21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Топ-дваццатка пенсiйных пытанняў

10.08.2009 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Топ-дваццатка пенсiйных пытанняў

Як вядома, пенсiю атрымлiвае кожны чацвёрты грамадзянiн Беларусi, пры гэтым штогод выходзяць на заслужаны адпачынак сотнi тысяч чалавек. А адсюль — павышаная цiкавасць да гэтай тэмы. Пытанняў тут заўсёды ўзнiкае шмат. I разабрацца з найбольш папулярнымi з iх мы паспрабуем з дапамогай намеснiка начальнiка аддзела прызначэння i выплаты пенсiй Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Вольгi Анатольеўны Шынгiрэй.

 

1. Цi дае стаж навучанне?

— Закон "Аб пенсiйным забеспячэннi" прадугледжвае магчымасць уключэння ў стаж працы для прызначэння пенсii перыядаў навучання на дзённай форме ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў, а таксама перыядаў дзённага навучання ў аспiрантуры, клiнiчнай ардынатуры, дактарантуры.

Пры гэтым час навучання на дзённай форме ў пералiчаных установах пацвярджаецца дакументамi аб адукацыi цi квалiфiкацыi, а таксама дакументамi, што выдаюцца архiвамi i ўтрымлiваюць звесткi аб перыядах навучання. Апроч таго, у якасцi пацверджання можа прымацца працоўная кнiжка — пры ўмове, што тут зроблены запiс аб навучаннi на падставе дыплома, пасведчання цi атэстата з указаннем яго нумара i даты выдачы.

2. Што залiчаць беспрацоўным?

— Перыяд атрымання дапамогi па беспрацоўi сапраўды ўключаецца ў стаж. Аднак для залiку тут вызначаны пэўны "лiмiт" — не больш за 6 месяцаў у суме.

3. Цi праўда, што ў стаж "iдзе" час догляду старога чалавека?

— Праўда. Аднак пры гэтым узрост пажылога чалавека павiнен быць не меншым за 80 гадоў i да таго ж сам стары мусiць мець патрэбу ў доглядзе паводле заключэння адпаведных устаноў аховы здароўя.

4. Цi трэба збiраць якiя-небудзь пацвярджальныя даведкi аб стажы пры наяўнасцi працоўнай кнiжкi?

— Асноўным дакументам, што пацвярджае стаж працы да 1 студзеня 2003 года, з'яўляецца менавiта працоўная кнiжка. I збiраць якiя-небудзь даведкi давядзецца толькi ў выпадку, калi ў кнiжцы або ўтрымлiваюцца няпоўныя цi недакладныя звесткi (скажам, пазначаны не той год прыёму на працу, у запiсе аб звальненнi няма спасылкi на дату i нумар загада, ёсць выпраўленнi i г.д.), або адсутнiчаюць запiсы аб пэўных адрэзках працоўнай дзейнасцi. У такiх выпадках у пацвярджэнне перыядаў працы прымаюцца даведкi, якiя выдаюцца на падставе загадаў, асабiстых рахункаў, ведамасцяў на выдачу зарплаты цi iншых дакументаў, дзе ёсць патрэбныя звесткi.

Аднак пры гэтым трэба мець на ўвазе, што перыяды працы з 1 лiпеня 1998 года па 1 студзеня 2003 года ўсё ж трэба пацвярджаць даведкай працадаўцы аб выплаце ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне i аб сумах заробку, з якога гэтыя ўзносы утрымлiвалiся, а перыяды працы пасля 1 студзеня 2003 года — звесткамi iндывiдуальнага персанiфiкаванага ўлiку з рэгiянальных аддзяленняў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва.

5. Як уплывае на пенсiю стаж?

— Пры стажы 25 гадоў у мужчын i 20 гадоў у жанчын пенсiя па ўзросце вызначаецца ў 55 % сярэднямесячнага заробку, але пры гэтым — не нiжэй за мiнiмальны памер пенсii. Далей за кожны поўны год стажу звыш 25 гадоў у мужчын i звыш 20 гадоў у жанчын (а таксама за кожны поўны год стажу працы з асаблiвымi ўмовамi паводле Спiса №1 звыш 10 гадоў у мужчын i звыш 7 гадоў 6 месяцаў у жанчын) пенсiя павялiчваецца на 1 % заробку, але не менш чым на 1 % мiнiмальнага памеру пенсiй. Прычым заканадаўства вызначае: у цэлым такое павелiчэнне робiцца ў межах 20 % заробку.

6. Цi залежыць памер пенсii ад бесперапыннага стажу?

— Не. Бесперапынны стаж на памер пенсii цяпер нiяк не ўплывае — сёння бярэцца пад увагу толькi агульная працягласць стажу.

7. Цi павялiчвае стаж праца пасля прызначэння пенсii?

