Источник материала:
У няволю, каб выжыць
Адчынiўшы на стук дзверы кватэры, убачыў суседку, якая трымала ў руках маленькi
пушысты камячок.
— Вось iду з крамы, а на дарожцы бачу птушачку. Уся мокрая, пер'е тырчыць, i
амаль не супрацiўляецца.
Я адразу зразумеў, што да чаго. Да трох рабiнак, што пад балконам нашага дома,
на дзень па 2—3 разы падлятае сямейка сiнiчак. Малыя яшчэ на вялiкiя пералёты
не здольныя, а вось па некалькi метраў з дрэва на дрэва пырхаюць за мацi. Тая
iх водзiць па "пашах" у пошуках жучкоў, кузурак. І пухавiчкi, патрабуючы ад матулi
смачны кавалачак у сваю дзюбку, выдаюць сябе настойлiвым "пiнь, пiнь". Сiнiчка-мацi
стараецца. Хоць летнi дзень i доўгi, але хутка падрастаючыя дзеткi патрабуюць
i больш ежы.
А зусiм нядаўна прайшоў моцны дождж i, верагодна, сямейка сiнiчак не ўся схавалася.
Гэты пухавiчок, што ў руцэ суседкi, i трапiў пад лiвень. Пёркi намоклi, сiлы не
тыя, i малое ўпала на сцежку, па якой i iшла жанчына з добрым сэрцам.
— Я не ведаю, што з ёй рабiць. Можа, ты дапаможаш птушаняцi.
— Паспрабуем дапамагчы, паставiм яго на крыло, — запэўнiў я суседку.
Такiм чынам, з чаго ж пачнём? Жонка ўспомнiла, што ў нас у падвале стаiць клетка
для птушак. Змясцiлi жаўтароцiка ў клетку, няхай спачатку абсохне, а потым паспрабуем
пакармiць. Птушаня на балконе абсохла хутка, пёркi расправiлiся, стала прыгажуном.
Думаў, праблема будзе з кармленнем. Вырашыў праз пруты клеткi паднесцi пiнцэтам
да дзюбкi кавалак варанай вермiшэлi. I толькi паднёс пачастунак, як птушаня спрытна
зняло з пiнцэта ежу. Ага, вас жа матуля так кормiць. Лятаеце за ёю i "пiнь, пiнь".
Давай жучка, мацi. Кладзi ў роцiк. Так мы яшчэ да вечара пару разоў з сiнiчкай
паабедалi i павячэралi. Забаўна малое i праспала ноч у няволi: дзюбка пад крыло,
раздзьмулася як мячык, i ўсе праблемы прэч.
Ранiцай паснедалi зноў вермiшэллю. I я ўжо намецiў план уз'яднання малога з сям'ёй.
Гадзiн у 10 сямейка пачне аблёт сваiх "пашаў" i заявiць аб сабе тоненькiм папiскваннем.
I вось першае "пiнь, пiнь". Палонны, пачуўшы "сваю мову", iмгненна ўзбудзiўся,
пачаў бiцца ў клетцы i не запiшчаў, а заверашчаў ад радасцi.
— Пачакай, пачакай, вось падляцяць блiжэй i адчынiм клетку.
Праз некалькi хвiлiн сiнiчае сямейства даследавала патрэбную для нас рабiну.
Адкрытая засаўка клеткi, i палонны пырхнуў да сваiх. Тыя нават не звярнулi на
яго ўвагi, нiбы ён нiкуды i не адлучаўся.
— Расцi, малы, — пажадаў я, — i прылятай зiмой, калi будзе цяжка, падзелiмся
ежай i цяплом.
Iлья ВАКУЛIЧ.
Столiнскi раён.