньням камандзіраў», — сказалі нам у першы дзень вучэньняў. «Спачатку ты спрачаешся, пераконваеш афіцэра, што бессэнсоўна пасыпаць пяском сьцежку, калі йдзе сьнег, бо праз хвіліну твой пясок замяце. Спачатку ты абураешся, чаму ўвесь дзень, пакуль сьвяціла сонца, вас трымалі ў казарме, а вечарам, як пайшоў дождж, вас адправілі пампаваць колы старэнькім «Уралам», — падзяліўся досьведам стараслужачы. — Але з часам ты тупееш, табе становіцца ўсё роўна. Ты больш не стараешся, бо ўсё адно давядзецца пераробліваць». Тут праяўляецца салдацкая вынаходлівасьць — як бы дзе схалтурыць, каб начальнік не заўважыў. 3 сакавіка. Разумны ў войску Разумных у войску насамрэч не далюбліваюць альбо пазьбягаюць. Калі ты чытаеш кніжкі альбо любіш клясычную музыку — ты дзівак. Усе нармальныя пацаны не выпендрываюцца, слухаюць Міхаіла Круга і ходзяць у «качалку». Штодзень перад «Панарамай» мы ў чарговы раз пераглядаем DVD-дыск з кліпамі пра зону. А пасьля адбою ўключаем «Сто дней до приказа» і «Дысцыплінарны батальён». Як бы не атупець за паўтара года... 2 сакавіка. Кантрабас Для некаторых вайсковая служба ёсьць трамплінам у жыцьцё. Яны прыйходзяць у войска з малых гарадоў і вёсак, дзе цяжка знайсьці працу і самарэалізавацца. За паўтары гады службы хлапцы адрываюцца ад сям’і, блізкіх, былых заняткаў. Ляяльнасьць і стараннасьць высока цэняцца. Іх павышаюць у званьні і давяраюць асабісты падначалены склад. Для юнакоў гэта — сапраўднае прызнаньне, якога не дачакацца ў грамадзянскім жыцьці. Войска становіцца іх сям’ёй, яны ідуць на кантракт. У нашай частцы палова асабістага складу — кантрактнікі, мужчыны 30-40 гадоў, але ёсьць і жанчыны. Салдаты тэрміновай службы называюць іх пяшчотна «кантрабасамі». Кантрактнікі начуюць дома, а не ў казарме, ходзяць на службу, як на працу, зарабляюць грошы. Ва ўсім астатнім абавязкі ваеннаслужачых па кантракце нічым не адрозьніваюцца ад абавязкаў жаўнераў. Ня маючы ваеннай адукацыі, максымай салдата-кантрактніка ёсьць званьне старшага прапаршчыка. Заробкі, як правіла, нізкія і, насуперак уладным абяцаньням, памяншаюцца. Праз гэта аўтарытэт і папулярнасьць арміі імкліва падаюць. Моладзь, якая ў дзяцінстве марыла стаць ваеннымі, хутчэй пойдзе ў міліцыю, чым у сучаснае войска... 1 сакавіка. Лекцыя аб шкодных звычках У нядзелю ў 09.05, якраз пасьля разводу, — прагляд праграмы «Арсенал» і размова. Зампаліт запытаў: — Якія вы ведаеце шкодныя звычкі? Самым сьмелым аказаўся сержант. Мы разам назвалі пяць асноўных шкодных звычак: п’янства, паленьне, наркаманія, асобна таксікаманія і нецэнзурная лаянка. Кожнаму салдату, як высьветлілася, ёсьць чым падзяліцца з уласнага досьведу і досьведу блізкіх. Мне выпала расказваць пра нецэнзурную лаянку. Бальшыня салдатаў не пагадзілася, што мат — шкодная звычка («Мат — это основа русского языка», «Маты позволяют более эмоционально и точно выразить мысль», «Хто как хатит, тот так и гаварыт»...). Мне стала цяжка кіраваць дыскусіяй. Я аказаўся ў абсалютнай меншыні. Хлапцам няўцям, што мат ня толькі сьведчыць аб нізкай культуры чалавека, але і абражае людзей, у атачэньні якіх ты знаходзішся. Я сказаў, што радзіма мату — савецкія ды расейскія турмы і зоны, што нідзе ў Эўропе няма аналягу расейскай лаянцы. Хлапцы паспрабавалі паспрачацца, але ўрэшце пагадзіліся. Адзін стараслужачы падняў руку: — Мне вось, напрыклад, непрыемна, калі мяне афіцэры нецэнзурна абражаюць. Я чалавек спакойны, раблю ўсё павольна, але якасна. Мяне гэтыя абразы асабіста крыўдзяць. — Ну дык скардзіліся б мне! — перабіў зампаліт. — Гэта ж значыць «Стучать»!.. Гэта ж непрынята... — Ну тады цярпіце... Церпім. 