Тэледапаможнік па гісторыі Беларусі
27 мая 2009 Общество
МЫ Тэлеканал “Белсат” пачаў трансляцыю новай праграмы – “Гісторыя пад знакам “Пагоні”. Зняты да канца і паказаны цалкам, гэты цыкл утворыць дасціпны гістарычны гід. Мажліва, хутка студэнты будуць шукаць гэтыя запісы для вывучэння гісторыі Беларусі. Пра новы белсатаўскі праект мы пагутарылі з Сяргеем Пелясою – адным са стваральнікаў “Гісторыі пад знакам Пагоні”: – “Гісторыю пад знакам “Пагоні” прыдумалі дзве асобы, – распавёў ён. – Разам з беларускім тэлевізійнікам, імя якога я пакуль не магу назваць, у сярэдзіне мінулага года мы распрацавалі канцэпцыю гістарычнага серыялу, які будзе складацца з некалькіх дзесяткаў частак працягласцю каля 5 хвілінаў кожная. Серыі будуць адказваць на важныя пытанні з нашай гісторыі ды распавядаць пра знакавыя постаці беларусаў і беларусак. Натхніла нас кніга “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. Хачу адзначыць, што наш серыял – не ёсць тэлевізійная версія кнігі, але яна падказала нам значную частку важных пытанняў і постацяў з гісторыі нашага народу, якія мы вырашылі паказаць па-новаму. Імпульсам паслужылі і гістарычныя серыялы, створаныя апошнімі гадамі ў суседніх Расеі ды Украіне. У Расеі паўстаў тэлесерыял “История государства российского”: фактычна гэта была экранізацыя кнігі Карамзіна, напісанай на пачатку ХІХ стагоддзя. Але з гісторыяй гэты твор мае мала супольнага. Гэта хутчэй гістарычная фікцыя – вялікадзяржаўная, масквацэнтрычная і антыбеларуская. Тэлеканал, які стварыў гэты серыял, можна глядзець у Беларусі, а значыць, расейцы распаўсюджваюць сярод беларусаў хлуслівы вобраз нашай гісторыі. Акрамя расейскай гісторыі, нашыя паўднёвыя суседзі, украінцы, стварылі “Країну”. Абодва гэтыя серыялы сталі для нас своеасаблівым выклікам. Нельга было маўчаць. – Стварыць для незалежнага беларускага тэлеканалу гістарычны серыял – справа адказная. Не згодны, што нашая праграма – гэта тэлепадручнік. Гэта хутчэй дапаможнік па гісторыі. Ад пачатку было вырашана, што гэты серыял мусіць быць такі, як і канал, – незалежны ад ідэалогіі ды праўдзівы зместам – наколькі гэта магчыма. Аўтар сцэнароў для серыялу – дасведчаны знаўца гісторыі, а нядаўна нам удалося пачаць супрацу з гістарычным кансультантам – адным з найлепшых незалежных беларускіх гісторыкаў. Таму крытыку мы гатовыя выслухаць, але яе не баімся. – Серыял мае адукацыйна-дыдактычны характар. На вашую думку, наколькі такіх праграмаў не стае на Беларускім тэлебачанні, і наколькі яны запатрабаваныя як з гледзішча патрыятычнага выхавання, так і з боку глядацкага зацікаўлення? – Гістарычныя праграмы ёсць і на дзяржаўным тэлебачанні, але там аўтары абмежаваныя бар’ерамі дзяржаўнай ідэалогіі, якая часта базуецца менавіта на міфах і састарэлых перакананнях. Паспрабуйце ўявіць сабе на БТ праўдзівую праграму пра ролю балтаў ва ўтварэнні беларускага этнасу, пра Аршанскую бітву ці пра “Невядомую” вайну сярэдзіны ХVII стагоддзя. Я ўявіць не магу. А на "Белсаце" няма табу на пэўныя гістарычныя тэмы. Беларусы маюць права ведаць праўду пра сваю гісторыю, і незалежны тэлеканал дае такую магчымасць. Гэта важна таксама і таму, што не кожны вывучаў у школе сваю гісторыю. Да распаду СССР такога прадмету ў школе не было, і старэйшае пакаленне ніколі не вывучала ўласнай мінуўшчыны. Я скончыў школу ў 1993 годзе. І памятаю, з якім захапленнем чытаў першыя падручнікі з бел-чырвона-белым сцягам на вокладцы. І тады, і цяпер раз-пораз можна стаць сведкам сітуацыі, калі дзе-небудзь беларус заявіць: "А вось у нас за часоў Івана Грознага... або пры Пятры Першым". А ў нас за часоў Івана Жахлівага быў універсітэт у Вільні, Рэнесанс, кнігадрукаванне, Статут ВКЛ нарэшце. Пра гэта трэба ведаць. Серыял будзе дапамагаць у гэтым. Але галоўная мэта – у прывабнай для маладых людзей форме зацікавіць іх уласнаю праўдзіваю гісторыяй, якою можна і трэба ганарыцца. – Што да назвы “Пад знакам “Пагоні”. На якім перыядзе серыял спыніцца? Да 1995 года, калі прайшоў вядомы рэферэндум, які памяняў сімволіку, ці раней? – Пачаць мы вырашылі са з’яўлення чалавека на беларускай зямлі і паспрабаваць распавесці, кім беларусы ёсць не толькі паводле мовы, але і паводле крыві. Скончыцца "Гісторыя пад знакам “Пагоні" ў 1918-м – годзе абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Варыянт завяршэння серыялу на 1995 годзе нават не разглядаўся. Лічу, што гісторыя мусіць мець хэпі-энд. А паўстанне БНР – гэта пачатак сучаснай беларускай дзяржаўнасці, новы этап у гісторыі народу. Гэта вынік доўгага змагання некалькіх пакаленняў беларусаў у ХІХ і на пачатку ХХ стагоддзяў З ім для нас пачалося ХХ стагоддзі, вельмі бурлівае і цікавае. Яго падзеі заслугоўваюць асаблівай увагі. Таму "Белсат" імкнецца паказаць падзеі мінулага стагоддзя ў дакументальных фільмах цыклу "Невядомая Беларусь". – А мо варта такія 5-хвілінныя ролікі рабіць не ў нейкі вызначаны час, а ў выглядзе “адбівак” паміж іншымі праграмамі? Каб быў не гістарычны серыял, а, так бы мовіць, своеасаблівая сацыяльная рэклама? – Калі паказваць серыял у якасці “адбівак” паміж праграмамі, то, як мне здаецца, падае яго вартасць. Але, магчыма, трэба падумаць над тым, каб у наступным сезоне паўтарыць "Гісторыю…" у іншай форме. З сярэдзіны чэрвеня "Белсат" пераходзіць на летнюю сетку трансляцыі і "Гісторыя…" будзе ў эфіры штодзённа, а прэм’еры новых серыяў – штонядзелі. – Напэўна ж, серыял вы выпусціце на відэаносьбітах як энцыклапедыю? Мяркуем, ахвотныя мець яго ў сваіх калекцыях знойдуцца. – Так, натуральна, мы плануем выпусціць "Гісторыю…" на DVD. Пакуль ранавата гаварыць пра канкрэтныя даты. Да заканчэння серыялу яшчэ далёка. Сёння аўтары знаходзяцца на этапе пачаткаў Вялікага княства Літоўскага. Самае цікавае яшчэ наперадзе. – Ці будуць на “Белсаце” з’яўляцца іншыя падобныя праекты? Скажам, “Гаворым па-беларуску”? Можа, якія беларусазнаўчыя віктарыны? Падаецца, ваш серыял можа запачаткаваць такі кірунак? – Спадзяюся, што сапраўды "Гісторыя…" запачаткуе падобныя праекты на "Белсаце". Але гэта залежыць ад гледачоў, калі наш серыял прыйдзецца ім да спадобы, і ад беларускіх тэлевізійных творцаў, наколькі яны будуць у стане ствараць такія праекты. Прыкладам, да сённяшняга дня нікому не ўдалося запрапанаваць нам праект праграмы пра беларускую мову, якая адпавядала б патрабаванням каналу. – Пікантны момант. Калі з плямёнамі і тым самым Усяславам Чарадзеем усё ясна – гэтыя пласты гісторыі ў падручніках і да Лукашэнкі, і пры ім збольшага падаваліся і падаюцца без зменаў. А як будуць падавацца так званыя спрэчныя моманты ў гісторыі? – "Белсат" – незалежны канал і ў сваім цыкле гістарычных праграмаў імкнецца асвятляць гісторыю беларускага народу так, як гэта робяць незалежныя гісторыкі. Тое, што вы называеце "спрэчнымі момантамі", – гэта адныя з фундаментальных пытанняў. Напрыклад, ці існаваў старажытнарускі народ, ці сапраўды была навала крыжакоў, ці гэта міфы, створаныя нашымі суседзямі? – Пытанне з “тэлекухні”. Якія асаблівасці выкладання гісторыі ў кнігах і на ТБ? Напэўна, вы ўжо адчулі спецыфіку? – Я ўзгадваў гістарычныя серыялы нашых суседзяў. Яны ствараліся з дапамогаю камп’ютэрнай графікі. Мы вырашылі абмежаваць камп’ютэрную графіку ў “Гісторыі пад знакам “”Пагоні” з розных прычынаў. Стварэнне стоадсоткавай камп’ютэрнай графікі патрабуюць масы часу, яна прывабная, але адначасова ненатуральная і, вядома, вельмі дарагая. У “Гісторыі пад знакам “Пагоні” побач з камп’ютэрнаю графікаю ёсць іншыя элементы. Усе яны дапаўняюць адзін аднаго і ўзбагачаюць праграму, робячы яе разнастайнаю. У “тэлекухні” да вашых паслугаў розныя прысмакі, прыправы і прылады да іх апрацоўвання, але ўсё-ткі галоўнае – гэта сам кухар ці кухары. Гэта яны ствараюць тэледэлікатэсы з пастановачных сцэнаў, гістарычнай рэканструкцыі, камп’ютэрнай графікі, музыкі, тэксту, голасу, фрагментаў іншых мастацкіх і дакументальных фільмаў. На маю думку, выкарыстанне новых тэхнік робіць тэлевізійнае выкладанне гісторыі больш прывабным і смачным за кніжнае. Але яно не замяняе кніжак. А мусіць заахвоціць паглыбіцца ў глыб стагоддзяў. Гэтую магчымасць даюць у першую чаргу кнігі. Яны – аўтарства Сагановіча, Арлова ды іншых – далі штуршок аўтарам “Гісторыі пад знакам “Пагоні” стварыць тэлесерыял, але аўтары спадзяюцца, што серыял падштурхне гледачоў шырыць свае гістарычныя веды і звяртацца, у прыватнасці, па дапамогу да літаратуры. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 мая 2009 Общество МЫ Тэлеканал “Белсат” пачаў трансляцыю новай праграмы – “Гісторыя пад знакам “Пагоні”.
|
|