Вайна вачыма дзiцяцi
Вайна вачыма дзiцяцi
"Жахлiвая вайна..." "Смерць..." "Было цяжка..." Апошнiя некалькi тыдняў бадай што кожная ўстанова — ад сельскай школкi i да Акадэмii навук — правяла мерапрыемства, прысвечанае 65-годдзю вызвалення. І на кожным гучалi словы — "жахлiва", "страшна", "загiнуў" i гэтак далей. Ад частага паўтарэння яны ўжо пачынаюць успрымацца як нешта абстрактнае i далёкае. Але нам у рэдакцыю нядаўна прыйшоў лiст. Вялiкi лiст, больш як на дзесяць старонках. Калi я яго прачытаў, зноў вярнуўся да рэальнага адчування — што такое жахлiва, як можа быць цяжка i страшна памiраць. Калi я рыхтаваў лiст да публiкацыi, у мяне не падымалася рука выкраслiць хоць б радок для эканомii газетнага месца. Там у кожным радку — праўда. Жорсткая, страшная, але — праўда. Праўда пра людзей, якiя пайшлi з жыцця, якiя, можа, зусiм крышачку не дажылi да Перамогi, якiя дзялiлiся апошнiм з суседзямi i незнаёмымi, хаця ў самiх дзецi пухлi ад голаду. Гэта праўда пра нашых людзей, якiх не змаглi зламаць вайна i цяжкi пасляваенны час. Я не мог сядзець сам насам з гэтым лiстом. Мне хацелася з кiмсьцi падзялiцца яго тэкстам, уражаннем ад яго яшчэ да друку. I я кавалкамi скiдваў яго ў адзiн iнтэрнэтаўскi чат. Яго наведвальнiкi — моладзь прыкладна ад 13 i да 17. З характэрнымi для такога ўзросту захапленнямi — камп'ютары, першае каханне, дыскатэкi i гэтак далей. I ведаеце, цытаты з лiста ў рэдакцыю так уразiлi прысутных там падлеткаў, што яны нават пыталiся, з якой гэта кнiжкi, а калi даведалiся, што будзе ў газеце — то ў якiм нумары выйдзе, каб набыць i пачытаць цалкам. Паважаныя ветэраны, пажаваныя ўдзельнiкi i сведкi той вайны! Дзякуй вам за вашы лiсты, дзякуй, што пiшаце нам. Паверце, гэта не пустое. Можа, не ўсё мы так хутка публiкуем, як хацелася б, але калi аддаць у друк усю тую папку вашых лiстоў, што ляжыць у мяне на стале — можна было б выдаць кнiгу. Пiшыце нам, ну, а мы ўжо прыкладзём максiмум намаганняў, каб тую жудасную вайну не забылi. Павел Бераснеў.
Пралог
Я нарадзiлася ў вёсцы Сталка Чавускага раёна. Гэта ў 30 кiламетрах ад Магiлёва i ў 20 кiламетрах ад Чавус. Калi пачалася вайна, мне было ўжо 8 гадоў, i я памятаю ўсё. Наша вёска складалася з 6 вулiц i 3 пасёлкаў — усяго каля 200 сем'яў. Наша хата стаяла на скрыжаваннi вулiцы Вялоўка i дарогi на Чавусы. Злева быў узгорак, якi пераходзiў у луг, а яшчэ далей — рэчка Раста. Вось гэта i было галоўнае месца збору мясцовых дзяцей. Тут мы гулялi ў лапту, палачку-выручалачку, гары-гары, шмат купалiся, узiмку каталiся з горкi на санках цi лыжах... НЕ дзiцячая пляцоўка
...I раптам у вёску ўляцелi на конях два вайскоўцы. Бацька мой тады працаваў старшынёй калгаса, i яму загадалi сабраць усiх мужчын. Нашая дзiцячая пляцоўка ператварылася ў месца дарослых сустрэч. Прыйшлi не толькi мужчыны, але i жанчыны, дзецi, утварылася вялiкае кола з вайскоўцамi пасярэдзiне. Яны аб'явiлi, што пачалася вайна, нешта яшчэ гаварылi, але ўжо нiчога не было чуваць з-за крыкаў жанчын i дзiцячага плачу. Усiх ваеннаабавязаных мужчын сталi выклiкаць па спiсе i ўручаць позвы на розныя днi. Слёзы i крыкi