Неруш
Неруш
Пазнай свой край
Тут не сякуць дрэў, не прыбiраюць буралом, не паляць вогнiшчаў, i нават у самы багаты на грыбы i ягады сезон, за iмi палююць толькi адзiнкi людзей, хоць тыя ж журавiны, мясцовыя расказваюць, раней адсюль вывозiлi вазамi. У непраходным лесе, якi пранiзвае вялiкая колькасць ручаёў i якi перамяжоўваецца з балотамi, кватаруе вялiкая колькасць разнастайных звяроў i птушак, многiх з якiх рэдка дзе можна пабачыць. Так, з 75 вiдаў, занесеных у Чырвоную кнiгу Беларусi, тут сустракаецца 58. У некранутай прыродзе, дзе сярод паваленага сучча i дрэў няцяжка знайсцi зацiшнае мястэчка, нядрэнна адчуваюць сябе беларускiя чырванакнiжнiкi — рысь, барсук i буры мядзведзь. Сляды апошняга, а то i яго самога, без праблем можна пабачыць, бо гаспадараць у гэтых лясах каля трох дзясяткаў касалапых. Тут ёсць мясцiны, у якiх звяры на людзей глядзяць, як на дзiва, бо ў самае сэрца гэтага царства з дрэў i вады чалавек трапляе крайне рэдка. І менавiта тут можна ўявiць Беларусь —спрадвечную, натуральную, неўтаймаваную. Тую, якой яна была некалькi стагоддзяў таму. Тут iснуюць свае запаветныя законы i бясконца тчэцца непаўторнае палатно прыроднага сусвету, дзе не чалавек, а нейкая вышэйшая сiла вырашае, якiх дэталяў i фарбаў сюды дадаць. А людзям застаецца толькi назiраць, вывучаць i бясконца дзiвiцца творчым здольнасцям матухны прыроды. Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк — прыродаахоўная ўстанова Упраўлення справамi прэзiдэнта— адзiн з самых вялiкiх у Еўропе. Яго плошча складае больш як 85 тысяч гектараў, размясцiўся ён на тэрыторыi трох раёнаў Беларусi — Лепельскага, Докшыцкага i Барысаўскага. З вышынi птушынага палёту летам ён падаецца бясконцым зялёным дываном, прашытым блакiтнымi нiткамi рэк, якiх тут 69, узорамi азёраў (буйнейшыя з якiх — Плаўна, Палiк, Манец, Дамжэрыцкае). Тут вiляе Бярэзiна з вялiкай колькасцю старыц i пойменых азёраў, тут яна падсiлкоўваецца каля 70 прытокамi. Агульная працягласць Бярэзiны ў межах запаведнiка каля 110 кiламетраў, яна з’яўляецца адзiнай ракой з запаветным рэжымам ў нашай краiне, дзе забаронена суднаходнасць, сплаў лесу. Калiсьцi тут праходзiў шлях з варагаў у грэкi. У 1797—1805 гадах на месцы старажытнага шляху была пабудавана водная сiстэма, якая дазваляла правозiць тавары, сплаўляць лес з паўночнай часткi Мiнскай губернi да Прыбалтыкi, яднала воды Дняпра i заходняй Дзвiны. У межах Бярэзiны водная сiстэма пачыналася Сергуцкiм каналам, якi эксплуатаваўся яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны. А сёння большая яго частка абмялела i заглеiлася, i гаспадараць тут шматлiкiя птушкi, выдры ды бабры. Менавiта для захавання апошнiх i ствараўся Бярэзiнскi запаведнiк. Раней бабёр масава вынiшчаўся людзьмi, прычым не толькi дзеля шкурак i мяса (прынамсi, каталiцкай царквой бабёр прыраўноўваўся да рыбы i ў час пастоў "трапляў на стол" да вернiкаў). Вельмi цанiўся бабровы струмень, ён выкарыстоўваўся ў медыцыне пры лячэннi нервовых, сардэчна-сасудзiстых захворванняў, хваробаў мочапалавой сiстэмы, паралiчу i залечваннi ранаў, а таксама пры стварэннi