Хто больш можа скрасцi?Хто больш можа скрасцi? Незвычайныя спаборнiцтвы разгарнулiся сярод кiраўнiкоў крамаў спажывецкай кааперацыi Вiцебскай вобласцi. Адну падазраюць у крадзяжы 11 мiльёнаў рублёў, другую — на амаль што 14 мiльёнаў. Цяпер яны чакаюць законнага пакарання. Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй i арганiзаванай злачыннасцю пракуратуры Вiцебскай вобласцi Васiль Пашкоўскi, сёлета з зарэгiстраваных на тэрыторыi Прыдзвiнскага краю ўжо больш за 330 карупцыйных злачынстваў — 75 учынена менавiта ў сферы гандлю. У абласным цэнтры загадчыца крамы за год зарабiла незаконна 14 мiльёнаў рублёў. А ўсё дзякуючы таму, што ўносiла фальшывыя звесткi ў касавыя кнiгi. Яе ўжо асудзiлi на 3 гады пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi. Ды яшчэ трэба скрадзеныя грошы вяртаць. Загадчыца крамы аршанскай спажывецкай кааперацыi яшчэ падчас папярэдняга расследавання вярнула скрадзеныя 2,5 мiльёна рублёў i пазбегла магчымага расставання з воляй. Але штраф — а гэта больш за 1 мiльён — давядзецца заплацiць. Ды яшчэ i звольнiцца прыйшлося, а таксама рашэннем суда на паўтара года забаранiлi займаць аналагiчную пасаду. Несумленныя гандлёвыя работнiкi ведаюць як можна схiтрыць, каб схаваць падман. І ў афiцыйных паперах што трэба iм напiшуць, i быццам бы ў крэдыт тавары адпускалi... Але ў праваахоўных i кантралюючых органах таксама не дурнi працуюць. Абавязкова разбяруцца i знойдуць вiнаватых... Аляксандр ПУКШАНСКI. |