Источник материала:
Серыя другая. Пошукi дома
Скарочаны пераказ папярэдняй серыi (17.06.2009 г.).
Трое халастых хлопцаў ва ўзросце ад 23 да 29 гадоў вырашылi заняцца аграэкатурызмам.
Са сваёй iдэяй яны выйшлi на журналiстку газеты "Звязда", якая пiша на гэту тэму.
Журналiстка, узамен на свае кантакты ў сферы аграэкатурызму, прапанавала хлопцам
дазволiць ёй асвятляць у газеце ўсе iх крокi на шляху да мэты. Аляксей, Канстанцiн
i Павел пагадзiлiся. У хуткасцi яны сустрэлiся з Андрэем Нiжнiкам, гаспадаром
сядзiбы "Зарачаны", што на Пухаўшчыне. Той выслухаў iх даволi скептычна, маўляў,
спазнiлiся, раней трэба было пачынаць. Аднак праз некалькi дзён на фестывалi вясковых
сядзiбаў "Заборскi фэст" у Расонскiм раёне Павел i Косця пачулi меркаванне зусiм
iншае. Некалькi беларускiх аграсядзiбаў яны пабачылi на свае вочы i, па iх словах,
умацавалiся ў намерах. Аднак як надоўга хопiць iх запалу, не ведае пакуль нiхто.
Таму i колькасць газетных "серый" застаецца невядомай. Ва ўсякiм разе сёння ўвазе
шаноўнага чытача прапануецца другая.
Прапанова ад чытачкi
— Хачу прапанаваць хлопцам сваю кватэру задарма, — заявiла яна. — Гэта палова
фiнскага дамка на ўскраiне вёскi Яцкавiчы паблiзу ад знакамiтага Будслава. Я жыву
ў суседняй вёсцы Iлава, трымаю карову, магла б хлопцам i дапамагаць, малако турыстам
прыносiць.
— Хай бы паспрабавалi, — працягвала жанчына. — Тым больш што грошай у iх, як
я зразумела з вашага артыкула, на набыццё дома пакуль няма. Вось яны збяруць гэтыя
грошы i нешта купяць, а ў iх, раптам, не атрымаецца? Скарыстаўшыся маёй прапановай,
яны ў выпадку няўдачы нiчога не згубяць. А калi тут, у Яцкавiчах, у iх атрымаецца,
яны разам з вопытам набудуць стартавы капiтал для набыцця ўласнай сядзiбы. Чаму
я гэта прапаноўваю? Па-першае, кватэра пустуе. Па-другое, мне i самой цiкавы аграэкатурызм,
але адна я не рашаюся iм заняцца, а сыны мае жывуць далекавата.
А самае галоўнае, кажа Лiдзiя Уладзiмiраўна, мясцiны тут вельмi прыгожыя. Яцкавiчы
знаходзяцца за 120 кiламетраў ад Мiнска, побач Бярэзiнскi запаведнiк, лес, поўны
ягад, грыбоў... Ды i ўчастак у яе вялiкi, можна палаткi паставiць.
Прапанова, на мой погляд, была слушнай, асаблiва ўлiчваючы, што ў хлопцаў сапраўды
няма першапачатковага капiталу. Зарабляе з iх пакуль адзiн толькi Аляксей, выпускнiк
Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўнiверсiтэта. Паша знаходзiцца ў вымушаным
адпачынку ў сувязi з крызiсам i паступленнем у ВНУ, Косця толькi скончыў вучылiшча
швейнай вытворчасцi i ўладкоўваецца на працу. Я расказала iм аб прапанове Лiдзii
Уладзiмiраўны, i яны паабяцалi абмеркаваць яе i падумаць.
Тым часам на адной з прэс-канферэнцый начальнiк упраўлення фiзiчнай культуры
i турызму Мiнскага аблвыканкама Алена Брок расказвала журналiстам пра ўмовы, якiя
стварае дзяржава i, у прыватнасцi, адмiнiстрацыя вобласцi для развiцця агратурызму.