стойкiх духоў. Пастаянныя паляваннi на бабра прывялi да таго, што ён мог знiкнуць у нашай краiне, невялiкiя групы яго захоўвалiся толькi ў самых аддаленых кутках Беларусi, у тым лiку i ў вярхоўях Бярэзiны. Але цяпер бабровыя хаткi без праблем можна пабачыць у розных водных мясцiнах запаведнiка. Стварэнне ахоўнай тэрыторыi паспрыяла i таму, што бабры распаўсюдзiлiся па ўсёй Беларусi. Бярэзiнскi — адзiны запаведнiк на тэрыторыi Беларусi i адзiн з найстарэйшых ахоўных аб’ектаў у Еўропе. Заснаваны ў 1925 годзе, ён атрымаў сусветную вядомасць як эталон некранутай прыроды. Гэтыя мясцiны тояць шмат сакрэтаў, якiя здольны ўразiць нават самых дасведчаных даследчыкаў прыроды. Таму запаведнiк прываблiвае навукоўцаў i проста аматараў экатурызму (якi ўсё больш распаўсюджваецца на Захадзе) з розных краiн. Так, Жан Клод Жэно (супрацоўнiк французскага бiясфернага запаведнiка "Паўночныя Вагезы"), якi ў гэты час гасцяваў у беларускiм запаведнiку, прызнаўся, што прыязджае сюды ўжо сямнаццаты раз i быў адным з першых еўрапейскiх натуралiстаў, якiя наведвалi гэтыя мясцiны. Жан адзначыў, што бываў у розных унiкальных кутках Еўропы, але наша прырода найбольш захаваная, i ён лiчыць, што Бярэзiнскi запаведнiк — даволi прываблiвая мясцiна для еўрапейцаў: навошта ехаць па дзiкую прыроду некуды за акiян, калi яе можна знайсцi побач, у Беларусi? Рай для турыстаў Сэрца некранутай Беларусi цяпер асаблiва пульсуе. Прыродны спакой напоўнены спевамi шматлiкiх птушак. Якраз самы час, калi такуюць, заваблiваюць самак цецерукi i глушцы. I людзi, якiя наведваюць запаведнiк, пры жаданнi змогуць паназiраць за птушыным вясельным сезонам. Па лясах i балотах вандруюць казулi i аленi, ласi i зубры, кабаны i ваўкi. На балотах яшчэ захавалiся журавiны, хоць з восенi iмi ласавалася вялiкая колькасць разнастайных птушак i жывёл. Журавiны, якiя перажылi зiму, лiчацца самымi смачнымi. Вадаёмы поўняцца рыбай, якой тут больш за 30 вiдаў (сярод iх сом, лешч, шчупак, судак, мянтуз). Бязмежныя лясы, балоты i ўнiкальная пойма Бярэзiны — iдэальныя ўмовы для пражывання вялiкай колькасцi вiдаў, якiя яшчэ некалi былi распаўсюджаным i Еўропе, а сёння з’яўляюцца рэдкiмi або знiклi наогул. Мiж iншым, тут сустракаецца 56 вiдаў млекакормячых, 230 птушак, 6 паўзуноў, 11 земнаводных i больш за дзве тысячы вiдаў раслiн. Тут распрацаваны спецыяльныя экскурсii, пры жаданнi можна забрацца на назiральную вышку цi седзячы у засадзе цiкаваць за запаветным светам. А можна прама завiтаць да лясных жывёл — у вальерах жывуць зубр, казулi, ваўкi i iншыя жывёлы, куды мы i выпраўляемся. Мясцовая знакамiтасць, мядзведзiца Машка, пра якую расказваюць, што яна, каб выпрасiць цукерку, гатова наладзiць цэлы паказ, ляжыць ў вальеры. Прыгрэла сонейка i, вiдаць, ёй не надта хочацца перарываць свой адпачынак дзеля нейкiх там турыстаў. А вось алень Яшка, наадварот, падабраўся блiжэй да нас — можна было нават дакрануцца да яго маленькiх аксамiцiстых рожак (старыя, галiнастыя, ён нядаўна скiнуў)... Пасля аглядных эксурсiй добра падацца на рыбалачку, кажуць, тут неблагi клёў. Цi проста, паспрабаваць