Не ўсё золата, што блiшчыцьНе ўсё золата, што блiшчыць Купляючы тавар, трэба думаць i пра запчасткi У кастрычнiку 2007 года гродзенец Уладзiмiр купiў для свайго дачнага дома iмпартны электраводанагравальнiк. Пры гэтым ён не надта цiкавiўся запчасткамi, дакладней, iх наяўнасцю на мясцовым рынку, не разабраўся адразу i ў гарантыйных умовах эксплуатацыi. Прывабiла яго найперш тое, што непасрэдна на баку воданагравальнiка быў яскрава, вялiкiмi лiтарамi чырвонага колеру пазначаны тэрмiн гарантыi — тры гады. Аднак, як кажуць, не ўсё золата, што блiшчыць. У дакументацыi на гэты тавар канкрэтызуецца, што трохгадовы гарантыйны тэрмiн эксплуатацыi датычыцца не ўсяго электрапрыбора, а толькi водазмяшчальнай ёмiстасцi (бака). А гарантыя для элементаў электрычнай часткi — дванаццаць месяцаў. Гэты нюанс стаў для Уладзiмiра актуальным нядаўна, калi вось гэты элемент (тэн) выйшаў са строю i спатрэбiлася яго замена. Паколькi гадавая гарантыя на той момант ужо скончылася, то, зразумела, запчастку трэба было набываць за свае грошы. Уладзiмiр i не супраць. Але дзе гэты тэн купiць? Спроба вырашыць праблему самастойна была марнай: высветлiлася, што запасныя часткi на электраводанагравальнiк гэтай маркi ў Гродне... не прадаюцца. Няўжо ехаць у Санкт-Пецярбург, дзе iх вырабляюць? Але ж у абласным цэнтры працуе рэгiянальны прадстаўнiк фiрмы, якая гандлюе гэтым таварам. Да яго Уладзiмiр i звярнуўся з просьбай прадаць тэн. Аднак i гэта, здавалася б, элементарнае пытанне, аказалася няпростым. Заплацiць грошы i забраць запчастку... нельга, паколькi яе вам павiнен устанавiць спецыялiст па сэрвiсным абслугоўваннi з адпаведнай лiцэнзiяй. Дзякуй, безумоўна, за магчымасць скарыстацца такой паслугай. Але чаму яна павiнна быць безальтэрнатыўнай? Чаму пакупнiк, ужо не маючы нiякiх гарантыйных "прывiлеяў", тым не менш у пытаннi набыцця запчасткi ўсё адно "прывязаны" да пасрэднiка, якi, зразумела, працуе зусiм не на дабрачынных прынцыпах? Няўжо ў гэтай сiтуацыi не сам клiент павiнен вырашаць, якому варыянту аддаць перавагу: запрашаць спецыялiста па сэрвiсе альбо купiць тэн i ўзяць на сябе яго ўстаноўку? У рэшце рэшт тэн Уладзiмiру ўсё ж прадалi, пайшлi, так бы мовiць, насустрач. "Але хiба ж гэта павiнна быць выключэннем з правiлаў?" — задаецца пытаннем чытач "Звязды". Такое пытанне мы неўзабаве абмеркавалi з Яўгенам Маёравым, рэгiянальным прадстаўнiком мiнскай фiрмы, якая гандлюе электраводанагравальнiкамi гэтай маркi. Паводле яго слоў, у перспектыве мяркуецца наладзiць пастаўку i продаж камплектавых частак, адпаведныя перамовы быццам вядуцца з прадпрыемствам-вытворцам гэтых электраводанагравальнiкаў у Санкт-Пецярбургу. Аднак новай рэдакцыяй беларускага Закона аб абароне правоў спажыўцоў не ў перспектыве, а ўжо сёння вызначана дакладная норма: "Вытворца (пастаўшчык) абавязаны забяспечыць не толькi рамонт i абслугоўванне ўвезенага тэхнiчна