Паляк узначалiў Еўрапарламент
Паляк узначалiў Еўрапарламент
Учора ў Страсбургу адкрылася першая сесiя Еўрапейскага парламента (ЕП) новага
склiкання, якую польская газета "Жэчпаспалiта" назвала гiстарычнай, паколькi старшынёй
такой аўтарытэтнай установы ЕС упершыню становiцца палiтык з-за былой "жалезнай
заслоны".
— Я ўсхваляваны. Гэта канец падзелу Еўропы на "вы" i "мы", — сказаў, выступаючы
напярэдаднi перад журналiстамi на прэсавай канферэнцыi, былы польскi прэм'ер-мiнiстр
Ежы Бузэк. Яго выбранне было прадказальным, бо кандыдатуру польскага палiтыка
падтрымалi ўсе самыя важныя палiтычныя групы Еўрапарламента — не толькi хрысцiянскiя
дэмакраты i сацыялiсты (яны заключылi пагадненне, згодна з якiм старшынства ў
цяперашнiм склiканнi парламента будзе падзелена на два роўныя тэрмiны памiж Бузэкам
i нямецкiм сацыялiстам Марцiнам Шульцам), але i лiбералы, кансерватары i рэфарматары,
а таксама зялёныя, для якiх выбранне паляка на адну з самых важных пасад у ЕС
з'яўляецца сiмвалам аб'яднання Еўропы.
Як адзначаюць аналiтыкi, выбранне Бузэка дазволiць 50 польскiм еўрадэпутатам, з якiх 31 выбраны ўпершыню, адчуць сябе ў Страсбургу больш свабодна. Але гэта не адзiны польскi акцэнт у сталiцы Эльзаса. Ля ўвахода ў Еўрапарламент стаiць 28 гiганцкiх мачтаў, на якiх развяваюцца сцягi дзяржаў — членаў ЕС i жоўтыя зоркi Еўрасаюза на блакiтным фоне. Стальная канструкцыя мачтаў з'яўляецца падарункам Гданьскай суднабудаўнiчай верфi. З Польшчай звязана назва i дзядзiнца Еўрапарламента, якi носiць iмя загiнулага год таму ў аўтакатастрофе еўрадэпутата, былога мiнiстра замежных спраў гэтай краiны Бранiслава Герэмека. А ў цэнтры дзядзiнца стаiць шкляны шар — мастацкi твор, падараваны горадам Вроцлавам. У Страсбургу, як вядома, дэпутаты знаходзяцца толькi некалькi дзён у месяц, падчас пленарных пасяджэнняў. Сюды ўсякi раз прыбываюць з Брусэля вялiзныя скрынi, у якiх перавозiцца ўся офiсная гаспадарка дэпутатаў, якая вяртаецца пасля сесiй назад у сталiцу Бельгii, дзе знаходзяцца пастаянныя офiсы еўрапейскiх выбраннiкаў i ўся адмiнiстрацыя. Такая працэдура амаль паўсюдна (iншае меркаванне, па вядомых прычынах, толькi ў французаў) лiчыцца стратай часу i грошай. Раскоша iснавання штаб-кватэры Еўрапарламента ў Страсбургу абыходзiцца еўрапейскiм падаткаплацельшчыкам у 200 млн еўра ў год. Час ад часу дэпутатаў турбуе iнфармацыя аб тэхнiчным стане цудоўнага, але непрактычнага будынка ў Страсбургу. У жнiўнi 2008-га абвалiўся дах у зале пленарных пасяджэнняў. Калi б у той час там былi дэпутаты, то гэта магло б выклiкаць значныя людскiя ахвяры. У апошнi час дэпутатаў таксама непакоiць iнфармацыя аб дрэнным супрацьпажарным стане будынка. Пастаянныя паездкi дэпутатаў з Польшчы ў Брусэль i Страсбург i праца ў Еўрапарламенце даволi шчодра аплачваюцца. Пачынаючы з гэтага склiкання, польскiя дэпутаты зарабляюць нароўнi з прадстаўнiкамi iншых дзяржаў: 7665 еўра ў месяц. Плюс да гэтага атрымлiваюць па 287 еўра сутачных за кожны дзень знаходжання