Размаўляць нотамі радзiмы,Альбо чаму сёння сучасны 190-гадовы Станiслаў Манюшка?
Размаўляць нотамі радзiмы,Альбо чаму сёння сучасны 190-гадовы Станiслаў Манюшка?
Яго стагоддзе стала нямым пасля таго, як развiталася з радзiмай услед за Агiнскiм. У ХІХ стагоддзi не стала Радзiмы — але памяць пра яе яшчэ была жывая, хоць назву ВКЛ ужо не ўжывалi. Ды нават вымавiць яе было немагчыма — мова была ўжо не тая, не пасавалi ёй колiшнiя назвы. Мовай Беларусi, якая магла гаварыць пра сваё, замест мовы лiтар стала мова нотаў. Яна была вольная ў выяўленнi пачуццяў, яна адкрывала новыя спадзяваннi i несла iдэi, якiя былi рэвалюцыйнымi для свайго часу. Выказаў iх кампазiтар, якi стаў сапраўднай зоркай стагоддзя, народжанай нашай зямлёй. I думкi яго не страцiлi актуальнасцi ў наш час. Вялiкi чалавек з Вялiкага княства, якое жыло ў думках. Наш!.. 190-ты дзень нараджэння Станiслава Манюшкi ўрачыста адзначалi сёлета ў Польшчы. Сапраўды, Манюшку на доўгi час прыпiсалi да польскай культуры. Ён лiчыцца заснавальнiкам опернага жанру ў польскай музыцы. А калi палiчыць, колькi гадоў ён прапрацаваў у Вiльнi, то сваiм яго могуць лiчыць яшчэ адны нашы суседзi. Беларусы былi найбольш сцiплымi i багатую музычную спадчыну Манюшкi сталi лiчыць сваёй толькi некалькi стагоддзяў таму. Лепш позна. А можа — проста своечасова прыйшло разуменне, што сваю гiстарычную анямеласць трэба лячыць. I ёсць жа рэцэпт, згодна з iм трэба вярнуцца ў той час, калi адбыўся шок, стрэс, якi пазбавiў самаiдэнтыфiкацыi цэлы народ, i ўзгадаць момант, калi зноў захацелася быць сабой. Момант рамантычны Музыка Манюшкi — сапраўды адзiн з выдатных сродкаў самалячэння ад забыцця. I не толькi таму, што ёсць нагода ўзгадаць пра мясцiны, дзе ён нарадзiўся: фальварак Убель, Мiншчына. Але яго музыка дыхае краем яго дзяцiнства i сталення: Манюшка першы, хто ўвёў у прафесiйную музыку народныя матывы, першы, чыя опера ўвяла беларускую мову на тэатральную сцэну. Першы паказаў, што гэта прыгожа, культурна i высакародна. Рамантык, якi здолеў ажыццявiць мары — не столькi свае, колькi нашчадкаў таго люду, пра якi пiсаў. Вось вам загадкавая пятля часу! Цi гэта — прадчуванне таленавiтага чалавека на цэлыя стагоддзi? Пасол Рэспублiкi Польшча ў Беларусi Хенрык Лiтвiн падкрэслiў, што Манюшка належыць розным народам. Сапраўды, не трэба перацягваць яго нi на польскi бок, нi на лiтоўскi, нi на беларускi. Гэта сапраўды была адзiная культурная прастора, якая спарадзiла вялiкiх асобаў, што паўплывалi на развiццё народаў, якiя доўгi час iснавалi ў адзiнстве. Таму i дзень нараджэння такiх асобаў, як Манюшка, можна святкаваць краiнамi. Напрыклад, сёлета спевакi з Беларусi Юры Гарадзецкi i Таццяна Молакава ўдзельнiчалi ў канцэрце яго памяцi ў Варшаве. У Беларусi таксама быў канцэрт, якi падрыхтавала трыа "Вытокi" ў Музеi тэатральнай i музычнай культуры, на якi былi запрошаны госцi з Польшчы.