высачыць якога жыхара гэтых лясоў, рэк ды балот, пасядзець у альтанцы на беразе возера Плаўна, па хвалях якога вандруюць незвычайныя "караблi" — адарваныя ад зямлi кусты. Яны плаваюць ад аднаго берага да другога (адсюль, магчыма, i назва вадаёма). Мясцiны гэтыя — проста песня. Ой, што будзе Чатыры з паловай месяцы таму ў Бярэзiнскiм запаведнiку з’явiўся новы дырэктар —Вiктар Анiкеенка. Ён актыўна узяўся за добраўпарадкаванне мясцовых турыстычных аб’ектаў — вядзецца рамонт у гасцiнiцы Сергуч, будзе аднаўляцца тэрыторыя вакол яе, наводзiцца парадак у дэндрапарку, за якiм будуецца возера, у спякотнае надвор’е тут можна будзе пакупацца, з’явiцца валейбольная i дзiцячая пляцоўкi, закупляюцца лодкi i катамараны, распрацоўваюцца новыя маршруты — пешыя, веласiпедныя i водныя (апошнiя плануецца рабiць як на адзiн, так i на два днi з прыпынкамi ў чароўных мясцiнах). Асноўныя работы абяцаюць завяршыць да 1 чэрвеня. Будуюцца новыя гасцявыя домiкi на базе адпачынку "Нiўкi". Гэтае месца заўсёды карысталася асаблiвым попытам, парыбачыць i папаляваць у гэтых краях (у склад ДПУ "Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк" уваходзяць эксперыментальная лесапаляўнiчая гаспадарка "Барсукi" i паляўнiчая гаспадарка "Бярэзiна", на тэрыторыi якiх i вядзецца гаспадарчая дзейнасць, а самi запаветныя мясцiны не кранаюцца) прыязджаюць не толькi суайчыннiкi, але i прадстаўнiкi краiн блiзкага i далёкага замежжа. — Чаму ўзялiся за будаўнiцтва гэтых домiкаў? — разважае дырэктар. — Я сам заядлы паляўнiчы i рыбак, i ведаю, што такiя людзi не хочуць лезцi ў палацы. Iм утульней у катэджыках, дзе можна сабрацца невялiкай кампанiяй, прыгатаваць ежу са сваiх трафеяў. I, вядома ж, iм патрэбны добрыя ўмовы для таго, каб заняцца любiмай справай. А часта атрымлiваецца, што рыбаку даводзiцца грузiць на сябе гумавую лодку i цягнуць яе да ракi па тванiстай мясцовасцi. Пасля рыбачыць брудным i мокрым. Хiба ж гэта сервiс? Хвiлiны дзве мы iдзём да альтанкi каля ракi па ўжо створаным драўляным насцiле, якi пракладзены праз суцэльны водны свет, зарослы разнастайнай балоцiстай раслiннасцю. Спрабую ўявiць рыбака, якi прабiраецца падобнымi мясцiнамi не па трапу, а па вадзе... Не, у гэтай тванi добра сябе адчуваць могуць толькi жабы. А вось мы на пляцоўцы, дзе будуецца турыстычная мiнi-вёска з катэджаў. Усяго тут будзе 7 домiкаў, якiя змогуць прыняць 35 чалавек. У кожным катэджы — санвузел, душ з гарачай вадой, ацяпленне, кухня. Для не надта патрабавальнага турыста — якраз тое, што трэба. Тут будуць функцыянаваць i 2 лазнi (адна з iх — для тых, хто любiць "па-чорнаму"). Домiкi пад ключ плануецца здаць зноў жа да 1 чэрвеня. Паступова будуць абсталяваны i месцы пад барбекю, шашлычнiцы, з’явiцца дзiцячая пляцоўка. Ужо пастаўлена некалькi новых зрубаў, памiж брыгадамi, якiя ўзводзяць гэтыя дамы, нават узнiкла нешта наконт спаборнiцтва — хто здасць свой будынак першым. А мiж iншым, працуюць тут людзi, якiя да таго нiколi ў жыццi не будавалi. Праiнструктаваныя спецыялiстамi, у стварэннi катэджаў занятыя леснiкi. Такiм чынам вырашаецца шэраг пытанняў. Адно