— Паводле заканадаўства, праца пасля дасягнення агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту залiчваецца ў стаж толькi ў адным выпадку — калi ў гэты час не ажыццяўляецца выплата пенсii.

8. Як праверыць, цi плацiць прыватная фiрма ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне?

— Гэта пытанне вельмi важнае, бо варта заўважыць: пасля 1 лiпеня 1998 года у стаж "iдзе" толькi праца, за час якой выплачваўся сацстрах. Таму калi ёсць сумненнi наконт выплат прыватнай фiрмай, можна звярнуцца ў раённае аддзяленне Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва i папрасiць, каб там далi неабходныя звесткi.

9. Што губляе працуючы пенсiянер?

— У перыяд працы (у тым лiку па дагаворы падраду) або прадпрымальнiцкай дзейнасцi не выплачваецца пенсiя, якая разлiчваецца з iндывiдуальнага каэфiцыента звыш 1,3. Адпаведна, у выпадку працаўладкавання пэўныя страты маюць толькi пенсiянеры з больш высокiм каэфiцыентам.

Пры гэтым працуючыя пенсiянеры з каэфiцыентам менш за 1,3 у выпадку працаўладкавання нiякiх "страт" мець не будуць. Як не зменшыцца (незалежна ад каэфiцыента) i пенсiя асобаў, якiя непасрэдна занятыя вытворчасцю сельгаспрадукцыi ў калгасах, саўгасах i iншых прадпрыемствах АПК, — для гэтых грамадзян заканадаўства робiць выключэнне.

10. Як пазбавiцца ад "пасткi" з пераплатай?

— Калi працаўладкоўваецца пенсiянер з каэфiцыентам больш за 1,3, памер пенсiйных выплат яму павiнен знiжацца. Прычым схаваць сам факт працоўнай дзейнасцi не атрымаецца — аб iм "падкажа" iндывiдуальны (персанiфiкаваны) улiк.

Таму каб пенсiя ў пенсiянера з каэфiцыентам больш за 1,3 зменшылася своечасова i не ўзнiкла "пераплата" (яе ўсё адно давядзецца вяртаць), нялiшне нагадаць працадаўцы, што ён павiнен паведамiць аб працаўладкаваннi ў раённы орган па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, якi ажыццяўляе выплату пенсii, на працягу 5 дзён. А калi працадаўца гэты абавязак не выканае, то зрабiць такое паведамленне павiнен сам пенсiянер.

11. Цi iснуюць "надбаўкi" малалетнiм вязням?

— Былыя вязнi фашысцкiх канцлагераў, гета i iншых месцаў прымусовага ўтрымання, якiя не здзейснiлi падчас вайны злачынстваў супраць Радзiмы, маюць права на даплату — у памеры 100 % мiнiмальнай пенсii па ўзросце. У сваю чаргу мiнiмальная пенсiя па ўзросце вызначана ў 25 % бюджэту пражытковага мiнiмуму ў сярэднiм на душу насельнiцтва. Iнакш кажучы, са жнiўня памер павышэння былым вязням складае 62 535 рублёў.

12. Што даплацяць донару?

— Донарам, узнагароджаным знакам "Ганаровы донар Рэспублiкi Беларусь", "Ганаровы донар СССР" цi "Ганаровы донар Таварыства Чырвонага Крыжа БССР", пасля дасягнення агульгнаўсталяванага ўзросту вызначаецца павышэнне — у памеры 40 % мiнiмальнай пенсii па ўзросце. Са жнiўня памер такога павышэння адпавядае 25 010 рублям.

 
13. Якiмi дакументамi пацвярджаецца льготны стаж?

— Цяпер пры вызначэннi права на датэрмiновыя пенсii за асаблiвыя ўмовы працы цi за выслугу гадоў улiчваецца прафесiйны i спецыяльны стаж. У прыватнасцi, прафесiйны стаж — гэта працягласць працы з асаблiвымi ўмовамi пасля 1 студзеня 2009 года з выплатай наймальнiкам узносаў на прафесiйнае пенсiйнае страхаванне. Пры гэтым прафесiйны стаж пацвярджаецца даведкай Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва.

А спецыяльны стаж — гэта працягласць працы з асаблiвымi ўмовамi да 1 студзеня 2009 года. Спецыяльны стаж пацвярджаецца працоўнай кнiжкай i вызначанай формы даведкай працадаўцы.

14. Што рабiць, калi па месцы працы адмаўляюцца прадстаўляць да прызначэння датэрмiновай пенсii за асаблiвыя ўмовы?

— Калi грамадзянiн не згодны з рашэннем працадаўцы аб адмове ў прадстаўленнi да прызначэння датэрмiновай пенсii па ўмовах працы, то ён можа абскардзiць гэта рашэнне ў судзе. I, апроч таго, можа падаць заяву на прызначэнне пенсii непасрэдна ў раённае ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне.