складанага тавару, але таксама i выпуск i пастаўку запасных частак у гандлёвыя i рамонтныя арганiзацыi ў неабходных аб'ёмах i асартыменце на працягу тэрмiну службы тавару, а пры адсутнасцi такога тэрмiну — на працягу дзесяцi гадоў з дня продажу". Дарэчы, Яўген Маёраў зазначыў, што не толькi яго фiрма пакуль не забяспечвае запчасткамi гандлёвую сетку Прынёманскага рэгiёну. Маўляў, паслугi па iх пастаўцы i продажы на сёння не робяць у абласным цэнтры i iншыя фiрмы, якiя гандлююць электраводанагравальнiкамi. Ну i аргумент... Вось бы з гордасцю сказаць, што канкурэнты гэтага не робяць, а мы здолелi! А тут — "мы, як i ўсе, гэтага не робiм". Зрэшты, не ўсе. Лiтаральна праз паўгадзiны пасля гэтай гутаркi мы з Уладзiмiрам убачылi ў рознiчным продажы i тэны, i iншыя запчасткi да электраводанагравальнiкаў. Іх прапануе ў горадзе над Нёманам фiрмовая крама нашага айчыннага вытворцы, ААТ "Гродгандальмаш". Прадавец Руслан Пятроў мог тут жа аформiць пакупку таго ж тэна, даючы, але не навязваючы магчымасцi яго ўстаноўкi спецыялiстам. А ўмовы гарантыйнага абслугоўвання на гродзенскiя электраводанагравальнiкi нават лепшыя, чым у вышэйзгаданым выпадку. Мяркуйце самi: гарантыя для элементаў электрычнай часткi — таксама 12 месяцаў, а вось на бак — не тры, а ажно сем гадоў. Цяпер Уладзiмiр можа пашкадаваць, што не аддаў перавагу менавiта айчыннай прадукцыi. Тым больш што яна не прайграе iмпартнай нi па цэнасным фактары, нi, як сведчыць вопыт ягонага суседа па дачы, па якасцi. Але, разам з тым, узнiкае наступнае пытанне: а цi шмат намаганняў прыкладае айчынны вытворца, каб схiлiць на свой бок клiентаў? Хiба ж, як кажуць, на слыху iнфармацыя пра вышэйзгаданыя перавагi гродзенскiх электраводанагравальнiкаў? Ды i ў звычайнай, а не фiрмовай краме, як пераканаўся карэспандэнт "Звязды", выглядаюць яны, так бы мовiць, даволi сцiпла. Стандартная таблiчка "Зроблена ў Беларусi" i абсалютна нiчога пра ўмовы гарантыйнага абслугоўвання i набыцця запчастак. А па суседстве — канкурэнтны iмпартны тавар з прывабнай этыкеткай пра еўрапейскае лiдарства... Для параўнання — два прыклады на тэму, скажам так, прасоўвання тавару ў шырокiя i нават у не надта шырокiя народныя масы. Абодва — з маёй паштовай скрынкi. У першым выпадку iндывiдуальны прадпрымальнiк не паленаваўся знайсцi адрас карэспандэнцкага пункта "Звязды" ў Гродне (i, пэўна, не толькi яго) i прапанаваў свае паслугi па "запраўцы картрыджаў i абслугоўваннi офiснай аргтэхнiкi з выездам да клiента". У другiм — патэнцыяльных пакупнiкоў спрабавала зацiкавiць адна з буйных крамаў. Прычым не проста заклiкам купляць у iх, а супаставiўшы з цэнамi ў iншых крамах "вашага раёна" i прывёўшы лiчбы магчымай эканомii грошай з пакупнiцкага кашалька. А пра перавагi гродзенскага электраводанагравальнiка ўдалося даведацца толькi тады, калi адзiн з нашых чытачоў "апёкся" на iмпартным... Барыс ПРАКОПЧЫК. |