Радзім Гарэцкі: Да акадэмікаў не прыслухоўваюцца
10 июня 2009 Общество
Паліна ПАЎЛАВА, Svabodaby.net Радзім Гарэцкі. Фота - "Радыё Свабода"Вядомы беларускі вучоны-геолаг Радзім Гарэцкі распавядае пра некаторыя малавядомыя моманты з жыцця беларускіх акадэмікаў. - Радзім Гаўрылавіч, як вядома, нядаўна ў Беларусі стала больш на 11 акадэмікаў і 24 члены-карэспандэнты Акадэміі навук. Але пры гэтым яшчэ засталіся вольнымі чатыры вакансіі акадэмікаў, і пяць - членаў-карэспандэнтаў. Хачу запытацца: можа, зашмат ужо ў Беларусі акадэмікаў? - Як кажуць, усё ў нашым свеце адносна. Акадэмікаў у нас недзе 80, а член-караў, калі не памыляюся, прыблізна 120. Гэта нармальныя суадносіны. І ўсюды так - член-караў звычайна бывае больш працэнтаў на 50. Іншая справа, чаму зараз было абрана так многа акадэмікаў: іх жа шэсць гадоў ужо не выбіралі! - Вы не раз казалі, што сёння навука стала малапрэстыжнай, і няшмат людзей хочуць там працаваць. Тады патлумачце: чаму некаторыя высокія чыноўнікі так ірвуцца ў акадэмікі? - У нас кандыдатамі ў члены-карэспандэнты былі зарэгістраваны генпракурор Рыгор Васілевіч, “губернатар” Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец і намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Але ў самы апошні момант яны вымушаны былі зняць свае кандыдутары. Згодна з пастановай прэзідыума Акадэміі навук яны павінны былі атрымаць дазвол на выбары ў свайго непасрэднага кіраўніка. Але, відаць, такога дазволу яны не мелі, таму і знялі свае кандыдатуры. Хаця ў нашым статуце пра дазвол зверху нічога не напісана… А чаму чыноўнікі ідуць у навуку? Мець званне акадэміка і член-кара даволі прэстыжна і сёння, нягледзячы на агульную сітуацыю з навукай. - Кіраўнік дзяржавы зусім нядаўна выказаў сваё незадавальненне працай вучоных. На ягоную думку, навуковыя распрацоўкі павінны прыносіць большую карысць эканоміцы… - Я ўжо не раз казаў, што галоўнымі для акадэмічнай навукі з’яўляюцца фундаментальныя напрамкі, а не прыкладныя. А зараз патрабуюць наадварот - давай прыкладныя, каб усе распрацоўкі непасрэдна ўплывалі на прамысловасць, сельскую гаспадарку і гэтак далей. На фундаментальныя навукі сёння і грошай мала выдзяляюць. Хаця на самай справе любое адкрыццё можа быць вельмі важным і з часам можа стаць прыкладным. На жаль, нашы чыноўнікі вельмі часта не прыслухоўваюцца да вучоных. Я па сабе ведаю. У свой час я многа працаваў у Сібіры, Казахстане. Я і Кебічу, і Шушкевічу, а потым і Лукашэнку казаў, што варта было б паехаць туды. У той час вельмі лёгка можна было ўзяць канцэсію ці купіць якое-небудзь нафтавае альбо газавае радовішча, а цяпер можна было б усім гэтым карыстацца. Але тады было не да мяне: вырашалі розныя палітычныя пытанні. А сёння мы едзем у Венесуэлу, Іран і іншыя краіны за гэтым жа самым!.. І такіх прыкладаў можна прыводзіць і прыводзіць! Таму я лічу, што чыноўнікі павінны прыслухоўвацца да вучоных. І, між іншым, акадэмікі не надта дорага абыходзяцца дзяржаве. А толку з іх, наадварот, многа. Вось, напрыклад, геолагі адкрылі ў нас калійныя солі, з якіх Беларусь атрымлівае значную частку валюты - ад 1 да 3 мільярдаў долараў у год. У некаторых краінах пэўную частку ад гэтых грошай выдаткоўваюць на далейшае развіццё геалагічных работ. А ў нас, на жаль, такой практыкі не існуе. І геолагі зараз беднавата жывуць, мала свідруюць. Гэта, канешне, дарагія работы, але іх трэба выконваць, бо толькі так мы будзем мець магчымасць адкрыць нейкае новае радовішча і г.д. Вось і напрыканцы мінулага года, калі ўрад аб’явіў 2009-ты Годам роднай зямлі, якой перш-наперш займаюцца геолагі, нашы чыноўнікі ад урада і навукі прынялі, на мой погляд, вельмі неразумнае, памылковае рашэнне: закрылі самы магутны, самы добры Інстытут геахіміі і геафізікі НАН Беларусі. І пакінулі ў Акадэміі навук вельмі малую колькасць навуковых супрацоўнікаў па геалогіі. - Цікава, сярод вучонага люду шмат забяспечаных асоб? Тых, хто амаль ні ў чым сабе не адмаўляе, ездзіць на сучасных аўто? - Я такіх мала ведаю. Ёсць некаторыя, хто спалучае прадпрымальніцтва з навукай. А каб на адной навуцы стаць багатым? Такіх не ведаю. - Вы калісьці казалі, што акадэмікам плацяць каля 700 тысяч… - Гэта вельмі прыблізная лічба, і гаворка ў дадзеным выпадку ідзе толькі пра даплату менавіта за званне. І зараз яна складае 850 тысяч. Але калі чалавек яшчэ працуе, атрымлівае заробак, то ў яго выходзіць значна больш. У той жа Расіі за званне акадэмікам ужо даўным-даўно плацілі тысячу долараў, а сёння - і нашмат болей. - Намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Пётр Віцязь адзначыў, што склад абраных акадэмікаў і член-караў прыкметна памаладзеў. Цяпер сярэдні ўзрост акадэміка складае прыблізна 62 гады (раней быў 74). Гэта добрая тэндэнцыя, на ваш погляд? - Так, амаладжэнне, гэта, безумоўна, добрая з’ява. Таму што ў нас таксама стараватыя і дактары, і прафесары, і нават кандыдаты навук - у нас зусім мала вучоных да 40 гадоў. Трэба, каб былі маладзейшыя: у маладых мазгі лепш “круцяцца”. Хаця, калі ўвесь час мазгуеш, дык галава можа працаваць вельмі доўга. Вось, напрыклад, Барыс Яўгенавіч Патон. Яму ўжо за 90, а ён узначальвае Акадэмію навук Украіны. І ў нас быў такі Давід Майсеевіч Голуб - яму 100 гадоў было, а ён усё працаваў. Я памятаю, у Акадэміі навук была сустрэча з Білам Клінтанам, які наведваў Беларусь. І я толькі іду на гэтую сустрэчу, а Давід Голуб ужо сядзіць у зале. Пытаюся ў яго: “Давід Майсеевіч, а чаго вы так рана прыйшлі?” “А я прызвычаіўся рана хадзіць на работу, - адказвае. - Але ж дарма час не губляю: вучу ангельскую мову”. Тады яму ўжо было 80 з гакам гадоў. І ён добра ведаў нямецкую… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10 июня 2009 Общество Паліна ПАЎЛАВА, Svabodaby.net Радзім Гарэцкі. |
|