Пры гэтым варта мець на ўвазе, што працадаўцы нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсiянерам за ўрон, нанесены несвоечасовым, няпоўным або недакладным афармленнем дакументаў.

15. Цi можа пайсцi на датэрмiновую пенсiю жанчына, якая адпрацавала па Спiсе № 2 восем гадоў?

— Увогуле права на датэрмiновую пенсiю па Спiсе № 2 ёсць у мужчын, што маюць 12 гадоў i 6 месяцаў, а таксама ў жанчын, што маюць 10 гадоў патрэбнага стажу. Разам з тым, у гэтым выпадку закон вызначае магчымасць ранейшага выхаду на пенсiю пры наяўнасцi не менш чым паловы патрэбнага стажу: 6 гадоў i 3 месяцаў у мужчын, а таксама 5 гадоў у жанчын.

Пры наяўнасцi не менш чым паловы патрэбнага стажу з асаблiвымi ўмовамi працы агульнаўсталяваны пенсiйны ўзрост змяншаецца на 1 год: за кожныя 2 гады i 6 месяцаў такой працы мужчынам, а таксама за кожныя 2 гады такой працы — жанчынам. Напрыклад, датэрмiновая пенсiя па ўзросце жанчыне, якая адпрацавала па Спiсе № 2 восем гадоў, можа быць прызначана ёй у 51-гадовым узросце.

16. У якiм выпадку можа быць прызначана датэрмiновая пенсiя мацi, якая выхоўвала iнвалiда з дзяцiнства?

— Мацi, якая выхоўвала iнвалiда з дзяцiнства не менш чым 8 гадоў да яго паўналецця, можа выйсцi на пенсiю ў 50-гадовым узросце — пры ўмове, што яна мае стаж працы не менш за 20 гадоў.

17. Калi на год раней?

— Заканадаўства прадугледжвае магчымасць выхаду на пенсiю беспрацоўным: мужчынам у 59, а жанчынам — у 54 гады. Але пры двух умовах. Першая — гэта працяглы стаж (не менш за 38 гадоў у мужчын i 33 гады ў жанчын), а другая — адсутнасць варыянтаў для працаўладкавання. I, да слова, датэрмiновыя пенсii па ўзросце прадастаўляюцца на падставе даведкi службы занятасцi.

18. За якi перыяд будзе разлiчвацца iндывiдуальны каэфiцыент заробку ў наступным годзе?

— Сёлета пенсii вылiчваюцца з заробку за любыя 15 гадоў запар з 25 апошнiх гадоў працы незалежна ад перапынкаў — па выбары пенсiянера. Прычым надалей перыяд, за якi ўлiчваецца заробак, а таксама перыяд, за якi ён выбiраецца, павiнен павялiчвацца на год, але не больш за колькасць поўных гадоў стажу, фактычна выпрацаваных пенсiянерам.

Такiм чынам, у 2010 годзе будзе працаваць формула "16 з 26", у 2011 годзе — "17 з 27", у 2012 годзе — "18 з 28" i гэтак далей.

19. Калi трэба падаваць дакументы для афармлення пенсii?

— Зварот па прызначэнне пенсii можа ажыццяўляцца ў любы час пасля ўзнiкнення на яе права i не абмяжоўваецца якiм-небудзь тэрмiнам. Прычым падаць дакументы "на пенсiю" магчыма i загадзя — але не раней чым за месяц да ўзнiкнення на яе права.

20. Дзе адшукаць дакументы аб заробках, калi арганiзацыя ўжо лiквiдаваная?

— Для пачатку трэба пацiкавiцца, цi ёсць у лiквiдаванай арганiзацыi правапераймальнiкi, у якiх могуць захоўвацца неабходныя бухгалтарскiя дакументы. У выпадку, калi правапераймальнiкаў няма, ёсць сэнс пашукаць дакументы ў архiве. Нарэшце, калi i гэта не дасць вынiку, застаецца звяртацца ў суд. Для пацвярджэння заробку суд можа прыняць да ўвагi ўскосныя доказы — выпiску са штатнага раскладу аб акладзе на адпаведнай пасадзе, укладыш да працоўнай кнiжкi, разлiковыя лiсткi, нават паказаннi сведкаў. Пры гэтым вызначаны судом заробак за "страчаны" перыяд будзе прымацца для вылiчэння пенсii.

Сяргей ГРЫБ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вядома, пенсiю атрымлiвае кожны чацвёрты грамадзянiн Беларусi, пры гэтым штогод выходзяць на заслужаны адпачынак сотнi тысяч чалавек. А адсюль — павышаная цiкавасць да гэтай тэмы. Пытанняў тут заўсёды ўзнiкае шмат. I разабрацца з найбольш папулярнымi з iх мы паспрабуем з дапамогай намеснiка начальнiка аддзела прызначэння i выплаты пенсiй Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Вольгi Анатольеўны Шынгiрэй.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика