А дрэвы вакол садка мы пасадзiм новыя...А дрэвы вакол садка мы пасадзiм новыя... З вёскi Камень Валожынскага раёна паступiла пытанне: чаму спiлоўваюць старыя
дрэвы — бярозы, клёны, ясенi — вакол будынка старой школы. Яна, паводле слоў заяўнiка,
якi прыехаў да бацькi ў вёску, хоць i зачынена, але месца там прыгожае, зноў жа
— цэнтр населенага пункта. "Шкада, будзе пустэча на гэтым месцы. Работнiкi МНС
шчыруюць ва ўсю, зразаюць дрэвы пад корань..."
Зразумела, што проста так, як кажуць, на роўным месцы, нiхто б не стаў спiлоўваць дрэвы, тым больш у цэнтры вёскi. Напэўна, яны былi сапраўды старымi, магчыма, небяспечнымi для насельнiкаў, спрабавалi мы высветлiць у самога заяўнiка. Але каб ведаць iнфармацыю дакладна (мясцовая камунальная гаспадарка не мела да гэтага дачынення, як мы высветлiлi, усе работы праводзiлi работнiкi раённага аддзялення па надзвычайных сiтуацыях), патэлефанавалi ў прыёмную Валожынскага райвыканкама. Аднак тэлефонную трубку зняў сам старшыня выканкама Уладзiмiр Навумовiч. — Так, гэта я даў такое распараджэнне работнiкам МНС, у чыю кампетэнцыю ўваходзяць работы па спiлоўваннi дрэў, што з'яўляюцца небяспечнымi. Зрабiў я гэта пасля наведвання дзiцячага садка, прычым, дзейнага, размешчанага ў цэнтры вёскi. З-за дрэў у садку, калi заходзiш, даводзiлася рухацца цi не навобмацак — такi яны давалi цень. Зноў жа — санiтарны бок пытання: на дарожках, на даху будынка параслi лiшайнiкi, а ў садку ўвесь час знаходзiлiся дзеткi, наша будучыня, пра якую мы павiнны дбаць. Ды i калi яшчэ колькi слоў сказаць пра самi дрэвы, дык там раслi, напрыклад, таполi. А вы ж ведаеце, якiя праблемы бываюць з-за iх пуху? Таму i было прынята такое рашэнне. Цяпер вакол дзiцячага садка — адкрыты фон, — патлумачыў Уладзiмiр Антонавiч. Паводле яго далейшых слоў, тэрыторыя вакол садка добраўпарадкавана, будзе пастаўлена прыгожая агароджа. Ну i пра зялёную раслiннасць не забылiся: плануецца высадзiць тут маладзенькiя дрэвы — бярозу, лiпу i iншыя. Сяргей РАСОЛЬКА. |