26 лютага. Суд, якога няма Напісаў рапарт на імя начальніка шпіталя з просьбай даставіць мяне ў Менскі гарадзкі суд — 26 лютага ў 15.00. Гэта разгляд скаргі на рашэньне суда 23 студзеня, калі суд без майго ведама прыняў рашэньне аб законнасьці майго прызыву. На суд, натуральна, мяне не адпусьцілі: «Разьбяруцца і безь цябе!». Мае інтарэсы прадстаўлялі адвакат ды бацька. Нашу справу разглядалі апошняй. Адвакат прадставіла асноўныя аргумэнты: што была парушаная працэдура, у асабістай справе — два розныя пратаколы прызыўной камісіі, а рашэньне суда 23-га студзеня — незаконнае, паколькі быў незапрошаны зацікаўлены бок. Тры судзьдзі-жанчыны слухалі, слухалі, слухалі — і аб’явілі перапынак. Паўгадзіны суд раіўся з «сумленьнем». І халоднакроўна агучыў прысуд: усё законна і ўсім дзякуй, усе свабодныя... 25 лютага. Беларуская мова ў войску На прыканцы дзевяностых былыя вайскоўцы — Сяржук Чыслаў і Станіслаў Суднік — распрацавалі расейска-беларускі вайсковы слоўнік. Падобная праца вялася ў Міністэрстве абароны і раней, але была намёртва спыненая неўзабаве пасьля рэферэндуму аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай. У слоўніку адшукаеш беларускія варыянты вайсковых званьняў, камандаў, сьпецыялізаванай лексікі. Аўтары відавочна апіраліся на тэрміналёгію 18-пачатку 20 стагодзьдзяў. Так, старшага лейтэнанта можна назваць паручнікам, лейтэнанта — падпаручнікам, генерала — гетманам. Гетманам жа называлі і ваеннакамандуючага ў ВКЛ. Калі начальнік аддае загад, беларускі салдат крычыць «Рэй!». Савецкае «Есть!» запазычанае з часоў расейскай імперыі, што ў сваю чаргу скалькавана з ангельскага «Yes!». «Ура! Ура! Ура!» — таксама ангельская калька. Чыслаў і Суднік прапануюць покліч «Рубон!», пад які беларускія жаўнеры ішлі ў наступленьне. Іншыя прыклады: «Шагом марш!» — «Крокам руш!» «Равняйсь!» — «Шыхтуйсь!» «Смирно!» — «Зважай!» «Вольна! — «Спачні!» «Напра-во! — «Права фронт!» «Кругом!» — «Тыл фронт!» «На ремень!» — «На пас!» «Здравия желаю!» — «Вітаю!» «Товарищ» — «Спадар». Гэтыя і іншыя каманды — экзотыка для салдат і афіцэраў. Мне прыслалі чатыры асобнікі слоўніка. Адзін падару камбату, адзін — зампаліту. Два асобнічкі пакіну ў салдацкай міні-бібліятэчцы. Рана ці позна гэтая кніжка стане асноўным падручнікам беларускай арміі. 23 лютага. Дзе Яны — абаронцы Айчыны? Дзень абаронцы Айчыны. Дзень узброеных сілаў Рэспубліки Беларусь. Ніхто з хлапцоў ня ведае, чаму адзначаем менавіта 23 лютага, але «раз так прынята, значыць, так трэба». У гісторыі ёсьць выбітнейшыя даты, якія маглі б сымбалізаваць веліч узброеных сілаў Беларусі. 8 верасьня 1514 года беларускія войскі ВКЛ атрымалі самую значную перамогу над амаль утрая большай маскоўскай арміяй. Тая перамога зьяўляецца ўзорам эўрапейскага ваенна-тактычнага майстэрства. БНФ рабіў спробы абвесьціць 8 верасьня нацыянальным сьвятам — Днём беларускай вайсковай славы. 