— Сёння на Мiншчыне налiчваецца 148 вясковых сядзiбаў, якiя значна адрознiваюцца
па спектры паслуг i ўзроўнi добраўпарадкавання, — расказала яна. — За два з паловай
гады лiчба гэта патроiлася. Найбольшая колькасць знаходзiцца ў Мiнскiм, Мядзельскiм
i Валожынскiм раёнах... Аднак сёння маецца шэраг фактараў, якiя стрымлiваюць развiццё
вясковага турызму, галоўным з iх з'яўляецца нездавальняючая iнфраструктура i наяўнасць
адмiнiстрацыйных бар'ераў...
Алена Брок паведамiла пра намеры ўладаў садзейнiчаць стварэнню турыстычных вёсак
з традыцыйнай архiтэктурай, аграэкатурыстычных комплексаў на базе СВК, рамонту
дарог да аграсядзiбаў, усталяванню дарожных знакаў i рэкламных шчытоў... Акрамя
таго, сказала намеснiк начальнiка ўпраўлення фiзiчнай культуры, спорту i турызму
Мiнскай вобласцi, хутка будзе распрацаваны механiзм перадачы закiнутых гаспадарчых
пабудоў (былыя фермы, канюшнi, кароўнiкi i г.д.), старадаўнiх сядзiбаў, незанятых
зямельных участкаў тым, хто хоча заняцца аграэкатурызмам...
Пасля прэс-канферэнцыi да Алены Брок падышла журналiстка "Звязды" i расказала
пра задуму адлюстраваць на старонках газеты спробу маладых людзей пачаць агратурыстычную
дзейнасць з "нуля".
— Пачынаць iм трэба з райвыканкама, — упэўнена сказала прадстаўнiца адмiнiстрацыi
вобласцi. — Там валодаюць усёй iнфармацыяй пра пустыя дамкi. У некаторых выпадках,
мне казалi, можна купiць памяшканне пад будучую сядзiбу за сiмвалiчныя грошы,
i не трэба першапачатковага капiталу, толькi жаданне i рукi.
Алена Брок назвала тры раёны Мiнскай вобласцi, дзе агратурызм пакуль яшчэ слаба
развiты i дзе начальства само зацiкаўлена ў патэнцыйных гаспадарах аграсядзiбаў.
Яна параiла шукаць дом на Капыльшчыне, Любаншчыне i Крупкаўшчыне.
Прыём у старшынi
Праз некалькi дзён Павел пазванiў старшынi Капыльскага райвыканкама, i той адразу
прызначыў сустрэчу. На яе былi запрошаны таксама старшыня Капыльскага сельскага
Савета Вольга Купрыенка i галоўны спецыялiст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркi
райвыканкама Галiна Вiяленцiй. Галiна Мiхайлаўна прыхапiла з сабой спiс з паўсотняй
дамоў, якiя не маюць гаспадароў. Яшчэ прыкладна на такую ж колькасць дамоў ужо
складзены iскавыя заявы ў суд аб прызнаннi iх безгаспадарчымi, паведамiла жанчына.
Як правiла, райвыканкам прымае рашэнне аб iх зносе. Аднак калi такi дом нехта
пажадае выкарыстоўваць пад аграсядзiбу, улады гатовыя шукаць магчымасць перадаць
яе новаму гаспадару.
У вёсцы, якая мае самы вялiкi, з пункту погляду кiраўнiка раёна Мiхаiла Боды,
патэнцыял для развiцця турызму, кiнутых дамоў няма. Затое там ёсць магчымасць
набыць участак пад забудову.
— Гэта возера Багушы i аднайменная вёска на яго беразе — самыя прыгожыя на Капыльшчыне
мясцiны, — паведамiў старшыня. — Адзiн уладальнiк дома ў Багушах ужо зарэгiстраваўся
як суб'ект аграэкатурызму, плануе пабудаваць лодачную станцыю, кавярню, паабяцаў
узяць удзел у добраўпарадкаваннi дарогi. Яго сусед таксама хоча паспрабаваць сябе
ў гэтым бiзнэсе. Думаю, неўзабаве Багушы пераўтворацца ў агратурыстычную вёску.