стаялi амаль да вечара, а наша шчаслiвае дзяцiнства было скончана. Праз 2 днi пачалiся адпраўкi на вайну. Зборы былi на нашай пляцоўцы. Мужчын на калёсах везлi ў Чавусы. Праводзiлi мужчын усёй вёскай, жанчыны з крыкамi i плачам трымалiся за калёсы да самай рэчкi, ззаду беглi дзецi, на мосце зноў развiтвалiся, бабы вылi, а дзеткi крычалi "татка" i беглi следам, пакуль хапала моцы. Потым, знясiленыя, пакупаўшыся ў рацэ, цягнулiся дадому. Пяць дзён iшлi праводзiны... Бацька мой быў у фiнскай вайне паранены ў калена, яго не прызывалi, але ён ноччу некуды з'язджаў, маме нiчога не казаў, а аднойчы сказаў, што вайна будзе цяжкай, што, маўляў, з вамi будзе... Першыя крокi вайны
Праз некалькi дзён майму бацьку далi ўказанне раздаць усе запасы калгаснага хлеба. Яго раздавалi не па працаднях, а па колькасцi дзяцей. Каля складоў жанчыны з малымi i вялiкiмi дзецьмi, хто нясе мех за плячыма, хто цягне мех волакам, хто на якой калясцы — ужо не чутно вясёлых дзiцячых галасоў, усе ў клопатах з матулямi. Да гэтага часу мы яшчэ не чулi вайну, а тут сталi даносiцца выбухi, гул самалётаў, сталi бачныя ноччу ракеты над Магiлёвам. I пайшлi салдаты параненыя: хто ў галаву, хто ў руку, хто ў грудзi... I зноў на нашай дзiцячай пляцоўцы недзiцячыя гульнi: жанчыны кармiлi салдат, мылi бiнты, пад кiраўнiцтвам нашай фельчаркi Кацярыны Якаўлеўны Яраслававай перавязвалi параненых. Бiнтоў не хапала, жанчыны неслi сваё тканае самае тонкае палатно ў трубках, рэзалi нажнiцамi стужкi, мачалi ў падтыннiк i перавязвалi раны. Дзецi развешвалi па платах вымытыя бiнты, насiлi ваду, мылi посуд, кармiлi i гутарылi з параненымi. Мы ўбачылi, што такое вайна. Майму бацьку даслалi з ваенкамата позву, ён развiтаўся з намi i адразу ж пайшоў, яго не было калi праводзiць: ён на хаду ўскочыў у цягнiк, а ў гэты час ужо бамбiлi Чавусы... Бацька загiнуў у кастрычнiку 1944 года. Схавалiся ад вайны
Бамбёжкi Магiлёва, залпы гармат сталi чутныя ўдзень i ўначы. Усе суседзi сядзелi ноччу на дварэ з дзецьмi, бо баялiся заставацца ў хатах. А потым старыя прапанавалi капаць якiя-небудзь сховiшчы. Вырашылi капаць на кургане, якi праходзiць уздоўж берага рэчкi ў 1,5-2 кiламетрах ад вёскi. Пачалi ўкапвацца ў курган, быццам рабiлi нейкiя норы. Дзецi капалi рыдлёўкамi i выносiлi зямлю. Пайшлi туды ўсе, з сабой прыхапiлi толькi кароў, якiх загналi ў раку. Ноччу сядзелi ў гэтых акопах, нават малыя дзецi не плакалi, а ў вёсцы па чарзе дзяжурылi старыя. А ранiцай даiлi кароў, раздавалi ўсiм малако — i жанчыны беглi ў свае хаты, хуценька палiлi ў печы, варылi ежу свiнням, курам i для сябе i вярталiся назад. Доўжылася гэта сем дзён. Раптам навокал стала цiха, усе ўзрадавалiся, што вайна скончылася i пацягнулiся назад у вёску. Немцы