8 верасьня 1992 на плошчы Незалежнасьці ў Менску пад бел-чырвона-белым сьцягам афіцэры-беларусы прынялі прысягу на вернасьць свайму народу. Удзел бралі афіцэры ў адстаўцы, дзеячы Беларускага Народнага Фронту Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк. Сярод тых, хто прымаў прысягу, быў і Віктар Шэйман, які неўзабаве стаў найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі. У афіцыйнай ідэалягічнай дагматыцы нават адсутнічае міф пра 23 лютага. Затое ён ёсьць у нацыяналістаў. 23 лютага 1944 было падпісана распараджэньне аб утварэньні Беларускай Краевай Абароны (БКА). БКА паўстала зь ініцыятывы Беларускай Цэнтральнай Рады і яе прэзыдэнта Радаслава Астроўскага. У сакавіку 1944 адбыўся першы ў гісторыі прызыў у беларускую нацыянальную армію. Больш за 25 тысяч жаўнераў і афіцэраў супрацьстаялі бальшавікам, бандытам-партызанам, а пасьля і фашыстам. Галоўная мэта БКА — вольная і незалежная Беларусь — ня спраўдзілася. Многія эмігравалі, а хто застаўся — пакараныя як калябаранты. У вайскоўцаў БКА былі ўласныя песьня-марш, малітва і нават уніформа. Тэкст прысягі амаль ня розьніцца ад сучаснай беларускай, у гэтым адчуваецца прыемная пераемнасьць. Але самае галоунае — ідэйная плятформа, усьведамленьне вайсковага абавязку як місіі. У нас у шпіталі адбылася цэлая дыскусія. Нават салдат-стараслужачы — актывіст БРСМу пагадзіўся, што войска без нацыянальнай ідэі — ня войска. Афіцыйная дзяржаўная ідэалёгія не дае адказу, ЗА што мы змагаемся. Зампаліт ня здолеў мне патлумачыць, чаму МЫ абавязаныя бараніць расейскае неба і якая Беларусі ад гэтага карысьць (маецца на ўвазе супольная з Расеяй сетка СПА). Усё гэта для хлапцоў было адкрыцьцём. Я ім даў перапісаць тэксты «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «У гушчарах», «За Случчыну». Гэтыя маршы значна лепш кладуцца пад крок, чым тое, што нас прымушаюць сьпяваць на вечаровай прагулцы. 20 лютага. «Ваеннаслужачы абавязаны мужна вытрываць цяжкасьці ваеннай службы». «Армейскі дзёньнік» не прымусіу чакаць рэакцыі. На наступны дзень пасьля яго зьяўленьня ў газэце Naviny.by у казарме апынуліся рабочыя, якія адрамантавалі зьліўныя бачкі ў прыбіральні. Цікава, што замінала гэта зрабіць апошнія паўтара года? Салдаты ўспрынялі навіну як маю асабістую перамогу, пасыпаліся скаргі і прапановы... А вось у баранавіцкай лякарні ВПС і войск СПА, куды мяне засунулі, праблема стаіць яшчэ вастрэй. Мэдыкі вымушаныя працаваць у жорсткіх антысанітарных умовах. Усякая зараза імгненна разыходзіцца па ўсіх пацыентах. Нягледзячы на стараньні ўрачоў і медсясьцёр, некаторыя вайскоўцы ляжаць з прастудай па два тыдні, прымаюць па тры ўколы на дзень і усё адно не ідуць на папраўку. Адна прыбіральня — кабінка з «ачком» — на 50 пацыентаў. Часам зьліў забіваецца, смурод разыходзіцца па памяшканьні... «Ачко» на Акрэсьціна саліднейшае, чым у арміі. І спраўнае ў рэшце рэшт. У падлозе прыбіральні — дзірка, якая вядзе на ніжэйшы паверх. Сьцены — як у Берасьцейскай крэпасьці: «Умрем, но из крепости не уйдем!» Мыцца дазволена раз на тыдзень. Адзін душ — таксама на 50 чалавек. Хаця гэты шлянг з халоднай вадой назваць душам язык не паварочваецца... Краны ржавыя, працякаюць, нібыта так і трэба... Салдаты мне усе раяць напрасіцца на нарад у сталовую. «Адной