Вельмi цiкавым з пункту погляду развiцця турызму Мiхаiл Тарасавiч назваў i Красна-Слабадское
вадасховiшча на паўднёвым захадзе раёна плошчай у 1600 гектараў. Вадаёмы розных
памераў на Капыльшчыне ёсць у кожным населеным пункце. Тут каля трох дзясяткаў
рэчак, на поўначы працякае Нёман з прытокамi. А вось з лясамi на радзiме Цiшкi
Гартнага, Кузьмы Чорнага i, як нядаўна паведамiў Адам Мальдзiс, Казiмiра Малевiча,
горш — яны займаюць толькi 19 працэнтаў тэрыторыi раёна. Часцей сустракаюцца невялiкiя,
але маляўнiчыя гаi. Асноўны кiрунак Капыльскага раёна — сельская гаспадарка. Тым,
напэўна, i тлумачыцца адставанне па частцы турызму. Людзi тут пакуль маюць занятак,
а, значыць i заробак — турызмам iм займацца няма калi. Вось чаму Мiхаiл Бода з
гатоўнасцю адгукнуўся на зацiкаўленасць мiнчан у развiццi гэтай сферы на Капыльшчыне.
Старшыня лiчыць, што магчымасцi для гэтага, безумоўна, ёсць.
— Пакажыце iм абавязкова Багушы, потым вёскi Жукi, Яўсеевiчы, Папоўцы i Слабодку
ў Грозаўскiм сельсавеце, — папрасiў сваiх падначаленых старшыня райвыканкама.
— На трэцiм па прыгажосцi месцы, я лiчу, вёскi ў Бабаўнянскiм сельсавеце: Руднiкi,
Язвiны, Бабоўня, Старая Гута. Звазiце iх таксама ў Стары Капыль — тут таксама
вялiкi патэнцыял для агратурызму, бо побач з райцэнтрам, дзе хоць i ёсць дзе адпачыць,
у нас працуе шэсць кавярняў, але капыльчане, асаблiва моладзь, з задавальненнем
паедуць на прыроду... Вёска Астравок — таксама ўлюбёнае месца нашых людзей...
Мiхаiл Тарасавiч падкрэслiў, што адмiнiстрацыя раёна садзейнiчае развiццю аграэкатурызму,
але ён мог гэтага i не казаць. Сам прыём незнаёмых яму маладых людзей, якiя толькi
спыталi пра дамкi пад турыстычную сядзiбу, паказаў неабыякавасць старшынi да гэтай
тэмы. Ён прысвяцiў нам амаль гадзiну свайго часу.
Без гаспадара
Аб'ехаць за адзiн дзень усё, пра што казаў Мiхаiл Бода, было немагчыма. Вольга
Мiкалаеўна Купрыенка прапанавала для пачатку агледзець безгаспадарчыя дамы, якiя
знаходзяцца на тэрыторыi яе сельсавета. Пачалi мы са Старога Капыля.
Каля першага дома, якi нам сустрэўся, старшыня сельсавета прапанавала не спыняцца
— настолькi ён выглядаў змрочным i закiнутым. Але мы настаялi на тым, каб выйсцi
з машыны i падысцi да яго блiжэй.
Зайсцi ў двор было не праблемай, а вось патрапiць унутр хаты альбо зазiрнуць
у яе было немагчыма: дзверы i вокны зачыненыя, праз брудныя фiранкi нiчога не
бачна. Зрэшты, жадання такога нi ў кога i не ўзнiкла, дастаткова было ўбачыць
правалены дах, праселы фундамент, згнiлы ганак, каб зразумець, што дом гэты для
жытла непрыдатны, i нiякi рамонт тут не дапаможа. Участак таксама не выклiкаў
цiкавасцi. Прамавугольны, можа i дастатковых памераў углыб, але занадта вузкi,
на некалькi метраў шырэй за дом, суседнiя платы бязлiтасна сцiснулi яго з абодвух
бакоў.