Польскi Iнстытут у Мiнску прычынiўся да арганiзацыi кнiжнай выставы ў Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы Акадэмii навук Беларусi, якая называецца "Музычны свет Станiслава Манюшкi". "Станiслаў Манюшка быў вялiкiм меладыстам, аўтарам шлягераў класiчнай музыкi", — адзначыў Хенрык Лiтвiн. Адкуль што ўзялося? Хлопчык вельмi ахвотны быў да вучобы, сядзеў над кнiжкамi, у гiмназii вучыўся ў Мiнску. Натуральна, музыку чуў з дзяцiнства — мацi яго вучыла. Бацька са свайго боку таксама прывучаў да прыгожага — Чэслаў Манюшка быў мастаком-аматарам. А ў Смiлавiцкай сядзiбе Стась яшчэ з маленства мог чуць музыку курантаў на вежы, пра якiя хадзiлi легенды. У сядзiбе збiралася элiта таго часу, адбывалiся балi... I можна было б дзiвiцца таму, што хлопец са шляхетнай сям’i абраў музыку сэнсам свайго жыцця (усё-такi прадстаўнiкi знаных родаў выбiралi для сябе больш сур’ёзныя заняткi), калi б не ведаць, якiя неардынарныя асобы былi ў родзе Манюшкаў. Дзядзька кампазiтара Дамiнiк пайшоў на адмену прыгоннага права, наладзiў бясплатныя, але прымусовыя школы для сялянскiх дзяцей, увёў для iх бясплатнае харчаванне. Другi дзядзька Юзаф арганiзоўваў сялянскiя тэатральныя паказы. Народ для iх не быў абстрактным паняццем, але з’яўляўся носьбiтам непаўторнасцi самога краю, пра развiццё якога не толькi марылi, але i дбалi прадстаўнiкi роду Манюшкаў у розныя стагоддзi. Мацi Станiслава, напрыклад, паходзiла з роду Маджарскага, таго самага, якi распрацоўваў узоры славутых слуцкiх паясоў з беларускiм каларытам. Нiбыта залатыя нiткi з тых паясоў, уплялiся ў музыку Манюшкi фальклорныя мелодыi... Атрымаўшы ў Берлiне высокую класiчную адукацыю, Станiслаў Манюшка не адмовiўся ад матываў роднага краю, выкарыстоўваючы iх нават у операх. Ён iмкнуўся да сваёй музыкi, цярпеў нястачы, вымушаны быў зарабляць на вялiкую сям’ю, дзеля гэтага пераехаў у Вiльню i працаваў касцельным арганiстам. Пакуль лёс яго не ўзнагародзiў за адданасць, руплiвасць i шчыры талент: Станiслаў Манюшка стаў дырыжорам Варшаўскага тэатра, опера "Галька" зрабiла пераварот у польскай музыцы, а пастаноўкi iншых опер станавiлiся гучнымi культурнымi падзеямi. Калi яго не стала, на пахаванне сабралася ледзьве не ўся Варшава... Момант гiстарычны Але Беларусь можа ўзгадваць свае праявы творчасцi Манюшкi. Яго музыку, якая была створана на радзiме i прысвечаная ёй. Яго супрацоўнiцтва з Дунiным-Марцiнкевiчам i оперу "Сялянка" на лiбрэта пiсьменнiка. На выставе рэдкiх кнiг у Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы iмя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi сярод 58 рэдкiх кнiг i зборнiкаў дэманструецца, напрыклад, першае выданне гэтай оперы, якая выйшла ў друкарнi Завадскага ў 1846 годзе. Зборнiк песень "Вясковы лiрнiк", у якiм ёсць "Паходная песня лiтвiнаў". Прыжыццёвыя выданнi Манюшкi выйшлi ў друкарнi Завадскага ў вiленскi перыяд жыцця Уладзiслава Сыракомлi. Ды i ў зборнiку самога Сыракомлi ёсць два вершы, якiя былi прысвечаны Манюшку... — Манюшка пiсаў: "Вершы я браў з найлепшых нашых паэтаў, будучы ўпэўнены ў тым, што менавiта гэтая паэзiя найлепшым чынам выяўляе ў сабе характар люду", — тлумачыць спявак, педагог i даследчык музыкi Вiктар Скорабагатаў. — Ён не быў бы рамантычным кампазiтарам, каб не паставiў менавiта гэта ў аснову сваёй творчасцi. Яшчэ давядзецца вярнуць у нашу свядомасць песнi Манюшкi на вершы Яна Чачота — iх 22, 35 твораў Мiцкевiча паклаў ён на музыку, 20 вершаў Сыракомлi. Але сёння пакуль што трэба прызнаць, што творчасць Станiслава Манюшкi для сённяшнiх беларусаў можа стаць сапраўдным адкрыццём. Як песнi, так i яго оперы, якiх, на жаль, няма ў афiшы нашага тэатра. Трэба яшчэ шмат зрабiць для таго, каб мы яго музыку сапраўды палюбiлi. Першы крок для таго, каб палюбiць — ведаць. — Ёсць такая бяда: калiсьцi Станiслаў Манюшка знiк са свядомасцi беларусаў, — разважае Вiктар Скорабагатаў. — Калi я вучыўся ў кансерваторыi, творчасць Манюшкi вывучалася намi ў раздзеле "замежная музыка". Прыкладна тое ж самае, як у лiтаратуры Адам Мiцкевiч цi Уладзiслаў Сыракомля лiчылiся польскiмi творцамi. Цяпер гэта ўспрымаецца як няўдалы жарт. Толькi гадоў дваццаць таму пайшло больш шырокае ўсведамленне грамадствам ролi гэтых асобаў. Але ў гiсторыi музыкi ўжо былi такiя выпадкi, калi на доўгi час забывалiся пра цудоўных кампазiтараў. Напрыклад, прайшло гадоў дзвесце пасля смерцi Антонiа Вiвальдзi, калi нарэшце стала адраджацца творчасць яго ў Iталii. Тое ж самае здарылася з музычнай спадчынай Iагана Себасцьяна Баха. У канцы 18 стагоддзя, калi казалi пра кампазiтара Баха, то меўся на ўвазе Карл, яго сын... Цяпер мы праходзiм гэты шлях — вяртання Манюшкi ў нашу культуралагiчную свядомасць. Вяртання яго на радзiму. Надышоў час Манюшку здзейснiць у культуралагiчнай свядомасцi беларусаў тое, што ён здзейснiў у свядомасцi польскага народа. Вось калi мы спалучым нашы намаганнi i калi iмя кампазiтара зойме годнае месца на сваёй радзiме, тады мы скажам, што яго мара, мара таго ж Дунiна-Марцiнкевiча здзейснiлася. Момант справядлiвасцi Месцаў, якiя звязаныя з Манюшкам, у Беларусi шмат. Убель, дзе ён нарадзiўся. На жаль, будынак не захаваўся. Затое дажылi да нашага часу сцены Смiлавiцкага замка, дзе колiсь iснаваў той самы загадкавы гадзiннiк. Гэта сцены, у якiх няма жыцця сёння. Калi не думаць пра iх захаванне, то заўтра не застанецца памяцi пра гэтыя мясцiны Манюшкi. Значыць, знiкне памяць пра яго радзiму. Яна ж — наша... I што тады мы павiнны будзем думаць пра яе? Кiм будзем лiчыць сябе, калi маўклiва пазiраем на тое, як паступова руйнуецца гiстарычны будынак выдатных асобаў? А мiж iншым, менавiта гэтая сядзiба, яе муры i вобразы, яе дух i легенды, яе куранты сталi натхняльнымi для стварэння кампазiтарам найвялiкшай оперы "Страшны двор". "Куток Манюшкi" быў створаны ў Азёрнаўскай школе. Дошка ў яго гонар — на адным з дамоў у Мiнску, дзе кампазiтар калiсьцi жыў. У самiм жа доме — кавярня. Хто з яе наведвальнiкаў думае пра тое, што гэта за будынак? Музыкай там не пахне... Музыцы вызначылi месца ў Музеi тэатральнай i гiстарычнай культуры, у якiм калiсьцi на другiм паверсе