Пра бясплатны электрачайнiк i чалавечы фактарПра бясплатны электрачайнiк i чалавечы фактар Паколькi лiтаральна днямi на старонках газеты была закранута "халадзiльная" тэма (наконт прадукцыi вядомага "Атланта"), па законе парнасцi (услед за пытаннем па пэўнай тэме, як правiла, неўзабаве гучыць падобны цi аналагiчны зварот ад iншых заяўнiкаў) рэдакцыя атрымала па "гарачай лiнii" яшчэ адно пытанне. — На працягу лiпеня "Атлант" праводзiў цудоўную акцыю: пры набыццi пэўнай мадэлi пральнай машыны або халадзiльнiка пакупнiк атрымлiваў падарунак — электрачайнiк вытворчасцi таго ж вытворцы. У мiнулым месяцы мы сапраўды набылi новы халадзiльнiк у адным з райцэнтраў Мiнскай вобласцi. Аднак, як высветлiлася, абяцаны электрачайнiк можна было атрымаць не ў месцы набыцця халадзiльнiка, а толькi ў сталiцы, прычым у некалькiх вызначаных крамах, у пэўныя днi i гадзiны. У краме ў райцэнтры нам патлумачылi, што iм электрачайнiкi для ўручэння пакупнiкам не выдаюць Чаму? Давялося марнаваць час, выдаткоўваць грошы на паездку ў сталiцу, хоць гэта не вельмi ўваходзiла ў нашы планы, — гаварылi нам чарговыя заяўнiкi. — І яшчэ, паколькi ў момант атрымання падарунка мы стаялi ў чарзе, не паспелi спытаць у прадаўцоў наконт гарантыi на атрыманы бясплатна электрачайнiк. Па каментар мы звярнулiся на ЗАТ "Атлант". Вось што нам распавялi яго прадстаўнiкi па вышэйагучаных пытаннях. — Па нашых падлiках, дастаўка i ўручэнне падарункаў — электрачайнiкаў — пакупнiкам разам з iх коштам складае каля 1 мiльярда рублёў. Калi б мы паставiлi мэту даставiць iх сапраўды ў кожную краму, а iх 800, гэтая лiчба магла б узрасцi, умоўна кажучы, да 10 мiльярдаў. Таму i было прынята рашэнне вызначыць у кожным абласным цэнтры месцы, дзе пакупнiкi маглi б атрымаць падарункi. Прычым зрабiць гэта можна было не толькi ў сваiм рэгiёне, а ў любым iншым месцы. Гэта, наадварот, зручна. Напрыклад, купiлi дзецi ў сталiцы сабе халадзiльнiк, а дакументы на атрыманне электрачайнiка перадалi сваiм бацькам па iх месцы пражывання. Цi бацькi ў вобласцi набылi пральную машыну, а электрачайнiк — ужо для сябе — у Мiнску атрымалi iх дзецi, — патлумачылi нам. Далей спецыялiсты завода прапанавалi зiрнуць на быццам бы ўзнiклую праблему па-iншаму. — Калi, скажам, у якiм супермаркеце ў сталiцы стаiць чарга на два паверхi за бясплатнай запальнiчкай цi кубкам, што ўручаюцца падчас розыгрышу прызоў пэўнай кампанiяй, гэта абсалютна нiкога не засмучае. А калi чалавеку даводзiцца крыху пастаяць, каб атрымаць электрачайнiк коштам амаль 80 тысяч рублёў, чамусьцi ўзнiкаюць пытаннi. Так, у нас сапраўды былi выпадкi, калi гэтыя падарункi элементарна заканчвалiся (хоць i завозiлi мы iх у крамы, дзе адбывалася ўручэнне, з запасам). Чалавеку прапаноўвалi запоўнiць усе патрэбныя дакументы, а ўласна па сам падарунак звярнуцца ў iншы дзень выдачы. А грамадзянiн адказваў — хачу прама зараз. Думаецца, тут справа ў так званым чалавечым фактары. Хоць трэба прызнаць: падчас правядзення акцыi ўручана каля 28 тысяч падарункаў. Гэта больш, чым мы планавалi напачатку. Дарэчы, апошнi раней заяўлены дзень выдачы падарункаў пакупнiкам нашай тэхнiкi — гэтая субота. Аднак мы плануем спецыяльна ўвесцi яшчэ адзiн такi дадатковы дзень у жнiўнi — для тых, хто па нейкiх прычынах не змог скарыстаць сваю магчымасць атрымаць электрачайнiк раней або проста забыўся пра яе. Хутчэй за ўсё, такiм рэзервовым днём стане 15 жнiўня, — распавялi далей прадстаўнiкi завода. Што ж датычыцца гарантыi на бясплатныя электрачайнiкi, дык яна складае, паводле iх далейшых слоў, два гады. "Мы ўпэўненыя ў якасцi нашай прадукцыi — як пральных машын i халадзiльнiкаў, так i электрачайнiкаў — таму не палохаемся даваць такi гарантыйны тэрмiн". Сяргей РАСОЛЬКА. |