Нашу ўвагу прыцягнула толькi дрэва, якое паглынула сабой нейкую сельскагаспадарчую
прыладу: кавалак жалеза фантасмагарычна тырчаў са ствала.
— Не, — Паша пакруцiў галавой. — З гэтага дома аграсядзiбу не зробiш — мала месца,
занадта вузкi двор.
Мы праехалi мiма яшчэ некалькiх падобных хат. Хутка перасталi звяраць адрасы,
бо i без таго было зразумела, што гэта — дамы без гаспадароў, амаль ужо напалову
знiшчаныя часам, ледзь не па вокны яны ўраслi ў зямлю. Не менш значным мiнусам
хлопцам падалася сама планiроўка вёскi — два паралельныя рады хат, якiя стаяць
шчыльна адна ля адной. Жыць у такiх вёсках, можа, i ўтульна, а вось турыстаў прымаць,
напэўна, не вельмi зручна.
— Можа, варта паглядзець дамы на продаж, у якiх ёсць нашчадкi, якiя iх хоць трохi
даглядаюць? — з надзеяй спытаў Павел.
— Ёсць i такiя, — адказала Вольга Мiкалаеўна, — можам паглядзець адзiн на ўскрайку
вёскi i практычна на беразе возера, думаю, ён турыстам павiнен спадабацца.
Ля возера
Вёска з неадназначнай назвай Мазалi (тапанiмiчны слоўнiк Жучкевiча сцвярджае,
што назва паходзiць ад мянушкi, якую давалi чалавеку надакучлiваму) аказалася
прыгожай. Пафарбаваныя ў жыццярадасныя колеры хаты з белымi фiранкамi на вокнах,
дагледжаныя агародчыкi, лаўкi ля акуратных платоў, агульныя калодзежы... Вёска
даволi вялiкая, але з двух дзясяткаў яе жыхароў пенсiянераў тут у паўтара раза
больш, чым людзей працаздольнага ўзросту, а дзяцей усяго толькi двое. Можа, гэта
iх мы ўбачылi напрыканцы вулiцы, якая нас цiкавiла? Хлапчук гадоў сямi скакаў
на нейкай дзiўнай прыладзе, падобнай на невялiкую жалезную ступу са спружынай.
Дом мы пазналi адразу. Ён выдзяляўся сваёй недагледжанасцю, хоць i быў у значна
лепшым выглядзе, чым той, ля якога мы спынялiся раней. З каменным ганкам, невялiкай
верандай, ашаляваны, i калiсьцi таксама пафарбаваны ў жоўты, зялёны i блакiтны,
але фарба даўно паблякла i абсыпалася, жалезная брама i вароты ў плямах iржы,
на страсе вырас мох, закрылiны згнiлi i вось-вось адваляцца. Дом патрабуе тэрмiновай
дапамогi. Участак таксама вузкi i доўгi, але i тут прысутнасць суседзяў была адчувальнай.
Дом, дарэчы, быў не самым апошнiм на вулiцы.
Мы пайшлi паглядзець на возера. Яно крокаў за 50 ад дома. Невялiкае, з зялёнай
вадой i зарослым берагам. Можа, павудзiць рыбу альбо пасядзець ля вады тут было
б i прыемна, але хлопцаў яно не ўразiла. I дом, мяркуючы па стрыманым маўчаннi
Пашы i Косцi, мала адпавядаў iх уяўленням аб будучай аграсядзiбе.
Затое вельмi ўразiла ўсiх суседняя сядзiба з яркiмi варотамi, любоўна ўпрыгожанымi
сiмволiкай алiмпiяды 1980 года. Вароты гэтыя ўжо самi па сабе — цiкавы турыстычны
аб'ект. Нават мы не вытрымалi i сфатаграфавалiся на iх фоне.
А потым адправiлiся далей. Наперадзе нас чакаў закiнуты ФАП з востравам Кахання,
Дом з прывiдамi, i меў рацыю старшыня райвыканкама, — на дзiва прыгожае возера
Багушы. Аповед пра гэта — у наступнай "серыi".
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Капыльскi раён.