Немцы з'явiлiся праз 2-3 днi на матацыклах. Адна сям'я, якая не ўступiла ў калгас (дзве дачкi працавалi ў Магiлёве, а бацька з маткай i малодшай дачкой жылi ў вёсцы) выйшла сустракаць немцаў з ягадамi чарнiцаў i сунiцаў у талерцы. Iншых "ушанаванняў" да iх нiхто не прымяняў. Немцы паехалi, i два тыднi нiкога не было. Ужо паспявалi калгасныя хлябы, але нiхто нiчога не рабiў. Толькi жанчыны вырашылi да ўборкi запасцiся дровамi. З дзецьмi хадзiлi, i хто на калясках, хто на спiне цягалi з лесу сучча, уздоўж ракi секлi ляшчыну, алешыну. I ў лесе пачалi сустракаць нашых салдат, якiя трапiлi ў акружэнне. Яны прасiлi ежу, адзенне. Тут зноў дапамаглi дзецi: нам казалi нiкому нiчога не казаць, i мы не казалi, але кожны дзень насiлi ў лес адзенне i харчы. У канцы жнiўня зноў з'явiлiся немцы, але ўжо ў iншым адзеннi, i з iмi былi перакладчыкi, як мы палiчылi — палiцаi. Прызначылi старасту з нашай вёскi i некалькi палiцаяў невядома адкуль. Пачалося жыццё штодзённага страху. Кожную ноч грукаюць у вокны: хто просiць хлеб, хто пытае пра партызанаў, хто пра немцаў, мацi трасецца, не ведае, што казаць, i мы ўсе не спiм. А ўдзень немцы ладзiлi аблавы на курэй, яйкi, малако. Раздалi калгасную зямлю, але коней засталося мала — iх раздалi па адным на 5-6 двароў. Дарослыя — мама i старэйшая сястра — iдуць на дзень у поле, а на мяне застаюцца двухгадовы брат Мiша, чатырохгадовая сястра Надзя i 5-6 месячны брат Лёша. Так i жылi ўсе — у працы i ў страху. На дзiцячай пляцоўцы стала цiха, ужо нiхто там не збiраўся. У вёску, як бы да сваiх дзяўчат, прыйшлi некалькi былых салдат або афiцэраў з акружэнцаў. Зразумела, потым яны ўсе пайшлi ў партызаны. А ў нас пачалiся пастаянныя аблавы: 5 чалавек, у тым лiку i студэнтку медвучылiшча, рахункавода калгаса, цяжарную жанчыну i аднаго з акружэнцаў арыштавалi i спалiлi ў суседняй вёсцы разам з iншымi арыштантамi як партызанаў, хаця яны яшчэ iмi не былi. Нам матулi забаранiлi выходзiць з хаты, кожны з нас корпаўся дома. Акрамя таты, у дзядулi былi яшчэ тры сыны — вайсковыя афiцэры. Недзе ў красавiку-маi дзядуля дае тэлеграму ад iмя майго таты, што ён пры смерцi. Прыехалi ўсе. Мама казала, што яны ведалi, што будзе вайна... Потым да дзядулi нечакана прыйшоў палiцай i стаў патрабаваць, каб той аддаў пiсталет, якi нiбыта дзядулю пакiнулi сыны. А дзе ён яго возьме? Дзядулю пачалi бiць, ён так крычаў, што мы выскачылi з хаты i пачалi плакаць. Мама схапiла нас, запiхнула назад у хату, а дзядуля ўсё крычаў. Яму паламалi косцi, разбiлi галаву. Праз некалькi дзён ён памёр... Пазней да нас iзноў прыйшлi немцы i стараста i пачалi патрабаваць у мамы, каб яна аддала татаву вопратку. А дзе ж яе ўзяць, калi ўсё ўжо раздалi пераапрануцца салдатам. Яны пачалi крычаць на маму i пагражаць, што павязуць у Чавусы. Я так спужалася, што маму павязуць забiваць, так крычала i рвала на сабе валасы, што яны пасмамi ляцелi. Адзiн палiцай, вiдаць, не вытрымаў, падышоў да мяне i пачаў угаворваць, што маму нiкуды не павязуць. Мама тады зразумела, што рана цi позна, але здарыцца вялiкая бяда. Яна пачала разносiць нас па суседзях, каб калi раптам што — хоць хто-небудзь з нас застаўся жывы. Нас немцам не выдалi, хаця тата быў не толькi старшыня калгаса, але i камунiст, мы з усiмi людзьмi прайшлi разам далейшыя жахi, але засталiся жывымi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Жахлiвая вайна..." "Смерць..." "Было цяжка..." Апошнiя некалькi тыдняў бадай што кожная ўстанова — ад сельскай школкi i |
|