рукой, — кажуць, — будзеш мыць посуд, іншай — душыць тараканаў». — А што зробіш? — кажа кухарка. — Грошай на рамонт няма!.. 17 лютага. Лячэньне Мяне павезьлі лячыць. Мой стан здароўя нікога ўжо не задавальняе, нават вайскоўцаў. Спачатку павезьлі з Мазыра ў Баранавічы, дзе знаходзіцца штаб брыгады. На наступны дзень з Баранавічау павезьлі ў Менск на кансультацыю кардыёляга. Ля дзьвярэй Рэспубліканскага вайсковага шпіталя сустрэў Зьмітра Хведарука — салдата, таксама ў форме: толькі я — ў параднай, ён — у баявой. Мяне глядзеў загадчык другога кардыялягічнага аддзяленьня. Побач сядзеў Водчыц, які мяне «абсьледаваў» у студзені. Маё зьяўленьне для іх было нечаканасьцю. Сказалі, што першыя тры месяцы службы — выпрабаваўчы пэрыяд. І калі праблемы зь ціскам ды сэрцам будуць працягвацца, магчыма, камісуюць. «Але пакуль, — гавораць, — лячыся!» Не маглі вызначыцца, дзе мяне лячыць — у Бабруйску ці Баранавічах. У рэшце рэшт, пакінулі ў Баранавічах у 222 лячэбным цэнтры Ваенна-паветраных сілаў і войск Супрацьпаветранай абароны. 16 лютага. Ваенныя вучэньні «Пад'ём!!!» — салдаты падскокваюць з ложкаў, адкідваюць коўдру, хапаюцца за штаны. «Вучэбна-баявая трывога!» Хлопцы сударгава спрабуюць нацягнуць анучы на ногі і ў берцы. Два крайнія робяць «сьвятламаскіроуку»: вешаюць на вакно коўдры. Салдаты бягуць атрымоўваць зброю, штаны і кіцялі зашпільваюць па дарозе. Хапаюць шапку, свой-нясвой бушлат і нясуцца на індывідуальную баявую пазыцыю. На ўсё пра ўсё даецца 5 хвілінаў. Гэтак пачынаюцца ваенныя вучэньні. Мая праца — у камандным пункце, куды трэба пасьпець дабегчы. Я — пляншэтыст, адзначаю перамяшчэньні паветраных судоў і патэнцыйнага ворага. Іншым пашанцавала менш: іх задача — сядзець у акопах у чаканьні ўяўнага праціўніка. На паўдарозе да баявой пазыцыі, а яна ідзе пад гару, у мяне падскочыў ціск, забалела сэрца. Наступныя разы я ужо ня бегаў... 14 лютага. Салдацкае шчасьце. Мазыр Шэсьць кабінак, тры з іх спраўныя, і толькі ў адной працуе зьліўны бачок. Стараслужачыя рэкамендуюць " ...адразу ў дзірку". Ачко за чвэрць стагодзьдзя эксплуатацыі згніло, патрэскалася, сьмярдзіць. Калі цябе забралі ў армію, зьмірыся. Ты быдла. Аб цябе будзе выціраць ногі кожны. Прынамсі пакуль не атрымаеш лычкі і зорачкі, будзеш мець падначалены асабісты склад, зможаш зьневажаць сам... У войску матам не лаюцца, на ім размаўляюць. Нават тыя, хто пачапіў зоркі і носіць высакароднае імя афіцэра. 18-гадовыя юнакі, якія воляй-няволяй патрапілі ў войска, глядзяць на хамства і… прызвычайваюцца. "Вы павінны быць як усе!" — чуем мы штодзень. Людзьмі без гонару і годнасці. "Ня думайце! За вас падумаюць!" — скажа прапаршчык. Стараслужачыя відавочна няправільна юрыдычна, але называюць нашу часьць "дысбатам". Гэта самая строгае і суворае падразьдзяленьне брыгады, сюды адпраўляюць вінаватых на "перавыхаваньне". Дзедаўшчыны няма. Статутчына. Мы завучваем воінскія статуты на памяць і расказваем іх на адзнаку. Наш батальён працуе ў рэжыме безупыннай баявой падрыхтаванасьці. Салдатам прыходзіцца працаваць на дзяжурствах ці нарадах па 16—20 гадзінаў на суткі. Сумаваць не прыходзіцца. Зрэшты, чытаць таксама. Бібліятэкі няма. Кожнаму жаўнеру належыць звальненьне раз на тыдзень. Гэта паводле статуту. Тут вызваляюць раз на