здымаў кватэру бацька Станiслава Манюшкi, а да яго завiтваў i сын. Пра гэта кажуць. У невялiчкай зале тут знаходзiцца месца для сапраўднага святкавання дня нараджэння кампазiтара — канцэртам-прысвячэннем яму, яго часу, яго сучаснiку i сябру Фларыяну Мiладоўскаму, якi быў старэйшы за Манюшку ўсяго на адзiн дзень. Талент творцы, пра якога мы ведаем яшчэ менш, быў ацэнены ў Заходняй Еўропе: Мiладоўскаму належаць каля 50 аркестравых i камерных твораў, а сам ён трыццаць гадоў працаваў прафесарам музыкi ў французскiм Санкт-Клеменце. Дарэчы, калi Мiладоўскi пачаў слепнуць, яму дапамагалi сябры, сярод якiх быў i Манюшка. — Вядомы музычны дзеяч i лiтаратар Аляксандр Валiцкi, згадваючы пра высокi аўтарытэт i вялiкую ролю сёлетнiх юбiляраў, пiсаў: "Мiладоўскi i Манюшка да апошняга часу былi ў Лiтве дзвюма пальмамi ў выпаленай пустынi, пад ценем якiх музыка магла знайсцi сабе прытулак", — сказаў музыкант Аляксей Фралоў, якi разам з Iрынай Аўдзеевай i Сяргеем Махавым у складзе трыа "Вытокi" прысвяцiлi нашым землякам канцэрт. Трыа з гэтай праграмай выступiць у iншых гарадах Беларусi. А 10 чэрвеня чакаецца яшчэ адна падзея: прэзентацыя кампакт-дыска "Новае неба Станiслава Манюшкi", у назву якога Вiктар Скорабагатаў i Уладзiмiр Байдаў уклалi думку: калi адбудзецца паварот у нашай свядомасцi, тады адродзiцца i творчасць кампазiтара. Увосень на сцэне опернага тэатра нам збiраюцца паказаць вялiкую праграму з твораў Манюшкi, дзе прагучаць урыўкi са "Страшнага двара", "Галькi", "Сялянкi" i iншых. Цалкам прагучыць музыка твора "Латарэя", якi быў i напiсаны, i выкананы ў Беларусi. — Я прапаную глядзець на сённяшняе свята як на прэлюдыю, — гаворыць адзiн з даследчыкаў жыцця i творчасцi Манюшкi прафесар Адам Мальдзiс. — Дзесяць гадоў пройдуць хутка. А там i 200 гадоў, i юбiлей на ўзроўнi ЮНЕСКА. А да яго колькi ўсяго яшчэ трэба зрабiць, найперш Убель. Гэта была невялiкая драўляная сядзiба, аднавiць яе не так цяжка, узнавiлi ж сядзiбу Мiцкевiча ў Завоссi, Мерачоўшчыну Касцюшкi, зараз робяць маёнтак Нямцэвiча на Брэстчыне. Гэта не такая непад’ёмная праца. Другая праблема — няма помнiка кампазiтару!.. Хто найбольш быў звязаны з Мiнскам, хто тут вучыўся ў Мiнскай гiмназii, хто ставiў першыя творы, дзе яго шанавалi так, як у хаце Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча?.. Уся спадчына Манюшкi, якая звязана з беларускай зямлёй, з беларускiм фальклорам, павiнна быць выдадзена да 200-годдзя. I яшчэ трэба годна ўшанаваць род Манюшкаў, бо гэта была сапраўдная элiта таго часу. Найлепшым ушанаваннем роду, якi вядомы з ХVI стагоддзя, будзе ажыццяўленне мары тых, хто хоча ўбачыць, як ажывуць Убельская сядзiба цi Смiлавiцкi замак. Каб праз 10 гадоў музыка магла гучаць там, дзе было яе сэрца i заўсёды заставалася душа. Ларыса ЦIМОШЫК. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яго стагоддзе стала нямым пасля таго, як развiталася з радзiмай услед за Агiнскiм. У ХІХ стагоддзi не стала Радзiмы — але памяць пра яе яшчэ была жыва |
|