ў Еўрапейскiм парламенце i пакрыццё транспартных выдаткаў. Па колькасцi дэпутатаў Польшча займае шостае месца ў ЕП. Колькасць мандатаў залежыць ад велiчынi насельнiцтва. Больш за ўсё дэпутатаў — 99 — ад Германii, менш за ўсё — 5 — ад Мальты. У Еўрапарламенце дэпутаты засядаюць не ў нацыянальных, а ў палiтычных групах. Палякi сканцэнтраваныя ў трох фракцыях: "Грамадзянская платформа" i Польская сялянская партыя — у групе хрысцiянскiх дэмакратаў, Саюз левых дэмакратаў — у сацыялiстычнай групе, а "Закон i справядлiвасць" — у групе кансерватараў i рэфарматараў. Разам з Бузэкам у памяшканнях яго сакратарыята зоймуць месцы паўтара дзясятка адказных супрацоўнiкаў i дапаможнага персаналу. Згодна з iснуючым становiшчам, з кожным новым склiканнем ЕП мяняецца ўвесь склад супрацоўнiкаў, уключаючы сакратарак. Ужо вядома, што ў кабiнеце Бузэка акрамя палякаў будуць працаваць прадстаўнiкi з Венгрыi, Румынii, Францыi i Германii. Бузэк, як кiраўнiк ЕП, будзе старшынстваваць у двух органах. Гэта прэзiдыум, у склад якога ўваходзяць 14 намеснiкаў старшынi, i Канферэнцыя старшыняў, у склад якой уваходзяць кiраўнiкi ўсiх фракцый парламента. Што плануе змянiць новы старшыня ЕП? "Нам не хапае жывых дыскусiй у ЕП на ўзор брытанскага парламента. Думаю, мы iх увядзём у найблiжэйшыя 2,5 года",— заявiў Бузэк. У распараджэннi старшынi ЕП паўтара дзясятка пакояў, у тым лiку салон для прыёму гасцей, а таксама службовы "БМВ" з вадзiцелем. Кабiнет старшынi знаходзiцца на 13-м паверсе аднаго з будынкаў у Брусэлi. З яго адкрываецца цудоўная панарама, а з-за пiсьмовага стала вiдаць усе найважнейшыя будынкi ЕС, уключаючы Еўракамiсiю i Савет Саюза. Кабiнет мае форму лiтары L. Асабiстых акцэнтаў няшмат, затое там ёсць элементы сучаснага мастацтва. Найбольш выразным з'яўляецца фрэска "Выкраданне Еўропы", падараваная Iспанiяй. А раз у месяц Бузэк будзе пераязджаць у Страсбург, дзе на 16-м паверсе будынка ЕП у яго таксама ёсць цудоўны кабiнет з фантастычным выглядам на горад i басейн перад будынкам. Атрыманне прадстаўнiком Польшчы пасады старшынi Еўрапарламента можа азначаць для Беларусi больш канструктыўны дыялог з Еўрасаюзам, бо менавiта Польшча пры падтрымцы Швецыi была iнiцыятарам еўрапейскай праграмы "Усходняе партнёрства". Сам Ежы Бузэк у адрозненне ад Ганса Пёттэрынга, папярэдняга спiкера Еўрапарламента, настроены на ўмацаванне адносiнаў па лiнii Мiнск—Брусэль. Падрыхтаваў Мiхаiл Бацян.
Наша даведка Ежы Кароль Бузэк нарадзiўся 3 лiпеня 1940 года. Прафесар у галiне тэхнiчных навук. Актывiст прафсаюза "Салiдарнасць" з моманту яго зараджэння. Дэпутат Сейма III склiкання i прэм'ер-мiнiстр у 1999—2001 гг. Упершыню быў абраны дэпутатам Еўрапарламента 13 чэрвеня 2004 года найбольшай у Польшчы колькасцю галасоў. Член евангелiсцка-аўгсбургскай царквы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Страсбургу адкрылася першая сесiя Еўрапейскага парламента (ЕП) новага склiкання, якую польская газета "Жэчпаспалiта" назвала гiстары
|
|