з якiх — недахоп рабочых рук, вельмi цяжка было знайсцi будаўнiкоў у гэтай мясцовасцi. Другое, тутэйшыя супрацоўнiкi атрымалi магчымасць падзарабiць. Прынамсi, арэнда катэджа ў "Нiўках" (зараз там працуе пабудаваны раней домiк на 10 чалавек) — 210 тысяч. Пытаюся ў намеснiка дырэктара па турызме Святланы Верасавой, а цi можна сюды заказваць гатовую ежу. Высвятляецца, што няма праблем, можна яе або падвозiць з гасцiнiчнага комплексу "Плаўна", або дамовiцца, каб кухар жыў тут i гатаваў турыстам. — А цi магчыма прыехаць сюды на адпачынак з палаткамi? — дапытваю далей Святлану Васiльеўну. — Так, трэба толькi загадзя дамовiцца з нашымi супрацоўнiкамi i заключыць дамову, бо лавiць рыбу i нават проста збiраць ягады на гэтай тэрыторыi могуць альбо мясцовыя жыхары, альбо людзi, якiя пражываюць у гасцiнiчных комплексах запаведнiка. — А цi можна ў "Бярэзiнскi" ехаць сем’ямi, браць малых дзяцей? — Безумоўна, дзецям вельмi падабаецца ў нас адпачываць. Мы гатовыя прадастаўляць дзiцячыя ложкi, ствараць меню для малых. I людзi, якiя былi тут мiнулым летам, нават цяпер пачынаюць цiкавiцца пра нумары. Прынамсi, летам месцаў на ўсiх ахвотных можа i не хапiць. Але мы прымаем турыстаў круглы год. — А якiмi стравамi вы гатовы пачаставаць турыстаў? — Зразумела, у нас ёсць традыцыйная беларуская кухня. Але мы маем i свае асаблiвасцi — стравы з дароў лесу i ракi. Гэта юшка, фаршыраваная рыба, мясныя стравы з дзiчы (ласяцiны, кабанiны). — А чым яшчэ можаце здзiвiць, мо ў вас i лесавiк свой ёсць? — Пакуль няма, але мы думалi ў гэтым напрамку. А вось маршрут камянямi жаданняў з гэтага года будзе... Днямi пацiкавiлася ў свайго знаёмага: твае першыя асацыяцыi пра турызм у Беларусi? I пачула: "Убогiя нумары, саўдэпаўскiя сталоўкi... Але многiя з тых асобаў, якiя наракаюць на адсутнасць турыстычнай iнфраструктуры ў Беларусi, нiколi не выбiралiся далей сваiх... дач. А людзям, якiя працуюць у гэтай галiне, ужо ёсць чым уразiць пераборлiвых турыстаў. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе, калi наведаеце гасцiнiчны комплекс Бярэзiнскага запаведнiка "Плаўна". Гэта былая дача першага сакратара ЦК кампартыi Беларусi Пятра Машэрава, а цяпер трохпавярховая гасцiнiца, якая нагадвае казачны замак. Прасторныя ўтульныя нумары арыгiнальна аформленыя, вiд з акон — не налюбуешся. Iнтэр’ер рэстаранчыка з камiнам нiчым не горшы, чым у турэцкiх "пяцiзорках", i гатуюць тут смачна: юшка i шашлычок прыйдуцца даспадабы гурманам, а паспрабавалi б вы мясцовы журавiнны морс... Бясспрэчна, тут спрабуюць падстройвацца пад патрэбы турыстаў. Тут адкрыты новым iдэям. Планы i размах работ уражваюць. Гэта калi столькi усяго ўжо зроблена невялiкiмi сiламi за лiчаныя месяцы, на што ж здольная каманда запаведнiка. Верыцца, што яны змогуць пераламаць стэрэатыпы пра адсутнасць нармальнага сэрвiсу на тэрыторыi Беларусi. Алена ДЗЯДЗЮЛЯ. Фота Марыі ЖЫЛІНСКАЙ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тут не сякуць дрэў, не прыбiраюць буралом, не паляць вогнiшчаў, i нават у самы багаты на грыбы i ягады сезон, за iмi палююць толькi адзiнкi людзей, хо |
|