Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Вася, хадзі сьнедаць!
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Пачну са старой показкі. Мужык раніцою доўга прыглядаецца да сябе ў люстэрку. Чухае няголенае падбародзьдзе. Ня цяміць. Раптам крык жонкі з кухні: “Вася, хадзі сьнедаць!” Вася!!! – радасна асяняецца мужык, — ну вядома ж, Вася!
У нас тое самае, толькі нашмат больш складана. Кожнага разу, перш чым дойдзеш да сябе, даводзіцца прайсьці ўсю “эвалюцыю відаў”. Хто я? За нейкае імгненьне ў падсьвядомасьці трэба праскочыць усе стадыі: амёба, рыбка, жабка, вавёрка, малпа, чалавек... Нельга проста быць самім сабой тут і цяпер. Да сябе трэба прадзерціся, прабіцца, прайсьці ўвесь гэты шлях. З народам і нацыяй так адбываецца, бо гэткі шлях штохвілінна навязвае дзяржаўная прапаганда. Як за савецкім часам ты пастадыйна прабіваўся да самаідэнтыфікацыі “чалавек” і “беларус” праз “савецкага чалавека” зь яго камуністычнымі замарочкамі і праз “савецкага беларуса”, першай адзнакай якога было тое, што ён “з братняю Русьсю”, так і цяпер кожнага разу на тваім шляху да “беларуса” трэба пераадолець завалы русіфікацыі, ГУЛАГу, вайны... Нам так часта паўтараюць, што гэта ўсё – таксама наша гісторыя, прычым паўтараюць у сьцьвярджальным ключы, што яно наліпла на мазгі, нібы п’яныя сны на беднага Васю, які раніцою ня можа пазнаць у люстэрку, хто ж ён такі. Васевы сны прыходзяць з “нацыянальных” тэлеканалаў. Там, перш чым пачуць нешта беларускае, трэба наслухацца расейшчыны, ператрываць кучу расейскіх “зорак”, сто разоў пераканацца, што якая-небудзь Бабкіна – “наша”, і толькі пасьля натрапіш на нешта тутэйшае, сваё. Альбо самы звыклы прагноз надвор’я – спачатку Беларусь, пасьля – увесь ГУЛАГ аж да Сахаліну, і толькі пасьля – Вільня, Варшава, Рыга – “дальняе зарубежжа”. Вільня, якая 500 гадоў была для нашых продкаў сталіцай, якая ад Менску 170 км, даецца тут пасьля ўсёй сыстэмы Галоўнага Ўпраўленьня Лягераў... Напэўна, у такой пасьлядоўнасьці гэта прысутнічае і ў мазгах. Чалавек прызвычайваецца. Пра вайну што скажаш? Яна ў нашым целіку замест рэклямы. Таксама — як у мазгах. Амёба, рыбка, жабка... У кітайскім ГУЛАГу, між іншым, зьняволенаму адкрытым тэкстам казалі, што яго будуць ператвараць у жабу... Напэўна, і русіфікацыя, і ГУЛАГ, і вайна – зьявы, якія патрабуюць асэнсаваньня, а не трансьляцыі 25-м кадрам. Дзякуючы прапагандзе, іх сьцьвярджальная жывучасьць у мазгах кожнага беларуса падтрымліваецца канфрантацыйнымі эмоцыямі. Калі адзін кажа, што гэта адназначна дрэнна, другі часта ў піку яму пачынае казаць, што “ня ўсё толькі дрэннае...”. Каб не пералазіць кожны раз праз завалы русіфікацыі, ГУЛАГУ і вайны, трэба пашырыць погляд. Тады побач з заваленай манумэнтальнымі знакамі сьцяжынай знойдзецца мноства іншых – адкрытых у будучыню. Недзе яно так і робіцца. Толькі ня ў нас. Мы па-ранейшаму, перш чым пазнаць сябе ў люстэрку, кожнага разу праходзім стадыі эвалюцыі да саміх сябе. І дзіўна, што гэта нам даецца прасьцей, чым проста быць. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец. |
|