квартал ці паўгода, і то калі пашанцуе. Замест гэтага ставяць у нарады і дзяжурствы. Вада ў кранах толькі халодная, саланаватага прысмаку. Пітной вады не даюць. Праз тыдзень пачынаюцца праблемы са скурай. Казармы трэба прадэманстраваць якім-небудзь экспертам ад правоў чалавека. Праславіліся б на ўвесь свет. Кормяць няблага. На сьняданак падаюць кашу з кавалачкам каўбасы, на абед — суп і бульбу з катлетамі, на вячэру — бульбу з мясам. Даюць згушчонку, булачкі з карыцай, іншыя прысмакі. Тэлефоны строга забаронены. Аднак ты можаш пакінуць свой мабільны старышыну і, у выпадку пільнай неабходнасьці, — пазваніць. Заўтра цырымонія ўручэньня зброі, дзень адчыненых дзвярэй. Малодшыя прыбіралі сьнег, старэйшыя фарбавалі падлогу. Прадэманструем бацькам, якія мы мужныя салдаты... 9 лютага. Служу ў войсках СПА У войскі супрацьпаветранай абароны, згодна з сядзячай спецыфікай, бяруць, як правіла, хворых на плоскаступнёвасьць, ціск, сэрца і г.д. Сярод жаўнераў ходзіць анекдот: "У ваенкамаце камісар распытвае прызыўніка: — Дзе служыць хочаш? — У лётных войсках. — Не! Лётаць ты не будзеш, у цябе ж гіпертанія, скаліёз!.. — Ну тады ў войсках супрацьпаветранай абароны! — ?! — Раз я лётаць не буду — ніхто не будзе!" 8-я радыётэхнічная брыгада хуткага рэагаваньня ахоўвае паветраныя межы Беларусі. Яе падразьдзяленьні разьмяшчаюцца ва ўсіх абласьцях, апроч Віцебскай. Нашая брыгада атрымала асаблівую славу за зьбіты паветраны шар з турыстамі. Пра гэта гаварыў увесь сьвет год 10 таму: беларускае войска выявіла і нейтралізавала праціўніка... Мяне закінулі ў Мазыр. Мы выяўляем патэнцыяльнага праціўніка на мяжы з Украінай, адсочваем самалёты ды іншыя лётныя аб'екты, якія пагражаюць сінявокай. На палітзанятках нам давялі, што, паколькі Украіна рухаецца да НАТО, нам трэба быць асабліва пільнымі. У часы міграцыяў птушак дадаецца складанасьцяў. Клін крылатых абрысам нагадвае самалёт. На сувязь яны, натуральна, не выходзяць. Тады па гэтых птушак пасылаюць самалёты-зьнішчальнікі. Некаторыя афіцэры зьдзіўляюцца, зь якой такой нагоды мяне і маіх паплечнікаў накіравалі ў стратэгічна важныя войскі — СПА. Жартуюць: Франак выявіць і перадасьць нешта не тое, а Шыла і Каліта гэтае нешта саб'юць... Дарэчы, нашая брыгада суправаджае палёты прэзідэнта і дзяржэлегацый. 7 лютага. Прысягнуць на вернасьць Радзіме Напярэдадні прысягі далі новую уніформу: кіцель, штаны, берцы, нават кукарду на шапку. Анучы памянялі на шкарпэткі. Усе чакалі нечага іншага. Гэта тая самая міліцэйская уніформа, толькі іншай расфарбоўкі і на парадак ніжэйшай якасьці. Адпаведных памераў не хапала. Хлопцы нацягвалі штаны, як ласіны, меншыя танулі ў кіцялях. Магілёўскія "берцы" аказаліся гумавай падробкай, расклейваліся на вачах. Расчараваньню хлопцаў не было мяжы. Нас пашыхтавалі за дзьве гадзіны да прысягі. Двумстам салдатам не было дзе разьвярнуцца на маленькім плацы з патрушчаным асфальтам. Бацькі залазілі на стэнды, футбольныя брамы, фізкультурныя прыстасаваньні, пускалі сьлязу і крычалі: "Саша! Саша!" Пачуўшы сваё імя, ледзь не чвэрць роты абарочвалася. Ля сцэны ўвіхаліся жвавыя хлапцы. З дынамікаў загучаў "Чырвоным па-беламу" — "Не жадаю": "…Бо мы ж не бязродныя, Мы — беларусы. З агеньчыкам у вачах, З усьмешкай на вуснах. Трэба мець гонар і верыць у тое, Што маем сваё, бо сваё — не чужое". Начальства крамолы не прыкмеціла. "Вось гэта прысяга!" — думалася мне. Я быў адзіны, хто яе прымаў па-беларуску: "Я прысягаю годна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана бараніць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь". Напрыканцы салдат мусіў выгукнуць "Служу Рэспубліцы Беларусь!" Адзін хлопец ад хваляваньня ляпнуў "Служу Советскому Союзу!" Я крыкнуў "Жыве Беларусь!" З натоўпу пачулася дружнае "Жыве!" Крыкі маёй маці, у якой сілай вырвалі бел-чырвона-белы сцяг. "Моладзь БНФ" разгарнула расцяжку "За прафесійнае войска". Двух хлапцоў забралі ў міліцыю... Увечары, пасьля "увалкі", салдаты "адзначалі". Пустыя бутэлькі выкідалі мяшкамі... Шаснаццаць хлапцоў, у тым ліку я, першымі пакінулі так званы "каранцін". Зрабілі марш-кідок да вакзала, а там - начным цягніком да Мазыра... Фота- і відэарэпартажы з цырымоніі прысягі Франака Вячоркі 28 студзеня. You're in the Army Now "Я выйшаў купіць хлеба, і мяне забралі ў армію", — расказваю, салдаты сьмяюцца. Іронія лёсу. Маё затрыманьне нагадвала галівудскі блокбастэр. Затрыманьне небясьпечнага злачынцы. "Фальксваген" з таніраванымі вокнамі, падазроны мужчына ля пад'езда, паўсюдна міліцыянты… На сьвятлафоры падбягаюць двое, заломваюць рукі і, не прадстаўляючыся, валакуць у аўтамабіль. Канвоем (ці картэжам?) вязуць у ваенкамат. Усё здымаецца на камеру. Са мной паводзілі сябе жорстка. Ваенны камісар падпалкоўнік Загорскі зачытаў рашэньне аб маім накіраваньні на вайсковую службу. У кабінеце людзі ў цывільным, вайскоўцы, тэлеаператар, — усё загадзя пралічана і падрыхтавана. Калі я заявіў, што рашэньне незаконнае, парушаная працэдура, мяне пачалі біць, абражаць, кінулі на падлогу, зацягнулі кайданкі… Ад наручнікаў пабляднелі рукі. Рэзкі і глыбокі боль... — Куды вязуць? — пытаюся. — Родину защищать! У Баранавічы мы прыехалі па абедзе. Мяне сустрэлі 120 параў такіх жа разгубленых вачэй. Бальшыня хлапцоў — з Магілёўскай і Гомельскай абласьцей, беларусы. Пэўны час мяне не заўважалі, пакуль начальства не зьвярнула ўвагу. За мной прыставілі сяржанта, які ні на хвіліну не адлучаўся. Сяржант запісваў прозьвішчы хлапцоў, з кім я размаўляў, дакладваў гэта начальству. Адзін стараслужачы са згоды кіраўніцтва даў мне тэлефон паведаміць дадому, што са мною і дзе я. Мой уласны тэлефон забралі. Да беларускай мовы жаўнеры паставіліся па-рознаму, але ўсе намагаліся слухаць і разумець. Давялося стаць салдацкім "адвакатам", гаварыць камандзірам пра нашы праблемы. Да іхнага гонару, мае заўвагі не пакідалі ўбаку. З 200 новапрыбылых салдатаў не сустрэў ніводнага, хто ішоў бы ў войска добраахвотна. Для некаторых гэта стала асабістай ці сямейнай трагедыяй. У аднаго хлапца дачцэ споўнілася тры гады, жонка цяжарная і беспрацоўная. Прыслалі позву, на наступны дзень забралі... Многія патрапілі пад новы ўказ міністра абароны пра медыцынскія патрабаваньні да прызыўнікоў, падпісаны напрыканцы ліпеня 2008. "Годнымі" сталі тысячы хлапцоў, якія раней мелі адтэрміноўку ці былі непрыдатныя да службы па стане здароўя. У 21.00 мы ўключаем "Панараму". Салдаты глядзяць і сьмяюцца. Яны больш ня вераць прапагандзе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Франак Вячорка.
|
|