Тузін. Перазагрузка. Atlantica
21 мая 2009 Культура
Afisha.tut.by У межах праекту "Тузін. Перазагрузка" інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" і грамадзкай кампаніі "Будзьма беларусамі" бярэ ўдзел Atlantica. Па-беларуску загучыць песьня It's Not About Us зь іх новага альбому Taboo. “Я адразу адчуў, што гэта выдатная ідэя, бо даўно ўжо хацеў засьпяваць па-беларуску”, - кажа лідэр праекту Алекс Дэвід. Праект Atlantica не без падставаў прэтэндуе на тое, каб звацца самым вядомым беларускім пап-праектам за мяжой. Іх песьні чуваць нават у Чылі, а гук ім дапамагаў рабіць саўндпрадусар Texas і Blur. Вытокі праект мае, дарэчы, не ў Беларусі, а ў Францыі. Там сышліся яго заснавальнікі - Алекс Дэвід (ён тамака вучыўся) і Дзімітр (ён тамака граў у баскетбол). Канчаткова задума аформілася ў 2003 годзе з дапамогай вядомага радыёвядучага Паўла Бараноўскага. Усё ў іх пайшло добра ад пачатку. Яны сыгралі ў Менску разам з зоркамі сынты-попу Camouflage, у іх кліпе зьнялася Сьвятлана Зелянкоўская, яны перамаглі на зімняй “Песьні году-2005” на ОНТ. Большасьць песень зь іх першых двух альбомаў “Heavenly”, а потым “Urbanoid” сталі радыёхітамі. Прычым ня толькі на беларускіх эфэмках. Творы Atlantica 11 раз уключаліся ў рассылку найбуйнейшай амэрыканскай кампаніі Radio Ventures, яны гучалі і гучаць на брытанскай BBC Radio1 ды FM-cтанцыях Польшчы, Украіны, Галяндыі, Чэхіі, Чылі ды іншых краінаў сьвету. А ў 2005 годзе адна зь песень гурта нават трапіла ва ўплывовы эўрапейскі чарт Airplay TOP-100 (87-ае месца). З кожным дыскам зьмяняўся і склад каманды. У другім альбоме “Urbanoid” паўстаў ужо не дуэт, а трыо. Дзімітар пайшоў з праекту, а замест яго прыйшлі бэк-вакалісты Алена ды Віталь. Але на рэкляме трэцяга дыску “Taboo” Алекс Дэвід пазіруе ўжо адзін. Новую праграму ён запісаў зь гітарыстам Зьмітра Вайцюшкевіча – Алегам Івановічам. І музычныя экспэрты пасьля малаўцямнай папярэдняй працы ўспрынялі дыск на ўра http://www.experty.by/?q=node/301. У “Перазагрузцы” Алекс Дэвід пагадзіўся ўдзельнічаць імгненна. “Я адразу адчуў, што гэта выдатная ідэя, - кажа сьпявак. – Бо даўно ўжо хацеў засьпяваць па-беларуску”. Алекс кажа, што два гады таму Atlantica амаль узялася за падрыхтоўку беларускамоўнага дыску, але праца не пайшла праз незразумеласьці ў складзе. “Я натхніўся беларускай песьняй недзе 15 год таму, калі быў на фэстывалю “Ецвязь” у Пінску і пачуў наколькі калярытным можа быць наш сьпеў. Я якраз і хацеў скарыстаць у тым нерэалізаваным праекце гэты прыгожы палескі дыялект”, - кажа выканаўца. Для праекту “Тузіна Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” Алекс перасьпявае песьню It's Not About Us - самую прыгожую на дыску Taboo. Пераасэнсаваць яе бярэцца літаратар Віталь Воранаў. Наступны ўдзельнік “Перазагрузкі” будзе прадстаўлены 29 траўня. Даведка: У праекце "Тузін. Перазагрузка" інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" і грамадзкай кампаніі "Будзьма беларусамі" бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках http://music.fromby.net і http://www.budzma.org/. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
21 мая 2009 Культура Afisha.tut.by У межах праекту "Тузін. |
|